КАНФЕРАНСЬЕ́ (ад франц. conférencier дакладчык),

артыст эстрады, які вядзе канцэрт. Выступае з самастойнымі, часцей камедыйнымі нумарамі. Упершыню з’явіліся ў 1860-я г. ў парыжскіх кафэшантанах і кабарэ. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна ў т-рах вар’етэ, мініяцюр, з сярэдзіны 20 ст. таксама на муз. і кінафестывалях.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,

друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МБАБА́НЕ (Mbabane),

горад, сталіца Свазіленда, на выш. 1150 м. Адм. ц. акругі Хоха. Засн. ў канцы 17 — пач. 18 ст. Каля 50 тыс. ж. (1997). Аўтадарогай звязаны з чыгункай, якая вядзе ў порт Мапуту (Мазамбік). Аэрапорт. Прадпрыемствы металаапр., харч. і швейнай прам-сці. Апрацоўка с.-г. сыравіны. Ун-т.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў канцы 5-га — 3-м тыс. да н.э. насялялі тэр. ўсх. Беларусі ў бас. Дняпра і яго левабярэжных прытокаў. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы існавання культуры — магчыма, земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло ў паўзямлянкавых жытлах на паселішчах. Вырабляла таўстасценны вастрадонны посуд з прамымі сценкамі; асн. элементы арнаменту — адбіткі грабеньчатага штампа, ямкавыя ўцісканні, лапчастыя наколы, насечкі. Спачатку помнікі Верхнедняпроўскай культуры былі аб’яднаны ў лакальныя варыянты днепра-данецкай культуры (гомельска-чарнігаўскі на 2-м этапе развіцця, рагачоўскі — на 3-м). Пасля даследаванняў І.​М.​Цюрынай і А.​Г.​Калечыц вылучана ў самаст. культуру. Значна адчувальныя ўплывы дзяснінскай культуры і неаліт. культур Волга-Окскага рэгіёна. На Беларусі вядома больш за 300 паселішчаў Верхнедняпроўскай культуры (Струмень, Гронаў, Вець Быхаўскага, Лучын Рагачоўскага, Сябровічы Чачэрскага, Дубовы Лог Добрушскага р-наў і інш.).

А.​Г.​Калечыц.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЕ БЮРО́ ЦК КПЗБ.

Дзейнічала ў 1930—38. Утворана ЦК КПЗБ у канцы 1930 з мэтай актывізацыі нелегальнай прапаганды сярод літ. насельніцтва Віленшчыны. У сувязі з тым, што ў некат. паветах Віленскага ваяв. значную частку насельніцтва складалі літоўцы, пасля III канферэнцыі КПЗБ (1925) пачала выдавацца камуніст. л-ра на літ. мове, сярод літ. насельніцтва ўзніклі парт. арг-цыі. У канцы 1930 паводле рашэння ЦК КПЗБ пры Віленскім акр. к-це КПЗБ створана Л.б. ЦК КПЗБ, у 1931 пераўтворана ў Л.б. пры ЦК КПЗБ. Бюро мела секцыі па рабоце сярод сялян, моладзі, падп. друкарню, дзе выдавала газету, часопіс, адозвы і брашуры, супрацоўнічала з легальнымі арг-цыямі бел. нац.-вызв. руху. У 2-й пал. 1930-х г. праводзіла работу па стварэнні антыакупац., дэмакр. нар. фронту ў краі. Існавала да роспуску КПП і КПЗБ (1938).

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 9, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНГЕ́РКА»,

гарадскі бытавы танец. Створаны ў канцы 19 ст. ў Расіі на аснове венг. нар. танца чардаш, у хуткім часе атрымаў вял. пашырэнне. На Беларусі напачатку ўваходзіў у гарадскі, потым у сял. побыт. Выконваецца парамі, характэрная фігура — «венгерскі ключ». Муз. Памер 24, 44. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТ II ((Albert)) (н. 6.6.1934, Брусель),

бельгійскі кароль з 1993. Скончыў ваенна-марское вучылішча ў г. Бруге, камандор ВМС. У канцы 2-й сусв. вайны дэпартаваны ў Германію, у 1950 вярнуўся ў Бельгію. Да жн. 1993 прынц, пасля смерці старэйшага брата Бадуэна — кароль (6-ы). Ганаровы прэзідэнт Нац. алімпійскага к-та.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДРА (лац. Hydra),

экватарыяльнае сузор’е. Самае вялікае па займанай плошчы. Няяркія зоркі (толькі 14 са 130, бачных простым вокам, ярчэй 5-й зорнай велічыні), акрамя Альфарда — αГідра, 2-й візуальнай зорнай велічыні, утвараюць доўгі вузкі ланцуг. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы — пач. вясны. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Гідра.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙБ-ГВА́РДЫЯ (ад ням. Leib цела + гвардыя),

асабістая ахова манарха і ганаровае найменне адборных прывілеяваных вайск. часцей у некат. краінах. У Расіі ўведзена ў канцы 17 ст. У далейшым гэта найменне мелі амаль усе гв. часці рас. арміі. Часціца «лейб» дадавалася таксама да назвы часцей, шэфамі якіх былі імператар або імператрыца.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ у мовазнаўстве,

пазіцыйнае зняцце проціпастаўлення элементаў моўнай структуры. Напр., у бел. мове проціпастаўленне зычных па глухасці—звонкасці нейтралізуецца ў канцы слова («грып» і «грыб» вымаўляюцца аднолькава). Н. — адзін з важных сістэмаўтваральных фактараў, які звязвае асобныя моўныя элементы, іх апазіцыі і карэляцыі ў цэласную сістэму. Тэорыю Н. распрацаваў М.​С.​Трубяцкой.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)