«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,

дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2сусв. вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁФ (Babeuf, Baboeuf) Франсуа Наэль, празваны Гракх (23.11.1760, г. Сен-Кантэн, Францыя — 27.5.1797), французскі камуніст-утапіст, рэвалюцыянер. У 1785 распрацаваў план стварэння «калектыўных фермаў» замест буйных зямельных уладанняў. Падрыхтаваў агр. праграму і закон, сфармуляваны ў яго кнізе «Пастаянны кадастр» (1789). У час франц. рэвалюцыі 1789—94 удзельнічаў у сял. руху, быў прыхільнікам рэспублікі. У заснаванай ім газеце «Le Tribune du peuple» («Трыбуна народа») крытыкаваў палітыку контррэв. тэрмідарыянскага Канвента, за што ў 1795 зняволены. У 1796 заснаваў тайную арг-цыю «Саюз роўных», члены якой падтрымлівалі франц. Канстытуцыю 1793, рыхтавалі ўзбр. выступленне. Дзейнасць арг-цыі была раскрыта, Бабёф гільяцінаваны. Паліт. погляды Бабёфа звязаны з канцэпцыямі перадрэв. эгалітарызму і утапічнага камунізму, які ён аб’ядноўваў з класавай барацьбой. Бабёф сцвярджаў, што сутнасць сац. парадку дэтэрмінавана не паліт. формамі, а адносінамі паміж класамі. Зыходзячы з гэтага аналізаваў бурж. ўласнасць, шукаў у ёй асновы ўсёй эканам. сістэмы і інструмент панавання ў грамадстве маёмных над немаёмнымі. У выніку прыйшоў да высновы, што пасля рэвалюцыі, перш чым ажыццявіць «чыстую дэмакратыю», адразу неабходна ўстанавіць часовую дыктатуру на перыяд пераходу ад старога да камуніст. грамадства. Дактрына Бабёфа і яго прыхільнікаў, выказаная ў «плебейскім маніфесце», мела шмат паслядоўнікаў — бабувістаў. Ідэі Бабёфа сцвярджаліся аж да 1848 і мелі значны ўплыў на падп. рух у Францыі і Бельгіі ў 1830—40 (Саюз Справядлівых, Саюз Камуністаў).

Ф.Н.Бабёф.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Саюз-5» (касм. карабель) 2/581; 4/378; 11/82, 304

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Валерый Ільіч) (н. 13.2.1939, С.-Пецярбург),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1976), лётчык-касманаўт СССР (1976). Палкоўнік ВПС (з 1993 у адстаўцы). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. вучылішча імя Ф.​Э.​Дзяржынскага (1961). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1981 нач. упраўлення Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 14—16.10.1976 з В.​Дз.​Зудавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-23» як бортінжынер. Правёў у космасе 2 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НЫ (грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),

качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаў Паўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх. Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах. Рым. імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.

В.​С.​Пазднякоў.

Да арт. Гуны. Гунскі меч з залатым дзяржаннем 4—5 ст. з раскопак на Украіне.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ КЛУ́БЫ І РУ́ХІ ў СССР.

Існавалі ў 2пал. 1980-х г. — 1991 ва ўмовах радыкальнага рэфармавання краіны ў час перабудовы і сталі асновай будучай шматпарт. сістэмы. Першыя незалежныя ад улады самадзейныя групы ўзніклі восенню 1986. Яны не мелі афіц. статуса і ствараліся на аснове шырокага кола мэтаў і інтарэсаў (напр., нац.-культ. аб’яднанне «Талака» ў Мінску). Са студз. 1987 пасля спынення крымін. праследавання па паліт. матывах самадзейны рух імкліва палітызаваўся. У дыскусійных клубах «Перабудова» (Масква), «Дэмакр. перабудова» (Ленінград), «Сучаснік», «Світанак», «Тутэйшыя» (усе на Беларусі), Клубе сац. ініцыятыў, Федэрацыі сацыяліст. грамадскіх клубаў, ва Усесаюзным сац.-паліт. клубе «Абшчына» фарміраваліся групы будучых паліт. лідэраў, ішоў пошук новых ідэалаг. падыходаў. Масавай формай грамадска-паліт. руху сталі Нар. франты, першыя з якіх (Нар. фронт Эстоніі і літ. «Саюдзіс») узніклі вясной 1988. У чэрв. 1989 у Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Да восені 1989 нар. франты створаны ва ўсіх сав. рэспубліках. На працягу 1987—89 аформіўся рас. нац.-патрыят. рух, каля вытокаў якога былі Аб’яднаны савет Расіі, Саюз духоўнага адраджэння Айчыны, Правасл. манархічны ордэн-саюз. З мэтай каардынацыі дзеянняў і абароны ад «антыперабудовачных сіл» у 1987—88 заснаваны Ліга рас. кааператараў і прадпрымальнікаў, Асацыяцыя сумесных прадпрыемстваў, першыя паліт. арг-цыі — Партыя свабоды працы, Усерас. саюз «Абнаўленне», рух «Прадпрымальнікі за новую Расію». Масавы экалагічны рух прайшоў шлях ад выключна прафес. клубаў, фондаў і цэнтраў да палітызаваных «Сац.-эканам. саюза», «Руху за стварэнне Партыі «зялёных». Такім чынам у 2пал. 1980-х г. адбываўся працэс зараджэння протапартый на базе шматлікіх клубаў і рухаў. 1.1.1991 набыў сілу закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які заканадаўча замацаваў існаванне ў краіне шматпарт. сістэмы.

В.​В.​Брыгадзіна.

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц. рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон I ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З.

Дзейнічаў у 1929—37 у Вільні. Засн. 9.5.1929 па ініцыятыве А.​Луцкевіча, В.​Грышкевіча (старшыня ўправы), Р.​Астроўскага, А.​Сакаловай-Лекант, Я.​Шнаркевіч і інш. Ставіў за мэту абарону прафес. інтарэсаў настаўнікаў, удасканаленне іх пед. майстэрства, развіццё бел. культуры, падтрыманне бел. школьніцтва. Пашыраў дзейнасць на Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы. Ладзіў навук.-пед. канферэнцыі, арганізоўваў лекцыі, канцэрты вучнёўскай самадзейнасці. Праводзіў зборы грашовых сродкаў для бедных вучняў бел. гімназіі. Скасаваны загадам віленскага ваяводы 20.8.1937.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З,

прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1919 — сярэдзіне 1920-х г. Засн. 24.8.1919 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Прадстаўнік саюза В.​Ластоўскі ўваходзіў у Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Змагаўся супраць закрыцця польск. ўладамі бел. школ на тэр. Зах. Беларусі, заклікаў настаўнікаў не пераходзіць на працу ў польск. школы і не наведваць польскія настаўніцкія курсы, парушальнікаў гэтай умовы закляйміў як «здраднікаў прафесіянальных, сялянства і ўсяго беларускага народа».

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З (БСС),

бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.​Ц.​Рагуляй і Ф.​Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.​Більдзюкевіч, Б.​Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)