ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.3.1956. Я.Купалу і Я.Коласу ганаровае званне Н.п.Б. прысвоена паводле пастаноў СНКБССР. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь паэтам, якія стварылі выдатныя творы маст. л-ры і маюць асаблівыя заслугі ў развіцці л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГО́Н,
1) слабаразвітыя парасткі збожжавых культур (жыта, пшаніцы, ячменю і інш.), якія ўтвараюцца з вузла кушчэння пазней за асн. парасткі. Адстае ў развіцці, выспявае пазней, дае дробнае зерне або зусім не ўтварае суквеццяў (недагон або падсед); узнікае двух’яруснасць пасеваў. Гэта абцяжарвае збор ураджаю, зніжае яго якасць.
2) Ніжні ярус травастою на лугах і пашах, пустазелля збожжавых культур.
3) Сукупнасць дрэвавых і кустовых раслін, якія ўводзяць у дрэвастой лесу для паскарэння росту ў вышыню і паляпшэння формы ствалоў асн. пароды. На П. выкарыстоўваюць хуткарослыя расліны (бярозу, ляшчыну і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (Маіна Пятроўна) (н. 29.4.1929, в. Падмішнёўе Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гематалогіі. Д-рмед.н. (1972), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1953) і працавала ў ім у 1959—97. Навук. працы па праблемах абмену мікраэлементаў у арганізме, ролі радыеактыўных элементаў у парушэнні метабалізму і развіцці лейкозаў у дзяцей.
Тв.:
Калий-40 в органах больных острым лейкозом // Актуальные проблемы теоретической и клинической медицины. Мн., 1973;
Лейкозы у детей. Мн., 1981;
Руководство по гематологическим болезням у детей. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТЭКА́НТРАП ( ад грэч. pithēkos малпа + anthrōpos чалавек),
старажытны чалавек, які жыў каля 1 млн.г. назад. Рэшткі П. (чарапная накрыўка, сцегнавая косць, фрагмент ніжняй сківіцы і 5 зубоў) знойдзены ў 1891—93 галандскім урачом Э.Дзюбуа на в-ве Ява. П. меў пакаты лоб, нізкае скляпенне чэрапа (ёмістасць чэрапа 900 см³.), на лобнай косці выступаў надвочны валік. П. разам с сінантрапам, гейдэльбергскім чалавекам, атлантрапам належыць да найстараж. людзей — архантрапаў, якія з’яўляюцца адной са стадый у філагенетычным развіцці чалавека (гл. таксама Антрапагенез). Л.І.Цягака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎЦАЎ (Мікіта Фёдаравіч) (26.9.1895, в. Воздрама Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 1987),
расійскі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Маскоўскі зоатэхн. ін-т (1935). У 1956—72 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Навук. працы па малочнай і мясной жывёлагадоўлі і яе пароднай перабудове, развіцціплем. службы, вывядзенні новых парод буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Межпородное скрещивание крупного рогатого скота. М., 1951;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,
абставіны ў грамадстве (крызіс правячых вярхоў, надзвычайнае абвастрэнне сац.-эканам. сітуацыі, усплёск масавай паліт. актыўнасці), якія служаць паказчыкам спеласці сац.-паліт. умоў для рэвалюцыі сацыяльнай. Праходзіць шэраг стадый, ад яўных прыкмет масавага браджэння і незадаволенасці да агульнанац. крызісу, які перарастае ў рэвалюцыю; у яе развіццінайважн. ролю набывае суб’ектыўны фактар, г.зн. здольнасць і гатоўнасць рэв. класаў ці сац. груп ажыццявіць наспелыя пераўтварэнні. Не кожная Р.с. перарастае ў рэвалюцыю, але і спробы скінуць уладу пануючых класаў (сац. груп) пры адсутнасці Р.с. заканчваюцца няўдачай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцціінш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАДАНТЫ́Я [ад арта... + грэч. odus (odontos) зуб],
раздзел стаматалогіі, які вывучае дыягностыку, лячэнне, прафілактыку анамалій развіцця і дэфармацый зубоў, зубных радоў і сківіц у дзяцей і дарослых. Функцыянальныя расстройствы зубна-сківічнай сістэмы парушаюць дзейнасць і выклікаюць захворванні органаў стрававання і дыхання. Касметычныя недахопы і дэфекты мовы фарміруюць у дзяцей маўклівасць, замкнёнасць, што можа прывесці да адставання ў развіцці псіхікі. Лячэнне пачынаюць з ранняга ўзросту; адвучаюць дзіця ад шкодных звычак (ссанне пальца, языка, цацкі). Пры выражаных анамаліях зубна-сківічнай сістэмы выкарыстоўваюць артадантычныя апараты. Лячэнне ад некалькіх месяцаў да года і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЕЗІЁЗЫ, бабезіелёзы,
інвазійныя хваробы буйн. раг. жывёлы, авечак і козаў, якія выклікаюць паразіты эрытрацытаў — аднаклетачныя прасцейшыя з роду Babesia. Пашыраны ў некаторых краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Узбуджальнік бабезіёзаў буйн. раг. жывёлы (паўн. піраплазмоз) — Babesia bovis, авечак і козаў — Babesia ovis. Крыніца інвазіі — кроў хворых і часткова перахварэлых жывёл, у эрытрацытах якіх знаходзяцца гэтыя паразіты. Пераносчыкі бабезіёзаў — пашавыя кляшчы. Пры развіцці хваробы разбураюцца эрытрацыты і пачынаецца анемія; парушаецца работа сэрца, лёгкіх, нырак, селязёнкі і інш. органаў. Гемаглабін разбураных эрытрацытаў трапляе ў мачу, афарбоўвае яе ў чырв. колер, адсюль нар. назва бабезіёзаў на Беларусі — крывямочка. Гл. таксама Піраплазмідозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСФ»
(BASF AG),
хімічная карпарацыя ў Германіі. Засн. ў 1865, з 1973 сучасная назва. Адыграла важную ролю ў развіцці вытв-сці фарбаў, пластмасаў, фармацэўтычных прэпаратаў, стварэнні прамысл. сінтэзу аміяку і інш. Адзін з вядучых у свеце вытворцаў угнаенняў, пігментаў, палімерных матэрыялаў і паўфабрыкатаў для іх выпуску, лекаў, хім. сродкаў аховы раслін, магнітных стужак.
Выпускае больш за 5 тыс. найменняў гатовых вырабаў і 7 тыс. паўфабрыкатаў. Здабывае нафту, прыродны газ і вугаль. Аб’ядноўвае больш за 100 прадпрыемстваў у Германіі і каля 200 у ЗША, Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Японіі, Індыі, Бразіліі, Аргенціне і інш.