ГУБЕРНА́ТАР (ад лац. gubernator правіцель),
1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.
2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.
В.В.Швед.
т. 5, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ, ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ І БРА́ЦЛАЎСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—96. Створана на землях, далучаных у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Уключала Мінскую губерню, Ізяслаўскую і Брацлаўскую губ. (паўн.-зах. Украіна). Гал. задачай адміністрацыі былі ўвядзенне рас. грамадзянскага праўлення. На тэр. ген.-губернатарства была ўтворана Мінская, Ізяслаўская і Брацлаўская правасл. епархія (гл. Мінская праваслаўная епархія). Скасавана ў сувязі з новым адм.-тэр. упарадкаваннем пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
А.М.Філатава.
т. 10, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл. Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
т. 3, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ АРХІЕПА́РХІЯ, Магілёўская арцыдыяцэзія,
царкоўна-адм. адзінка каталіцкай царквы ў 18—20 ст. Створана паводле ўказа рас. імператрыцы Кацярыны II у 1773 як Беларуская рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія, біскупства) з цэнтрам у Магілёве, уключала тэрыторыі, далучаныя да Рас. імперыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай; першы епіскап — С.Богуш-Сестранцэвіч. Указам ад 17.1.1782 пераўтворана ў Магілёўскую архіепархію, што пацверджана найвысачэйшай граматай ад 11.11.1783. У канцы 1797 Яе архіепіскап пераехаў у Пецярбург, узначальваў сталічную рымска-каталіцкую духоўную калегію (засн. ў 1801) і з’яўляўся мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Рас. імперыі. У 1883 Магілёўскай архіепархіі падпарадкаваны касцёлы б. Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 1920-я г. ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай сав. улад дзейнасць архіепархіі фактычна спынілася. У 1991 утворана Мінска-Магілёўская архіепархія з кафедрамі ў Мінску і Магілёве.
В.В.Грыгор’ева, А.М.Філатава.
т. 9, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІМПСЕ́СТ (грэч. palin зноў + psao саскрабаю),
рукапіс на пісчым матэрыяле, з якога сцёрты або змыты першапачатковы тэкст. У антычнасці П. існавалі на папірусах, пазней пашыраны на пергаміне. Змест змытых тэкстаў сведчыць, што П. пераважна мелі літургічны характар. Гэты факт абвяргае думку пра наўмыснае знішчэнне царквой ератычных ці непажаданых сачыненняў. Сярод вядомых 23 слав. П. толькі 3 усх.-слав.: 2 лісты Архангельскага евангелля 1092 (Рас. дзярж. б-ка), 2 ахоўныя лісты з пераплёту Кірыла-Белазёрскага манастыра (Рас. нац. б-ка), першыя 24 лісты Савінай кнігі (Рас. дзярж. архіў стараж. актаў).
Літ.:
Гранстрем Е.Э. Славяно-русские палимпсесты // Археографический ежегодник за 1963 г. М., 1964;
Загребин В.М. О происхождении и судьбе некоторых славянских палимпсестов Синая // Из истории рукописных и старопечатных собраний. Л., 1979;
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979. С. 92—94.
М.В.Нікалаеў.
т. 12, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Раймонд Генрыхавіч) (н. 17.8.1922, ст. Рубежная Луганскай вобл., Украіна),
бел. і рас. мовазнавец. Д-р філал. н. (1964), праф. (1964). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944), з 1944 працаваў у ім. З 1956 у Малдаўскай АН, з 1958 у Ленінградскім аддзяленні Ін-та мовазнаўства Рас. АН, з 1964 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1966 у Рас. пед. ун-це імя А.І.Герцэна. Даследуе праблемы тэарэт. лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, інж. лінгвістыкі, лінгвадыдактыкі. Аўтар кн. «Мадэліраванне фаналагічных сістэм і метады іх параўнання» (1966), «Інжынерная лінгвістыка і тэорыя мовы» (1979), «Тэкст — камп’ютэр — чалавек» (1984) і інш.
Тв.:
Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982 (разам з М.М.Лясохіным, К.Ф.Лук’яненкавым);
Методы автоматического анализа и синтеза текста. Мн., 1985 (у сааўт.);
Лингвистический автомат и его речемыслительное обоснование. Мн., 1999.
А.В.Зубаў.
т. 12, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПАЛЦІ́ННІК.
паўпалціна, рас. сярэбраная манета, роўная 25 капейкам. Перыядычна чаканілася з 1701 да пач. 1900-х г. (у 1726 з медзі).
т. 12, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОЕ́ННО-ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,
часопіс Ген. штаба Узбр. Сіл Расіі. Выходзіць з 1939 у Маскве на рус. мове штомесяц. У 1939—40 орган Нар. камісарыята абароны СССР, у студз.—ліп. 1941 — Ген. штаба РСЧА; з пач. Айч. вайны выданне спынена, адноўлена ў 1959. Да 1991 орган Мін-ва абароны СССР. Друкуе артыкулы, дакументы і матэрыялы па гісторыі рас. і сав. ваен. майстэрства, успаміны палкаводцаў (флатаводцаў) і военачальнікаў (у т. л. па гісторыі рас. палкоў, Вял. Айч. вайны 1941—45), рэцэнзіі, навук. інфармацыю і інш.
т. 4, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1653,
закон, які рэгламентаваў нормы гандл. права ў Расіі. Прыняты ў інтарэсах і па ініцыятыве рас. купецтва. Увёў у рас. дзяржаве адзіную гандл. пошліну (рублёвую), адмяніў шэраг падарожных пошлін, павялічыў памер пошліны з замежных купцоў. На яго аснове была складзена Статутная грамата 1654, якая забараняла спагнанне падарожных пошлін ва ўладаннях свецкіх і духоўных феадалаў. Палажэнні статута атрымалі далейшае развіццё ў Новагандлёвым статуце 1667. Разам з апошнім Гандлёвы статут дзейнічаў да сярэдзіны 1750-х г. Заменены Мытным статутам 1755.
т. 5, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІФЕ́СТ АБ ВО́ЛЬНАСЦІ ДВАРА́НСТВА 1762,
«Аб дараванні вольнасці і свабоды ўсяму расійскаму дваранству», закон Рас. імперыі, які пашырыў саслоўныя правы і прывілеі дваранства. Выдадзены 1.3.1762 імператарам Пятром III. Вызваляў дваран ад абавязковай цывільнай і ваен. (у мірны час) службы, дазваляў ім бесперашкодна выязджаць за мяжу з абавязкам вяртацца па патрабаванні ўрада. «Вызваленне» дваран паводле маніфеста спарадзіла ў прыгонных сялян неабгрунтаваныя спадзяванні на хуткае ўласнае вызваленне ад «службы» памешчыкам, што паўплывала на ўзмацненне сац. напружанасці ў рас. вёсцы напярэдадні сялянскай вайны 1773—75.
т. 10, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)