АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),
у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ЭКЗАРХА́ТА»,
часопіс. Выдаецца Бел.правасл. царквой з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Засн. на базе час. «Минские епархиальные ведомости». Разлічаны на святароў і ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і сучаснага стану правасл. царквы на Беларусі, а таксама прадстаўнікоў інш.правасл. цэркваў і хрысц. канфесій. У часопісе пераважаюць артыкулы гісторыка-архіўныя, аналітычныя багаслоўскага зместу, прысвечаныя найб. значным падзеям у Беларускім экзархаце. Кожны нумар (пачынаючы з № 4) прысвечаны адной тэме. З 1990 у дадатак да часопіса выдаецца серыя брашур «Библиотека «Вестника Белорусского экзархата».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ РЭДУ́КЦЫЯ БІЯСФЕ́РЫ,
неабарачальны працэс памяншэння відавой разнастайнасці біясферы, абумоўлены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Адбываецца пры урбанізацыі, забруджванні асяроддзя, знішчэнні лясоў, узорванні стэпаў, залішняй здабычы прамысл. жывёл, некантраляваным збіранні ядомых і лек. раслін, пры зарэгуляванні рэк, неарганізаваным турызме і г.д. Па падліках Міжнар. саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў кожны год на Зямлі знікае па аднаму віду раслін або жывёл. У сувязі з гэтым распрацаваны і прыняты міжнар. канвенцыі і дагаворы па ахове генетычнага фонду жывёльнага і расліннага свету, пашыраюцца сеткі біясферных запаведнікаў, нац. паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ДЛ ((Beadle) Джордж Уэлс) (22.10.1903, Уаху, штат Небраска, ЗША — 9.6.1989),
амерыканскі генетык. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Небраскі (1926) і Корнелскі (1931) ун-ты. З 1931 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1936 у Гарвардскім ун-це. З 1937 праф. Станфардскага ун-та, у 1946—61 — Каліфарнійскага тэхнал. ін-та, да 1968 прэзідэнт Чыкагскага ун-та. Навук. працы па біяхім. генетыцы. Адзін з аўтараў (1941) фундаментальнай канцэпцыі: «адзін ген — адзін фермент» (кожны ген адказвае за сінтэз толькі аднаго фермента). Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Э.Тэйтэмам і Дж.Ледэрбергам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне выгляду P(x, y, ..., z)=0, дзе P(x, y, ..., z) — мнагасклад n-ай ступені (n≥0) ад адной або некалькіх пераменных. Калі пераменная адна, то лік а, які ператварае алгебраічнае ўраўненне ў тоеснасць, наз.коранем ураўнення і мнагасклад дзеліцца на (x-a) без рэшты (тэарэма Безу). У алгебраічна замкнёным полі (гл.Алгебраічны лік) кожны мнагасклад P(x) ступені n мае роўна n каранёў (у т. л. кратных). Н.Абель паказаў (1824), што пры n≥5 карані некаторых ураўненняў P(x)=0 нельга запісаць праз радыкалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА ДА́НЫХ,
упарадкаваная сукупнасць даных, прызначаных для захоўвання, назапашвання і апрацоўкі інфармацыі з дапамогай ЭВМ; састаўная частка банка даных. Пры стварэнні, абслугоўванні і папаўненні базы даных выкарыстоўваецца сістэма кіравання базамі даных, у аснову якой закладзена матэм. мадэль упарадкавання інфармацыі.
Адзінкай захавання і доступу да базы даных з’яўляецца запіс, напрыклад бібліягр. карта электроннага каталога, рэферат артыкула ў аўтаматызаваным рэфератыўным часопісе, чарцёж дэталі ў сістэме аўтаматызацыі праектавання. Кожны запіс мае загаловак (ключ), па якім яго можна знайсці. Загалоўкі запісаў аб’ядноўваюцца ў даведачныя табліцы, якія забяспечваюць поўную аўтаматызацыю пошуку інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НІЙ,
1) у рымскай міфалогіі добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго жыцця, пазней бог мужчынскай сілы. Лічылася, што кожны мужчына мае свайго генія. Асабліва шанавалі генія галавы сям’і: у дзень яго нараджэння генію прыносілі дары-ахвяраванні. У эпоху імперыі асаблівае значэнне набыў культ генія Рыма і імператара (увёў Аўгуст). Генію Рыма быў прысвечаны шчыт на Капітоліі з надпісам «ці мужу, ці жанчыне», бо імя і пол генія ўтойваліся, каб яго не пераманьвалі ворагі.
2) Чалавек, якому ўласціва найвышэйшая ступень творчай даравітасці, таленавітасці. Гл. таксама Геніяльнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУПАВА́Я СКО́РАСЦЬхваль, скорасць руху групы або цуга хваль, якія ўтвараюць у кожны момант часу лакалізаваны ў прасторы хвалевы пакет. Прыбліжана характарызуе распаўсюджанне негарманічных хваль. Пры адсутнасці паглынання групавая скорасць роўная скорасці пераносу энергіі хвалі (скорасці перадачы сігналу). Групавая скорасць u звязана з фазавай скорасцю v формулай Рэлея:
, дзе λ — даўжыня хвалі; u = v, калі адсутнічае дысперсія хваль
. Групавая скорасць выкарыстоўваюць пры вымярэнні далёкасці ў гідра- і радыёлакацыі, пры зандзіраванні атмасферы, у сістэмах кіравання касм. аб’ектамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРО́БАЧКА»,
гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус.нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.
Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́РА ((Żera) Караль Антоні) (1.9.1743, в. Тварогі Выпыхі, Бельскае ваяв., Польшча — пасля 1798),
польскі пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Драгічыне над Бугам (Польшча), потым у Пінску, дзе ў 1765 прыняў духоўны сан. Доўгі час жыў у Сянно. Аўтар зборніка бел., польскіх і лац. фацэцый (анекдотаў) «Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты, пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу, запісаны на Беларусі і бел. мове. Па розных копіях зборнік Ж. выдадзены З.Глогерам у Варшаве (1893).