АЮ́Б ХАН Мухамед (14.5.1907, г. Хазара, Зах. Пакістан — 19.4.1974),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Пакістана. Фельдмаршал (1959). З 1928 на ваен. службе. Галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі (1951—54 і 1956—58). Пасля дзярж. перавароту 1958 прэзідэнт Пакістана да 1969. Прыхільнік захавання цэласнасці краіны, заснаваў т.зв. пачатковую дэмакратыю. У 1962 па яго ініцыятыве адменена ваен. становішча, уведзена новая канстытуцыя, абраны парламент, адноўлена дзейнасць паліт. партый, пачаліся агр.рэформы. Лідэр правячай партыі Мусульманская ліга ў 1963—69. У 1969 адышоў ад паліт. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРЫЯ́Л (ад лац. impérialis імператарскі),
залатая манета Рас. імперыі вартасцю ў 10 руб. Эмітаваны ў 1755—1911 з перапынкамі, і паўімперыял вартасцю ў 5 руб., у 1755 — падвоены І. У выніку грашовай рэформы Вітэ ў 1897 выпушчаны І. з адзнакай наміналу ў 15 руб. і паўімперыял у 7 руб. 50 кап. (у 1910 зняты з абарачэння).
Імперыял: 1—2. Лізавета Пятроўна, 1755, 1757; 3. Кацярына II, 1781; 4. Аляксандр I, 1804; 5. Аляксандр III, 1886; 6—7. Мікалай II 1896, 1899.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм.рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́ЭНСЕ (Struensee) Іаган Фрэдэрык (5.8.1737, г. Гале, Германія — 28.4.1772),
дацкі дзярж. дзеяч. Граф (з 1771). З 1768 урач, фактычны дарадца псіхічна хворага дацкага караля Крысціяна VII. Пасля адстаўкі ў 1770 міністра замежных спраў Даніі сканцэнтраваў у сваіх руках дзярж. ўладу. У 1771 тайны кабінет-міністр. Правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму (роўнасць усіх перад судом, верацярпімасць, свабода друку, скасаваны катаванні і цялесныя пакаранні і інш.). У ноч на 17.1.1772 у выніку палацавага перавароту арыштаваны. Пакараны смерцю, а яго рэформы скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.М.Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр.рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм.рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.
Літ.:
Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРО́К,
від феад. рэнты, якую землеўласнікі атрымлівалі ад прыгонных сялян. Спаганяўся прадуктамі с.-г. вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк). Найб. ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай даніне. У краінах Зах. Еўропы аброк усталяваўся ў 12—13 ст. На Беларусі катэгорыя сялян-аброчнікаў вядома па гіст. крыніцах 14—16 ст., але аброк тут быў мала пашыраны, пераважала паншчына. У Расіі аброк быў адной з асн. формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Пасля сялянскай рэформы 1861 заменены выкупнымі плацяжамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕЧЕ́РНЯЯ ГАЗЕ́ТА»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 18.9(1.10).1912 да 11(24).6.1915 у Вільні на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. жыццё, дзейнасць урада і Дзярж. думы, падзеі 1-й сусв. вайны. Выступала за буржуазна-дэмакр.рэформы, культ.-нац. самавызначэнне народаў Расіі, інфармавала пра рабочы і сял. рух на Беларусі і ў Літве. Прыхільна ставілася да бел.нац. руху, падтрымлівала газ. «Наша ніва» ў яе палеміцы з рус. і польск. выданнямі. Бачыла ў сац. і духоўным абуджэнні беларусаў значны культ. набытак чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНСКІЯ ПА СЯЛЯ́НСКІХ СПРА́ВАХ УСТАНО́ВЫ,
мясцовыя кіруючыя органы па правядзенні ў жыццё сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі. Утвораны неўзабаве пасля адмены прыгону. Разбіралі скаргі на дзеянні міравых пасрэднікаў і пав. міравых з’ездаў, зацвярджалі добраахвотныя пагадненні паміж памешчыкамі і сялянамі аб памяншэнні памераў надзелу, павышалі або паніжалі сял. павіннасці і інш. Падпарадкоўваліся непасрэдна міністру ўнутр. спраў. З утварэннем у 1889 у большасці губерняў Расіі інстытута земскіх участковых начальнікаў гэтым установам нададзены і суд. функцыі. У такой кампетэнцыі захоўваліся да Кастр. рэвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСАКО́Ў Уладзімір Рыгоравіч (н. 12.2.1953, в. Батвінава Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1996). Д-рэканам.н. (1994). Скончыў Бел.с.-г. акадэмію (1976). У 1979—96 у Беларускім НДІ эканомікі і інфармацыі аграпрамысл. комплексу (з 1994 дырэктар). Навук. працы па метадалогіі эканам. развіцця сельскай гаспадаркі і стратэгіі агр.рэформы, тэорыі гасп. механізму аграпрамысл. комплексу.
Тв.:
Хозрасчет в сельском хозяйстве. Мн., 1990 (у сааўт.);
На пути к рынку. Мн., 1992;
Рынок продовольствия и сырья: тенденции и стратегия. Мн., 1996 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т,
закрытая мужчынская сярэдняя навуч. ўстанова для дваранскіх дзяцей у Рас. імперыі ў 19 ст. Паводле рэформы 1828 ствараліся як дзярж.навуч. ўстановы на базе гімназій і высакародных пансіёнаў. Рыхтавалі да стацкай і дыпламат. службы, паступлення ва ун-т. Навучанне платнае. Існавала 5 Д.і.: у Маскве (1833—49), Вільні (1838—63), Пензе (1843—63), Ніжнім Ноўгарадзе (1844—1917) і Высакародны ін-т у Варшаве (1844—63). Не набылі пашырэння з-за таго, што дваране традыц. імкнуліся ўладкаваць сваіх дзяцей у ваен.навуч. ўстановы.