ДЭБІ́Т (ад франц. débit збыт, расход),

колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.

Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІЯЗА́РАЎ (Юрый Рыгоравіч) (н. 22.5.1933, Баку),

бел. вучоны ў галіне нафтахіміі. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1989). Скончыў Азерб. індустр. ін-т (1956). З 1962 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хім. складу і тэхнал. уласцівасцей бел. нафты, каталітычных сістэм для перапрацоўкі вуглевадароднай сыравіны. Распрацаваў комплексную схему рацыянальнай перапрацоўкі нафты бел. радовішчаў, каталітычныя сістэмы для вытв-сці капралактаму, ачысткі прамысл. газавых выкідаў.

Тв.:

Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972 (разам з М.​С.​Казловым, У.​І.​Куліковым);

Гетерогенпо-каталитическая изомеризация углеводородов. Мн., 1989 (разам з М.​Ф.​Саўчыцам, Э.​Я.​Усцілоўскай).

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ СІ́БІРСКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

на тэр. Цюменскай, Томскай, Новасібірскай, Омскай абласцей Расіі. Пл. 2,2 млн. км². Пошукі нафты і газу з 1948, шырокае асваенне басейна з 1950-х г. Адкрыта больш за 300 радовішчаў нафты і газу. Нафтаносныя і газаносныя паклады юры і мелу, на Пдбас. палеазою. Больш за 40 прадуктыўных гарызонтаў на глыб. ад 0,7 да 4 км. Гал. радовішчы: нафтавыя — Саматлорскае, Усць-Балыкскае, Праўдзінскае, Мамантаўскае, Зах.-Сургуцкае, Фёдараўскае, Савецкае; газавыя — Урэнгойскае, Мядзведжае, Губкінскае, Запалярнае, Камсамольскае, Ямбургскае, Ямсавейскае. У асваенні З.н.п. і стварэнні яе інфраструктуры (пасёлкі і інш.) важкі ўклад нафтавікоў і будаўнікоў Беларусі.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д БЯЛКО́ВА-ВІТАМІ́ННЫХ КАНЦЭНТРА́ТАЎ.

Дзейнічае з 1978 у г. Наваполацк Віцебскай вобл. Вырабляў дрожджы кармавыя — бялкова-вітамінныя канцэнтраты — мікрабіялагічнай перапрацоўкай ачышчаных вадкіх парафінаў, атрыманых з нафты. З 1995 на рэканструкцыі.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́МУ (Bomu),

нафтавае радовішча ў Нігерыі. Уваходзіць у Гвінейскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1958. Пачатковыя запасы нафты каля 75 млн. т. Паклады на глыб. 2—2,2 км. Нафтаправод у порт Боні.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АМО́КА»

(Amoco),

нафтавая манаполія ЗША. Засн. ў 1889, да 1985 наз. «Стандарт ойл компані (Індыяна)». Здабыча нафты 40 млн. т за год, з іх 45% у ЗША, перапрацоўка 44,1 млн. т (1988).

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГІЯН,

горад у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе (Расія). Размешчаны на р. Об (прыстань), за 15 км ад чыг. ст. Мегіян. 41,8 тыс. ж. (1996). Аэрапорт. Здабыча нафты і газу. Гіст.-этнагр. музей.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЗЕЛЬНАЕ ПА́ЛІВА,

вадкае паліва з нафты для дызеляў і газатурбінных установак; сумесь вуглевадародаў, якая мае да 4% прымесей (азот-, сера- ці кіслародзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў). Атрымліваюць дыстыляцыяй нафты. У вытв-сці Д.п. для быстраходных дызеляў выкарыстоўваюць газнагазойлевыя фракцыі (tкіп 180—360 °C, шчыльн. 790—860 кг/м³) з т-рай застывання ад -55 да -5 °C і згарання 35—61 °C, для ціхаходных — цяжкія вязкія фракцыі (tкіп 250—420 °C, шчыльн. 930 кг/м³) з т-рай застывання ад -5 да 10 °C і загарання 65—85 °C. Эксплуатацыйныя ўласцівасці (хуткае загаранне і павольнае гарэнне) характарызуюцца цэтанавым лікам (аптымальнае значэнне яго для Д.п. 45—60).

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГРАІ́Н,

сумесь вуглевадародаў, якую атрымліваюць дыстыляцыяй нафты ці газавага кандэнсату. Вадкасць, выкіпае пры 120—240 °C, шчыльн. 785—795 кг/м³. Выкарыстоўваюць як кампанент таварных бензінаў, асвятляльнай газы і ракетнага паліва, экстрагент, напаўняльнік вадкасных прылад (напр., манометраў).

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖГО́РНЫ ПРАГІ́Н,

тэктанічная дэпрэсія паміж складкавымі горнымі збудаваннямі, утвораная ад прагінання зямной кары з адначасовым падыманнем навакольных хрыбтоў. Звычайна запоўнены магутнымі тоўшчамі абломкавых адкладаў. З М.п. часта звязаны радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю і інш. карысных выкапняў.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)