ШАСТАПЁР,

від халоднай зброі ўдарнага дзеяння; разнавіднасць булавы з галоўкай з 6 метал. пласцін — «пёраў» (адсюль назва). Колькасць «пёраў» часам памяншалі да 4 або павялічвалі да 8. Найб. пашырэнне Ш. атрымаў у 15—17 ст. Служыў таксама знакам улады военачальнікаў, пры гэтым «пёры» Ш. ўпрыгожваліся чаканкай, серабром, золатам і каштоўнымі камянямі.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Я́НКА»,

бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Выконваецца пад музыку і аднайм. песню гумарыстычнага зместу, часта ў сольным варыянце. Пашыраны ў прафес. і самадз. танц. калектывах у розных сцэн. рэдакцыях. Увайшоў у бел. балеты «Салавей» М.​Крошнера, «Князь-возера» В.​Залатарова.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 18, кн. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУЛЯ́Р (ад назвы радовішча ў гарах Адула ў Швейцарыі),

мінерал, адносна чыстая разнавіднасць артаклазу. Бясколерны, паўпразрысты да празрыстага. Трапляецца ў выглядзе крышталёў, часта ўтварае друзы. Характэрны для кварцавых жылаў альпійскага тыпу, сустракаецца ў пегматытах, рудных жылах. Адуляр з ірызацыяй у блакітнавата-сініх тонах (месяцавы камень) — каштоўны камень. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай вытв-сці.

Адуляр.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. duplicatio падваенне),

разнавіднасць храмасомнай перабудовы, у выніку якой узнікае паўтарэнне ўчастка гена ці храмасомы. Паводле Д. гетэразіготныя арганізмы нясуць 2 дозы дупліцыраваных генаў, гомазіготныя — 4. Адбываецца пры разрыве і абмене ўчасткамі храмасом, а таксама ў выпадку няроўнага кросінговера; можа быць унутрыхрамасомная і міжхрамасомная. Адыгрывае важную ролю пры ўтварэнні новых генаў.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКО́ДЭР (ад дэ... + лац. codex звядзенне), сістэмы каляровага тэлебачання,

разнавіднасць дэшыфратара; прыстасаванне (блок) тэлевізара для дэкадзіравання відэасігналаў па алгарытме, адваротным кадзіраванні (гл. Кодэр). Бывае адна- (напр., Д. СЕКАМ) і шматсістэмны (напр., Д. ПАЛ/СЕКАМ). Атрыманыя на выхадзе сігналы яркасці і колерарознасныя сігналы падаюцца на кінескоп непасрэдна або пасля пераўтварэння ў сігналы асн. колераў.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕФІ́Р,

1) баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з кручанай беленай пражы. Уздоўж асновы мае вузкія палоскі з патоўшчаных белых і тонкіх каляровых нітак, якія чаргуюцца паміж сабой і з белымі ніткамі. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву мужчынскіх кашуль.

2) Разнавіднасць пасцілы. Цукеркі шарападобнай ці прадаўгаватай формы, у параўнанні з пасцілой маюць больш пышную кансістэнцыю.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́Н (франц. carton, італьян. cartone ад carta папера),

1) разнавіднасць паперы, якая вызначаецца высокай удзельнай масай (больш за 250 г/м²). Бывае адна- і мнагаслойны; упаковачны, паліграф., абутковы і інш. 2) У мастацтве — дапаможны буйнафарматны малюнак (часам каляровы), выкананы ў памеры будучага твора (насценнай размалёўкі, мазаікі, вітража, габелена). Выкарыстоўваецца ў дэкар.-прыкладным і манум. мастацтве.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МПА ДЗЁННАГА СВЯТЛА́,

разнавіднасць люмінесцэнтнай лямпы з блакітнаватым (блізкім да дзённага святла) свячэннем. Магутнасць ад 15 да 80 Вт.

Бываюць з правільнай колераперадачай (служаць для асвятлення аб’ектаў, для якіх патрэбна дакладнае ўзнаўленне колерных адценняў) і звычайныя, якія не забяспечваюць правільнай перадачы колеру (выкарыстоўваюцца для агульнага асвятлення). Часта Л.дз.с. няправільна называюць усе віды люмінесцэнтных лямпаў.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРНА́Ч,

ударная халодная зброя, разнавіднасць булавы. Уяўляў сабой сярэбраную або пазалочаную паліцу ў форме жазла (даўж. да 0,5 м) з пазалочанай галоўкай і ажурнымі гранямі або кольцамі (пярсцёнкамі або пёрамі; адсюль назва). Быў таксама атрыбутам улады военачальнікаў у некат. краінах, у т. л. ў ВКЛ у 15—18 ст.

Суцэльнаметалічны пярнач. Заходняя Еўропа. 16 ст.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЕНЕРА́ТАР у цеплатэхніцы,

разнавіднасць цеплаабменніка, дзе перадача цеплаты ажыццяўляецца шляхам пачарговага кантакту цепланосьбітаў з аднымі і тымі ж паверхнямі апарата. Найб. пашыраны Р. уяўляе сабой камеру, запоўненую спец. цаглянай насадкай. У час кантакту з гарачым цепланосьбітам насадка награваецца, з халодным — ахалоджваецца і награвае яго. Р. з перыядычным пераключэннем цепланосьбітаў забяспечвае падагрэў паветра да 1200 °C.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)