РЫТУА́Л (ад лац. ritualis абрадавы ад ritus рэліг. абрад, урачыстая цырымонія),

гістарычна сфарміраваная сістэма сімвалічных дзеянняў; састаўная частка традыц. і архаічных культур. Структуру Р. складае строга рэгламентаваная паслядоўнасць актаў, у т. л. вербальных (песнапенні і да т.п.), пазбаўленых утылітарнага сэнсу і накіраваных на ўзнікненне пэўных адчуванняў (рэлігійных, усемагутнасці ўлады, непарушнасці дадзеных абавязацельстваў і інш.). Першапачаткова Р. быў звязаны выключна з рэліг. практыкай; у сучасных грамадствах Р. існуе ў паліт. і сац. практыцы (афіц. ўрачыстасці, дыпламат. цырыманіял і інш.).

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДКАЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

сям’я з 17 хім. элементаў ІН групы перыяд. сістэмы: скандый, ітрый, лантан і лантаноіды. У зямной кары трапляюцца даволі рэдка: найб. пашыраны цэрый (7∙10​−3% па масе), найменш — тулій (2,7∙10​−5%). З’яўляюцца прыроднымі спадарожнікамі тытану, цырконію, гафнію, ніобію, танталу, урану і некаторых інш. металаў. Найважн. мінералы — бастнезіт, манацыт, ксенатым. Першапачаткова вылучаны ў выглядзе нерастваральных аксідаў (устарэлая назва — землі; адсюль назва). У навук. л-ры Р.э. абазначаюцца: РЗЭ і TR (ад лац. terra rara).

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁГУ́Н (скарочаная назва ад яп. сейі тайсёгун літаральна — вялікі палкаводзец, які падпарадкоўвае варвараў),

першапачаткова званне, якое надавалася камандуючым войскамі, што пасылаліся са стараж. сталіцы Японіі Кіёта (Хэяна) у 794—811 для заваявання народнасці эбісу (айнаў) у паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю; у 1192—1867 — тытул ваен.-феад. правіцеляў Японіі, якія кіравалі ад імя імператара і паходзілі з дынастый Мінамота (1192—1333), Асікага [1335(1338)—1573], Такугава (1603—1867). Улада С. (сёгунат) скінута ў час рэвалюцыі 1867—68 (гл. Мэйдзі ісін).

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯСКУ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сыны Зеўса і Леды, браты Алены, героі-блізняты — смяротны Кастар і бессмяротны Палідзеўк, удзельнікі паходу арганаўтаў. Сімвал братэрскай любві. Культ. Д. першапачаткова існаваў у Спарце, пазней распаўсюдзіўся ва ўсёй Стараж. Грэцыі. У Стараж. Рыме яны былі вядомы як Кастар і Палукс. Міф пра Д. папулярны ў л-ры (Піндар, Тэакрыт, Авідзій), выяўл. мастацтве (вазапіс, П.​П.​Рубенс, А.​Дзюрэр), музыцы (Ж.​Ф.​Рамо, Дж.​Сарці).

Дыяскуры выкрадаюць дачок Леўкіпа. Фрагменты размалёўкі гідрыі. Каля 410 да н.э.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),

1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл. Рымскі пантэон).

2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.​Ж.​Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.

3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).

Пантэон у Парыжы. 18 ст.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭКА́РЫЙ (лац. precarium ад preces просьба),

першапачаткова ў рым. праве даўгавыя адносіны паміж пазыкадаўцам і пазычальнікам незалежна ад формы маёмасці; у раннім сярэднявеччы ў Зах. Еўропе права карыстання зямлёй (на некалькі гадоў ці пажыццёва), якое даваў землеўладальнік селяніну на падставе яго пісьмовай просьбы. За гэта атрымальнік зямлі (прэкарыст) плаціў чынш ці выконваў паншчыну. Прэкарскі дагавор аднаўляўся кожныя 5 гадоў. П. быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах да 13 ст. і стаў адным са сродкаў залежнасці вольных сялян ад буйнога землеўладальніка.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАО́Н,

старажытнаегіпецкі правіцель; вярхоўны распарадчык зямельных, сыравінных, харч. рэсурсаў і насельніцтва Егіпта; з XXII дынастыі — тытул правіцеля. Першапачаткова тэрмін «Ф.» абазначаў «палац правіцеля» і толькі з XVIII дынастыі (з эпохі Новага царства) — самога правіцеля. Да XXII дынастыі слова «Ф.» не ўваходзіла ў царскую тытулатуру, якая складалася з асабістага імя і 4 царскіх імён (даваліся пры ўступленні на прастол). Паводле стараж.-егіп. вераванняў, Ф. лічыўся сынам Сонца, зямным увасабленнем Гора і наследнікам Асірыса. Імёны Ф. ўвекавечаны ў грандыёзных помніках-пірамідах і храмах.

т. 16, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАІ́, фідай, фідаіны,

фідаюн (араб. — тыя, хто ахвяруе сабой),

першапачаткова назва ісмаілітаў, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля выканання загадаў сваіх рэліг. кіраўнікоў. У 20 ст. Ф. сталі называць удзельнікаў узбр. вызв. барацьбы ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу, часта сінонім слова «партызаны» (абаронцаў Тэбрыза ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, удзельнікаў узбр. барацьбы арм. народа супраць тур. дэспатызму, удзельнікаў супраціўлення англічанам у зоне Суэцкага канала, членаў антышахскіх арг-цый у Іране ў 1960—70-я г., найб. часта — членаў узбр. атрадаў Палесцінскага супраціўлення).

т. 16, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНА́СІЙ (грэч. gymnasion),

дзяржаўная навучальна-выхаваўчая ўстанова ў Стараж. Грэцыі і на эліністычным Усходзе. Атрымалі найб. пашырэнне ў 5—4 ст. да н.э. Першапачаткова прызначаліся для фіз. практыкаванняў, пазней сталі цэнтрамі зносін і месцамі мусічных і фіз. практыкаванняў моладзі. У гімнасій паступалі пасля палестры (прыватнай гімнастычнай школы) юнакі ва ўзросце 16 гадоў са знатных сем’яў і да 18 гадоў займаліся ў ім гімнастыкай, атрымлівалі літ., філас. і паліт. адукацыю. Найб. вядомымі гімнасіямі былі Акадэмія платонаўская, дзе вёў гутаркі са сваімі вучнямі Платон, і Лікей, засн. Арыстоцелем.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)