ГАЛЬША́НСКІ ЗА́МАК,

гл ў арт. Гальшанскі палац.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́СІ ((Alessi) Галеаца) (1500 ці 1512, г. Перуджа — 30.12.1572),

італьянскі архітэктар эпохі позняга Адраджэння. Вучыўся ў Рыме ў Мікеланджэла, працаваў у Генуі. Стварыў тып гар. палаца з разгорнутай углыбіню тэраснай кампазіцыяй, які ўзбагачаўся лесвіцамі і аркадамі: палац Пародзі ў Генуі (1567), палац Марына ў Мілане (пачаты ў 1557).

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУКО́РСКАЯ СЯДЗІ́БА.

Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Належала Оштарпам, з 1874 — Гартынгам. У сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўваходзілі палац, касцёл, гасп. пабудовы, парк.

Палац — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак (пабудаваны ў 19 ст. Л.​Оштарпам). Гал. фасад быў аформлены 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Да тарцоў былі прыбудаваны 1-павярховыя прамавугольныя ў плане аранжарэі. Палац меў шмат жылых і парадных пакояў, б-ку на некалькі тысяч тамоў, архіў і інш. памяшканні. Была калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. карціны Ф.​Смуглевіча, Я.​Дамеля), існаваў аркестр. Каля палаца стаяў касцёл 18 ст. Зруйнаваны ў гады Вял. Айч. вайны. Захаваліся флігель, уязная брама, фрагменты пейзажнага парку.

Ю.​А.​Якімовіч.

Дукорская сядзіба. Палац. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕР Ян Самуэль, архітэктар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у канцлера ВКЛ кн. Л.​Сапегі. Паводле яго праектаў пабудаваны Ружанская Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян (1779), Ружанскі касцёл Казіміра (1792, уваходзіў у комплекс базыльянскага манастыра), Дзярэчынскі палац (1786, з арх. Л.​Гуцэвічам), рэканструяваны Ружанскі Троіцкі касцёл (1779), перабудаваны Ружанскі палац (1784—86, гл. Ружанскі палацавы комплекс).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МПЕН (Campen, Kampen) Якаб ван (2.2.1595, г. Харлем, Нідэрланды — 13.9.1657), галандскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму 17 ст. Вучыўся, верагодна, у Італіі (1615—21), вывучаў творчасць А.Паладыо. Працаваў у Харлеме (1621—30). Работы ў стрыманым, крыху халодным стылі: невял. палац Маўрыцхёйс у Гаазе (1633—35, з П.​Постам), ратуша ў Амстэрдаме (цяпер каралеўскі палац; 1648—55) і інш.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.​Кампарэзі, П.​Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.​Гардзеева і Г.​Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.​Бурдзін, Л.​Батанаў, В.​Мілашэўскі, інж. М.​Нікіцін, Б.​Злобін).

Астанкіна. «Егіпецкі» павільён. Канцэртная зала.
Астанкіна. Палац-тэатр.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (14.10.1878, С.-Пецярбург — 2.12.1959),

рускі архітэктар і інжынер. Акад. архітэктуры (1912). Скончыў Ін-т грамадзянскіх інжынераў (1900) і арх. аддзяленне АМ (1903) у Пецярбургу. Аўтар збудаванняў, выкананых у гіст. стылі: Нахімаўскае вучылішча (б. Вучылішчны дом Пятра I, 1908—12) у Пецярбургу, Дом упраўлення Паўд. чыгункі (1908—10), Палац культуры чыгуначнікаў (б. Палац рабочага, 1931—32) у Харкаве, праектаў тыпавых будынкаў для раёнаў Крайняй Поўначы (1948—59) і інш.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНО́БЕЛЬСДОРФ ((Knobelsdorf) Георг Венцэслаўс фон) (17.2.1699, маёнтак Кукедэль, каля г. Кросен, Германія — 16.9.1753),

нямецкі архітэктар; папярэднік ранняга класіцызму. З 1740 гал. хавальнік прускіх каралеўскіх палацаў і паркаў. У творчасці К. рацыянальная структура планаў, строгае ўбранне фасадаў у духу паладыянства спалучаюцца з вытанчаным дэкорам інтэр’ераў у формах ракако: Оперны т-р у Берліне (цяпер Дзярж. опера; 1741—43), палац Сан-Сусі (1745—47) і Гар. палац (1745—51) у Патсдаме і інш.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУТНІ́ЦКІ Лявон, бел. архітэктар 18 ст. Быў прыдворным архітэктарам і будаўніком кн. Радзівілаў у канцы 18 ст. Прадстаўнік архітэктуры барока. Удзельнічаў у рэканструкцыі Альбінскага палацава-паркавага ансамбля, дзе пабудаваў палац «Кансаляцыя», альтанку, сістэму каналаў. Зрабіў праект Каралеўскай залы для Нясвіжскага палаца (гл. ў арт. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс), рэстаўрыраваў палац у Слуцку (гл. ў арт. Слуцкія замкі), касцёл св. Міхала і драўляную царкву ў Нясвіжы.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНОС (грэч. Knōsos, Knōssos),

старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры. Паселішча на месцы К. існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000—2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. К. стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярх. правіцелямі магутнай раннерабаўладальніцкай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гасп. жыцця. Пры археал. даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытв-сці, зброя, побытавыя рэчы, т. зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом Б).

Палац уладароў К. («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гасп. памяшканнямі. Цэнтр. ч. палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор, на З ад яго — парадныя залы і гасп. памяшканні, на У — жылыя пакоі (шмат’ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т. зв. крыцкага ордэра). Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Захаваліся фрагменты размалёўкі (быт. і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, 16—15 ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэч. міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра. У К. пры археал. раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т. зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манум. грабніцы (у т. л. т. зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.

І.​М.​Каранеўская (архітэктура).

Да арт. Кнос. Кноскі палац: 1 — паўднёвы флігель; 2 — гіганцкія піфасы (тэракота) з заходняй кладоўкі; 3 — багіня са змеямі (фаянс) са скарбніцы. 16 ст. да н.э.
Да арт. Кнос. «Парыжанка». Фрагмент размалёўкі палаца. 16—15 ст. да н.э.
Да арт. Кнос. Ніжні ярус светлавога калодзежа палаца. Часткова рэканструяваны.

т. 8, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)