РУ́СКАЯ РЫСІ́СТАЯ ПАРО́ДА лёгказапражных коней.

Выведзена ў Расіі ў 19 ст. скрыжаваннем арлоўскай рысістай пароды і амерыканскіх рысакоў. Зацверджана ў 1949. Выкарыстоўваецца ў племянной рабоце і конным спорце. На Беларусі гадуюць на Гомельскім конным з-дзе.

Коні буйныя (выш. ў карку да 163 см), сухой канстытуцыі, з добра развітой мускулатурай. Масць гнядая, радзей вараная, рыжая. шэрая.

М.​А.​Гарбукоў.

Руская рысістая парода коней.

т. 13, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРДЗІ́Н-АНГУ́СКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі (графствы Абердзін і Ангус) удасканаленнем мясц. чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне, у Аўстраліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысл. скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».

Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованароджаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60%.

Абердзін-ангуская парода буйной рагатай жывёлы.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА курэй яечнага кірунку. Выведзена скрыжаваннем пеўняў пароды легорн с мясц. курамі. Прамысл. значэння не мае, гадуецца ў прыватных гаспадарках.

Паводле целаскладу падобныя да курэй легорн, адрозніваюцца высокай жыццяздольнасцю. Грэбень лістападобны, прамастойны ў пеўняў, звіслы набок у курэй. Апярэнне белае. Дзюба і лапы жоўтыя. Маса пеўняў 2,9—3,2, курэй 2,1—2,2 кг. Яйцаноскасць 200—230 яец за год, маса яйца 58—60 г. Не наседжваюць.

М.​Ц.​Гарачка.

Руская белая парода курэй.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Чыстакроўная верхавая парода коней 1/403, 451

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ЦЯЖКАВО́ЗНАЯ ПАРО́ДА коней.

Выведзена ў Расіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. коней з ардэнскай і інш. цяжкавознымі пародамі. Зацверджана ў 1952. На Беларусі гадуюць на Мсціслаўскім конным з-дзе Магілёўскай вобл.

Коні масіўныя, моцнай канстытуцыі, рухавыя, выш. ў карку 150—156 см. Галава сярэдняй велічыні, лоб шырокі, шыя і спіна кароткія, грудзі шырокія і глыбокія. Ногі моцныя, сухія. Масць рыжая, гнядая. Трывалыя, непатрабавальныя да ўмоў утрымання, даўгавечныя (выкарыстоўваюцца да 25 гадоў). Грузападымальнасць да 26 т. Пладавітыя, добрай малочнасці.

М.​А.​Гарбукоў.

Руская цяжкавозная парода коней.

т. 13, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Церская парода верхавых коней 1/403; 11/106

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ФАРНІЙСКАЯ ШЭ́РАЯ ПАРО́ДА курэй.

Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў ЗША на аснове мясц. курэй. На Беларусі пашырана гібрыдная лінія гэтай пароды — Б-9(4), якую гадуюць на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі і Івянецкім племптушказаводзе Мінскай вобл.

Тулава доўгае, спіна шырокая. Галава невял., з лістападобным грэбенем, вочы цёмна-карычневыя, вушныя мочкі белыя і бела-ружовыя. Ногі моцныя, сярэдняй даўжыні. Махавое і рулявое пер’е хваста добра развіта. Апярэнне паласатае: у курэй цёмнае, у пеўняў светлае. Жывая маса дарослых пеўня 3 кг, курэй 2 кт. Яйцаноскасць — 200 яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Каліфарнійская шэрая парода.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКАЯ ВО́ЎНАВАЯ ПАРО́ДА коз,

воўнавага кірунку. Выведзена ў 1947—62 у Сярэдняй Азіі і Казахстане скрыжаваннем мясц. грубашэрсных парод з казламі ангорскай пароды. Выкарыстоўваюць для паляпшэння воўнавай прадукцыйнасці мясц. грубашэрсных парод коз. Гадуюць у краінах Сярэдняй Азіі, Казахстане, на Паўн. Каўказе.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маса казлоў 55—65, матак 38—40 кг. Воўна 46—56-й якасці, даўж. Да 20 см, ангорскага тыпу, паўтонкая, белая, з люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 3—4, з матак 1,6—2 кг. Выхад чыстай воўны 75—80%. Плоднасць 105—110 казлянят на 100 матак.

Савецкая воўнавая парода коз.

т. 14, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней.

Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.​А.​Лобан.

Свінаматка беларускага тыпу буйной белай пароды.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТВІ́ЙСКАЯ ЦЁМНАГАЛОВАЯ ПАРОДА авечак.

Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.

Авечка латвійскай цёмнагаловай пароды.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)