КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,

працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.

Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАРЭЗІСТЫ́ЎНЫ ЭФЕ́КТ,

змена эл. супраціўлення цвёрдых праваднікоў пад уздзеяннем магн. поля. Выкарыстоўваецца для даследаванняў электроннага энергетычнага спектра, рассеяння носьбітаў току ў правадніках, для вымярэння магн. палёў (гл. Магнітометр).

Тлумачыцца скрыўленнем траекторый носьбітаў току ў магн. полі (гл. Гальванамагнітныя з’явы). Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) удзельнае супраціўленне расце з павелічэннем напружанасці магн. поля, а ў паўправадніках залежыць ад канцэнтрацыі дамешкаў і т-ры. У ферамагнетыкаў М.э. мае асаблівасці, абумоўленыя існаваннем намагнічанасці пры адсутнасці знешняга магн. поля. Напр., іх удзельнае супраціўленне можа змяншацца ў магн. полі, што звязана з фіксацыяй спінаў дамешкавых атамаў знешнім магн. полем. Гл. таксама Капіцы закон.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

хімічная крыніца току, у якой адбываецца непасрэднае пераўтварэнне хім. энергіі паліва ў электрычную; асн. частка электрахімічнага генератара.

Складаецца з 2 электродаў, раздзеленых цвёрдым (ці вадкім) электралітам. Паліва і акісляльнік падаюцца ў поласці, што мяжуюць з электродамі, і на паверхні раздзелу электрод — электраліт у прысутнасці каталізатараў (напр., плаціны) адбываюцца акісляльна-аднаўляльныя хім. рэакцыі (гл. Акісленне-аднаўленне). Электраліт забяспечвае прасторавае раздзяленне рэакцый акіслення і аднаўлення. У выніку рэакцый утвараюцца рознайменныя іоны, якія рэкамбінуюць у канчатковы прадукт рэакцыі, а на адпаведных электродах утвараецца лішкавы эл. зарад. Выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы току ў сістэмах энергасілкавання касм. апаратаў, электрамабіляў, радыёапаратуры, радыёлакацыйных станцый і інш.

т. 12, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАПО́ЛЮСНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,

тэлеграфаванне сігналамі пастаяннага току, якія ўяўляюць сабой кодавую камбінацыю імпульсаў адной палярнасці з бястокавымі інтэрваламі. У адрозненне ад двухполюснага тэлеграфавання выкарыстоўваецца на лініях сувязі невял. працягласці (да 300 км).

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́КТАР (лац. selector сарціроўшчык),

электронная ці электрамех. прылада для прыёму выкліку абанента ў селектарнай сувязі. Ланцуг выкліку ў С. замыкаецца, калі з цэнтр. пульта дасылаецца ў С. пэўная камбінацыя імпульсаў току.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ ФАЗ,

велічыня, якая характарызуе адставанне ў часе аднаго перыядычнага (ці квазіперыядычнага) працэсу ад другога. Выражаецца ў градусах, радыянах, долях перыяду ці даўжыні хвалі. Напр., у ланцугах пераменнага току з кандэнсатарам З.ф. паміж токам і напружаннем роўны 90°.

Паняцце «З.ф.» выкарыстоўваюць пераважна для гарманічных ваганняў, напр. паміж напружаннем і сілай току ў розных пунктах доўгай лініі, антэны і інш. Улік З.ф. важны таксама для сістэм з рэактыўнымі элементамі, прызначаных для зруху сігналаў ў часе (фазавярчальнікі, лініі затрымкі і інш.), у оптыцы (гл. Кагерэнтнасць) і інш. У агульным выпадку З.ф. розны для гарманічных складальных розных частот, што вядзе да скажэнняў формы сігналаў, напр.. ва ўзмацняльніках. Гл. таксама Вектарная дыяграма, Магутнасці каэфіцыент.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,

фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць змены эл.-магн. энергіі, назапашанай у шпулі індуктыўнасці і кандэнсатары, а таксама скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад. Абазначаецца Q, вымяраецца ў вольт-амперах рэактыўных.

У ланцугах сінусаідальнага току роўная Q = UIsinφ, дзе U — напружанне, I — сіла току, φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам. Звязана з поўнай S і актыўнай магутнасцю P суадносінамі: Q = S2 − P2 (гл. Магутнасць электрычная). Цыркуляцыя рэактыўнай энергіі ў эл. ланцугах выклікае дадатковыя страты энергіі і падзенне напружання ў ЛЭП, загружае эл. сетку і генератары. Таму Р.м. у эл. сетках звычайна кампенсуюць падключэннем токапрыёмнікаў, якія ствараюць процілеглы зрух фаз (эл. кандэнсатараў, сінхронных кампенсатараў, рэактараў электрычных і інш.).

т. 13, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р-ГАДЗІ́НА (А∙гадз),

пазасістэмная адзінка электрычнага зараду, роўная зараду, які праходзіць праз папярочнае сячэнне правадніка за 1 гадз пры сіле эл. току 1 А. 1А∙гадз = 3600 Кл. У ампер-гадзіне звычайна выражаюць зарад акумулятара.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШПРАВО́ДНЫ МАГНІ́Т,

від электрамагніта ці саленоіда, абмоткі якіх зроблены са звышправоднага матэрыялу (гл. Звышправаднікі). Пры кароткім замыканні такой абмоткі наведзены ў ёй эл. ток захоўваецца практычна бясконца доўга.

Магн. поле незатухальнага току, які цыркулюе па абмотцы З.м., выключна стабільнае і пазбаўлена пульсацый. Абмотка З.м. траціць уласцівасці звышправоднасці пры павелічэнні т-ры вышэй за крытычную або пры дасягненні крытычнага току ці крытычнага магнітнага поля. Таму абмоткі З.м. робяць з матэрыялу з вял. крытычнымі значэннямі гэтых параметраў (сплавы ніобій—цырконій Nb—Zr. ніобій—тытан Nb—Ti; злучэнні ніобію з волавам Nb3Sn, ванадыю з галіем V3Ga і інш.). З.м. выкарыстоўваюцца для даследавання магн., эл. і аптычных уласцівасцей матэрыялаў, у эксперыментах па вывучэнні плазмы, атамных ядраў і элементарных часціц, у тэхніцы сувязі, радыёлакацыі і інш.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння індуктыўнасці вагальных контураў, абмотак трансфарматараў і дроселяў, шпуль індуктыўнасці і інш. Найб. пашыраныя І.в., прынцып дзеяння якіх заснаваны на метадах «вальтметра-амперметра», маставым і рэзанансным. Выкарыстоўваецца ў інфарм.-вымяральных сістэмах, аўтаматызаваных сістэмах кантролю і інш.

І.в., заснаваныя на метадзе «вальтметра-амперметра», выкарыстоўваюцца для ўскосных вымярэнняў параўнальна вял. індуктыўнасцей (больш за 0,1 Гн) з малым амічным супраціўленнем. Індуктыўнасць вызначаецца на аснове Ома закона для пераменнага току (гл. Індуктыўнае супраціўленне). У маставых І.в. асн. элемент — мост вымяральны пераменнага току, які мае ўзорныя ёмістасці (найчасцей) ці шпулі індуктыўнасці. Пры ўраўнаважванні моста вызначаюцца амічнае супраціўленне і індуктыўнасць. Рэзанансныя метады заснаваны на выкарыстанні рэзанансных уласцівасцей вагальнага контуру, утворанага дадзенай індуктыўнасцю і ўзорнай ёмістасцю (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік).

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)