род кветкавых раслін сям. кірказонавых. Каля 350 (паводле інш. даных да 500) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, некалькі відаў ва ўмераным поясе. На Беларусі 1 дзікарослы К. павойнікавы, або какорнік (A. clematitis) і інтрадукаваныя. Найб. вядомыя К. буйналісты (A. macrophylla) і маньчжурскі (A. manshuriensis).
Шматгадовыя травы і дравяністыя ліяны. Лісце чаргаванае, сэрцападобнае (да 30 см у дыяметры). Кветкі ў пазухах лісця, няправільныя (да 27 см у дыяметры), са складаным прыстасаваннем да перакрыжаванага апылення насякомымі. Плод — каробачка. У лісці і насенні ёсць ядавіты алкалоід арысталахін. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАВА́Й, астрагал (Astragalus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, пераважна ў засушлівых абласцях. На Беларусі 4 віды К.: дацкі (A. danicus), нутавы (A. cicer), пясчаны (A. arenarius), саладкалісты (A. glycyphyllos, нар. назвы паўзун лесавы, пельзач лясны, гарох воўчы, слічны ясь) і 7 інтрадукаваных. Трапляецца ў хваёвых лясах, на пясчанай глебе, у поймах рэк.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы, паўкусты, невял. кусты. Лісце няпарна- ці парнаперыстае, часам з калючкай на канцы чаранка. Кветкі няправільныя, у пазушных гронках або галоўках. Плод — струк. Кармавыя, лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙБАРАДА (Платон Іларыёнавіч) (1.12.1918, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 8.7.1989),
украінскі кампазітар. Брат Г.І.Майбарады. Нар.арт. Украіны (1968). Нар.арт.СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1947, клас Л.Равуцкага). Працаваў пераважна ў песенным жанры. У творчасці выкарыстоўваў формы, блізкія да ўкр. фальклору. Аўтар «Гераічнай уверцюры» для сімф.арк. (1947), вак.-сімф. паэмы «Таполі» (1966), папулярных песень, у т. л. «Ручнічок», «Родная маці мая», «Мы пойдзем, дзе травы паніклі», «Кіеўскі вальс», апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),
род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.
Шматгадовыя травывыш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЯ́НІК (Leucanthemum),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. звычайны, або папоўнік (L. vulgare, нар. назвы белая ляхаўка, лугавы рамонак, румянак лясны, пастрэл). Трапляецца каля дарог, на лугах, у хмызняку. Мае шмат садовых форм і сартоў пад агульнай назвай садовы рамонак. Разам з Н. найвялікшым (L. maximum) культывуецца як дэкар. расліна.
Шматгадовыя карэнішчавыя травывыш. да 1 м з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце суцэльнае, радзей перысталопасцевае, чаргаванае. Суквецце — буйны адзіночны кошык. Краявыя кветкі несапраўднаязычковыя, белыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.
П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТА (Ruta),
род кветкавых раслін сям. рутавых. 7 відаў (па інш. звестках каля 70 разам з родам Haplophyllum). Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і ўмераным поясе Азіі. Здаўна ў Еўропе культывуецца Р. духмяная (R. graveolens) як прыпраўная і лек. расліна. Інтрадукавана ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Шматгадовыя пахучыя травы або паўкусты. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, сабраныя ў шчыткападобную мяцёлку на верхавінцы сцябла. Плод — каробачка. Р. духмяная — ядавітая, мае ў сабе эфірны алей, які аказвае моцнае мясцовае раздражненне. Лісце і кветкі ўжываюцца як прыправа. Лек., тэхн., харч., дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЭ́ЧНІК (Leonurus),
род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды С.: пяцілопасцевы (L. quinquelobatus) і сардэчны (L. cardiaca). Трапляюцца на пустках, у зарасніках хмызняку, уздоўж дарог.
Шматгадовыя травывыш. 25—120 см. Сцёблы прамастойныя, 4-гранныя, апушаныя. Лісце 3—5-раздзельнае або лопасцевае. Кветкі ружовыя, у несапраўдных кальчаках, сабраныя ў падоўжанае коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. С. пяцілопасцевы і сардэчны маюць у сабе сардэчныя гліказіды, сапаніны, эфірны алей, культывуюцца і выкарыстоўваюцца ў афіц. і нар. медыцыне. Меданосныя, фарбавальныя, лек., тэхн. (алей, валокны) расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАСАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі (адначасовага скошвання, здрабнення і пагрузкі ў трансп. сродкі) на сілас кукурузы, сланечніку, віка-аўсянай сумесі і інш. культур. Бываюць прычапныя (агрэгатуюцца пераважна з колавымі трактарамі тыпу «Беларусь» і Τ-150Κ, а таксама з гусенічнымі) і самаходныя.
Выкарыстоўваюцца таксама для нарыхтоўкі сенажу, зялёнай падкормкі, травяной мукі. Асн. рабочыя органы: рэжучы апарат (жняярка платформеннага тыпу суцэльнага зрэзу), барабанны здрабняльны апарат, сіласаправод. Для падборкі зялёнай або падсушанай травы з валкоў замест жняяркі манціруюць падборшчык. Для ўборкі сіласных культур выкарыстоўваюць таксама кормаўборачныя камбайны. На Беларусі С.к. выпускае з-д «Гомсельмаш».