ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1967. Распрацоўваецца з 1975. Паклады нафты пл. каля 11 км² прымеркаваны да падсалявых, міжсалявых і надсалявых дэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2532 — 3110 м. Пароды-калектары — кавернозна-порава-трэшчынаватыя даламіты, даламітызаваныя вапнякі, вапнякі, ангідрыты з лінзамі вапнякоў. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафінавая з вялікай колькасцю бензінавых і газавых фракцый.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражэвічы, Багатыр, пас. Асавец. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка. Гліны шчыльныя, тлустыя, вязкія, пластычныя і высокапластычныя, месцамі з тонкімі праслойкамі пылаватага пяску і супеску. Разведаныя запасы 27,1 млн. м³, перспектыўныя 67 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 14,1—29,9 м, ускрышы (торф, пяскі) 0,2—6,9 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, цэменту і керамзітавага жвіру. Распрацоўваецца Новалукомскім з-дам керамзітавага жвіру і Мінскім з-дам будматэрыялаў.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫ́ХАРСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Пажыхар. Размешчана ў Прыпяцкім нафтагазаносным басейне. Адкрыта ў 1987, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. 3,3 км2 прымеркаваны да верхнедэвонскіх міжсалявых адкладаў паўн. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах цэнтр. ч. Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаноснага пакладу 2725—2820 м. Пароды-калектары трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, смалістая, парафіністая, з вял. колькасцю светлых фракцый (40—45%) і газанасычанасцю спадарожным газам (129—135 м³/т). Разведаныя запасы 1244 тыс. т, перспектыўныя 710 тыс. т.

А.П.Шчураў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУ́ДАЎ,

у Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Працягласць руднай зоны каля 10 км, магутнасць да 140 м. Руды — жалезістыя кварцыты (жалеза 26,2%), залягаюць у тоўшчы дакембрыйскіх гнейсаў крышт. фундамента на глыб. 216—300 м. Рудныя гарызонты (4—35 м) перамяжаюцца з праслоямі пустых парод. Запасы руды ацэньваюцца ў 1,5 млрд. т. Радовішча не распрацоўваецца (1995).

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫТКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,

у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на ПнЗ ад г. Жыткавічы. Выяўлена ў 1969 у адкладах неагену. Аб’ядноўвае 4 збліжаныя самаст. вугальныя паклады. Магутнасць вугальнага пласта 0,3—15,6 м, глыб. залягання 12,4—44,4 м. Вугалі гумусныя (марка 1Б). Сярэдняя цеплыня згарання 6,2—7,2 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 18,5%. На пл. 16,9 км2 запасы вугалю 69,1 млн. т. Радовішча не распрацоўваецца.

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫНЁЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,

у Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Брынёў. Выяўлена ў 1973 у адкладах верхняга алігацэну і міяцэну. Мае адзін паклад. Сярэдняя магутнасць вугальнага пласта 5,8 м (макс. 19,9 м). Сярэдняя глыб. залягання 65 м (макс. 83 м). Вугалі гумусавыя, маркі І Б. Цеплыня згарання 7,1—21,5 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 26,6%. Разведана папярэдне. На пл. 7,1 км² запасы вугалю 38,6 млн. т. Радовішча не эксплуатуецца (1996).

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей 8/424; 9/515; 12/16

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ У Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад г. Мазыр. Адкрыта ў 1963. Паклады звязаны з познадэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да скляпення Мазырскай саляна-купальнай структуры. Соль залягае пластамі на глыб. 699—734 м, мае ад 81 да 99,9% хлорыстага натрыю, ад 0,42 да 3,48% нерастваральных рэшткаў. Прамысл. запасы каля 600 млн. т. Ускрытая магутнасць ад 499 да 767 м. Распрацоўваецца метадам падземнага вышчалочвання. На базе радовішча працуе расолапромысел адкрытага акц. т-ва «Мазырсоль» па вытв-сці кухоннай солі гатунку «Палессе». Гл. таксама Мазырскі солевыварны камбінат.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯКА́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ СО́ЛЕЙ,

у Пермскай вобл. Расійскай Федэрацыі. На левым беразе р. Кама, паміж р. Вішара на Пн і р. Яйва на Пд. Саляныя пароды прадстаўлены лінзападобным пакладам, выцягнутым з Пн на Пд на 200 км, шыр. да 50 км, пл. 6,5 тыс. км². Саляносныя адклады ніжняй і верхняй пярмі. Паклад калійных солей мае працягласць 136 км, шыр. да 40 км, пл. 3,5 тыс. км². Радовішча адкрыта ў 1925, распрацоўваецца з 1933. Прамысл. запасы 3,8 млрд. т (сільвініт, карналіт і інш. солі), перспектыўныя 15,7 млрд. т. Цэнтры здабычы — г. Беразнікі, г. Салікамск. Калійныя солі выкарыстоўваюцца для вытв-сці ўгнаенняў.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ,

за 0,7 км на ПдПдЗ ад в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — адзіны пункт на Беларусі, дзе крышт. фундамент выходзіць на паверхню. Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою і прымеркаваны да паўн. ч. Украінскага крышталічнага шчыта. Карысныя выкапні: дробна-, сярэдне-, і буйназярністыя граніты і гранадыярыты, біятытавыя і біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10.3 млн. м³, перспектыўныя 5,6 млн. м³. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання і выветраныя крышт. пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча і ўскрышныя пароды абводненыя. Граніты, гранадыярыты і гнейсы прыдатныя на выраб друзу і як напаўняльнікі бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым з-дам (в. Глушкавічы).

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)