АТАМІ́СТЫКА,
атамізм, вучэнне пра дыскрэтную (перарыўную) будову матэрыі. Узнікла ў антычнай філасофіі. Адзін з яе стваральнікаў Дэмакрыт сцвярджаў, што першапачаткам усяго існага з’яўляюцца атамы (быццё) і пустата (небыццё). Атам — самая малая, непадзельная, непранікальная, неўспрымальная органамі пачуццяў частка рэчыва. Існуе бясконцая колькасць атамаў, якія адрозніваюцца сваёй формай, парадкам і размяшчэннем, чым і тлумачыцца разнастайнасць з’яў у свеце. Атамістыка Дэмакрыта была натурфіласофскай гіпотэзай. З развіццём прыродазнаўчых навук, фізікі і хіміі атамістыка становіцца вучэннем, калі ў канцы 19 ст. была выяўлена складаная структура атама, а вучэнне пра атам дапоўнена вучэннем пра малекулу. З развіццём у 20 ст. квантавай тэорыі ўяўленне пра атам, яго структуру і ўласцівасці яго элементаў істотна змянілася.
Т.І.Адула.
т. 2, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1976 у г. Гарадок Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 404 м², 26 тыс. экспанатаў асн. фонду (1991). Сярод экспанатаў рэчы з археал. даследаванняў на тэр. Гарадоцкага р-на (косці маманта, крамянёвыя прылады працы, вырабы з жалеза, керамічны посуд і цацкі, нумізматычная калекцыя). Ёсць матэрыялы пра стараж. Гарадок, у т. л. Гарадоцкі замак, пра падзеі рэв. руху, грамадз. вайны, аднаўленне нар. гаспадаркі. Значную колькасць складаюць экспанаты перыяду Вял. Айч. вайны: пра абарончыя баі, узнікненне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў раёне, злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў ходзе Гарадоцкай аперацыі 1943, матэрыялы пра землякоў Герояў Сав. Саюза М.І.Аверчанку, М.А.Ананьева, Р.Б.Багданава, І.Р.Бумагіна, М.І.Гапяёнка, А.Я.Казлова, П.М.Каралёва, І.А.Круміня, Ц.Ц.Рамашкіна, А.П.Сабалеўскага, пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій, удзельнікаў вайны ў Афганістане і інш. Экспануюцца этнагр. матэрыялы 19 — пач. 20 ст., дэкар.-прыкладнога мастацтва (кераміка, вырабы ткацтва, з саломкі, лазы, вышыванкі).
К.Я.Уверская.
т. 5, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕК Аляксандр Альфрэдавіч
(3.1.1903, г. Саратаў, Расія — 2.11.1972),
рускі пісьменнік. Першая аповесць «Курака» (1934) прысвечана вядомаму металургу-доменшчыку з Беларусі. Вядомасць прынесла аповесць «Валакаламская шаша» (1943—44) пра абарону Масквы ў 1941; яе працяг — аповесці «Некалькі дзён», «Рэзерв генерала Панфілава» (абедзве 1960). Аўтар нарысаў, апавяданняў, аповесцяў пра металургаў (зб. «Доменшчыкі», 1946; «Цімафей — Адкрытае сэрца», 1948), раманаў «Маладыя людзі» (1954, разам з М.Лойкам), «Жыццё Беражкова» (1956). Раман «Новае прызначэнне» (выд. 1986) пра маральныя праблемы, звязаныя з камандна-адміністрацыйнай сістэмай 1930—50-х г.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЕ́НТЭ, Вісенці (Vicente) Жыл (Хіль; каля 1470, г. Гімарайнш, Партугалія, ці Лісабон — каля 1536), партугальскі драматург і акцёр; заснавальнік партуг. нац. т-ра. Аўтар, акцёр і пастаноўшчык прыдворных відовішчаў, п’ес для карнавальных шэсцяў. Яго драмы, камедыі і фарсы насычаны ісп. і партуг. нар. муз. фальклорам, адметныя вальнадумствам, вострай сатырай, накіраванай супраць сац. загану: «Наведванне, ці Маналог пастуха» (1502), «Дзейства пра Сівілу і Касандру» (1503), «Трылогія пра лодку» (1517—19), «Фарс пра пагоншчыкаў мулаў» і «Свяшчэннік з Бейры» (1526) і інш.
т. 4, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДА́»,
газета, орган Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася з 1.5 да 11.6.1917 у Мінску на бел. мове. Рэдактар А.Смоліч. Змяшчала інфарм. матэрыялы, давала ацэнку грамадска-паліт. падзей у краіне, абмяркоўвала пытанні сацыяліст. светаўпарадкавання, будучага дзярж. будаўніцтва, асновы духоўнага жыцця народа. Пісала пра сац.-паліт. прычыны вайны, пра падзеі на фронце, заклікала да міру. Публікавала матэрыялы пра культ. жыццё ў Мінску, асобныя творы З.Бядулі, Л.Родзевіча, з запісаў А.Сержпутоўскага, рэв. песні. Выйшлі 4 нумары.
Літ.:
Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1992.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕНО́ПУЛ (Armenopulos) Канстанцін
(1310 — 80 ці 1383),
візантыйскі юрыст, складальнік практычнага дапаможніка па рымскім праве «Настаўленне да законаў, або Шасцікніжжа» (5 кніг пра розныя пытанні цывільнага права і адна пра злачынствы і пакаранні). Некаторыя палажэнні «Шасцікніжжа» мелі сілу закону (у Грэцыі) або былі крыніцай мясцовага права (у Бесарабіі).
т. 1, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н,
легендарны рускі пясняр (11—12 ст.). Упершыню згадваецца ў «Слове пра паход Ігаравы», аўтар якога называе яго ўнукам Вялеса (язычніцкага Бога ўсіх славян), з пашанай гаворыць пра яго паэтычнае майстэрства. Паводле меркаванняў, Баян быў дружыннікам кн. Святаслава Яраславіча і складаў песні-«славы» ў гонар князя і яго дружыны.
т. 2, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ССР. КАРО́ТКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» (КБелСЭ). Выдадзена ў Мінску ў 1978—81 на бел. і ў 1979—82 на рус. мовах у 5 тамах. Першае на Беларусі шматтомнае рэгіянальнае энцыклапедычнае выданне, цалкам прысвечанае бел. тэматыцы.
Уключае 15 700 энцыклапедычных артыкулаў. У 1-м томе даюцца звесткі пра гісторыю, грамадскі і дзярж. лад Беларусі, у тым ліку пра яе адм.-тэр. падзел, населеныя пункты, міжнар. сувязі і інш. У 2-м томе — артыкулы пра прыроду і эканоміку Беларусі, гісторыю нар. гаспадаркі, найноўшыя кірункі бел. прам-сці і с.-г. вытв-сці. 3-і том змяшчае матэрыялы пра навуку і навук. ўстановы, тэхніку і тэхналогіі, нар. асвету і культ.-асв. ўстановы рэспублікі, друк, тэлебачанне, радыёвяшчанне, ахову здароўя, фізкультуру і спорт. У 4-м томе інфармацыя пра насельніцтва, яго побыт, мову, літаратуру, мастацтва, архітэктуру. 5-ы том — біягр. даведнік: персаналіі бел. дзярж. і грамадскіх дзеячаў, герояў вайны і працы, вядомых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, спартсменаў і інш.
В.К.Шчэрбін.
т. 2, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВЕНА́РГ (Vauvenargues) Люк дэ Клап’е
(6.8.1715, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 28.5.1747),
французскі пісьменнік-мараліст, філосаф. Майстар афарыстычнага жанру. Першы літ. вопыт — «Разважанне пра свабоду» (нап. 1737), пазней разгорнуты ў «Трактаце пра свабоду волі». З 1743 перапісваўся з Вальтэрам. У 1745 напісаў «Разважанне пра няроўнасць багаццяў». У 1746 выдаў адзіную прыжыццёвую кнігу «Уводзіны ў пазнанне чалавечага розуму, а таксама Роздумы і максімы на розныя тэмы», дапоўненую «Парадоксамі і новымі роздумамі і максімамі». У цэнтры ўвагі Вавенарга — чалавечая прырода, якую ён лічыць зыходным пунктам чалавечых пачуццяў, інстынктаў, імпульсаў паводзін, з ёй ён звязвае ўяўленне пра спрадвечную дабрыню чалавека. Пачуццё ён супрацьпастаўляе розуму, сцвярджае перавагу першага і шукае шляхі прымірэння паміж імі. Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці прозы Вавенарга (афарыстычныя разважанні і максімы) ідуць ад класічнай традыцыі 17 ст. Яго меркаванні пра класікаў л-ры 17 ст. і сучаснікаў больш кансерватыўныя. Аўтар серый «Характары» і «Дыялогі».
Тв.:
Oeuvres. Paris, 1981;
Рус. пер. — Введение в познание человеческого разума;
Фрагменты;
Критические замечания;
Размышления и максимы. Л., 1988.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНСКАЯ АПО́ВЕСЦЬ,
жанр стараж.-рус. літаратуры 11—17 ст. — свецкія гіст. творы (арыгінальныя і перакладныя) з апісаннямі ваен. паходаў і бітваў; адзін з відаў аповесці старажытнарускай. Услаўляла адвагу і гераізм, самаахвярную адданасць радзіме. Выдатны ўзор воінскай аповесці 12 ст. — «Слова пра паход Ігараў». У 13—14 ст. складаліся аповесці пра гераічную барацьбу ўсх. славян з мангола-татарамі («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.). На Беларусі перакладаліся і творча апрацоўваліся воінскія аповесці візантыйскія («Александрыя»), заходнееўрапейскія («Гісторыя пра Атылу») і рускія («Мамаева пабоішча»), Паступова выпрацаваліся і сталі традыцыйнымі пэўныя сюжэтныя схемы і стылістычныя формулы. Паэтыка воінскіх аповесцей спалучае кніжную літ. традыцыю з рысамі нар. гераічнага эпасу. Паўплывала на рус. і бел. летапісанне, на развіццё гіст. белетрыстыкі ўсх. славян.
Л.Л.Кароткая.
т. 4, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)