КАПІГО́ЛЬД (англ. copyhold трыманне па копіі ад сору копія + hold трыманне),
асноўная форма феадальна-залежнага дробнага сял. землеўладання ў Англіі 15—17 ст. На права валодання зямельным надзелам селяніну выдавалі копію (адсюль назва) — выпіску з пратакола судаманара. Сяляне-капігольдэры не мелі прававой абароны ў судах, неслі шмат павіннасцей на карысць лорда. У большасці выпадкаў К. быў пажыццёвым, а не спадчынным. У пач. 16 ст. адбылося масавае абеззямельванне капігольдэраў. У выніку парламенцкіх агароджванняў К. фактычна ліквідаваны (юрыдычна адменены толькі ў 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК XVI (Louis; 23.8.1754, г. Версаль, Францыя —21.1.1793),
кароль Францыі [1774—92]. З дынастыі Бурбонаў. Унук Людовіка XV [1715—74]. Правіў ва ўмовах вострага эканам. і сац.-паліт. крызісу. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 вымушана супрацоўнічаў з Устаноўчым сходам і Заканадаўчым сходам. У 1791 няўдала спрабаваў уцячы за мяжу. Скінуты з прастола ў выніку нар. паўстання 10.8.1792. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе (тайныя зносіны з урадамі краін антыфранц. кааліцыі, выдача ім ваен. планаў Францыі ў 1792) і паводле прыгавору судаКанвента пакараны смерцю (гільяцінаваны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БАЯ ДУ́МКАў судаводстве,
у бел. праве выкладзенае пісьмова і далучанае да справы меркаванне суддзі або засядацеля, не згодных з рашэннем ці прыгаворам суда, прынятым большасцю галасоў. Пры абвяшчэнні рашэння (прыгавору) у зале судовага пасяджэння не аб’яўляецца, але далучаецца да справы. Калі па справе, дзе адзін з суддзяў застаўся пры асобай думцы, не паступіць касацыйнай скаргі або пратэсту, суд пасля набыцця рашэннем (прыгаворам) законнай сілы накіроўвае справу старшыні вышэйстаячай суд. інстанцыі для вырашэння пытання аб апратэставанні вынікаў суд. разгляду ў парадку нагляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧ (Тамаш Міхайлавіч) (1815 — 28.7.1863),
кіраўнік атрада ў час паўстання 1863—64. Уладальнік маёнтка Верхняя Тошчыца ў Рагачоўскім пав. У 1834—44 на ваен. службе. Выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-ротмістра і пасяліўся на радзіме. У крас. 1863 арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім пав. Атрад не паспеў разгарнуць актыўных дзеянняў, быў рассеяны паблізу в. Верхняя Тошчыца войскамі, якім дапамагалі сяляне. Паводле прыгавору суда, зацверджанага М.М.Мураўёвым, публічна расстраляны ў Рагачове. Прататып Усяслава Грынкевіча ў рамане У.Караткевіча «Нельга забыць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ПРА́ВА,
дзяржаўна-афіцыйная форма выяўлення і замацавання прававых норм. У сучасных прававых сістэмах асн. віды К.п.: нарматыўныя акты і прававыя звычаі, суд. прэцэдэнты, а таксама міжнародныя дагаворы і ўнутрыдзярж. дагаворы. Нарматыўныя акты звычайна падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У Рэспубліцы Беларусь К.п. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (асн. закон), канстытуцыйныя і звычайныя законы, рэгламенты і нормавызначальныя пастановы палат Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў, падзаконныя акты органаў выканаўчай улады, пастановы Канстытуцыйнага суда, міжнар. дагаворы і пагадненні, акты органаў мясц. кіравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛАГ ((Kellogg) Фрэнк Білінгс) (22.12.1856, г. Патсдам, ЗША — 21.12.1937),
дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат.Чл.Рэсп. партыі. У 1877—1904 адвакат, кансультант шэрагу карпарацый на ПнЗ ЗША. У 1904—12 спец. саветнік па антытрэстаўскіх справах пры ген. пракурору. З 1912 старшыня Амер. асацыяцыі адвакатаў. У 1917—23 чл. сената ЗША (выступаў за ўступленне ЗША у Лігу Нацый), у 1924—25 пасол ЗША у Вялікабрытаніі. У 1925—29 дзяржсакратар ЗША, адзін з ініцыятараў заключэння Келага—Брыяна пакта 1928. У 1930—35 чл.Міжнар.суда ў Гаазе. Нобелеўская прэмія міру 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НГІСЕП ((Kingissepp) Віктар Эдуардавіч) (24.3.1888, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 4.5.1922),
эстонскі паліт. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1917). З чэрв. 1917 адзін з кіраўнікоў бальшавіцкай арганізацыі Эстоніі, арганізатар Чырв. гвардыі. З ліст. 1917 нам. старшыні ВРК, чл. Выканкома Саветаў Эстляндскага краю. З сак. 1918 у Маскве, у Вярх. рэўтрыбунале і ВЧК, чл.ВЦВК. З ліст. 1918 адзін з кіраўнікоў Кампартыі Эстоніі, якая дзейнічала ў падполлі, на яе 1-м (1920) і 2-м (1921) з’ездах выбраны чл.ЦК і яго палітбюро. Арыштаваны эст. паліцыяй і паводле прыгавору ваен.-палявога суда расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛСРУЭ (Karlsruhe),
горад на ПдЗ Германіі, зямля Бадэн-Вюртэмберг. Засн. ў 1715. 279 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Каналам злучаны з р. Рэйн, рачны порт. Рэзідэнцыі некат. федэральных устаноў ФРГ, у т. л.Вярх.суда і Канстытуцыйнага трыбунала. Прам-сць: нафтаперапр. (нафтаправод з Марселя), хім., маш.-буд. (цяжкае, прылада-, вагона-, лакаматывабудаванне, вытв-сць швейных машын, эл.-тэхн.), харчовая. Ун-т. У прыгарадзе Леапольдхафен — цэнтр ядзерных даследаванняў. Дзярж. акадэмія выяўл. мастацтваў. Маст. галерэя. Музей зямлі Бадэн (калекцыя старажытнасцей). Барочны палац (18 ст., знішчаны ў 1945, адноўлены).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯША́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1454,
прывілеі, дадзеныя польскім каралём Казімірам IV шляхце каля г. Няшава (адсюль назва) за падтрымку ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і ў яго барацьбе з магнатамі. Адмянялі выключнае права магнатаў займаць вышэйшыя дзярж. пасады, рэгулявалі судаводства і мясц. кіраванне на карысць шляхты, адначасова значна абмяжоўвалі каралеўскую ўладу. Н.с. замацоўвалі паліт. перавагу шляхты як саслоўя. Выданне законаў, рашэнне пытанняў вайны і міру маглі ажыццяўляцца толькі са згоды шляхецкіх земскіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў (за выключэннем асобных выпадкаў). Н.с. часткова абмяжоўвалі правы гарадоў.