жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пранар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. прагіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, прагіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пранар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.Міровіча «Машэка» Р.Пукст напісаў оперу «Машэка».
Публ.:
Легенды і паданні. Мн., 1983;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.
Літ.:
Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;
Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,
1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз.законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.
1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.
2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.
Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.
2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.
3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НАЯ ДАПАМО́ГА»
(«Czerwona Pomoc»),
нелегальная газета, орган ЦКМіжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР), выданне ЦККПЗБ. Выходзіла ў 1925—37 у Вільні на бел. і польскай мовах. Друкавала рашэнні цэнтр. органаў МОПРа і матэрыялы пра дзейнасць яго мясц. арг-цый. Пісала пра барацьбу працоўных за свае правы і свабоды, пра факты тэрору польскіх улад у адносінах да зах.-бел. насельніцтва і цяжкі стан зняволеных у турмах Польшчы, пра змаганне паліт. вязняў супраць увядзення новага турэмнага статута, пра выступленні працоўных у падтрымку зняволеных рэвалюцыянераў. Выступала ў абарону Бел.сял.-работніцкай грамады, пасольскага клуба «Змаганне» Паведамляла пра становішча працоўных у інш. краінах, у т. л.пра Лейпцыгскі працэс 1933. Шэраг артыкулаў прысвяціла антыфаш. і антываен. руху ў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́ШКА МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ШКА, Іван Мядзведжы сын, Медзвядзюк,
герой усх.-слав. чарадзейных казак пра юнака-асілка, пра тры падземныя царствы і інш.
Нараджаецца ад мядзведзя, валодае магутнай сілаю, яшчэ большай, чым яго памочнікі Вярнідуб і Вярнігара. Падобны вобраз (ідзе ад міфаў і легенд) ёсць у казках многіх краін. Зах.-еўрап. казкі пра Мядзведжага сына часткова далучаюцца да анекдотаў пра дурных чарцей. Большасці ўсх.-слав. казак гэтага тыпу характэрна сац.-сатыр. накіраванасць: асілак звычайна сутыкаецца і распраўляецца з панам, папом або царом (асабліва выяўляецца ў бел. і ўкр. варыянтах). У бел. казках пра Мядзведжае вушка вобраз героя пад уплывам традыц. легенд пра асілкаў набывае нярэдка фантаст. рысы волата.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 43—52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЧЭЛ (Mitchell) Маргарэт. (8.11.1900, г. Атланта, штат Джорджыя, ЗША — 16.8.1949),
амерыканская пісьменніца; прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана. Па адукацыі журналіст. Аўтар гіст. рамана «Знесеныя ветрам» (1936, экранізацыя 1939) пра жыццё амер. Поўдня ў час грамадз. вайны 1861—65 і ў перыяд рэканструкцыі. У рамане крытычна асэнсоўваецца «паўднёвы міф» пра веліч плантатарскага Поўдня, пра высакароднасць і вытанчанасць паўд. джэнтльменаў, пра еднасць белых і чорных. Пасмяротна апублікавана кн. «Лісты Маргарэт Мітчэл пра «Знесеныя ветрам», 1936—1949» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́НКА КУПА́ЛА»,
першая на Беларусі аднатомная персанальная энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена ў 1986 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Асвятляе асн. перыяды жыцця і творчасці Я.Купалы. Ва ўступным нарысе раскрываецца духоўны і творчы воблік паэта, сац.-гіст. ўмовы станаўлення яго таленту. У арт.пра творы паэта апрача іх зместу, тэматычнай і сюжэтнай накіраванасці, аналізу выяўл. сродкаў, даецца інфармацыя пра першую іх публікацыю, пераклады. Частку матэрыялаў складаюць артыкулы пра творчасць Я.Купалы — лірыку, драматургію, публіцыстыку, крытыку і інш. паасобныя жанры, вобразы, найб. пашыраныя ў яго паэзіі, творчы метад паэта, грамадска-паліт., гіст., філас., эстэт. погляды, сувязь Я.Купалы з л-рамі інш. народаў, літ.-знаўчыя тэрміны, звязаныя з творчасцю паэта. Уключаны артыкулы пра мясціны, дзе ён жыў, працаваў, вучыўся, пабываў; праперыяд. выданні, якія друкавалі яго творы або матэрыялы пра яго; пра мастакоў, скульптараў, кампазітараў, артыстаў, дзярж. і грамадскіх дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, крытыкаў, літ.-знаўцаў, якія ў сваёй творчасці звярталіся да вобраза паэта, яго твораў або з якімі ён быў асабіста знаёмы; пра сваякоў і знаёмых Я.Купалы. У выданні апублікавана шмат новых ці мала вядомых чытачу дакументаў і матэрыялаў пра жыццёвы і творчы шлях Я.Купалы, факсіміле рукапісаў яго твораў, шмат ілюстрацый, фотаздымкаў і інш. У кнізе змешчаны кароткі летапіс жыцця і творчасці Я.Купалы, бібліяграфія з галіны купалазнаўства, імянны паказальнік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫРА́Й (1831, с. Урахі, Дагестан — 1910),
даргінскі паэт. Адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў дагестанскай л-ры. Аўтар цыклаў вершаў-песень «Пра жыццё», «Пра героя», «Пра каханне» (выд. 1928). Стварыў вобразы мужных людзей, выступіў у абарону бяспраўнай жанчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ Юрый Уладзіміравіч (н. 20.11.1924, Масква),
рускі пісьменнік. Аўтар аповесцей «У марах і вандроўках» (1949, пра ліцэйскага сябра А.С.Пушкіна рус. мараплаўца Ф.Ф.Мацюшкіна), «Паўднёвы Крыж» (1957, пра капітана О.Я.Кацэбу), гіст. аповесцей пра нарадавольцаў «Сакавік» (1959) і «Глухая пара лістапада» (кн. 1—2, 1968—70), рамана пра Г.А.Лапаціна «Саламяная вартоўня» («Дзве вязкі пісьмаў», 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР АФРАДЫСІ́ЙСКІ,
старажытнагрэчаскі філосаф, кіраўнік перыпатэтычнай школы ў Афінах (канец 2 — пач. 3 ст.); найб. уплывовы каментатар Арыстоцеля. Для Аляксандра Афрадысійскага характэрны эмпірычны натуралізм і рэальнасць часу. У каментарыі да твора «Пра душу» развіў арыгінальную канцэпцыю траістасці розуму, якая паўплывала на сярэдневяковую араб. і еўрап. філасофію. Зберагліся яго каментарыі да асобных твораў Арыстоцеля, а таксама самастойныя т.зв. «малыя творы» «Пра душу», «Пра лёс», «Апарыі і рашэнні» (у 3 кн.), «Маральныя праблемы», «Пра зліццё і рост».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́Т,
бясконцы ў часе і прасторы і бязмежна разнастайны па сваіх формах свет; усё, што існуе. У шырокім сэнсе С. з’яўляецца прадметам вывучэння ўсяго прыродазнаўства, кожная з галін якога даследуе пэўны бок С. У больш вузкім сэнсе навукай пра С. з’яўляецца астраномія. Будову С. як цэлага вывучае касмалогія.
Развіццё ўяўленняў пра С. прайшло некалькі этапаў. У старажытнасці пад С. разумелася населеная частка Зямлі. У Стараж. Грэцыі ўяўленні пра С. звязаны з адкрыццём шарападобнасці Зямлі, аддаленасці нябесных свяціл (Піфагор, Арыстоцель) і гіпотэзай пра рух Зямлі (Філалай, Арыстарх Самоскі). У сярэдневякоўі ўсталявалася геацэнтрычная сістэма свету Пталамея. Пераварот ва ўяўленнях пра С. звязаны з канцэпцыямі М.Каперніка (гл.Геліяцэнтрычная сістэма свету), у якой Зямля разглядалася як звычайнае нябеснае цела, і Дж.Бруна, які прыйшоў да высновы пра бясконцасць зорнага С. З 19 ст. С. даследаваўся як зорная сістэма Млечнага Шляху (Галактыка). Новы этап у развіцці ўяўленняў пра С. звязаны з абгрунтаваннем у 20 ст. існавання інш. галактык і пераходам да вывучэння Метагалактыкі, ажыццяўленнем запуску першых штучных спадарожнікаў Зямлі і асваеннем касм. прасторы.