адна са школ сярэднеўсх. мініяцюрнага жывапісу (пераважна іл. да кніг). Існавала ў 15 ст. ў сталіцы дзяржавы Цімурыдаў — Гераце; звязана з дзейнасцю прыдворнай майстэрні рукапісаў — кітабхане (засн. прыкладна ў 1410-я г.). Мініяцюрам 1-й пал. 15 ст. (мастакі Халіл, Гіяседдзін, Мансур) уласціва тонкае пісьмо, стрыманы, часам гарачы каларыт («Шахнамэ» Фірдаўсі, 1430; «Хамсе» Нізамі, 1431). У 2-й пал. 15 ст. працавалі мастакі Шах-Музафар, Мірак Накаш, Хаджы Мухамед Накаш, Кемаледдзін Бехзад і яго вучань Касім Алі. Характэрны вытанчаная дэкаратыўнасць, паэтычнасць і разнастайнасць сюжэтаў, шматфігурнасць і шматпланавасць кампазіцый, пейзажныя фоны, гармонія і вытанчанасць колеру, дакладны віртуозны малюнак, развіццё партрэта.
Да арт.Герацкая школа. Мірак Накаш. У лазні. Ілюстрацыя з рукапісу «Хамсе» Нізамі 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦЫКЕ (Gercike),
Герсіке, Гарцыке, старажытны горад 11—13 ст. у Полацкай зямлі, на правым беразе Зах. Дзвіны. За 180 км ад Полацка, 2 км ад нас. пункта Ерсіка (Латвія). Паселішча Герцыке існавала з 10 ст. У 2-й пал. 11 — 1-й пал. 13 ст. горад належаў Полацкаму княству як фарпост і цэнтр феад. ўладання ў Ніжнім Падзвінні. Насельніцтва складалася з латгалаў і славян. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1209 упамінаецца як багатая княжацкая рэзідэнцыя з некалькімі правасл. цэрквамі і цэнтр удзела кн. Усевалада. У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля 14 ст. ў пісьмовых крыніцах не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЎНО́ЎСКІ КАСЦЁЛ БЛАГАВЕ́ШЧАННЯ,
помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу. Засн. ў 1590 М.К.Радзівілам і Г.Э.Вішнявецкай у в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст., у 2-й пал. 17 ст. прыбудавана цагляная вежа. Рэстаўрыраваўся ў пач. 18 ст., вежа заменена новай.
Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з 5-граннай апсідай накрыты высокім 2-схільным дахам. Да апсіды з бакоў прымыкаюць прамавугольныя сакрысціі. 3-ярусная вежа на гал. фасадзе (ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — 8-гранны) накрыта высокім шатром. Сцены ўмацаваны рытмічна размешчанымі вертыкальнымі контрфорсамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Асн. памяшканне злучана з апсідай арачным праёмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОР, кальвінскі збор,
тып культавага збудавання рэфарматарскай царквы. З распаўсюджаннем Рэфармацыі пашыраны ў Полчышчы, Літве і на Беларусі ў 16—1-й пал. 17 ст. Драўляныя ці мураваныя З. строгіх лаканічных форм спалучалі мясц.буд. традыцыі з асаблівасцямі гатычнага і рэнесансавага стыляў: прамавугольны або 8-гранны ў плане аб’ём, завершаны стромкім 2-схільным, вальмавым, шатровым, купальным дахам; на гал. фасадзе меў высокую абарончую вежу-званіцу з вокнамі-байніцамі, пакрытую шатром або купалам. Сцены часта ўмацоўвалі контрфорсамі. Некаторыя З. былі храмамі-крэпасцямі. Пры З. часта будаваліся школы, друкарні, шпіталі. У часы Контррэфармацыі (2-я пал. 17 ст.) многія З. прыстасоўвалі пад касцёлы, у 19 ст. — пад праваслаўныя цэрквы. Найб. вядомыя кальвінскія З.: Дзераўноўскі, Клецкі, Койданаўскі, Смаргонскі, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЗА́МАК Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. каля в. Старая Мыш
(Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) на высокім правым беразе р. Мышанка. Квадратны ў плане (50 × 50 м) замак быў абнесены з У, Пд і З земляным валам (шыр. каля 15, выш. 3,5—4 м) і абарончым ровам (шыр. 30, глыб. да 15 м, адхоны берагоў 45°),
з Пн ахаваны дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і паўн. краі замка былі драўляныя сцены з 4 вежамі па вуглах. У 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля працяглай аблогі замак узяты рус. войскамі і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАБАЛГА́РЫ, прабалгары,
цюркскамоўны народ, які ўдзельнічаў у этнагенезе балгар і шэрагу сучасных цюркскамоўных народаў (казанскія татары і інш.). Першыя звесткі пра П. адносяцца да 4 ст. У 1-й пал. 7 ст. ў Прыазоўі і Ніжнім Паволжы склаўся саюз протабал. плямён на чале з ханам Кубратам, які распаўся ў сярэдзіне 7 ст. У 2-й пал. 7 ст. пад націскам хазар ч. П. перасялілася на Пн у бас.р. Кама, дзе ў далейшым узнікла дзяржава Балгарыя Волжска-Камская. Другая група П. на чале з ханам Аспарухам пасялілася ў ніжнім цячэнні Дуная, дзе ў саюзе з мясц. славянамі стварыла ў канцы 7 ст. Балгарскае царства (гл.Балгарыя). Частка П. захавалася на Паўн. Каўказе і прыняла ўдзел у этнагенезе карачаеўцаў, балкарцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРСКАЕ КНЯ́СТВА, Ноўгарад-Северскае княства,
адно з удзельных княстваў Чарнігаўскай (Чарнігава-Северскай) зямлі з цэнтрам у Ноўгарад-Северскім. Узнікла ў 1096 на тэр.севяран. Размяшчалася ў бас.р. Дзясны і яе прытокаў Снова, Сейма і інш.; у склад С.к. часова ўваходзілі вярхоўі Акі і Дзясны, т.зв. «краіна вяцічаў». Першым князем быў Алег Святаславіч, потым яго нашчадкі — Ольгавічы. У 2-й пал. 12 ст. северскія князі вялі барацьбу з полаўцамі і інш. плямёнамі качэўнікаў, адзін з эпізодаў якой (паход кн.Ігара Святаславіча 1185) адлюстраваны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1238 (пасля мангола-тат. нашэсця) тэр. С.к. ўвайшла ў склад Бранскага княства, у 2-й пал. 14 ст. далучана да ВКЛ. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667тэр. С.к. перайшла да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.
Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст.гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст.Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст.Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІЯ,
княжацкі род герба «Рох» зменены ў ВКЛ. Магчыма, паходзяць з мясц. князёў, нашчадкаў полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, але паходжанне дакладна не высветлена. Упершыню згадваюцца ў 2-й пал. 15 ст. князі Васіль (упамінаецца ў 1463) і Іван (у 1473 з’ехаў у Маскву, дзе ў 1493 пакараны смерцю за змову супраць вял.кн. Івана III). У пач. 16 ст. вядома некалькі князёў Л., якія сумесна валодалі замкам і мяст.Лукомль і інш. маёнткамі ў Лукомскім княстве. 3 іх Фёдар Іванавіч у 1508 удзельнічаў у мяцяжы князёў Глінскіх. Верагодна, яго братамі былі Іван Іванавіч (каля 1460 — пасля 1520), уладальнік Шчыдутаў і Гарадца, заснавальнік шчыдуцкай галіны Л., Андрэй Іванавіч (каля 1470 — пасля 1528), уладальнік Меляшковічаў і Бельнякоў, заснавальнік згаслай у 1-й пал. 17 ст. меляшковіцкай галіны, Раман (? — пасля 1500), уладальнік Пачаевічаў у Лукомскім княстве, Дабрыгораў у Полацкай зямлі і Лічкава ў Лідскім пав. Іх нашчадкі раздрабілі свае ўладанні. З 2-й пал. 16 ст. яны неаднаразова займалі павятовыя пасады пераважна ў Аршанскім і Віцебскім пав. Сенатарскай годнасці дасягнуў Фрыдэрык (каля 1565—1611), падкаморы аршанскі з 1600, адначасова староста крычаўскі з 1602, кашталян мсціслаўскі з 1610. Род Л. захаваўся да 20 ст., многія змізарнелыя яго прадстаўнікі не карысталіся княжацкім тытулам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,
горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс.ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л.гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).