філасофскае вучэнне і метадалагічная пазіцыя, якія адмаўляюць аб’ектыўнасць прычыннай сувязі (анталагічны І.) або яе універсальны характар і пазнавальную каштоўнасць у навуцы (метадалагічны І.); вучэнне аб свабодзе волі. У стараж.-грэч. філасофіі (Пратагор, Сакрат) уяўленні аб свабодзе волі звязваліся з паняццямі дабрачыннасці і доблесці чалавека, яго здольнасці да выбару мэты сваёй дзейнасці і сродкаў яе дасягнення. Паводле І.Канта, практычны розум патрабуе свабоды волі, інакш маральны закон страціў бы ўсякі сэнс. І.Фіхтэ бачыў у волі аснову асобы, якая рэалізуе сябе ў пераадоленні розных перашкод, у свабоднай творчасці і вызваленні ад знешніх аковаў. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму і персаналізму сцвярджаюць, што свабода асобы неадчужальная і незнішчальная, а любыя спробы яе падаўлення або абмежавання супярэчаць прыродзе і характару чалавечай супольнасці. Прыхільнікі псіхал. І. (А.Адлер, А.Маслаў, К.Роджэрс, Э.Фром) лічылі, што воля залежыць ад унутр. матываў, якія вынікаюць з асабістых уласцівасцей індывіда і не падпарадкаваны якой-н. прычыннай сувязі, унутр. духоўнай заканамернасці. Зыходзячы з канцэпцыі І., прадстаўнікі розных плыней ідэаліст. філасофіі не прызнаюць магчымасці заканамерных прычынна-выніковых сувязей у некат. фіз. і біял. з’явах (напр., мікрапрацэсы, свабодны рух электронаў, генныя мутацыі і інш.) і лічаць фаталізмам адно з гал. палажэнняў гіст. дэтэрмінізму аб развіцці грамадства як заканамерным працэсе пераходу ад адной грамадска-эканам. фармацыі да другой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),
карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.
Да арт.Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЛІЗ (ад грэч. katalysis разбурэнне),
змяненне скорасці хім. рэакцыі ці яе ўзбуджэнне пад уздзеяннем рэчываў (каталізатараў), якія прымаюць удзел у рэакцыі, але не ўваходзяць у састаў яе прадуктаў. У залежнасці ад таго, паскараецца ці запавольваецца рэакцыя, адрозніваюць К. дадатны і адмоўны. Звычайна тэрмін «К.» адносяць да працэсу паскарэння рэакцыі. Рэчывы, што запавольваюць хім. рэакцыю, наз.інгібітарамі хімічнымі. Паскарэнне рэакцыі пад уздзеяннем прадукту рэакцыі ці аднаго з прамежкавых рэчываў наз.аўтакаталізам. Усе каталітычныя рэакцыі — самаадвольныя працэсы (суправаджаюцца памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы).
Адрозніваюць гамагенны К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў адной фазе) і гетэрагенны (кантактавы) К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў розных фазах і маюць мяжу падзелу). Пры гамагенным К. каталізатар рэгенерыруецца ў канцы рэакцыі, а скорасць гамагенна-каталітычнай рэакцыі звычайна прапарцыянальная канцэнтрацыі каталізатара. Гетэрагенна-каталітычныя рэакцыі адбываюцца ў некалькі стадый: дыфузія кампанентаў да паверхні каталізатара, адсорбцыя і хім. пераўтварэнні на паверхні, дэсорбцыя і адваротная дыфузія прадуктаў рэакцыі, кожная з якіх можа лімітаваць скорасць каталітычнага працэсу. Паводле механізму каталітычныя працэсы падзяляюцца на электронныя (радыкальныя), абумоўленыя пераносам электронаў (акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі; напр., гідрагенізацыя) і іонныя (кіслотна-асноўныя; напр., крэкінг). Выкарыстоўваюць у хім. прам-сці (адносная доля каталітычных працэсаў складае 80—90%). Адыгрывае выключную ролю ў жывых арганізмах (гл.Біякаталіз).
Літ.:
Гейтс Б., Кетцир Дж., Шуйт Г. Химия каталитических процессов: Пер. с англ.М., 1981;
Боресков Г.К. Катализ: Вопр. теории и практики. Новосибирск, 1987.
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1926). Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў П.Чысцякова і І.Крамскога, скончыў Пецярбургскую АМ (1871), у 1882—95 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1872—76 пенсіянер АМ у Італіі, Францыі, Германіі; працаваў у духу салоннага акадэмізму на тэмы зах.-еўрап. гісторыі («Права пана», 1874, і інш.). У 1876 мастак-карэспандэнт на серба-чарнагорска-тур. вайне, у 1877—78 — на руска-тур. З 1878 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Зазнаў уплывы А.Саўрасава і Ф.Васільева. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, у які прыўносіў жанравы і лірыка-асацыятыўны пачатак. У творах, якія вызначаліся кампазіцыйнай завершанасцю, дакладнасцю малюнка і свабоднай манерай пісьма, адзін з першых у рус. жывапісе перадаў пленэрную свежасць каларыту, увасобіў натуральнасць матыву рас. прыроды, непарыўна звязанай са штодзённым жыццём чалавека: «Маскоўскі дворык», «Бабулін сад» (абодва 1878), «Зарослая сажалка» (1879), «Залатая восень» (1893) і інш. Звяргаўся і да евангельскіх сюжэтаў, якім часта надаваў жанравую ці пейзажную афарбоўку («Хрыстос і грэшніца», 1886—87), да гуманіст. («Хворая», 1886) і рэв. («Барыкады на Садовай», 1905) тэматыкі. З 1873 афармляў спектаклі Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.І.Мамантава. У 1910—18 вёў у Маскве асветную дзейнасць па арганізацыі нар. тэатра. З 1917 жыў у сядзібе Барок (цяпер Паленава Тульскай вобл.), дзе стварыў маст. музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
мікрагетэрагенныя сістэмы з 2 (ці больш) фаз з вельмі развітай паверхняй падзелу паміж імі. Маюць лішак свабоднай энергіі, павышаную хім., часам біял. актыўнасць, і, як правіла, тэрмадынамічна няўстойлівыя. Уласцівасці Д.с. вывучае калоідная хімія. Д.с. вельмі пашыраны ў прыродзе (горныя пароды, глебы, грунты, туманы, воблакі, атм. ападкі, раслінныя і жывёльныя тканкі).
У Д.с. адна з фаз утварае неперарыўнае дысперсійнае асяроддзе (ДА), у яго аб’ёме размеркавана дысперсная фаза (ДФ) у выглядзе дробных крышталікаў, кропель ці бурбалачак. Паводле дысперснасці (памеру часцінак ДФ) адрозніваюць грубадысперсныя (1 мкм і больш) і тонкадысперсныя ці калоідныя сістэмы (ад 1 нм да 1 мкм); паводле агрэгатнага стану ДА — аэрадысперсныя сістэмы (аэразолі), вадкадысперсныя (золі, суспензіі, пены, эмульсіі), цвёрдадысперсныя (шклопадобныя ці крышт. целы, напр., рубінавае шкло, мінералы тыпу апалу, пенаматэрыялы). Па інтэнсіўнасці малекулярнага ўзаемадзеяння паміж фазамі адрозніваюць ліяфільныя і ліяфобныя Д.с. (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя Д.с. тэрмадынамічна ўстойлівыя, утвараюцца самаадвольна ў выглядзе высокадысперсных сістэм (калоідных раствораў). Ліяфобныя сістэмы маюць тэндэнцыю да самаадвольнага ўзбуйнення часцінак ДФ (гл.Каагуляцыя, Каалесцэнцыя), таму яны існуюць толькі са стабілізатарамі — рэчывамі, якія адсарбіруюцца на паверхні падзелу фаз і ўтвараюць ахоўныя слаі, што перашкаджае збліжэнню часцінак. Д.с. бываюць бесструктурныя і структураваныя (напр., гелі). Утвараюцца ў выніку кандэнсацыі, калі зародкі, што ўзніклі ў гамагенным асяроддзі (перанасычаны раствор, пара, расплаў), не могуць расці неабмежавана, ці пры дыспергаванні.
Літ.:
Урьев Н.Б. Высококонцентрированные дисперсные системы. М., 1980;
Коагуляционные контакты в дисперсных системах. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),
адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднайатанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл.Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л.бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.
Літ.:
Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;
Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ АБАЛО́НКА, ландшафтная абалонка,
цэласная абалонка Зямлі, якая ахоплівае верхнюю ч. літасферы, ніжнія слаі атмасферы, біясферу і гідрасферу; адна са сфер Зямлі (гл.Геасфера). Тэрмін прапанаваў сав. географ А.А.Грыгор’еў (1932). Часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, пранікаюць адна ў адну і ўтвараюць адзіную сістэму, для якой характэрна самаразвіццё і адносная раўнавага. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі каля 40 км. Адрозніваецца ад інш. частак планеты наяўнасцю жыцця, рэчыва ў трох станах (цвёрдым, вадкім і газападобным), найб. разнастайнасцю відаў і багаццем свабоднай энергіі. У геаграфічнай абалонцы працякаюць экзагенныя і эндагенныя працэсы. Экзагенныя ўтвараюцца ў першую чаргу пад уздзеяннем сонечнай энергіі, нераўнамернае размеркаванне якой на паверхні Зямлі выклікае дыферэнцыяцыю прыродных умоў і ўтварэнне геагр. паясоў, прыродных зон. Для геаграфічнай абалонкі характэрна і рэгіянальная дыферэнцыяцыя, выкліканая формай Зямлі, рознай вышынёй паверхні Зямлі, аддаленасцю ад акіянаў і інш. Эндагенныя працэсы абумоўлены ўнутр. цяплом Зямлі, вулканічнымі, тэктанічнымі і інш. сіламі. З імі звязана ўтварэнне кантынентаў, акіянаў, гор і інш. Заканамернасці геаграфічнай абалонкі: цыклічнасць (рытмічнасць) працякання прыродных працэсаў; кругавароты рэчываў — цыркуляцыя атмасферы, марскія цячэнні, кругаварот вады, біял. кругаварот і інш.; шыротная занальнасць і вышынная пояснасць ландшафтаў. У сувязі з ростам уздзеяння вытв. дзейнасці чалавека на прыроду ў складзе геаграфічнай абалонкі з 1970-х г. пачалі вылучаць сацыясферу і тэхнасферу. Паводле тэорыі В.І.Вярнадскага, у выніку разумнага ўздзеяння чалавека на геаграфічную абалонку яна можа перайсці ў вышэйшую стадыю свайго развіцця — наасферу. Геаграфічную абалонку вывучаюць фізічная геаграфія і землязнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРМІЯ (англ. Irish Republican Army; ІРА),
падпольнае ваенізаванае фарміраванне ў ірландскім нац.-вызв. руху, якое існуе з 1919. Засн. членамі партыі Шын фейн пад кіраўніцтвам М.Колінза на базе арг-цыі ірл. валанцёраў. У 1919—21 вяла ўзбр. барацьбу (тэрор, дыверсіі) супраць англ. войск і паліцыі. Пасля заключэння англа-ірландскага дагавора 1921 частка ІРА склала аснову рэгулярнай арміі Ірл.Свабоднай дзяржавы, незадаволенасць другой ч. ІРА кампрамісным характарам дагавора прывяла да грамадз. вайны 1922—23. Пасля 1923 невял. група (у 1936 афіцыйна забаронена), якая праводзіла акцыі тэрору і сабатажу, асабліва ў пач. 2-й сусв. вайны (падтрымлівалася Германіяй) і ў 1956—62. Пасля ўспышкі рэліг.-сац. хваляванняў у Паўн. Ірландыі (1968—69) кола прыхільнікаў ІРА павялічылася, але яна раскалолася на 2 крылы — афіцыйнае (сацыяліст. кірунку), якое ў 1972 абвясціла пра адмову ад гвалтоўных метадаў у барацьбе за аб’яднанне Ірландыі, і часовае (крайне радыкальнае), што робіць стаўку на тэрор супраць англічан і ірландцаў-пратэстантаў (да 1993 загінула 3030 чал.). Падтрымліваецца (грашамі і зброяй) прыхільнікамі ў Ірландыі і ЗША (эмігранты-ірландцы), урадам Лівіі (выкрыта падтрымка ў 1985—87). Ядро ІРА складаюць 500 чал. У 1994 часовая ІРА абвясціла аб прыпыненні ўзбр. барацьбы. Вядомыя кіраўнікі — Дж.Адамс, М.Макгінес. У паўн.-ірл. гарадах Белфаст і Лондандэры дзейнічае і Армія нац. вызвалення Ірландыі (каля 20 чал.) — баявая арг-цыяІрл.сацыяліст. партыі, створаная б. членамі афіцыйнай ІРА.
Літ.:
Бабусенко С. Армия, которая воюет со всем Соединенным королевством // Новое время. 1992. № 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМАРДАШВІ́ЛІ (Мераб Канстанцінавіч) (15.9.1930, г. Горы, Грузія — 25.11.1990),
грузінскі і рас. філосаф. Д-рфілас.н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). У 1957—61, 1968—74 працаваў у час. «Вопросы философии», у 1961—66 у час. «Проблемы мира и социализма». З 1980 у Ін-це філасофіі АН Грузіі. У цэнтры яго філасофіі — ідэя свабоднай з’явы, або падзеі думкі, што можа адбывацца ў любой сферы чалавечай жыццядзейнасці, найперш у аспекце анталагічнай абароны трансцэндэнтальных асноў еўрап. культуры, выяўленых Р.Дэкартам і І.Кантам. Зыходзячы з апрыёрнасці ўмоў жыццёвага вопыту чалавека, падкрэсліваў немагчымасць адвольна і па жаданні назапашваць дадатковыя веды, паколькі жыццёвы час дыскрэтны. Сфармуляваў звязаны з самім фактам падзеі думкі апастэрыёрны падыход да аналізу падзеі ведаў або думкі. Паводле М., філосаф разважае не пра тое, што бачна, а пра тое, што бачна або пазнаецца ў той ступені, у якой маецца ўсведамленне бачнага або думка пра бачнае на ўзроўні рэфлексіі. Створаны фонд М., які выдае матэрыялы навук. чытанняў, прысвечаных М. («Конгеніяльнасць думкі», 1994; «Сустрэча з Дэкартам», 1996; «Зробленае і названае», 1998).
Тв.:
Классический и неклассический идеалы рациональности. Тбилиси, 1984;
Как я понимаю философию. 2 изд. М., 1992;
Картезианские размышления (январь 1981 г.). М., 1993;
Лекции о Прусте. М., 1995;
Стрела познания: Набросок естественноист. гносеологии. М., 1996;
Кантианские вариации. М., 1997;
Лекции по античной философии. М., 1997;
Эстетика Мышления. М., 1999;
Современная европейская философия, XX в. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (20.4.1881, г. Модлін, цяпер Новы-Двор-Мазавецкі, Польшча — 8.8.1950),
расійскі кампазітар, педагог, муз. крытык. Нар.арт.СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911), вучань А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава, Я.Вітала. З 1921 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Удзельнічаў у арганізацыі Дзярж.муз.выд-ва. Адзін з найб. значных сімфаністаў 20 ст. Яго творчасці ўласцівы самабытнае ўвасабленне класічных традыцый, шырокія абагульненні, разнастайнасць тэм і вобразаў, зварот да муз. фальклору пры даволі свабоднай яго інтэрпрэтацыі, пошукі новага. Сярод твораў: 27 сімфоній (1908—49), 3 сімфаньеты (2 для стр.арк.), сімф. прытча «Маўчанне» паводле Э.По (1910), сімф. паэма «Аластар» паводле П.Б.Шэлі (1913), уверцюры (1939, 1947); «Славянская рапсодыя» (1946), канцэрты для скрыпкі (1938), віяланчэлі (1944) з арк., творы для духавога арк., камерна-інстр., у т. л. 13 стр. квартэтаў (1930—49); санаты для скрыпкі і фп. (1947), 2 для віяланчэлі і фп. (1911, 1942), 9 санат (1909—49) і п’есы для фп., кантаты, хары, рамансы (больш за 100) і інш. Стварыў кампазітарскую школу. Сярод вучняў: А.Вепрык, Ф.Вітачак, Дз.Кабалёўскі, В.Мурадэлі, М.Пяйко, М.Тулебаеў, А.Хачатуран, Б.Чайкоўскі, В.Шабалін, А.Эшпай. Аўтар артыкулаў пра творчасць рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1950, 1951.
Літ.:
Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 5. М., 1957;
Долинская Е. Мясковский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;