ПАІ́СІЙ,
усходнеславянскі гравёр 17 ст. Аўтар падпісаных дрэварытаў «Вобраз Адзігітрыі» і «Іакаў Баравіцкі», змешчаных у кн. «Рай мыслены» (1659, выд. ў друкарні Іверскага манастыра на Валдаі, Расія). Магчыма, удзельнічаў у аздабленні «Часаслова» (1657 і 1658), «Брашна духоўнага» (1661) і інш. кніг, надрукаваных там жа. Мяркуюць, што да 1656 працаваў у Куцейне пад Оршай, дзе прымаў удзел у аздабленні выданняў Куцеінскай друкарні, а пасля 1676 — на Друкарскім двары ў Маскве.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
В.Ф.Шматаў.
т. 11, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМІРЭ́НКА (Леў Платонавіч) (18.2.1855, с. Мліеў Корсунь-Шаўчэнкаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 8.1.1920),
украінскі вучоны ў галіне пладаводства і памалогіі. Скончыў Адэскі ун-т (1879). У 1887 заклаў у с. Мліеў матачны калекцыйны сад і памалагічны расаднік (каля 3 тыс. раслін) і праводзіў там выпрабаванні, шляхам клонавага адбору ствараў новыя сарты. У 1921 на базе саду створана Мліеўская доследная станцыя садоўніцтва, якая з 1958 носіць яго імя.
Тв.:
Крымское промышленное плодоводство. М., 1912;
Помология. Т. 1—3. 2 изд. Киев, 1972—73.
т. 14, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ СЯЛЯ́Н 1906.
Адбылася ў снеж. 1906 у адной з вёсак Аршанскага пав. Склікана Магілёўскім акр. к-там РСДРП сумесна з аршанскімі арг-цыямі РСДРП і эсэраў дзеля згуртавання сялян на антыўрадавай і антыпамешчыцкай платформе напярэдадні выбараў у II Дзярж. думу. Канферэнцыя з рэв.-дэмакр. пазіцый ацаніла значэнне Дзярж. думы як органа, які дапаможа народу згуртавацца на далейшую барацьбу, падтрымала план сумесных дзеянняў левых сіл на валасных, павятовых і губернскіх выбарчых сходах. Сведчыла пра свядомыя адносіны перадавога сялянства да паліт. жыцця.
З.В.Шыбека.
т. 1, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯСЛА́Ў III Крывавусты
(Boleslaw III; 20.8.1085—28.10.1138),
польскі князь [1102—38]. З дынастыі Пястаў. Сын князя Уладзіслава Германа. Да 1113 у барацьбе за адзінаўладдзе ў краіне перамог старэйшага незаконнанароджанага брата Збігнева (у т. л. ў 1109 адбіў напад яго саюзніка герм. караля Генрыха V) і аб’яднаў польскія землі. Пасля працяглых войнаў 1102—22 супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» далучыў да Польшчы Усх. (1116) і на ўмовах леннай залежнасці Зах. (1123) Памор’е, нанова правёў там хрысціянізацыю. У 1138 падзяліў краіну паміж сынамі на ўдзелы (Сілезія, Вял. Польшча, Малая Польшча, Мазовія).
т. 2, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ ((Bell) Эндру) (27.3.1753, Сент-Эндру, Шатландыя — 27.1.1832),
англійскі педагог; адзін з заснавальнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Святар англіканскай царквы. Адукацыю атрымаў ва ун-це Сент-Эндру. З 1789 загадваў прытулкам для сірот вайскоўцаў каля Мадраса (Індыя). У 1791 увёў там сістэму ўзаемнага навучання, калі дзеці вучаць адзін аднаго пад кіраўніцтвам настаўніка. Сваю «мадраскую сістэму» выклаў у творы «Вопыт навучання, праведзены ў Мадрасе...» У 1812 і 1827 выдаў дапаможнік для школ, якія працавалі па яго метадзе. Сістэма Бела была выкарыстана таксама ў Ірландыі і Канадзе.
т. 2, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Польшчы, грамадская арг-цыя, якая праводзіць культ.-асв. работу сярод бел. насельніцтва Польшчы. Засн. ў 1956. Гал. праўленне ў Беластоку; з 1957 там вядзе радыёперадачы на бел. мове. Асн. віды дзейнасці — літ., асв., культ., выдавецкая, навук., лектарская. Садзейнічала стварэнню кафедры бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це. Пры БГКТ працуюць літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», 35 калектываў маст. самадзейнасці, клубы, бібліятэкі. Выдае «Беларускі каляндар» (штогод), газ. «Ніва», рэпертуарныя зборнікі. Арганізоўвае культ.-маст. фестывалі, святы, з 1989 — адпачынак моладзі на Беларусі.
В.А.Трыгубовіч.
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ АДЭ́СКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1918—23 (?). Займалася культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны ў Адэсе (у 1922 іх было там каля 20 тыс. чал.). Пад кіраўніцтвам секцыі ў 1922 працавалі 6 бел. школ, у т. л. 2 школы-камуны (400 вучняў). Арганізавала і кіравала бел. дзіцячым прытулкам (1919—22), дзіцячым тэатрам і хорам. З 1921 супрацоўнічала з Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У секцыі працаваў С.Некрашэвіч, ёй дапамагалі А.Баліцкі, А.Ільючонак, Л.Рытар і інш.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕЯ́ДЫ,
дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў 661—750. Паходзілі з роду Амея араб. меканскага племені курэйшаў. Заснавальнік Муавія I, які ўзначаліў Арабскі халіфат пасля забойства апошняга з першых чатырох праведных халіфаў Алі ібн Абі Таліба.
Найб. значныя прадстаўнікі Амеядаў: Абд аль-Малік [685—705] і яго сыны Валід I [705—715], Сулейман [715—717], Ясід II [720—724], Хішам ібн Абд аль-Малік [724—743]. Пры Амеядах створана буйная дзяржава — Амеядаў халіфат, працягваліся араб. заваяванні. У 750 скінуты Абасідамі. Адзіны ўцалелы з Амеядаў Абдарахман I уцёк у Іспанію і заснаваў там дынастыю Кардоўскіх Амеядаў (гл. Кардоўскі эмірат).
т. 1, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙС ((Weiss) Войцех) (4.5.1875, г. Леорда, Румынія — 7.12.1950),
польскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1892—99) у Я.Матэйкі, Л.Вычулкоўскага; выкладаў там жа (з 1910 праф.). Паслядоўнік рэаліст. традыцый 19 ст., выкарыстоўваў асобныя прыёмы імпрэсіянізму. Пісаў партрэты, жанравыя карціны, пейзажы («Аўтапартрэт з маскамі», 1900, «Дэман», 1904, партрэт Эміліі Фларковай, 1916—17; «Амур», «Венера», 1919; «Мадысткі», 1922; «Сям’я пад арэхам», 1933, і інш.). Стварыў сімвалічную, амаль манахромную кампазіцыю «Маніфест» (1950).
Літ.:
Juszczak W. Młody Weiss. Warszawa, 1979.
І.М.Марціновіч.
т. 4, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр. нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.Г.Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)