продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБАВАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў канцы 3—1-й пал. 2-га тыс. да н. э. жылі паміж Дняпром і Волгай, пазней — у Прыазоўі, Крыме, на Паўн. Каўказе. Вылучана В.А.Гарадцовым у пач. 20 ст. Назва ад пахавальнага абраду. нябожчыкаў хавалі ў катакомбах — падбоях, выкапаных у сценах магільных ям, скурчанымі, на баку (у пахаваннях трапляецца охра і вугаль у жароўнях і курыльніцах), побач клалі посуд, прылады працы, зброю. Пласкадонная кераміка вызначаецца разнастайнасцю форм (данецкай К.к. — кубак з канцэнтрычнымі кругамі, перадкаўказскай — рэпападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі), распаўсюджаны шнуравы арнамент. Вядомы каменныя і бронзавыя сякеры, нажы, упрыгожанні, каменныя булавы, крамянёвыя наканечнікі стрэл. У пахаваннях сустракаюцца драўляныя вазкі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, матычным земляробствам, бронзаліцейнай вытворчасцю. У плямён К.к. складваўся бацькоўскі род.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНТРЫ (Coventry),
горад у цэнтр.ч. Вялікабрытаніі. Каля 320 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: аўта-, авія-, рухавіка- і станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію і бронзы), хім. (штучны шоўк). Ун-т. Тэхн. каледж. Руіны гатычнага сабора (14 ст.; разбураны ў час 2-й сусв. вайны, захоўваюцца як сведчанне фаш. варварства), побач новы сабор (20 ст.). Пасля разбурэнняў у 2-ю сусв. вайну К. адбудаваны нанава.
Сфарміраваўся вакол заснаванага ў 1043 кляштара бенедыкцінцаў. У 1153 атрымаў гар. правы. У 13—17 ст. цэнтр гандлю і вытв-сці воўны. З пач. 20 ст. развіваецца вытв-сць аўтамабіляў, электраапаратуры, авіяматораў, самалётаў, штучных тканін. У 2-ю сусв. вайну бамбардзіроўкамі герм. авіяцыі знішчаны гіст. цэнтр К. з арх. помнікамі 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРПРАПАГА́НДА (ад контр... + прапаганда),
пашырэнне поглядаў, ідэй, процілеглых тым, якія распаўсюджвае ідэалагічны праціўнік. Гал. мэта К., побач са сцвярджэннем уласных ідэй, — нейтралізацыя магчымага ўплыву на грамадскую свядомасць варожай прапаганды. Аб’ектамі К. могуць выступаць як людзі, так і непрымальныя, некарысныя для пэўнай палітыкі падзеі і факты аб’ектыўнай рэчаіснасці. Напр., у другую сусв. вайну дзярж. кіраўніцтва гітлераўскай Германіі імкнулася з дапамогай контрпрапагандысцкіх захадаў пераадолець глыбокі негатыўны ўплыў на свядомасць насельніцтва паражэння германскіх войск у бітвах пад Масквой, Сталінградам і інш. Суб’ектамі К. могуць быць спецорганы і ін-ты дзяржавы (армія, паліт. партыі і інш.). Ва ўмовах бурнага развіцця сродкаў масавай камунікацыі і іх манапалізацыі дзяржавай або прыватнымі карпарацыямі К. разам з прапагандай можа быць эфектыўным сродкам маніпуліравання свядомасцю людзей у паліт. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДНАСЦЬ,
паняцце, якое раскрывае ўяўленне аб маральнай каштоўнасці чалавека, адлюстроўвае яго паважлівыя адносіны да самога сябе як асобы, а таксама адносіны грамадства да чалавека, у аснове якіх ляжыць прызнанне самакаштоўнасці асобы. Годнасць напаўняе пэўным асобасным сэнсам пазнавальныя функцыі, матывацыю і паводзіны чалавека. Пачуццё ўласнай годнасці — важны кампанент працэсу развіцця чалавечай духоўнасці, побач з сумленнем і гонарам — адзін са спосабаў усведамлення чалавекам сваёй адказнасці перад сабой і грамадствам. Для розных гіст. эпох уласцівы свае ўяўленні аб чалавечай годнасці, якія адлюстроўваюць спецыфічныя сац.-культ. характарыстыкі. Бел. грамадства, якое выбрала дэмакр. шлях развіцця, прызнае годнасць асобы як асн. маральна-прававую каштоўнасць. Рэалізацыя правоў і свабод, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для ўдасканальвання і ўзвышэння асабістай годнасці грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСКАРО́ЎСКІЯ МО́ГІЛКІў Санкт-Пецярбургу,
мемарыяльныя могілкі; месца масавых пахаванняў ленінградцаў, што памерлі ў час блакады горада 1941—42 (каля 470 тыс.чал.), і ўдзельнікаў абароны горада ў Вял.Айч. вайну. Знаходзяцца ў паўн.-ўсх. частцы горада (на Выбаргскім баку). У 1956—60 на могілках узведзены арх.-скульпт. мемар. ансамбль (арх. А.Васільеў, Я.Левінсон, скульпт. В.Ісаева, Р.Таўрыт, М.Вайнман, Б.Каплянскі, А.Малахін, М.Харламава). Яго кампазіцыйны цэнтр — бронзавая скульптура, што сімвалізуе Радзіму-маці. На фрызах і цэнтр. стэле змешчаны вершы В.Бергольц і М.Дудзіна. Каля ўвахода на П.м. 2 павільёны з музейнай экспазіцыяй, побач Вечны агонь. П.м. — месца ўрачыста-жалобных цырымоній. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Існавалі ў 17—19 ст. у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на. 1) У інвентары 1650 апісаны драўляны замак з абарончымі сценамі і 4 вуглавымі вежамі, абкружаны штучным ровам і сажалкамі. На замкавым двары стаялі 1-павярховы драўляны палац, дом «прускага муру», розныя гасп. пабудовы, стайня, вадзяны млын, тартак.
2) У інвентары 1745 апісана сядзіба (драўляны палац, фальварак, гасп. пабудовы, ставы з млынамі, рыбныя сажалкі).
3) У пач. 19 ст. за 1 км ад вёскі пабудаваны мураваны 2-павярховы палац у стылі несапраўднай готыкі. У ім знаходзілася каштоўная калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, сабраная М.Тышкевічам. Згарэў у 1860. Да 1876 побач пастаўлены новы мураваны атынкаваны палац. У вял. парку, што абкружаў палацы, быў звярынец.
Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. Палацы. З малюнка Н.Орды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ДРЭС),
цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 мВт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.Э.Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл.Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс.кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксама Лукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс.кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл.Светлагорская ЦЭЦ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).