КУ́РАЧКІН (Акім Рыгоравіч) (н. 10.9.1912, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. работнік культ. Беларусі (1988). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1934). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераізм народа ў Вял.Айч. вайне: кампазіцыі «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1951), «У тыле ворага» (1958), «Рэйкавая вайна» (1974), партрэты Героя Сав. Саюза А.М.Кіжаватава (1967), падпольшчыцы С.С.Панковай (1968). Аўтар помнікаў воінам Сав. Арміі і партызанам ў Слоніме (1956), Паставах (1965), Полацку (1967), Вілейцы (1969), в. Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага (1983) р-наў і інш. Сярод інш. работ: «Поўдзень» (1965), «Юнацтва» (1973), «За волю, за долю» (1982), «На родных прасторах» (1983), бюст Ю.А.Гагарына (1969).
Літ.:
А.Р.Курачкін / Аўтар тэксту Л.Н.Дробаў. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗЕ́ЛЬКА (Нона Міхайлаўна) (н. 20.7.1937, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла БПІ (1960). З 1960 працуе ў ін-це «НДПдзіпрасельбуд» (з 1969 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы: праект планіроўкі і забудовы в. Малеч Бярозаўскага р-на (1969—89), адм. будынак і бульвар у в. Аснежыцы Пінскага р-на (1983); пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; грамадскія цэнтры ў вёсках Казловічы Слуцкага (1984—89), Морач Клецкага (1986—90) р-наў Мінскай вобл.; Дом культуры (1988), адм. будынак (1993), жылыя мансардавыя дамы (з 1995) у в. Абухава Гродзенскага р-на, Дом культуры ў в. Аўсянка Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (1989, у сааўт.), комплекс вучэбнага цэнтра Нац. банка Беларусі (1999) у Раўбічах (Мінскі р-н). Аўтар тыпавых праектаў жылых і грамадскіх будынкаў, школ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Анатоль Сяргеевіч) (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл.драм.т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,
сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),
сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗПаўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.
Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў канцы 5-га — 3-м тыс. да н.э. насялялі тэр.ўсх. Беларусі ў бас. Дняпра і яго левабярэжных прытокаў. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы існавання культуры — магчыма, земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло ў паўзямлянкавых жытлах на паселішчах. Вырабляла таўстасценны вастрадонны посуд з прамымі сценкамі; асн. элементы арнаменту — адбіткі грабеньчатага штампа, ямкавыя ўцісканні, лапчастыя наколы, насечкі. Спачатку помнікі Верхнедняпроўскай культуры былі аб’яднаны ў лакальныя варыянты днепра-данецкай культуры (гомельска-чарнігаўскі на 2-м этапе развіцця, рагачоўскі — на 3-м). Пасля даследаванняў І.М.Цюрынай і А.Г.Калечыц вылучана ў самаст. культуру. Значна адчувальныя ўплывы дзяснінскай культуры і неаліт. культур Волга-Окскага рэгіёна. На Беларусі вядома больш за 300 паселішчаў Верхнедняпроўскай культуры (Струмень, Гронаў, Вець Быхаўскага, Лучын Рагачоўскага, Сябровічы Чачэрскага, Дубовы Лог Добрушскага р-наў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎПІ́ТА,
рака у Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл. і на мяжы Чачэрскага і Веткаўскага р-наў Гомельскай вобл. з Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас.р. Дняпро). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 549 км². Пачынаецца каля паўн.-зах. ускраіны в. Грозны Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў вярхоўі невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. да 1 км. Схілы спадзістыя і адкрытыя, у ніжнім цячэнні сярэднестромкія, парослыя лесам, выш. да 10 м. Пойма двухбаковая, на вялікім працягу нізкая, забалочаная, шыр. да 500 м. Рэчышча на працягу амаль 12 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Шыр. ракі ў межань 6—10 м. Берагі стромкія, выш. да 1 м. Асн. прыток р. Дарагоўша (злева) у Расіі. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАВА, Лаўрышаў,
вёска ў Шчорсаўскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. На левым беразе р. Нёман. За 27 км на У ад Навагрудка, 189 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 232 ж., 109 двароў (1998).
Узнікла ў 13 ст. як паселішча вакол Лаўрышаўскага манастыра. З 1795 у Рас. імперыі. У 1885 сяло Нягневіцкай вол. Навагрудскага пав., 460 ж., 52 двары, школа, царква, капліца. У 1908—513 ж., 77 двароў. З 1921 у Польшчы, вёска Нягневіцкай гміны Навагрудскага пав., 214 ж., 38 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Любчанскага, з 1956 — Навагрудскага р-наў. З 1959 у Шчорсаўскім с/с.
Базавая школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1798), помнік святому Елісею Лаўрышаўскаму (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́ЙСКАЯ НАВАЛЬНІ́ЦА»
(«Maigewitter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл. (у трохвугольніку Віцебск—Гарадок—Сураж) у Вял.Айч. вайну. Праводзілася 17—22.5.1943 сіламі 87-й пяхотнай, 4-й авіяпалявой дывізій, 8-й танк. брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава», паліцыі Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобл.) р-наў. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. карнікаў. Захопнікам процістаялі партыз. брыгады 1-я і 2-я Бел. імя Панамарэнкі, дыверсійная Бел. імя Леніна, 1-я Віцебская, імя А.Ф.Данукалава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс.чал. Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі. Карнікі расстралялі больш за 2400 чал., захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),
млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.
Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.
Э.Р.Самусенка.
Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.