малагабарытная мікраЭВМ індывідуальнага карыстання. Дае карыстальніку магчымасць працаваць у дыялогавым рэжыме. Адрозніваюць прафесійныя і бытавыя П. ЭВМ.
Прафесійныя П.ЭВМ па функцыянальных магчымасцях і матэм. забеспячэнні ідэнтычныя ЭВМ агульнага прызначэння сярэдняй прадукцыйнасці, маюць знешнюю памяць вял. ёмістасці, каляровыя графічныя прылады высокай раздзяляльнасці, сродкі для работы з камп’ютэрнымі сеткамі, у т. л.Інтэрнетам, і інш. Пераважна выкарыстоўваюцца як аўтаматызаваныя рабочыя месцы. Бытавыя П.ЭВМ арыентаваны на распрацоўку і рашэнне задач карыстальнікамі без спец. (прафесійнай) падрыхтоўкі ў галіне выліч. тэхнікі і праграмавання. Іх матэм. забеспячэнне мае сродкі навучання, у т. л. саманавучання. карыстальніка. Выкарыстоўваюцца для кіравання быт. тэхнікай, самастойнага навучання і работы, гульняў і інш.
Літ.:
Мячев А.А. Персональные ЭВМ: краткий энцикл. справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ.
Адбыўся 9—15.1.1924 у Мінску. Прысутнічала 236 дэлегатаў з рашаючым і 90 з дарадчым голасам. Парадак дня: аб міжнар. і ўнутр. становішчы СССР (В.А.Багуцкі), зацвярджэнні Канстытуцыі СССР (А.Х.Гетнер), раянаванні Беларусі і рэарганізацыі сав. апарату; справаздачы ўрада БССР (А.Р.Чарвякоў), аб выкананні дзярж. і мясц. бюджэту за 1923 і зацвярджэнне на 1924 (С.Я.Талунціс); даклады Наркамата земляробства БССР аб плане землеўпарадкавальных работ на 1924 і аб с.-г. крэдыце (А.С.Славінскі, Н Л.Аксючыц), Наркамасветы БССР (У.М.Ігнатоўскі, А.В.Баліцкі); выбары чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР і дэлегатаў на II Усесаюзны і VI Надзвычайны Ўсебел. з’езды Саветаў; бягучыя справы. З’езд ухваліў дзейнасць СНКБССР, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНКБССР аб уступленні Бел. ССР у Саюз ССР, ухваліў праект Канстытуцыі СССР і даручыў ЦВК прывесці ў адпаведнасць Канстытуцыю БССР з Канстытуцыяй СССР. Вітаў рашэнне працоўных Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губ. уключыць у склад БССР раёны гэтых губерняў з большасцю бел. насельніцтва. Зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1923—24, разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі, ветэрынарыі, землеўпарадкавання, меліярацыі, лясной гаспадаркі. Прыняў рашэнне аб плане ўвядзення ўсеаг. навучання (на працягу 10 гадоў) і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва Беларусі. Паслаў прывітанні ЦК РКП(б) і У.І.Леніну. З’езд прадоўжыў паўнамоцтвы ЦВК, выбранага на Чацвёртым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, да склікання VI Надзвычайнага Усебел. з’езда Саветаў, выбраў 4 чал. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР (адно месца пакінуў Віцебскай губ.), 19 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на II Усесаюзны і 115 з рашаючым і 115 з дарадчым голасам на VI Надзвычайны Усебел. з’езды Саветаў.
Літ.:
Съезды Советов Союза ССР, союзных и автономных советских социалистических республик: Сб. док. Т. 5. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭСТА́ЦЫЯ,
1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.
2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.
3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.
4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл.Аўдыт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́Рэспублікі Беларусь,
судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп.суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,
лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.
Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax2 + 2Bxy + Cy2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.
Да арт.Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙМЕ́НШЫХ КВАДРА́ТАЎ МЕ́ТАД,
адзін з метадаў памылак тэорыі для ацэньвання невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Выкарыстоўваецца для статыстычных апрацовак.
Прапанаваны К.Гаўсам (1794—95) і А.Лежандрам (1805—06). Першасна прызначаўся для апрацоўкі астр. і геад. вымярэнняў. Строгае матэм. абгрунтаванне і вызначэнне межаў дастасавальнасці Н.к.м. далі А.А.Маркаў і А.М.Калмагораў. Паводле Н.к.м., калі n вынікаў вымярэнняў y1, y2, ..., yn звязаны з m (m < n) пераменных x1, x2, ..., xm зададзенай функцыянальнай залежнасцю yi = 𝑓(x1, x2, ..., xm) + σi, дзе σi — невядомыя выпадковыя хібнасці, ацэнкамі для xi бяруцца такія Xi, для якіх сума квадратаў
, дзе pi — зададзеныя лікі, будзе найменшая. Для мінімізацыі S першыя частковыя вытворныя па невядомых велічынях прыраўноўваюць да нуля. Рашэнне сістэм ураўненняў
дае ацэнкі для Xi.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ЦЭ́РКВАЎ,
падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Асн. прычынай падзелу з’явілася саперніцтва паміж папамі Рыма і патрыярхамі Канстанцінопаля ў выніку Taro, што пасля падзелу Рымскай імперыі ў гэтых гарадах склаліся 2 рэліг. цэнтры, паміж якімі да 7 ст. выявіліся пэўныя адрозненні ў дагматыцы, арганізацыі і абрадах. Традыцыйна падзел датуецца 1054, калі паглыбленыя рознагалоссі прывялі да таго, што папа Леў IX і патрыярх Кіруларый абвясцілі адзін аднаму анафему. Завяршыўся П.д. пасля заваёвы ў 1204 Канстанцінопаля крыжакамі. Прыхільнікі П.ц. пасля расколу пачалі называць сваіх праціўнікаў з другой канфесіі хрысц. царквы схізматыкамі. У 1965 на 2-м Ватыканскім саборы папа Павел VI і канстанцінопальскі патрыярх Афінагор I вырашылі «аддаць забыццю» анафему 1054. Гэта рашэнне з’явілася вынікам сучаснага экуменічнага руху да аб’яднання хрысц. канфесій. Гл. таксама Каталіцызм, Праваслаўе, Хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэннегасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЎЧАЕ ЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,
працэсуальны дакумент, у якім выкладзена і абгрунтавана рашэнне следчага (або асобы, якая праводзіла дазнанне) аб фармулёўцы абвінавачання асобы, прыцягнутай да крымін. адказнасці. У ім падсумоўваюцца вынікі папярэдняга следства па справе, робіцца вывад пра ўчыненне злачынства пэўнай асобай, пра дастатковасць падстаў для суд. разгляду справы. Складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак. У апісальнай частцы выкладаецца сутнасць справы, у рэзалютыўнай змяшчаюцца звесткі пра абвінавачанага (абвінавачаных) і фармулёўка прад’яўленага абвінавачання са спасылкай на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчы падпісвае абвінаваўчае заключэнне і разам са справай перадае пракурору, які зацвярджае абвінаваўчае заключэнне і накіроўвае справу ў суд ці вяртае яе для дадатковага следства або спыняе справу. Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачанаму не пазней як за 3 сут. да суд. разгляду, што дае яму магчымасць азнаёміцца з доказамі і падрыхтавацца да абароны.