ТАЛАКА́,
у беларусаў і інш. слав. народаў даўні нар. звычай калектыўнай дапамогі ў гасп. работах. Звычайна на адзін дзень запрашалі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў для тэрміновай ці працаёмкай работы, якая вымагала многа работнікаў і цягла: зрубіць хату, скасіць сена, зжаць жыта, выбраць бульбу, вывезці лес, гной на поле і інш. Памагалі найперш пагарэльцам, удовам, салдаткам, бясконным. Т. звычайна заканчвалася застоллем, спяваннем талочных песень.
У Т. выяўляюцца рысы стараж. калектывізму і рэшткі абшчыннага побыту. У час прыгону паны выкарыстоўвалі нар. звычай і ўводзілі прымусовыя Т. для выканання тэрміновых с.-г. работ звыш абавязковых сялянскіх павіннасцей. т.зв. згоны.
т. 15, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ,
зыходнае звяно фін. сістэмы краіны, непасрэдна звязанае з фарміраваннем і выкарыстаннем асн. фондаў і абаротных сродкаў, вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі, стварэннем, размеркаваннем і выкарыстаннем грашовых накапленняў у нар. гаспадарцы; састаўная частка фінансаў. У матэрыяльным выяўленні — гэта адасобленыя грашовыя фонды рознага прызначэння, якія ствараюцца на кожным прадпрыемстве і выкарыстоўваюцца для эканам. развіцця і сац. патрэб яго работнікаў. Ф.п. складаюцца з фінансаў прадпрыемстваў матэрыяльнай вытв-сці і фінансаў устаноў і арг-цый невытворчай сферы. Для сучасных умоў характэрна разнастайнасць форм уласнасці і суб’ектаў гаспадарання, на аснове якіх функцыянуюць Ф.п. і арг-цый.
М.Е.Заяц.
т. 16, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́МІЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 24.1.1951, в. Кунаховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1997), праф. (1998). Скончыў БДУ (1973) і працаваў у ім з 1976. З 2001 заг. кафедры, нам. дырэктара Ін-та перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ. Навук. працы па праблемах крымін. і крымін.-выканаўчага права.
Тв.:
Уголовная ответственность за угон транспортных средств. Мн., 1982;
Правовая концепция реализации (исполнения) мер уголовной ответственности в Республике Беларусь. Мн., 1996;
Теоретические проблемы уголовной ответственности. Мн., 1997;
Формы реализации уголовной ответственности. Мн., 1998.
т. 17, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),
абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).
І.Дз.Прахарэнка.
т. 3, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т ПРАФЕСІ́ЙНАЙ АДУКА́ЦЫІ.
Засн. ў 1993 у Мінску на базе Рэсп. ін-та павышэння кваліфікацыі работнікаў нар. адукацыі. У 2003/04 навуч. г. ў ін-це дзейнічаюць: ф-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў прафес. адукацыі; адукац. цэнтры «Індустрыяльна-педагагічны каледж» і «Прафесійна-тэхнічны каледж»; цэнтры развіцця прафес. адукацыі, выхаваўчай работы, інфарм.-аналітычны, вучэбнай кнігі прафес. адукацыі; упраўленні метадычнага забеспячэння прафес.-тэхн. адукацыі і сярэдняй спец. адукацыі; аддзел метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі. Ф-т ажыццяўляе павышэнне кваліфікацыі кіруючых і пед. работнікаў навуч. устаноў прафес. адукацыі, а таксама перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях: прафес. навучанне, сац. педагогіка, практычная псіхалогія, менеджмент у сферы адукацыі; на базе сярэдняй спец. адукацыі рыхтуюць кадры па спецыяльнасці «прафесійнае навучанне» з кваліфікацыяй «майстар вытворчага навучання». Вядуцца навук. даследаванні па праблемах: развіццё прац. рэсурсаў у сістэме прафес. адукацыі краіны; удасканаленне якасці прафес. адукацыі; кіраўніцтва інавацыйнай дзейнасцю ўстаноў прафес.-тэхн. і сярэдняй спец. адукацыі; распрацоўваюцца канцэпцыі і праграмы развіцця прафес.-тэхн. і прафес.-пед. адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, макеты адукац. стандартаў па розных спецыяльнасцях і інш. Выдаецца час. «Майстэрства». Апублікаваны працы: «Педагагічная сістэма вытворчага навучання ва ўмовах бесперапыннай шматузроўневай падрыхтоўкі» А.Х.Шкляра (1997), «Трансфармацыя прафесійнай адукацыі ў сучасным грамадстве» Э.М.Каліцкага (1997), «Адукацыя на мяжы стагоддзяў» М.І.Латыша (2-е выд. 2000), «Спецыяліст, майстар, прафесіянал: тэорыя і практыка мадэліравання» (2000), «Культура прафесійна-педагагічнай дзейнасці» Л.Л.Молчана (2001), «Праектаванне зместу прафесійнай адукацыі: тэорыя і практыка» М.В.Ільіна (2002), «Асноўныя палажэнні тэорыі прафесійнай адукацыі» (2003) і інш. У ін-це працуюць д-ры пед. навук М.І.Латыш, А.Х.Шкляр, А.Х.Шкляр.
т. 18, кн. 1, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ Ларыса Канстанцінаўна (н. 20.1.1913, Мінск),
бел. танцоўшчыца, балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Дачка К.А.Алексютовіча. Вучылася ў балетнай студыі пры БДТ-1 (1921—28), адначасова працавала ў балетнай трупе т-ра. З 1928 артыстка Бел. аб’яднання муз., эстрадных і цыркавых работнікаў, у 1937—41 — Ансамбля бел. нар. песні і танца Бел. філармоніі. У 1950—73 балетмайстар ансамбля танца БДУ, выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Ставіла танцы ў драм. спектаклях. Стварыла шэраг сцэнічных танцаў на традыц. аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» (1978), кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях» (1984).
т. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ (БПП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. БПП дзейнічае на аснове захавання і развіцця традыцый і прынцыпаў с.-д. і рабочага руху. Асн. мэты — пабудова ў Рэспубліцы Беларусь дэмакр. грамадства, стварэнне прававой дзяржавы на прынцыпах духоўнай паліт. і эканам. свабоды чалавека, дабрабыту, маральнасці, сац. справядлівасці і згоды грамадзян. Выступае за аптымальнае спалучэнне рыначных механізмаў і дзярж. рэгулявання, за ўдзел работнікаў наёмнай працы ў кіраванні дзярж. справамі, у абарону правоў і інтарэсаў працоўных, за паліт. падтрымку прафс. руху. Арг-цыі БПП створаны ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Барысаве, Жодзіне, Асіповічах, Салігорску і інш.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны суб’ект гаспадарання, утвораны пры выкупе прац. калектывам дзярж. прадпрыемства або інш. законным набыцці яго маёмасці. Асаблівасць К.п. — калект. характар уласнасці і падзел маёмасці, кошт якой адлюстроўваецца ў самаст. бухгалтарскім балансе, на ўклады работнікаў. Гэтыя ўклады адпавядаюць долям удзельнікаў гасп. т-ваў, у іх уваходзіць сума, унесеная работнікам у маёмасць прадпрыемства і яго доля ў прыросце. На ўклады налічваюцца і выплачваюцца працэнты. Кіраванне К.п. ажыццяўляецца ў адпаведнасці з яго статутам, вышэйшы орган — сход прац. калектыву. Пры ліквідацыі К.п. яго работніку з кошту маёмасці выплачваецца сума ўкладу і частка даходу, што засталіся пасля разліку з бюджэтам, банкамі і інш. крэдыторамі.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Ф.Энгельса.
Існаваў у 1920—21 у Віцебску. Засн. на базе парт. школы (з 1918). Рыхтаваў парт. і сав. работнікаў. Тэрмін навучання 6 месяцаў. Слухачы праходзілі агульнаадук. курс, пасля чаго вучыліся ў адной са спец. секцый (адм., культ.-асв., эканам.), у праграму кожнай з іх уключаўся спец. курс агітработы сярод насельніцтва. Пры ун-це працавалі валасныя цыклы, слухачамі якіх былі пераважна сяляне. Для іх выкладаліся тэарэт. курс (асновы палітэканоміі, гісторыі рэвалюцыі, гісторыі Камуніст. партыі і III Інтэрнацыянала), курсы сав. буд.-ва і практычнай работы. Першыя выпускнікі К.у. былі накіраваны на парт., сав. і агітацыйна-прапагандысцкую работу. У 1921 рэарганізаваны ў губ. саўпартшколу.
т. 7, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́СІЯ (ад лац. concessio дазвол, уступка),
1) дагавор (пагадненне) на перадачу дзяржавай або мясц. органамі ўлады ў эксплуатацыю прыватным прадпрымальнікам, замежным фірмам або інш. юрыд. асобам прамысл. прадпрыемстваў, участкаў зямлі з правам здабычы карысных выкапняў, буд-ва розных аб’ектаў з мэтай развіцця або аднаўлення нац. эканомікі ці асваення прыродных багаццяў; само прадпрыемства, арганізаванае на аснове такога дагавору. У К. прадугледжваецца памер і парадак налічэння арэнднай платы, абавязацельствы канцэсіянера (фіз. або юрыд. асобы, якія атрымалі К.) па ахове і аднаўленні навакольнага асяроддзя, парадак найму работнікаў і інш. 2) Узнагарода, якую атрымліваюць банкі за арганізацыю продажу нанава выпушчаных каштоўных папер.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)