ВАМПІ́Р (франц. vampire, ням. Vampir),

у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — мярцвяк, які ноччу выходзіць з магілы, каб шкодзіць людзям (смактаць кроў, душыць, ірваць на часткі і г.д.). Нар. фантазія вампіра ўяўляла з тоўстымі (раздутымі) губамі і тонкім, вострым, як змяінае джала, языком. У нар. вераваннях вампір — увасабленне страху прымхлівых людзей перад памерлымі чараўнікамі (стараж. славяне нават прыносілі вампіру ахвяры).

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,

асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаў Узбр. Сіл краіны.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎБА́СНАЕ ДРЭ́ВА (Kigelia pinnata),

кветкавая расліна сям. бігноніевых. Пашырана ў трапічнай Афрыцы.

Дрэва з шырокай цяністай кронай, лісце ў сухі сезон ападае. Цвіце перад ці ў час распускання лісця буйнымі чырв. кветкамі, што апыляюцца птушкамі-нектарніцамі Плод — буйная каробачка (даўж. 30—60 см, таўшчыня 7—9 см), якая па форме і колеру нагадвае ліверную каўбасу (адсюль назва), мае доўгую, амаль да зямлі, кветаножку.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКО́ (Lascaux),

палеалітычная пячора каля г. Мантыньяк на Пд Францыі (дэпартамент Дардонь). Адкрыта ў 1940. На сценах Л. выяўлены нанесеныя гравіроўкай, манахромнай і паліхромнай размалёўкай выявы дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, горных казлоў, бізонаў і інш. Унікальная выява мужчыны з галавой птушкі, які ляжаў перад забітым ім бізонам. Размалёўкі датуюцца каля 15-га тыс. да н.э.

Выява бізонаў у пячоры Ласко.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЖЭ́ННЕ,

пакрыццё волавам металічных (пераважна стальных і медных) вырабаў і паўфабрыкатаў (стужкі, ліста, дроту) для аховы іх ад карозіі або каб аблегчыць працэс паяння. Робіцца апусканнем прадмета ў расплаўленае волава, у раствор, у якім ёсць волава, або ў электраліт (пры Л. электролізам) з наступным аплаўленнем у масляных ваннах, пячах ці індуктарах. Перад Л. выраб ачышчаюць, а паверхню, якая апрацоўваецца, пратраўліваюць кіслатой.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРЗА́ (ад перс. амір-задэ — сын эміра, прынц),

1) у Іране тытул членаў манаршага дома (ставіцца пасля імя) або чыноўнік, сакратар (ставіцца перад імем).

2) У цюркскіх мусульманскіх народаў з 13 ст. М. (часцей варыянт мурза) наз. буйныя феадалы, кіраўнікі асобных ордаў і родаў. У бел. татар М. — прадстаўнік шляхецкага саслоўя. У некат. выпадках слова «М.» стала часткай прозвішча, напр., Мурзы-Мурзічы.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУЧЫ́ЦЕЛЬСТВА,

адказнасць, якая бярэцца кім-небудзь на сябе ў забеспячэнне абавязацельстваў другой асобы. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь П. — дагавор, паводле якога паручыцель абавязваецца перад крэдыторам адказваць за выкананне абавязацельства пэўнай асобай поўнасцю або ў частцы. Правы і абавязкі паручыцеля, парадак спынення П. вызначаецца заканадаўствам. У крымін. праве — асабістае П. — адна з мер стрымання, што прымаецца ў адносінах да падазронага ці абвінавачанага.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭПРЫ́НТ (англ. preprint ад лац. prae раней, перад + англ. print адбітак, друк),

апераджальны выпуск адбіткаў артыкулаў і інш. друкаваных матэрыялаў для аўтараў і інш. асоб да афіц. выхаду гэтых матэрыялаў. Наладжваецца для паскарэння распаўсюджвання навук. інфармацыі. Таксама выданне, што выпускаецца для абмеркавання спецыялістамі з мэтай падрыхтоўкі яго канчатковага тэксту (стэнаграмы, слоўнікі, макеты асобных тамоў энцыклапедый, пробныя выданні падручнікаў і інш.).

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАГНАСЦЫРО́ЎКА (ням Rekognoszierung ад лац. recoqnosco аглядваю, абследую),

1) візуальнае вывучэнне праціўніка і мясцовасці. Праводзіцца перад прыняццем камандзірам рашэння на бой (аперацыю), у ходзе перамяшчэння і размяшчэння войск і інш.; у мірны час — пры падрыхтоўцы і правядзенні вучэнняў, манеўраў. На Р. вызначаюцца маршруты і сродкі перамяшчэння, пункты прыпынкаў, арганізацыя аховы і інш. 2) Папярэдняе абследаванне мясцовасці для геадэзічных (топагеадэзічных) работ.

У.​І.​Грынюк.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 21.8.1913, г. Яраслаўль, Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1952). З 1931 акцёр Кастрамскога т-ра юнага гледача. П’есы пераважна пра сучасную моладзь: «Яе сябры» (паст. 1949), «У добры час!» (паст. 1954, экранізацыя 1956), «У пошуках радасці» (паст. 1957, фільм «Шумны дзень», 1961), «У дзень вяселля» (паст. 1964), «Традыцыйны збор» (паст. 1967), «Сітуацыя» (паст. 1973), «Гняздо глушца» (1978), «Парсючок» (1987) і інш. У п’есе «Вечна жывыя» (фільм «Ляцяць жураўлі», абодва 1957) тэма грамадз. абавязку, высокіх традыцый рус. інтэлігенцыі. Аўтар кн. аўтабіягр. прозы «Падарожжа ў розныя бакі» (1987), інсцэніроўкі рамана «Звычайная гісторыя» І.​Ганчарова (паст. 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967). П’есы Р. ставіліся на Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.​Купалы — «У добры час!» (1955), «Перад вячэрай» (1962), «Традыцыйны збор» (1966); у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Яе сябры» (1950), «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1958), «Перад вячэрай» (1962), «У дзень вяселля» (1964); у Рускім драм. т-ры — «Яе сябры» (1952), «У дзень вяселля» (1964), «З вечара да поўдня» (1970), «Гняздо глушца» (1979); у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача — «Твой шлях» (1956), «У пошуках радасці» (1958), «Няроўны бой» (1960), «Чатыры кроплі» (1975), «На моры» («Парсючок», 1987); у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «Старонка жыцця» (1953), «У добры час!» (1955), «У пошуках радасці» (1957); у Гомельскім абл. драм. т-ры — «Сітуацыя» (1973); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — «Перад вячэрай» (1963), «Вечна жывыя» (1983); у Магілёўскім абл. драм. т-ры — «Гняздо глушца» (1979); у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі — «Чатыры кроплі» (1975).

Тв.:

Избранное. М., 1983.

Літ.:

Анастасьев А.Н. Виктор Розов: Очерк творчества. М., 1966.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)