КАРАЦІНО́ІДЫ,

пігменты жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру, якія сінтэзуюцца бактэрыямі, грыбамі і вышэйшымі раслінамі; поліненасычаныя вуглевадароды тэрпенавага раду. Да іх належаць караціны, ксантафілы і інш. У клетках мікраарганізмаў і раслін прымаюць удзел у фотаперыядычных рэакцыях, пераносе кіслароду, абумоўліваюць афарбоўку пладоў, восеньскага лісця, калоній некат. мікраарганізмаў. У арганізм жывёлы і чалавека К. трапляюць з ежай, маюць вял. значэнне ў сінтэзе вітаміну A. Ужываюцца ў медыцыне, харч. прам-сці, жывёлагадоўлі.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),

у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАБІЁНТЫ (ад стэна... + біёнт),

арганізмы, якія існуюць у адносна пастаянных умовах навакольнага асяроддзя. Вылучаюць С. ў адносінах да т-ры (стэнатэрмныя арганізмы), салёнасці (стэнагалінныя арганізмы), гідрастатычнага ціску (стэнабатныя арганізмы), корму (стэнафагі), месца пражывання (стэнатопныя арганізмы) і інш. Да С. належаць паразіты і сімбіёнты, насельнікі марскіх глыбінь і пячор, вільготных трапічных лясоў. Высокая спецыялізаванасць С. вядзе да нізкай экалагічнай валентнасці і вузкіх арэалаў з высокай шчыльнасцю асобін. Проціпастаўляюць эўрыбіёнтам.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАТО́ПНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад стэна... + грэч. topos месца),

арганізмы, якія жывуць у месцах са спецыфічнымі, вельмі абмежаванымі ўмовамі асяроддзя. Найб. моцна пакутуюць ад знішчэння іх месцаў пражывання, часцей выміраюць. На Беларусі да С.а. належаць расліны сфагнавых балот (багун балотны, расіцы, журавіны) і пясчаных глеб (скочкі, расходнік едкі, асака пясчаная), з жывёл — палятуха звычайная, рабчык і крыжадзюбы (насельнікі хвойных лясоў), берагавая ластаўка і зімародак (жывуць на стромкіх берагах) і інш. Проціпастаўляюць эўрытопным арганізмам.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫГРАНЯ́Н (Тыгрынаў) Нікагаяс

(Мікалай Фадзеевіч; 31.8.1856, г. Гюмры, Арменія — 17.2.1951),

армянскі кампазітар, фалькларыст, піяніст; адзін з заснавальнікаў нац. фп. музыкі і фалькларыстыкі. Нар. арт. Арменіі (1933). Герой Працы (1936). У 9 гадоў страціў зрок. Вучыўся ў Вене ў Ін-це сляпых, ігры на фп. — у В.​Шэнера. З 1894 выступаў як піяніст і лектар. Яму належаць першыя спробы запісу і інстр. апрацоўкі мугамаў, арм. танцаў, песень. Аўтар артыкулаў пра ўсх. музыку.

т. 16, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТО́ЙЛІВЫЯ ПАСІ́ВЫ,

абаротныя сродкі, якія не належаць прадпрыемству, але знаходзяцца ў яго карыстанні, гасп. абароце і таму прыраўноўваюцца да ўласных сродкаў. Да іх адносяць: запазычанасць па заработнай плаце і адлічэннях на сацыяльнае страхаванне; рэзерв, які складаецца з будучых выплат заработных плат за час чарговага адпачынку і адначасовага ўзнагароджвання за выслугу гадоў; сродкі амартызацыйнага фонду, якія накіроўваюць на стварэнне вытв. запасаў для капітальнага рамонту; запазычанасці па аплаце заказаў і інш.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТО́КВЕРК (ням. Stockwerk),

руднае цела няправільнай формы, утворанае масай горнай пароды, пранізанай густой сеткай розна арыентаваных жыл, пражылкаў і ўкрапанікаў рудных мінералаў.

Вядомы Ш. лінейныя і ізаметрычныя па плошчы, памерамі ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў. Ш. адносяць да групы гідратэрмальных утварэнняў, якія ўзнікаюць пры адкладанні металаноснага рэчыва з гарачых мінералізаваных раствораў, што цыркулююць сярод трэшчынаватых горных парод. Да іх належаць некат. радовішчы руд медзі, малібдэну, вальфраму, золата, волава і інш.

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУРМ (Sturm) Жак Шарль Франсуа (29.9.1803, г. Жэнева, Швейцарыя — 18.12.1855),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1836), замежны чл.кар. С.-Пецярбургскай АН (1836). З 1840 праф. Політэхн. школы ў Парыжы. Навук. працы па краявых задачах ураўненняў матэм. фізікі, оптыцы, механіцы. Даследаваў задачу пра пошук уласных значэнняў і ўласных функцый для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў (задача Ш.—Ліувіля). Даў агульны метад вызначэння колькасці каранёў алг. ураўненняў, якія належаць да зададзенага адрэзка (правіла Ш.).

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬЁМ, Віём (Vuillaume) Жан Батыст (7.10.1798, г. Мірэкур, Францыя — 19.3.1875), французскі майстар смычковых інструментаў. У 1828 адкрыў у Парыжы ўласную майстэрню, дзе з 1835 вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі паводле ўзораў А.​Страдывары, Дж.Гварнеры дэль Джэзу і інш., з 1865 — інструменты ўласных мадэлей; вырабляў і смычкі. Яму належаць некалькі эксперым. інструментаў: актабас (вял. кантрабас, даўж. 345 см), кантральта (альт, 413 мм, амаль удвая шырэйшы за звычайны). У 1867 вынайшаў мех. педаль-сурдзіну (прымацоўвалася да падгрыфка).

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНТА́НАМА (Guantánamo),

горад на У Кубы, паблізу ад узбярэжжа Карыбскага м. Адм. ц. правінцыі Гуантанама. 207.8 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч., тэкст., тытунёвая, абутковая, металаапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. На ўзбярэжжы — саляныя промыслы.

Засн. ў 1819. Каланізаваны франц. ўцекачамі з Гаіці. Паводле трактатаў 1903 і 1934, навязаных Кубе, у бухце Гуантанамы знаходзіцца ваен. марская база ЗША. Куба патрабуе вяртання тэр. сушы і мора ў раёне Гуантанамы, якія ёй належаць.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)