(27.4.1865, г. Оўруч Жытомірскай вобл., Украіна — 10.5.1936),
этнограф, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў сістэм. вывучэння гісторыі, этнаграфіі, культуры і быту народаў Поўначы. За прыналежнасць да партыі «Народная воля» сасланы на Калыму (1890—98). З 1921 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1932 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АНСССР. Адзін са стваральнікаў пісьменнасці, фундаментальных прац па этнаграфіі і фальклоры народаў Поўначы; аўтар першых падручнікаў, слоўнікаў, граматыкі чукоцкай мовы, манаграфіі «Чукчы» (ч. 1—2, 1934—39). Пісаў вершаваныя і празаічныя творы пад псеўданімам Тан (кн. «Чукоцкія апавяданні», 1899; «Калымскія апавяданні», 1931; аповесці «Восем плямёнаў», 1902; «Дні волі», 1906; «Ахвяра дракона», 1909; раман «Уваскрэслае племя», 1935, і інш.). Творы Багараза вызначаюцца маст. дакладнасцю, жывой нар. мовай, сувяззю з фальклорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.Чыг.ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).
Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.
Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛФАСТ
(Belfast),
горад, адм. ц.Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія). 297 тыс.ж. (1989). Порт на беразе зал. Белфаст-Лох, вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. 2 аэрапорты. Буйны цэнтр суднабудавання. Развіты таксама самалёта- і машынабудаванне, эл.-тэхн., прыладабуд., тэкст. (пераважна льняная), хім., мэблевая, харч., швейная, абутковая прам-сць. Ун-т (з 1845). Арх. помнікі 19—20 ст. (сабор, будынкі музея, парламента і інш.). Музей, маст. галерэя.
Вядомы з 1117 як умацаваны замак нарманаў, неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. У 1613 атрымаў гар. правы. У канцы 17 ст. праз р. Лаган пракладзены мост, які садзейнічаў развіццю горада, у сярэдзіне 19 ст. здадзены ў эксплуатацыю суднабуд. верфі. Пасля расколу Ірландыі ў 1921 адзін з цэнтраў нац вызв. барацьбы ў Паўн. Ірландыі. З 1969 месца крывавых сутычак і тэрарыстычных актаў паміж ірл. католікамі і англ. пратэстантамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ Язэп
(Іосіф) Ігнатавіч (16.9.1870, в. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1934 ?),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, археолаг, педагог. Скончыў настаўніцкую семінарыю, Маскоўскі археал.ін-т (1914), вучыўся ў Маскоўскім юрыд. ін-це (1914—17). У 1917 адзін з лідэраў Беларускай народнай грамады. Дэлегат 1-га з’езда бежанцаў беларусаў (вер. 1917) і Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918) у Маскве. Адзін са стваральнікаў і дырэктар Будслаўскай беларускай гімназіі (1917—19). У 1919—20 у Маскве. У 2-й пал. 1920 заг.інфарм. аддзела ўпраўлення рэўкомаў Зах. фронту, дырэктар школы ў Будславе. З 1921 дырэктар Белпедтэхнікума ў Мінску, выкладчык археалогіі ў БДУ. З 1924 дырэктар музея ў Віцебску. У 1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюз вызвалення Беларусі», у 1931 высланы. Памёр у Башкортастане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Лондане, нацыянальная б-ка Вялікабрытаніі. Засн. ў 1972 на базе б-кі Брытанскага музея (створаны ў 1753 на аснове прыватных калекцый і б-кі каралёў Англіі ад Эдуарда IV да Георга IV), Нац.цэнтр. б-кі (з 1916), Брыт.нац. каталога (з 1950), Нац. б-кі навукі і тэхнікі (хатні абанемент). У фондах б-кі больш за 21 млн.аддз. захоўвання (1995). Захоўвае бібліятэчныя матэрыялы на англ. мове, узорную выдавецкую прадукцыю свету. Брытанская бібліятэка — рэгіянальны н.-д. і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства і навук. інфармацыі з аўтаматызаванымі сродкамі апрацоўкі бібліяграфічна-каталогавых матэрыялаў (друк. каталогі і каталогавыя карты на магнітных стужках і мікраформах), мае сістэму інфармац. абслугоўвання (system BLAISE — British Automated Information service); пры дапамозе цэнтралізаванай камп’ютэрнай сістэмы (адзіная ў свеце) праводзіць міжбібліятэчны і міжнар. кнігаабмен. Забяспечвае ахову аўтарскіх правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́ І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н.
Царква існавала ў Віцебску ў 18 — 1-й пал. 20 ст. Мураваны храм пабудаваны на высокім беразе Зах. Дзвіны ў 1715—43 (арх. І.Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы на месцы драўлянай (засн. ў 1682). З 1799 Успенскі сабор. Мела развітую аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю: 5-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай апсідай. Гал. фасад адпаведна нефам меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы 8-гранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны ордэрная арх. пластыка, філянговыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Два мураваныя 2- і 3-павярховыя манастырскія корпусы пабудаваны ў 1775. Яны стаялі абапал царквы і разам утваралі ўнутраны двор. Будынак царквы разбураны ў Вял. Айч. вайну. У адным з манастырскіх карпусоў размешчаны філіял Віцебскага абл. краязн. музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМЕ́НКА Аляксандр Іванавіч
(н. 16.10.1946, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Адзін са стваральнікаў і гал. мастак (з 1995) выд-ва «Панграф». Сярод твораў у кераміцы: кампазіцыі «Злыя каралі» (1975), «Гартаючы старонкі кніг Якуба Коласа» (1982), «Песня травы» (1996), рэльефы «Напалм» (1976), «Беларускія спартыўныя гульні» (1979), трыпціх «Свет Міколы Гусоўскага» (1980).
Аформіў інтэр’еры будынкаў бел. аддзялення рас.інфарм. агенцтва «Навіны» (1971, рэльефы), б.ЦККПБ (1976, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; паркеты, люстры, дэкар. агароджы), рэстарана «Беларусь» у Брэсце (1979; манум. размалёўка «Паляванне ў Белавежскай пушчы»). Стварае дызайн каштоўных папер, манет, марак, памятных медалёў. Працуе таксама ў жывапісе («Партрэт Казіміра Малевіча», «Гарадскі раманс», абедзве 1992). Аформіў кн. «Садружнасць незалежных дзяржаў», «Сядзібны партрэт Беларусі XVII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (1996, абедзве з Дз.Бяліцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЕР (Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805), аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ Акадэміі навук Літвы. Засн. ў 1941 у Вільнюсе на базе збораў евангелічна-рэфарматарскага сінода, арганізаванага ў сярэдзіне 16 ст. (захавалася каля 18 тыс.экз.), Дзярж. публічнай б-кі Урублеўскіх (засн. ў 1925, каля 180 тыс.экз.), б-кі Т-ва сяброў навук, прыватных збораў. Налічвае каля 3600 тыс.экз. (1988), у т. л. 176,3 тыс.экз. рукапісаў, 80 тыс. рэдкіх кніг і старадрукаў, 12 тыс. картаў і атласаў. У аддзеле рукапісаў 6 унікальных калекцый пергаментаў, у т. л. кірылічныя граматы (1503—1614), 22 калекцыі, створаныя пераважна дзярж. і грамадскімі ўстановамі: калекцыя рукапісаў б. Віленскай публічнай б-кі; «Барусіка»; рукапісы і дакументы з Каўнаскага гар. архіва, дзярж. ун-та; калекцыя Віленскага мастацкага музея; судовыя акты (1476—1924); матэрыялы перапісаў насельніцтва Літвы (1934—44); дакументы пра ням. Акупацыі 1915—18, 1940—44. У зборы «Рускіх рукапісных кніг» (11—19 ст.) пераважаюць стараж.бел. рукапісы, вывезеныя ў 2-й пал. 19 ст. з Супрасля, Жыровіч і інш.бел. манастыроў і цэркваў. Сярод рарытэтаў — Тураўскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі і Слуцкі паменнікі 16—17 ст., куцеінская Мінея 1669, і інш. Сярод рукапісаў Віленскай публічнай б-кі — апісанне межаў ВКЛ і Польшчы 1546, інвентар Друцкага замка 17 ст., кніга Лідскага гродскага суда 1630—31, акты па гісторыі Магілёва, фундушы, тастаменты, гісторыя берасцейскага базыльянскага манастыра да 1797, дыярыуш Сапегі 1730—31, «Кроника Витебская», зборнікі з арацыямі, актамі, гаспадарчымі і сеймавымі матэрыяламі, літ. творамі. Зберагаецца значная частка рукапісаў з Беларускага музея імя І.Луцкевіча. Захоўваюцца асн. матэрыялы пра дзейнасць рэфармац. аб’яднанняў на Беларусі і ў Літве з сярэдзіны 16 ст., каталіцкай царквы ВКЛ, асабістыя зборы бел., літ., рус., польск. вучоных і пісьменнікаў, у т. л. М.Балінскага, В.Біржышкі, У.Сыракомлі, І.Лапо і інш. Асобнымі калекцыямі зберагаюцца дакументы і матэрыялы Сапегаў, Тышкевічаў, Нарбутаў. У калекцыі кірылічных старадрукаў кн. «Лічбы» 1519 з пражскай «Бібліі» Ф.Скарыны, «Граматыка» М.Сматрыцкага (Еўе, 1619), выданні Мамонічаў, бел. брацтваў у Вільні і Еўі, Куцеінскай, Гродзенскай і Супрасльскай друкарняў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1929 у г. Баранавічы як павятовы музей. У 1940 ператвораны ў абл. музей выяўл. мастацтва. У час ням.-фаш. акупацыі разрабаваны. У 1946—54 Баранавіцкі абл. гісторыка-краязн. музей (да 1952 у Слоніме на базе адноўленага раённага музея), з 1954 сучасная назва. Мае больш за З6 тыс. экспанатаў асн. фонду, пл. экспазіцыі 256 м² (1995). Сярод экспанатаў археал., нумізматычная і этнагр. калекцыі, матэрыялы пра выдатных землякоў А.Міцкевіча, П.Багрыма, У.Галубка, рэв. выступленні 1905, падзеі 1-й сусв. вайны (Стаўка ў Баранавічах, Баранавіцкая аперацыя 1916), барацьбу працоўных за нац. і сац. правы ў часы ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, абарончыя баі 1941, партыз. рух і падп. барацьбу ў Вял. Айч. вайну, Калдычэўскі і Ляснянскі лагеры смерці, пра вызваленне горада і раёна ад ням.-фаш. акупантаў, станаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. гады. У экспазіцыі матэрыялы, прысвечаныя землякам-военачальнікам, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу, Героям Сав. Саюза І.К.Кабушкіну, Г.М.Халасцякову. Працуюць 2 выставачныя залы (пл. 140 м²).