БАЗІЛІ́ДЭС ((Basilides) Марыя) (11.11.1886, Іольшва, Венгрыя — 26.9.1946),

венгерская спявачка (кантральта). Скончыла Муз. акадэмію імя Ф.​Ліста ў Будапешце (1911). Салістка Нар. оперы (Будапешт), з 1915 — Венг. дзярж. опернага т-ра. Сярод партый: Арфей («Арфей» К.​Мантэвердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Ірадыяда («Саламея». Р.​Штрауса), кантральтавыя партыі ў операх Р.​Вагнера. Выконвала сола ў араторыях І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, рэквіеме В.​А.​Моцарта.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКАТУ́РА (ням. Arkatur),

рытмічны рад дэкаратыўных несапраўдных арак на фасадах будынкаў або на сценах унутры памяшканняў. Выконвае ролю фрыза, зрэдку дапоўненага кансолямі, паўкалонкамі, лапаткамі. Узнікла ў раманскай архітэктуры 10—13 ст. Пашырылася ў збудаваннях стыляў готыкі і рэнесансу, у якіх выкарыстоўваліся спічастыя і круглыя аркі ў аздабленні сцен, вежаў, франтонаў, у несапраўднай готыцы і псеўдарускім стылі.

Аркатура на фасадзе царквы Санты-Марыя э Даната ў Венецыі. 12 ст.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),

італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.​Б.​Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКІ МІР 1745.

Заключаны 25.12.1745 y Дрэздэне паміж Прусіяй (кароль Фрыдрых П) з аднаго боку, Аўстрыяй (эрцгерцагіня Марыя Тэрэзія) і Саксоніяй (курфюрст Аўгуст III) — з другога. Завяршыў 2-ю Сілезскую вайну (гл. Сілезскія войны) — частку вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. Паводле яго Аўстрыя ўступіла Прусіі амаль усю Сілезію, а Фрыдрых II пагадзіўся прызнаць герм. імператарам мужа Марыі Тэрэзіі Франца Стафана Латарынгскага. Умовы Д.м. пацвердзіў Ахенскі мірны дагавор 1748.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУАСУ́ (Iguaçu),

вадаспад на р. Ігуасу, на мяжы Аргенціны і Бразіліі, за 26 км ад месца ўпадзення яе ў р. Парана. Выш. 72 м, шыр. 2700 м. Вада спадае ў цясніну з 2 стромкіх базальтавых прыступак 275 струменямі, якія падзелены скалістымі астравамі. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Аднайменныя нац. паркі ў Аргенціне і Бразіліі (уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны). Турызм. Адкрыты ў 1892 пад назвай Санта-Марыя.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАА́КС ((Isaacs) Хорхе) (крас. 1837, г. Калі, Калумбія — 17.4.1895),

калумбійскі пісьменнік. Прымаў удзел у барацьбе супраць кансерватыўнага ўрада Калумбіі, быў дэпутатам парламента. Аўтар зб. «Вершы» (1864) і паэмы «Саул» (1881), якія належаць да лепшых узораў рамантызму. Самы папулярны твор лац.-амер. л-ры — раман І. «Марыя» (1867), прысвечаны гісторыі кахання, апісанай на фоне маляўнічай прыроды і сельскага жыцця. Творчасць І. прадвызначыла пераход ад рамантызму да рэалізму ў калумбійскай л-ры.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯКІ́ННІКАВА (Марыя Вікенцьеўна) (н. 3.1.1917, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1939), у 1946—80 працавала ў ім. Навук. працы па эпідэміялогіі, клініцы, дыягностыцы і лячэнні склеромы і азены.

Тв.:

Озена: Этиология, иммунология, патогенез. Мн., 1974 (разам з А.​П.​Красільнікавым, І.​А.​Крыловым);

Озена: Клиника, диагностика, лечение и эпидемиология. Мн., 1980 (з імі ж).

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬБЕ́РХАВА (Валберхава) Марыя Іванаўна

(7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),

руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.​Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.​Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.​Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.​Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ ((Bardot) Брыжыт) (н. 28.9.1934, Парыж),

французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.

Літ.:

Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.

Б.Бардо.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ (сапр. Сідарэнка-Свідэрская) Ганна Іванаўна

(7.1.1868, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія — 26.9.1939),

украінская актрыса. Нар. арт. Украіны (1936). З 1888 працавала ў трупах М.​Крапіўніцкага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага. У 1925—39 ва ўкр. драм. т-ры імя І.​Франко. Прадстаўніца рэаліст. нац. акцёрскай школы, вызначалася майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Ганна («Абяздоленая» Карпенкі-Карага), Шкандыбіха («Лымярыўна» П.​Мірнага), Хіўра («Сарочынскі кірмаш» М.​Старыцкага), Марыя Тарасаўна, Варвара («Платон Крэчат», «Багдан Хмяльніцкі» А.​Карнейчука).

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)