ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Званіца (выцякае з возера), за 18 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 1,28 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 5 км². Схілы катлавіны выш. 15—30 м (на З і ПдУ 8—9 м), пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, сплавінныя. Пойма шыр. 5—50 м (на ПнЗ і ПдУ 600—700 м) забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае. На У упадаюць 2 ручаі.

т. 7, с. 33

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЧЫНА, Кічынскае возера,

у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абалянка, за 30 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 1,74 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі каля 9,3 км. Пл. вадазбору 16,1 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на ПнУ і У да 15 м), парослыя лесам і хмызняком. Берагі выш. да 0,3 м, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў да глыб. 1 м, на мысах да 2 м пясчанае. Зарастае да глыб. 2,5 м. Сцёк па ручаі ў р. Абалянка.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КТАШ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 8 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 1,87 км². Схілы катлавіны выш. 3—7 м (на ПдЗ 10—15 м), пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя, на невял. участку на У зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага нешырокая паласа пясчаных адкладаў. Зарастае. На ПдУ з возера выцякае ручай у р. Выдрыца.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ШЧА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 12 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,23 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 40,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. да 5 м., пад хмызняком і пашай, на У хваёвы лес. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд і З забалочаныя, параслі хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Празрыстасць 0,5 м. Эўтрофнае, з прыкметамі антрапагеннага дыстрафіравання. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Бяржонка і Опса, выцякае ручай у р. Акунёўка.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭНЦ,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка, за 22 км на У ад г. Гарадок. Пл. 0,22 км², даўж. 830 м, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 2,1 м, даўж. берагавой лініі 2,19 км. Пл. вадазбору 1,45 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—7 м (на У і ПдУ 10—15 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі сплавінныя, шыр. сплавіны 2—7 м. 2 вузкія залівы. На Пн і Пд забалочаная пойма шыр. 20—50 м. Да ўрэзу вады расце хмызняк. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае. Выцякае ручай у р. Громаць.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙГРА́С,

кармавыя травяністыя расліны сям. метлюжковых. Акультураны 1 від Р. высокі, або французскі (Arrhenatherum elatius), і 2 віды з роду жыціку. Р. пашавы, або англійскі, ці жыцік шматгадовы (Lolium perenne), і Р. шматукосны, або італьянскі, ці жыцік шматкветкавы (Lolium multiflonim). На Беларусі 1 дзікарослы від Р. высокі. Трапляецца на лугах.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—180 см. Сцёблы прамыя, тонкія, гладкія, полыя. Лісце плоскае, вузкалінейнае. Каласкі двух- і шматкветкавыя, суквецце — колас або мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Райграс: 1 — высокі; 2 — пашавы; 3 — шматукосны.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМІ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—6 м, спадзістыя, пад лесам і хмызняком, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПнЗ, Пн і У сплавінныя. 3 залівы. Дно плоскае, у прыбярэжнай зоне да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Ляшчынава. Пасяленні баброў.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКМА́НІЯ (Beckmannia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 2 віды. Пашыраны ў нетрапічных раёнах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на заліўных лугах і каля вадаёмаў трапляецца бекманія звычайная (Beckmannia eruciformis); бекманія ўсходняя (Beckmannia syzigachne) — рэдкая заносная расліна.

Шмат- або двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі парасткамі або без іх; утвараюць рыхлыя ці шчыльныя дзярніны. Сцябло (саломіна) выш. 30—150 см, прамастойнае. Лісце лінейнае, плоскае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 1—2-кветкавыя сціснутыя з абодвух бакоў каласкі. Суквецце — густая аднабокая коласападобная мяцёлка даўж. да 30 см. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны. Культывуецца (ураджайнасць да 30 ц/га), выкарыстоўваецца ў травасумесях пры залужэнні поймаў.

Бекманія звычайная.

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск, на З ад воз. Лісна. Пл. 5,52 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 2,73 км, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 41,2 км².

Катлавіна рэшткавага тыпу, круглаватая, схілы спадзістыя, пад лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Дно плоскае, складзенае з высокаарган. тонкадэтрытавых сапрапеляў (магутнасць да 8 м). Значна зарастае да глыб. 3—4 м. Праз возера працякае рэчка без назвы, якая злучае яго з воз. Лісна. На паўн. беразе археал. помнік — курганны могільнік.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЦА (Echinochloa),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, часткова ва ўмерана цёплых краінах зямнога шара. На Беларусі як пустазелле, таксама каля дарог і па берагах рэк трапляецца брыца звычайная, або курынае проса (E. crusgalli), зрэдку — яе занесеная разнавіднасць брыца асцюковая (E. Crusgalli var. aristata).

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным голым і гладкім простым сцяблом (саломінай) і валасніковістым коранем. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае, плоскае. Каласкі з адной двухполай кветкай, звычайна ў густых аднабаковых мяцёлках. Плод — сціснутая з аднаго боку зярняўка. Харч. (з насення атрымліваюць крупы) і кармавыя расліны, некаторыя віды — пустазелле.

Брыца звычайная.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)