ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.​Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.

Літ.:

Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;

Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;

Каштанов С.М. Русская дипломатика. М., 1988;

Актовое источниковедение: Сб. статей. М., 1979.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,

сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова закрытага тыпу. Спачатку прызначаліся для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей (у асн. сыноў афіцэраў) да вайск. службы. Узніклі ў Прусіі ў 1653. У Рэчы Паспалітай да вайск. службы рыхтавалі Варшаўская школа рыцарства (1765—95), Гродзенскі і Нясвіжскі К.к. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II заснаваў Калішскі кадэцкі корпус (1793—1831). У Рас. імперыі К.к. існавалі ў 1732—1917. Падпарадкоўваліся Гал. ўпраўленню ваенна-навуч. устаноў. У 18 ст. мелі самаст. кіраванне, рыхтавалі кадры для вайск. і цывільнай службы, з 1830-х г. пераважна для вайсковай. Падзяляліся на губернскія, сталічныя і спец. (артылерыйскі, інжынерны, марскі). У 1857—63 выпускнікі К.к. атрымлівалі адразу афіцэрскі чын (да 1857 з губернскіх пераводзіліся ў сталічныя). У выніку ваен. рэформ 1860—70-х г. рэарганізаваны ў ваенныя гімназіі, у 1882 адноўлены. З гэтага часу ў К.к. давалі агульную адукацыю з элементамі ваеннай падрыхтоўкі. З 1913 у некаторыя К.к. прымаліся дзеці недваранскага паходжання. Выпускнікі, як і ваенных гімназій, пераводзіліся ў ваенныя вучылішчы, дзе атрымлівалі спец. падрыхтоўку. У жн. 1917 К.к. перайменаваны ў гімназіі ваен. ведамства. Да 1917 у Рас. імперыі было 29 К.к. (акрамя Марскога і Пажскага), у якіх навучалася больш за 10 тыс. чал. На Беларусі ў 1842—63 існаваў Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1835—1918 — Полацкі кадэцкі корпус. Шклоўскае шляхетнае вучылішча ў 1778—97 існавала як прыватная навуч. ўстанова.

Літ.:

Алпатов Н.И. Учебно-воспитательная работа в дореволюционной школе интернатного типа: (Из опыта кадетских корпусов и воен. гимназий в России). М., 1958;

Брыгадзін П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча // Бел. мінуўшчына. 1997. № 4.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,

від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.​Б.​Юсупава, А.​Р.​Варанцова ў Маскве; С.​С.​Каменскага ў Арле; Н.​Г.​Шахаўской у Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл. Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл. Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.​У.​Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).

Літ.:

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

т. 13, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Францішка Уршуля (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),

пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт. зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.​П.​Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.​Бакачыо, Я.​Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.​Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.​Арэшка і А.​Вольскі.

Тв.:

Бел. пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;

Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;

Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Вып. 1. Мн., 2000.

А.​А.​Скеп’ян.

Ф.У.Радзівіл.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну,

кіруючыя парт. органы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Стваралі і ўзначальвалі патрыят. падполле, партыз. рух, пярвічныя парт. арг-цыі партыз. фарміраванняў, праводзілі паліт. і арганізатарскую работу сярод насельніцтва. Іх дзейнасць накіроўвалі абл. падп. к-ты КП(б)Б. Дзейнічала 166 Р.п.к. КП(б)Б на тэр. абласцей Баранавіцкай: Быценскі, Валожынскі, Васілішкаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Клецкі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, Юрацішкаўскі; Беластоцкай: Беластоцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Ломжынскі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядоўскі; Брэсцкай: Антопальскі, Бярозаўскі, Гайнаўскі, Дзвінскі, Камянецкі, Кляшчэльскі, Кобрынскі, Косаўскі, Маларыцкі, Пружанскі; Вілейскай: Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Міёрскі, Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі; Віцебскай: Аршанскі, Асвейскі, Багушэўскі, Бешанковіцкі, Ветрынскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Мехаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Сіроцінскі, Суражскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі; Гомельскай: Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Добрушскі, Жлобінскі, Журавіцкі, Кармянскі, Лоеўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Свяцілавіцкі, Стрэшынскі, Уваравіцкі, Чачэрскі; Магілёўскай: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Горацкі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Прапойскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі; Мінскай: Бягомльскі, Грэскі, Дзяржынскі, Заслаўскі, Капыльскі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Мінскі, 5 к-таў г. Мінск (Варашылаўскі, Кастрычніцкі, Сталінскі, Тэльманаўскі, Чыгуначны), Плешчаніцкі, Пухавіцкі, Рудзенскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Уздзенскі, Халопеніцкі, Чырвонаслабодскі, Чэрвеньскі; Палескай: Акцябрскі, Брагінскі, Васілевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Камарынскі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Парыцкі, Петрыкаўскі, Тураўскі, Хойніцкі; Пінскай: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 519;

Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1975.

А.​А.​Кузняеў.

т. 13, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДА Напалеон (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),

палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.​Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял. кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш. муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.​В.​Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.​Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.​Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.​Шапэн (фп. трыо g-moll), М.​Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац. акад. т-рам оперы, запісана на радыё.

Літ.:

Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;

Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;

Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;

Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;

Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),

1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах. Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.

2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.

3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).

4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Скляпы на вясковых могілках каля г. Жбейль (Ліван).
Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.
Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.
Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ у Вялікую Айчынную вайну,

кіруючыя камсамольскія органы ў ліп. 1941—жн. 1944 (у 1942—43 у Дунілавіцкім, Мядзельскім, Пастаўскім р-нах Вілейскай вобл. называліся тройкамі) на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Стваралі і ўзначальвалі камсам.-маладзёжнае падполле, пярвічныя камсам. арг-цыі партыз. фарміраванняў, праводзілі палітыка-выхаваўчую і арганізатарскую работу сярод моладзі. Працавалі пад кіраўніцтвам ЦК ЛКСМБ, падп. органаў КП(б)Б, упаўнаважаных ЦК ВЛКСМ. Дзейнічала 189 Р.п.к. ЛКСМБ на тэр. абласцей Баранавіцкай: Быценскі, Валожынскі, Васілішкаўскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Клецкі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мастоўскі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, Юрацішкаўскі; Беластоцкай: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Ваўкавыскі, Граеўскі, Гродзенскі, Дамброўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кнышынскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядаўскі, Цехановецкі, Чыжаўскі; Брэсцкай: Антопальскі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Гайнаўскі, Дамачоўскі, Дзівінскі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Кляшчэльскі, Кобрынскі, Косаўскі, Маларыцкі, Поразаўскі, Пружанскі, Ружанскі, Сямяціцкі, Шарашоўскі; Вілейскай: Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Дзісенскі. Докшыцкі, Дунілавіцкі, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Міёрскі, Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі; Віцебскай: Аршанскі, Асвейскі, Багушэўскі, Бешанковіцкі. Ветрынскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Мехаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Сіроцінскі, Суражскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі; Гомельскай: Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Добрушскі, Жлобінскі, Журавіцкі, Кармянскі, Лоеўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Свяцілавіцкі, Стрэшынскі, Уваравіцкі, Церахоўскі, Чачэрскі; Магілёўскай: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Горацкі, Дрыбінскі. Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Прапойскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі; Мінскай: Барысаўскі, Бягомльскі, Грэскі, Дзяржынскі, Заслаўскі, Капыльскі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Мінскі, 3 к-ты г. Мінск (Варашылаўскі, Кастрычніцкі, Сталінскі), Плешчаніцкі, Пухавіцкі, Рудзенскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Уздзенскі, Халопеніцкі, Чырвонаслабодскі, Чэрвеньскі; Палескай: Акцябрскі, Брагінскі, Васілевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Парыцкі, Петрыкаўскі, Тураўскі, Хойніцкі; Пінскай: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн. 1990. С. 519;

Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн. 1976.

Р.​М.​Шавяла.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ РЭГІЁН, гісторыка-этнаграфічны рэгіён,

частка этн. тэрыторыі, што вылучаецца комплексам этнакультурных прыкмет: прыродна-экалагічнымі ўмовамі, асаблівасцямі этн. гісторыі, характарам рассялення, гасп. заняткамі, нар. архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам, традыц. адзеннем, фальклорам, мясц. дыялектамі і інш. Этнагеаграфічнае вывучэнне і картаграфаванне розных этнакультурных рэалій дазваляюць вылучыць на тэрыторыі Беларусі 18—19 ст. 6 Э.р.: Падзвінне (Паазер’е), Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе Палессе, Заходняе Палессе (гл. Дадатак). Унутры кожнага з іх па мясц. асаблівасцях нар. культуры і побыту вылучаюцца больш дробныя адзінкі — лакальныя раёны: у Падзвінні — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. раёны, у Падняпроўі — Бярэзінскі, левабярэжжа, правабярэжжа і Пасожжа, у Цэнтр. Беларусі — Слуцка-Нясвіжскі і Мінскі, у Панямонні — левабярэжжа, правабярэжжа і Павілейскі, ва Усх. Палессі — Ніжняпрыпяцкае і Прыпяцкае Палессе, Мазырскі, Тураўскі, у Зах. Палессі—Пінскае Палессе, Загароддзе і Падляшша. Э.р. лакалізаваліся ў масівах з блізкімі гіст. і экалагічнымі ўмовамі, пераважна ў басейнах вял. рачных сістэм. Па меры засялення і гасп. асваення тэрыторыі ў працэсе адаптацыі да мясц. экалагічных умоў адбывалася акумуляцыя культ. здабыткаў, складваліся генетычна блізкія этн. традыцыі, узмацнялася адзінства ў эканам. і духоўным жыцці, фарміраваўся рэгіянальны тып культуры. Мясц. прырода з яе разнастайнымі рэсурсамі і адпаведнымі ўмовамі ўваходзіла ў штодзённае жыццё і ўплывала на спецыялізацыю гасп. заняткаў, страву, нар. жыллё, адзенне, сродкі зносін і г.д. Сац.-эканам. працэсы мелі свае асаблівасці і накладвалі адбітак на сістэму земляробства, гасп. побыт. Арэалы рэгіёнаў, іх межы і культ. ландшафт мяняліся ў выніку міграцыі, ваен. дзеянняў, разбурэння гаспадаркі, змены культурна-эканам. сувязей. Межы некат. Э.р. акрэслены невыразна, што тлумачыцца складаным характарам пашырэння асобных этнагр. рэалій, іх зменамі ў прасторы і часе. таму на памежжы суседніх рэгіёнаў этнакультурны комплекс мае пераходныя рысы. Гл. таксама Этнаграфічная група.

Літ.:

Титов В.С. Историко-этнографические регионы в экспозиции Белорусского государственного музея народной архитектуры и быта. Мн., 1982;

Яго ж. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;

Яго ж. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)