МАРА́ВА (Morava),

рака на У Югаславіі (Сербія), правы прыток р. Дунай. Даўж. 563 км (ад вытоку Паўд. М.), пл. басейна 38 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Паўд. і Зах. М. Верхняе цячэнне рэк, якія складаюць М. ва Усх.-Сербскіх гарах, ніжэй сутокаў — па Сярэднедунайскай раўніне. Асн. прыток — р. Ібар (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады ў вусці 260 м³/с. ГЭС. Сплаўная. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАМБІ́ДЖЫ (Murrumbidgee),

рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток р. Мурэй. Даўж. 2172 км, пл. басейна 165 тыс. км². Пачынаецца ў паўн. адгор’ях Аўстралійскіх Альпаў, цячэ па раўніне. Гал. прыток — р. Лаклан (справа). Сцёк зарэгуляваны (вадасх. Барынджак і ГЭС у вярхоўях М.). Сярэдні расход вады каля г. Балраналд 77 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Летам, у сезон дажджоў, суднаходная ніжэй г. Уога-Уога, у сухі сезон зрэдку перасыхае.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗІ́НА, нізінная раўніна,

участак сушы значнай працягласці, размешчаны не вышэй за 200 м над узроўнем мора з раўніннай, часам узгорыстай паверхняй. Існуюць у раўнінных і горных абласцях; некаторыя размешчаны ніжэй узроўню мора (Прыкаспійская Н.). Фарміруюцца пераважна ў выніку тэктанічных апусканняў і запаўнення ўпадзін рыхлымі марскімі або кантынентальнымі адкладамі. Найб. значная Н. зямнога шара — Амазонская. На Беларусі Н. займаюць ​3/4 тэрыторыі. Найб. Н.: Палеская, Нёманская, Полацкая.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ГА (Sanaga),

рака ў Камеруне. Утвараецца ад сутокаў рэк Джэрэм і Лом, якія пачынаюцца на плато Адамава. Даўж. 918 км (ад вытоку р. Джэрэм), пл. басейна 135 тыс. км². Упадае некалькімі рукавамі ў зал. Біяфра. Асн. прыток — Мбам (справа). У сярэднім цячэнні ўтварае парогі і вадаспады. Разводдзе ў чэрв.—снежні. Сярэдні расход вады больш за 2000 м³/с. Суднаходная ніжэй г. Эдэа, каля якога ГЭС.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ,

рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ДАГА,

рака ў Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 261 км². Пачынаецца на У ад в. Каркоўшчына. Асн. прытокі: Казёл (злева), Малая Вудажка (справа). Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй в. Жытнёў трапецападобная, шыр. 500—600 м, у вусці каля 1 км. Пойма двухбаковая, лугавая, шыр. 100—150 м. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае. У вусці г. Чэрыкаў.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗЛЯ́НКА,

рака ў Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нарач (бас. Віліі). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 663 км². Пачынаецца каля в. Мазалеўшчына Мядзельскага р-на. Асн. прытокі: Чорная, Ментынь (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма ў верхнім цячэнні разараная, шыр. 200—300 м. Ад вытоку на працягу 15 км рэчышча каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ зона адпачынку Вузлянка.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНЯ́,

рака ў Нясвіжскім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Лошы (бас. Нёмана). Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 366 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Дубейкі Нясвіжскага р-на, цячэ па слабахвалістай раўніне. Асн. Прыток — р. Грыўчык (справа). Даліна пераважна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 300—400 м, у верхнім цячэнні — меліяраванае балота, ніжэй — роўная, сухая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, у пойме меліярац. каналы, 2 сажалкі.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫ́ЛАЎКА,

рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бярозаўка (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 133 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Забор’е, цячэ ў межах Свянцянскіх град, у нізоўі працякае праз Пятроўскае возера. Даліна трапецападобная, ніжэй воз. Пятроўскае зліваецца з далінай Бярозаўкі, шыр. 300 м — 2 км. Пойма шыр. 100—300 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 16 км каналізавана.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),

міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)