Землі ляснога фонду Беларусі займаюць 9,2 млн.га або 44,5% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,8 млн.га (85% агульнай плошчы зямель ляснога фонду і 95% лясной плошчы). Яны прадстаўлены дрэвавымі пародамі: хвоя (па плошчы) займае 51,4%, елка 10,3%, дуб 3,4%, бяроза 20,8%, асіна 2,2%, вольха шэрая 2,5%, вольха чорная 8%. Агульны запас драўніны на корані складае 1339,8 млн.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 137 млн.м³, з іх лесаўтваральных хвойных (хвоя, елка) — 46%, мяккалістых (бяроза, вольха, асіна, таполя, ліпа, вербы) — 46%, цвердалістых (дуб, ясень, граб, клён, вяз) — 7%. Спелыя і перастойныя дрэвастоі складаюць па плошчы (ад укрытых лесам зямель) — 7,9%, ад агульнага запасу — 10%. Сярэдні запас драўніны на 1 га — 171 м³, сярэдні банітэт 1,9, сярэдняя паўната дрэвастояў — 0,71, сярэдні ўзрост лясоў — 49 гадоў. Да зямель ляснога фонду адносяцца таксама землі, не ўкрытыя лесам, але прызначаныя для лесаразвядзення, і нелясныя землі.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь лясы з’яўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасцю. Кіраванне лясамі ажыццяўляе Урад праз Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас). Разам з Мінлясгасам дзярж. кантроль за выкарыстаннем і аховай лясоў вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды). У распараджэнні Мінлясгаса 86% зямель ляснога фонду і 95 лясгасаў. Астатнія землі замацаваны за Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (7,2%, 13 лясгасаў), Міністэрствам абароны (3,1%, 11 лясгасаў), Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (2,3%, 1 лясгас), Інстытутам лесу (0,4%, 3 лясгасы), Мінскім гарвыканкомам (0,4%, 1 лясгас), Міністэрствам адукацыі (0,3%, 2 лясгасы). Мінлясгас ажыццяўляе свае паўнамоцтвы праз абл.вытв. лесагаспадарчыя аб’яднанні (6) і лясгасы (95). Тэр.-арганізац. структура лясгасаў уключае лясніцтвы (803), майстроўскія ўчасткі (2246), абходы (12 069). Сярэдняя плошча лясгаса — 85 тыс.га, лясніцтва — 9,9 тыс.га. Акрамя вытв. інфраструктуры Мінлясгасу падпарадкаваны таксама Лесаўпарадкавальнае рэсп. унітарнае прадпрыемства (УП) «Белдзяржлес», Дзярж. ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бяспекі «Беллесрад», Дзярж. ўстанова «Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр», Праектна-вышукальнае РУП «Белгіпралес», Паляўніча-гаспадарчае РУП «Белдзяржпаляванне», Дзярж. ўстанова па ахове і маніторынгу лесу «Беллесахова», Гандлёва-вытв. РУП «Беллясгастэхніка», Інвестыцыйнае РУП «Беллесінвест», Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэсп. вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі».
У адпаведнасці з эканам., экалагічным і сац. значэннем лясы падзелены на 2 групы. Да 1-й групы аднесена 49,8% лясоў з экалагічнымі і рэкрэацыйнымі функцыямі (запаведнікі, нац. паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэсп. значэння, асабліва каштоўныя ўчасткі ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навук. і гісторыка-культ. значэнне, водаахоўныя, прыдарожныя, сан.-гігіенічныя, аздараўленчыя вакол населеных пунктаў, курортныя лясы і інш.). Тут нарыхтоўка драўніны і інш. лесагаспадарчыя мерапрыемствы абмежаваны або забаронены. Да 2-й групы аднесены т.зв. эксплуатацыйныя лясы, што з’яўляюцца асноўнай крыніцай драўніны і інш. прадуктаў. У лясах абедзвюх груп вылучаны 19 катэгорый асабліва ахоўных участкаў з абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Гэта тэрыторыя (каля 880 тыс.га) выключана з разлікаў лесакарыстання. Доля лясоў, магчымых для эксплуатацыі, у агульнай плошчы абедзвюх груп складае 87%. Доля ляснога сектара, ацэненага па рэалізацыі прадукцыі прамысл. вытворчасці, складае ў ВУП 6%. Прынятая стратэгія лесакарыстання ажыццяўляецца паводле прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці. Разлік лесакарыстання вядзецца на 1 год, 10 гадоў і перспектыву (100 гадоў).
Драўніна нарыхтоўваецца пры высечках галоўнага (спелых дрэвастояў), прамежкавага (высечкі догляду, выбарачныя, санітарныя) карыстання і інш. высечках (пры расчыстках трас і пляцовак пад лініі электраперадач, аўтадарогі, прамысл. і нелесагаспадарчыя аб’екты, пры суцэльных санітарных высечках). Памер нарыхтоўкі і водпуску драўніны ў спелых дрэвастоях вызначаецца разліковай лесасекай па высечках галоўнага карыстання. Агульны штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны ўключае (2002): па высечках гал.карыстання 4317 тыс.м³, прамежкавага карыстання 3997 тыс.м³ і інш. высечках 4463 тыс.м³. За перыяд 1993—2002 сярэднегадавая доля драўніны ад кожнага віду карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтоўкі склала адпаведна 42%, 40% і 18%. У агульным аб’ёме карыстання доля дзелавой драўніны складае 54%, дроў — 46%.
Драўнінныя рэсурсы краіны забяспечваюць сыравінай прамысловасць, буд. комплекс, аграрны сектар, камунальную гаспадарку, інш. галіны эканомікі, патрэбы насельніцтва, пастаўляюцца на экспарт. У 2003 пастаўлена на экспарт драўніннай прадукцыі (з улікам паслуг) на суму 43,3 млн. долараў ЗША. У структуры экспарту пераважаюць піламатэрыялы (46%) і балансы для цэлюлозна-папяровай вытворчасці (45%). Лесанарыхтоўкі (з лістапада 1998 ліцэнзуемы від дзейнасці) праводзяць дзярж. прадпрыемствы, недзярж., сумесныя і замежныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. Драўнінныя рэсурсы пераважна выкарыстоўваюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (50% нарыхтоўкі і вывазу драўніны з высечак гал.карыстання). Вытворчасцю прадукцыі з драўніны займаюцца каля 5 тыс. суб’ектаў гаспадарання (уключна з с.-г. прадпрыемствамі, дапаможнай прамысловасцю, малымі прадпрыемствамі і кааператывамі). Больш за палавіну дзелавой драўніны ідзе на вытв-сць піламатэрыялаў, выпуск якіх ажыццяўляюць 2,7 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей, найбуйнейшыя з іх уваходзяць у сістэму канцэрна «Беллеспаперапрам». Лесапільная вытв-сць арганізавана і ў сістэме лясной гаспадаркі. У 84 лясгасах функцыянуе 111 лесапільна-дрэваапрацоўчых цэхаў, 18 сталярных, 5 — па ацыліндроўцы бярвення, 3 паркетныя ўчасткі. Яны вырабляюць піламатэрыялы, дошкі для падлогі і абшыўныя, аконныя і дзвярныя блокі, тарныя камплекты, паркет, садовыя домікі, паганажныя вырабы і інш.Асн. сыравінай з’яўляюцца круглыя лесаматэрыялы ад высечак прамежкавага і частковага гал.карыстання. Сумарная вытворчая магутнасць цэхаў лясгасаў па аб’ёме перапрацоўкі сыравіны — да 1 млн.м³. У агульным аб’ёме сыравіны для цэхаў да 76% займае буйная і сярэдняя дзелавая драўніна, 16,5% — дробнатаварная і 7,5% — дрывяная драўніна і адходы лясной гаспадаркі.
Гал. задача лясной гаспадаркі — лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Лесааднаўленне на высечках, месцах пажараў (гарах) і інш. раней укрытых лесам землях праводзіцца на працягу 3 гадоў з моманту іх утварэння. Лесаразвядзенне праводзіцца і на нелясных землях з мэтай скарачэння плошчаў непрадукцыйных зямель, павышэння лясістасці тэр. рэспублікі. За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўленчых работ павялічана з 21 да 37,8%. На 1 жыхара краіны прыпадае 0,8 га і 135 м³ лесу, што амаль у 5 разоў вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень (без Расіі). Са 118 адм. раёнаў 17 маюць лясістасць да 50% і больш. Штогод сяўбой і пасадкай у лясгасах ствараюцца лясныя культуры на пл. каля 30 тыс.га. У 2002 лесааднаўленнем ахоплена 43,3 тыс.га, у т. л. пасадка і сяўба лесу праведзены на пл. 36,2 тыс.га, садзейнічанне натуральнаму аднаўленню лесу — на пл. 7,1 тыс.га. Фарміруюцца пераважна мяшаныя паводле саставу лясы для захавання біяразнастайнасці, павелічэння ўстойлівасці да неспрыяльных кліматычных умоў і тэхнагенных уздзеянняў. З мэтай захавання генетычных рэсурсаў лесаўтваральных відаў вылучаны і ахоўваюцца 5 тыс.га генетычных рэзерватаў, 2686 плюсавых дрэў; для захавання генафонду створана 1860 га лесанасенных плантацый і 283 га пастаянных лесанасенных участкаў, закладзена сетка доследных і геаграфічных культур, архіваў клонаў, сямейных і гібрыдных плантацый. Штогод 11—16% (3—4 тыс.га у агульным аб’ёме лесакультурных плошчаў) лясных культур ствараецца пасадачным і пасяўным матэрыялам з найлепшага насення, што забяспечвае да дасягнення ўзросту высечкі павелічэнне запасу насаджэнняў на 10%. Для атрымання высакаякаснага насення пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр і яго філіялы ў Глыбокім і Івацэвічах. Пасадачны матэрыял вырошчваюць у 160 лясных гадавальніках, у т. л. 61 пастаянным, 27 базісных, якія займаюць плошчу каля 1200 га.
У лясным фондзе ажыццяўляецца таксама нарыхтоўка дзікарослых пладоў і ягад (чарніц, журавін, маліны, брусніц, буякоў, чарнаплоднай рабіны і інш.), грыбоў, лекавай сыравіны, бярозавага соку, жывіцы, насення, бярозавых венікаў, хвойнай лапкі, мяса дзікіх жывёл. Штогод у лясным фондзе нарыхтоўваюць да 5 тыс.т грыбоў і 12 тыс.т ягад. Агульны аб’ём экспарту гэтай прадукцыі не перавышае 5% ад біялагічных і 20% ад эксплуатацыйных запасаў гэтых рэсурсаў. Агульная пл. паляўнічых угоддзяў складае 17,7 млн.га. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца 22 віды млекакормячых і 31 від птушак: капытныя жывёлы — лось, алень, дзік, касуля; пушныя звяры — вавёрка, заяц-бяляк, заяц-русак, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, выдра, янотападобны сабака; птушкі — глушэц, цецярук, курапатка, качкі і інш. У сістэме Мінлясгаса дзейнічаюць 72 лесапаляўнічыя гаспадаркі. З 1991 атрымалі магчымасць займацца паляваннем у лясных угоддзях Беларусі замежныя паляўнічыя. Для іх арганізуюцца паляўнічыя туры.
У сістэме лясной гаспадаркі функцыянуюць кірункі дапаможнай сельскай гаспадаркі: лясная жывёлагадоўля (авечкі, свінні, бычкі, коні, алені), пушная зверагадоўля (нутрыі), рыбаводства. Вырошчваюць культ. плады і ягады, бульбу, збожжавыя; атрымліваюць прадукты пчалярства (мёд, воск, праполіс, мярва); рэалізуюць саджанцы дэкаратыўных дрэвава-кустовых парод, навагоднія елкі.
Ахова лясоў — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці Мінлясгаса і яго тэр. органаў. У гады з надзвычайнай пажарнай небяспекай за дзень узнікае да 200 выпадкаў загарання лясоў. Колькасць лясных пажараў у 2002 дасягнула 5274, пажарамі было ахоплена 10 108 га лясной плошчы, у выніку згарэла і пашкоджана на корані 199,8 тыс.м³ лесу. Выяўленне пажараў арганізавана на 4 узроўнях: наземнае патруляванне (ажыццяўляюць работнікі дзярж. лясной аховы); візуальнае назіранне з пажарна-назіральных вышак і мачтаў з выкарыстаннем тэхн. сродкаў выяўлення пажараў па цеплавым выпрамяненні і тэлевізійным кантролі; авіяцыйнае патруляванне лясоў; касмічны пажарны маніторынг з выкарыстаннем даных станцыі касмічнага прыёму прыродна-рэсурсных здымкаў. Матэрыяльна-тэхн. база пажаратушэння Мінлясгаса ўключае 210 пажарна-хім. станцый, 440 пажарных аўтамабіляў, 1800 трактароў з глебаапрацоўчым абсталяваннем і інш. Штогод з мэтай павышэння пажараўстойлівасці ляснога фонду ствараюць да 80 тыс.км мінералізаваных палос, праводзяць ачыстку лесу ад сухастою, высечку ў хвойных маладняках, фарміруюць лясы мяшанага саставу (хвойна-лісцевыя) і супрацьпажарныя разрывы з лісцевых парод, арганізоўваюць месцы адпачынку (у 2003 арганізавана 4980), абмяжоўваюць уезд аўтатранспарту шлагбаумамі (у 2003 на лясных дарогах абсталявана 7235 шлагбаумаў) і інш. Праводзіцца таксама ахова лясоў ад шкоднікаў і хвароб біялагічным метадам з завабліваннем птушак, перасяленнем і агароджваннем мурашнікаў (штогод на пл. больш за 19 тыс.га), прафілактычная апрацоўка фунгіцыдамі сеянцаў хвойных парод на пл. больш за 220 га, знішчэнне шкодных насякомых у ачагах іх масавага размнажэння праводзіцца з дапамогай авіяцыі (у 2002 такім спосабам апрацавана 10,3 тыс.га, у 2003—3,3 тыс.га лясоў). Выкарыстоўваюцца пераважна экалагічна няшкодныя прэпараты.
Літ.:
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
История лесного дела Беларуси. Ч. 2. Динамика лесистости, породного состава и лесовосстановления Беларуси. Гомель, 2002;
История лесного дела Беларуси. Ч. 1 Мн., 1996.
Н.Ю.Пабірушка.
Прарэджванне ў хваёвых пасадках Смаргонскага доследнага лясгаса.Экспартная драўніна прадукцыі лясгасаў.Аднаўленне лесу хваёвым маладняком па высечках.Вырошчванне пасадачнага матэрыялу дуба звычайнага ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насеннегадоўчым цэнтры.Вырошчванне з насення саджанцаў лясных культур у цяпліцах Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра.Станцыя УНІСКАН на базе прадпрыемства «Белдзяржлес» для прыёму інфармацыі праз штучныя спадарожнікі аб пажарах, стыхійных бедствах, санітарным і лесапаталагічным стане лясоў.«Дом паляўнічага» каля в. Заходняя Морач у Старобінскім лясгасе.Выкарыстанне тэхнікі пры тушэнні лясных пажараў.Месцы для адпачынку турыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНАЕ АДЗЕ́ННЕ,
шматслойная канструкцыя праезнай ч.аўтамабільнай дарогі, прызначаная стварыць роўную, трывалую і шурпатую паверхню для руху трансп. сродкаў. Успрымае нагрузку ад колаў машын, перадае яе ў разгрупаваным выглядзе на земляное палатно, ахоўвае яго ад увільгатнення і прамярзання.
Д.а. складаецца з дарожнага пакрыцця і адна- або шматслойнай асновы. Дарожнае пакрыццё бывае ўдасканаленае капітальнае (цэмента- або асфальтабетоннае, мазаічнае і брусчатае маставое на трывалай аснове), удасканаленае аблегчанае (чорнае друзавае і чорнае жвіровае на аснове з каменных матэрыялаў), пераходнае (грунтадрузавае, грунтажвіровае і грунтавое, умацаванае вяжучымі матэрыяламі, маставое з колатага каменю), ніжэйшае (грунтавое, палепшанае дамешкамі жвіру, друзу або пабудаванае з аптымальных грунтавых сумесей). Аснову адзення робяць з цэмента- і асфальтабетону, шчэбеню, гравію, з грунтоў, умацаваных вяжучымі рэчывамі і інш. Можа мець гідра- або цеплаізаляцыйныя праслойкі, трубчасты дрэнаж. У Беларусі дарогі агульнага карыстання маюць Д.а. (1997, у %): цэментабетоннае 3,5, асфальтабетоннае 63,5, чорнае жвіровае і чорную шашу 3, белую шашу 0,1, маставое 0,5, жвіровае 29,4.
І.І.Леановіч.
Дарожнае адзенне: 1 — дадатковы слой асновы; 2, 3 — слаі асновы; 4, 5 — ніжні і верхні слаі дарожнага пакрыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць узаемадзейных камп’ютэраў, злучаных паміж сабой з дапамогай лініі сувязі (кабельных або тэлеф.) ці радыёканалаў для абмену інфармацыяй. Для забеспячэння функцыянавання К.с. выдзяляецца спец. камп’ютэр (сервер), у запамінальных прыстасаваннях якога размешчаны праграмы супольнага карыстання, базы даных і інш. Бываюць лакальныя і размеркаваныя (рэгіянальныя, глабальныя., напр.Інтэрнет).
Лакальныя аб’ядноўваюць камп’ютэры, якія знаходзяцца ў адным ці некалькіх блізка размешчаных збудаваннях і далучаюцца да ўнутр. кабельнай сеткі непасрэдна ці праз камутатары, канцэнтратары і інш. Размеркаваныя звычайна карыстаюцца паслугамі тэлекамунікацыйных ліній сувязі (напр., тэлефоннай). К.с. выкарыстоўваюцца для рашэння складаных задач навукі, тэхнікі, эканомікі, кіравання, адпрацоўкі інфармацыі і інш., якія патрабуюць размеркаваных баз даных і магутных выліч. рэсурсаў. На Беларусі (1998) найб. магутныя лакальныя К.с. створаны ў ін-тах фізікі, матэматыкі, тэхн. кібернетыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, заалогіі, эксперым. батанікі, фотабіялогіі, сацыялогіі, Цэнтр.навук. б-кі Нац.АН. Яны далучаны да рэгіянальнай сеткі БАСНЕТ (англ. BASNET, скарочанае ад Belorussian Academy of Sciences NetWork — сетка Бел.АН; аб’ядноўвае ЭВМ устаноў навукі, адукацыі, культуры і інш.) і да глабальнай сеткі Інтэрнет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ ЭВМ,
сукупнасць праграм і праграмных дакументаў, неабходных для аўтаматызаванай наладкі праграм і рашэння прыкладных задач на ЭВМ. Забяспечвае рэалізацыю функцый ЭВМ і вылічальнай сістэмы. Кампаненты П.з. садзейнічаюць эфектыўнаму функцыянаванню тэхн. сродкаў і абслугоўваюць карыстальнікаў выліч.сістэм.Найважн. кампаненты П.з.: аперацыйная сістэма, пакеты прыкладных праграм, бібліятэкі стандартных праграм, комплексы праграм тэхн. абслугоўвання.
Адрозніваюць П.з. базавае (сістэмнае) і прыкладное. Базавае П.з. ўключае праграмы універсальнага карыстання (тэкставыя рэдактары, сродкі машыннай графікі, узаемадзеянне з камп’ютэрнымі сеткамі і WEB-дызайну (гл.Інтэрнет), праграмы апрацоўкі каманд карыстальніка] і праграмы аўтаматызацыі праграмавання (сістэмы аперацыйная, праграмавання і наладкі, кіравання базамі даных). З мэтай выкарыстання існуючага П.з. распрацоўваюцца праграмна-сумяшчальныя сем’і ЭВМ. Найб. пашыраныя і адпрацаваныя кампаненты базавага П.з. рэалізуюцца апаратна і ў выглядзе мікрапраграм. Прыкладное П.з. арыентавана на рашэнне канкрэтных задач: аўтаматызаванае праектаванне, распазнаванне вобразаў і апрацоўка відарысаў, кіраванне вытворчасцю, тэхнал. працэсамі.
На Беларусі П.з. распрацоўваецца з пачатку 1960-х г. на Мінскім заводзе ЭВМ, у НДІЭВМ, Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),
спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.
Літ.:
Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;
Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;
Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Геральдыка. Герб роду Лукашэвічаў з радаводнай справы. 19 ст. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ УЛА́СНАСЦІ,
злачынствы, накіраваныя супраць уласнасці ўсіх форм; выяўляюцца ў пасяганні на маёмасць уласніка. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.у. адносяцца: раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, рабавання, разбою, махлярства, прысвойвання і растраты, завалодання маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам; прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману ці злоўжывання даверам, парушэнне правіл карыстання энергіяй або газам у быце, вымаганне маёмасці, прысваенне знойдзенай маёмасці; наўмыснае або неасцярожнае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці (у т. л. падпал, вынікам якога сталі чалавечыя ахвяры, вял. страты, знішчэнне або значнае пашкоджанне лясных масіваў); нядобрасумленныя адносіны да аховы маёмасці, вынікам чаго з’явіліся яе раскраданне, пашкоджанне або знішчэнне ў буйных памерах. Пакаранне за такія злачынствы залежыць ад памераў матэрыяльнай шкоды, прычыненай уласніку, і шэрагу інш. акалічнасцей, якія адносяцца да асобы злачынцы (паўторнасць учыненага злачынства, папярэдняя змова групы асоб, насілле над пацярпелым, ранейшыя судзімасці за падобныя злачынствы і да т.п.). Напр., выкраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах цягне за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў; доўгатэрміновае пазбаўленне волі прадугледжана заканадаўствам пры наяўнасці вышэйадзначаных акалічнасцей; дробнае выкраданне маёмасці прадпрыемства, установы, арг-цыі, учыненае ўпершыню, падлягае адм. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПЛЁТ,
1) комплекс аперацый па стварэнні знешняга пакрыцця (цвёрдай вокладкі) кнігі, дакумента і інш. Уключае змацаванне кніжнага блока, далучэнне да яго форзацаў, заклейванне і кругленне карашка, абразанне блока, прыклейку каптала, выраб і аддзелку пераплётных абкладак (накрывак), устаўку блока ў абкладкі, абцісканне і штрыхоўку (атрыманне паглыбленых ліній) гатовай кнігі. У пераплётнай вытв-сці выкарыстоўваюць блокаапрацоўчыя агрэгаты, накрыўкаробныя, кнігаўставачныя і інш. машыны.
2) Сукупнасць пераплётнай абкладкі і элементаў змацавання кніжнага блока і абкладкі з блокам.
У адрозненне ад звычайнай вокладкі, якую найчасцей робяць з паперы і выкарыстоўваюць для сшыткаў, часопісаў, брашур, кніжную абкладку як асн. элемент П. вырабляюць 3 больш трывалых і зносаўстойлівых матэрыялаў (кардону, скуры, тканіны, сінт. матэрыялаў і інш.). Існуе 5 тыпаў П. (ад 5-га да 9-га). Найб. пашыраны тып 5 (выкарыстоўваецца для школьных дапаможнікаў, дзіцячай л-ры і інш.) і тып 7 (з тканінным покрывам — для шматтомных падпісных выданняў, энцыклапедый, слоўнікаў, з покрывам на папяровай аснове — для выданняў менш інтэнсіўнага карыстання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВЕ́СТР (ад лац. sequestro стаўлю па-за, аддзяляю),
1) забарона ці абмежаванне, якое накладаецца дзяржавай на карыстанне якой-н. маёмасцю.
2) Канфіскацыя ў памешчыкаў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны маёнткаў з сялянамі за апазіцыйную дзейнасць супраць рас. улад у канцы 18 — пач. 1-й пал. 19 ст. 3) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь права абмежаванага карыстання чужой нерухомай маёмасцю (зямельным участкам, збудаваннямі і інш.). С. можа ўстанаўлівацца для забеспячэння праходу і праезду праз суседні зямельны ўчастак, пракладкі і эксплуатацыі лініі электраперадач, сувязі і трубаправодаў, водазабеспячэння, каналізацыі і меліярацыі, а таксама інш. патрэб уласніка нерухомасці, якія не могуць быць ажыццёўлены без устанаўлення С. Парадак устанаўлення С., яго ўмовы, інш. акалічнасці, аб’екты, што могуць абмяжоўвацца С., вызначаюцца заканадаўствам.
4) У бюджэтным праве спец. механізм, які ўводзіцца ў выпадках, калі пры выкананні бюджэту адбываецца перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню бюджэтнага дэфіцыту або скарачаюцца паступленні з даходных крыніц, а таксама ў выпадку, калі ў ходзе выканання бюджэту дэфіцыт не змяншаецца, у выніку чаго становіцца немагчымым фінансаванне прадугледжаных у бюджэце мерапрыемстваў. Механізм С. заключаецца ў прапарцыянальным зніжэнні дзярж. выдаткаў на пэўную колькасць працэнтаў штомесячна па ўсіх артыкулах бюджэту на працягу часу бягучага фін. года, які застаўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перавозкі грузаў і пасажыраў па рэйкавых пуцях у вагонах з дапамогай мех. цягі (паравозы, цеплавозы, электравозы, матавозы і інш.). Асн. перавагі ў параўнанні з інш. відамі транспарту: універсальнасць (можа перавозіць разнастайныя сыпкія, вадкія, газападобныя і інш. грузы), вял. грузападымальнасць, правазная здольнасць, надзейнасць (мала залежыць ад умоў надвор’я). Сабекошт перавозкі грузаў на Ч.т. адзін з самых нізкіх. Першая ў свеце чыгунка агульнага карыстання з паравой цягай Стоктан—Дарлінгтан пабудавана ў Вялікабрытаніі ў 1825. У 1995 даўж.чыг. шляхоў у свеце склала 1180 тыс.км, з іх электрыфікавана 200 тыс.км. Найб. развіты Ч.т. у ЗША, Расіі, Кітаі, Індыі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Бразіліі.
Першая на Беларусі чыг. лінія Гродна—Парэчча даўж. каля 30 км пачала дзейнічаць у снеж. 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Найб. значэнне для развіцця Беларускай чыгункі мела здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871 чыг. магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 2-й пал. 19 ст. праз тэр. Беларусі прайшлі Рыга-Арлоўская чыгунка, Лібава-Роменская чыгунка, Палескія чыгункі і інш. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс.км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У 1920—30-я г. пабудаваны чыг. Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк—Баранавічы і інш. Зараз тэр. Беларусі перасякаюць 4 шыротныя і 4 мерыдыянальныя чыг. лініі. Важнейшая шыротная магістраль — двухпутная электрыфікаваная чыг. Брэст—Орша (найб. тэхнічна абсталяваная чыгунка Беларусі). На асобных яе участках скорасць грузавых паяздоў дасягае 100 км/гадз, пасажырскіх — да 140 км/гадз. З 1960-х г. пачалася электрыфікацыя чыгунак Беларусі. У 1966 на электрацягу пераведзены ўчастак Мінск—Маладзечна, у 1973 — Мінск—Асіповічы, у 1974 — Мінск—Барысаў, у 1975 — Мінск—Стоўбцы. На 1.1.2000 даўж. электрыфікаваных чыг. пуцей на Беларусі складае 894 км (16% іх агульнай даўжыні). Беларусь мае даволі густую сетку чыгунак (27 км на 1000 км²), саступае па гэтым паказчыку ў СНД толькі Украіне, Малдове і Арменіі. На долю Ч.т. ў 2001 прыпадала 74,3% усяго грузаабароту і 53% пасажыраабароту ўсіх відаў транспарту Беларусі. Аб развіцці Ч.т. на Беларусі гл.табл. 1.
Сярод грузаў, якія перавозяцца Ч.т. Беларусі, нафта і нафтапрадукты складаюць 27,3% ад усіх перавезеных грузаў, будматэрыялы — 26,3%, хім. ўгнаенні — 18,7%, лесаматэрыялы — 5,3%, цэмент — 2,9%, чорныя металы — 2,8%, інш. грузы — 13,9%. Транзіт міжнар. грузаў праз Беларусь у 2001 склаў 26,6 млн.Гл. таксама Беларуская чыгунка.
П.І.Рогач.
Табліца 1 Асноўныя паказчыкі развіцця чыгуначнага транспарту Беларусі