снежны барс (Uncia uncia), драпежнае млекакормячае сям. каціных. Пашыраны ў высакагор’ях Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Летам жыве каля лініі снягоў на выш. да 5500 м, зімой у поясе хвойных лясоў, ніжэй за 1800 м.
Даўж. цела да 130 см, хваста да 105 см, Maca да 40 кг. Колер дымчата-шэры, амаль белы, з кольцападобнымі цёмнымі плямамі. У вывадку да 5, звычайна 2—3 кацяняці. Асн. корм — капытныя жывёлы. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДЗЬЯК (Kadiak) востраў у Ціхім ак. каля зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі
(ЗША, штат Аляска). Аддзелены ад мацерыка прал. Шэліхава. Пл. 9,5 тыс.км. Берагі стромкія, парэзаныя фіёрдамі. Рэльеф гарысты. Выш. да 1353 м. Большая ч. паверхні ўкрыта вулканічным попелам (магутнасць да 6 м),
прынесеным з п-ва Аляска пры вывяржэнні вулкана Катмай (1912). Клімат умераны вільготны. Ападкаў да 1600 мм за год. Высакатраўныя лугі і горныя тундры, участкі лясоў. Фауністычны рэзерват Кадзьяк. Рыбалоўства (селядзец, нерка). Найб. населены пункт — Кадзьяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ БАСЕ́ЙН (Bassin de Paris),
Паўночна-французская нізіна, узгорыстая раўніна на Пн Францыі, на месцы тэктанічнага прагіну. Пераважаюць выш. 100—150 м, паступова павышаецца ад цэнтра (у раёне Парыжа) да Ардэн, Вагезаў, Цэнтральнага Французскага масіву і Армарыканскага ўзв. Па перыферыі — куэставыя грады (да 500 м). Густая сетка рэк (гал.ч.бас.р. Сена). Клімат умераны, марскі, ападкаў 500—700 мм за год. Гаі шыракалістых лясоў. Асн.індустр. і с.-г. раён Францыі. Нафтавыя і газавыя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎВО́ЛЬФІЯ (Ranvolfia),
род кветкавых раслін сям. кутравых. Каля 50 (па інш. звестках — да 100) відаў. Пашыраны ў тропіках, акрамя Аўстраліі. Трапляюцца на ўзлесках вільготных трапічных лясоў.
Кусты, паўкусты або дрэвы, якія ўтрымліваюць млечны сок. Лісце простае, суцэльнае, часта скурыстае. Кветкі ў верхавінкавых ці пазушных суквеццях. Плод — з 2 касцянак. Падземныя органы Р. змяінай (R. serpentina) і некат. інш. відаў маюць у сабе алкалоіды (рэзерпін, рэстынамін, іахімбін і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПКА (Draba),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і халоднай зонах Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі найб. вядомая К. пералескавая (D. nemorosa), зрэдку трапляюцца К. сібірская (D. sibirica) і сценная (D. muralis). Растуць на адкрытых узгорках, узлесках хваёвых і мяшаных лясоў, шашэйных насыпах.
Адна-, двух- і шматгадовыя нізкарослыя травяністыя расліны, зрэдку паўкусцікі, з цэласным, пераважна ў прыкаранёвай разетцы, лісцем. Кветкі дробныя, белыя ці бледна-жоўтыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі. Плод — стручочак. Некат. віды — дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМАРЭ́ (Mamoré),
у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс.км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́НЕ (Skåne),
гістарычная вобласць на крайнім Пд Швецыі. Займае аднайм. паўвостраў, уразаецца ў мора на 100 км, на З абмываецца прал. Эрэсун, на Пд і У — Балт. морам. У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны, ёсць асобныя грады з гранітаў і гнейсаў (выш. да 226 м). Клімат умераны. Большая ч.тэр. разарана, участкі шыракалістых лясоў (дуб, бук), верасоўнікі. Гарады Мальмё, Лунд і інш.
...СКОП (ад грэч. skopeō назіраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае назву прыбораў ці прылад для назірання (напр., мікраскоп, тэлескоп).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЯРЫ́ХА (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 15.11.1937, в. Горкі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-геабатанік. Канд.біял.н. (1971). Скончыў Бел. лесатэхнічны ін-т (1960). З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біягеацэналогіі, лесазнаўстве (аднаўленне, ахова і рацыянальнае выкарыстанне лясоў), адзін са стваральнікаў серыі спец. геабат. картаў расліннасці Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979 (разам з І.Д.Юркевічам, Д.С.Голадам);
Липняки Белоруссии. Мн., 1988 (разам з І.Д.Юркевічам, В.Л.Дольскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ РЭДУ́КЦЫЯ БІЯСФЕ́РЫ,
неабарачальны працэс памяншэння відавой разнастайнасці біясферы, абумоўлены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Адбываецца пры урбанізацыі, забруджванні асяроддзя, знішчэнні лясоў, узорванні стэпаў, залішняй здабычы прамысл. жывёл, некантраляваным збіранні ядомых і лек. раслін, пры зарэгуляванні рэк, неарганізаваным турызме і г.д. Па падліках Міжнар. саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў кожны год на Зямлі знікае па аднаму віду раслін або жывёл. У сувязі з гэтым распрацаваны і прыняты міжнар. канвенцыі і дагаворы па ахове генетычнага фонду жывёльнага і расліннага свету, пашыраюцца сеткі біясферных запаведнікаў, нац. паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр.Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.