ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),

ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.

Палаш афіцэрскі. 19 ст.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎДНЁВА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́Р, складкавая вобласць Андаў, Андыйскі складкавы пояс,

частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, якая акаймоўвае Паўд. Амерыку на З і Пн. На Пн сучляняецца са складкавай вобласцю Паўночна-Амерыканскіх Кардыльераў, на Пд — з Заходне-Антарктычнай складкавай вобласцю. Складзена з сістэм мерыдыянальных (на Пн — шыротных) хрыбтоў: Усходніх, Цэнтральных, Заходніх, Карыбскіх і Патагонскіх Андаў, паміж якімі ляжаць унутр. плато або ўпадзіны.

Развіваецца з позняга пратэразою. Вял. значэнне ў фарміраванні вобласці мела эпоха герцынскай складкавасці. Моцныя арагенічныя працэсы адбываліся і ў мелавы перыяд. У эпоху альпійскай складкавасці (з канца мелу) уздоўж новаўтвораных антыклінорыяў ішло ўкараненне гранітных баталітаў. Найб. актыўны цыкл гораўтварэння адбываецца з канца палеагену (30 млн. г. назад) да нашага часу. У альпійскую эпоху ўтварыліся Карыбскія і Патагонскія Анды, інтэнсіўна праявіўся наземны вулканізм, які працягваецца. Буйныя радовішчы медзі (Чылі), волава, вальфраму і інш. рэдкіх і каляровых металаў (Перу, Балівія), нафты і газу (Венесуэла, Эквадор, Аргенціна і інш.).

В.​М.​Губін.

т. 14, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́НДЛЕР (Вадзім Іосіфавіч) (н. 7.3.1958, Мінск),

бел. спартсмен (акрабатыка). Засл. майстар спорту СССР (1981). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1979). Абсалютны чэмпіён свету (1980), Еўропы (1978, 1980), СССР (1977, 1979), чэмпіён свету (1976), Еўропы (1979), неаднаразовы пераможца міжнар. спаборніцтваў. Першы ў свеце выканаў трайное сальта назад (1974). З канца 1980-х г. жыве ў ЗША.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕВІ́З ФРА́ЗІН, Алевіз (Aloisio) Новы,

італьянскі архітэктар канца 15 — пач. 16 ст. У 1503—04 пабудаваў у Бахчысараі палац хана Менглі-Гірэя (захаваўся разны мураваны партал). З 1504 па запрашэнні Івана III у Маскве, дзе, паводле летапісу, пабудаваў 11 цэркваў (не захаваліся) і Архангельскі сабор у Крамлі (1505—08), у дэкар. апрацоўцы якога выкарыстаў элементы архітэктуры італьян. Адраджэння.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 43 км на У ад г. Вілейка і аднайменнай чыг. станцыі, 102 км ад Мінска. 56 ж., 29 двароў (1994). Пач. школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя. Касцёл — помнік арх. неаготыкі пач. 20 ст. Званіца — помнік драўлянага нар. дойлідства канца 18 — пач. 19 ст.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЛЯНЕ́Ц, Амельянец,

вёска ў Беларусі, у Каленкавіцкім с/с Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 32 км на ПнЗ ад Камянца, 71 км ад Брэста, 29 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 390 ж., 137 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Крыжаўзвіжанская царква — помнік драўлянай архітэктуры канца 19 ст.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБА́Р,

рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 939 км. Пл. басейна 100 тыс. км². Вытокі на Анабарскім плато, цячэ на Паўн.-Сібірскай нізіне, упадае ў мора Лапцевых. Гал. Прытокі: М.​Куанамка, Уджа (справа), Суалама, Харабыл (злева). Ледастаў з канца вер. да мая. Зімой на перакатах прамярзае да дна. У вусці шмат рыбы (нельма, муксун, рапушка, омуль і інш.).

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА ЗА́ПАДНОГО ФРО́НТА»,

штодзённая газета бальшавіцкага кірунку. Выдавалася з 27.10(9.11) да канца ліст. 1917 у Мінску на рус. мове. Друкавала загады і распараджэнні Ваенна-рэв. камітэта. Засяроджвала салдат на неабходнасці барацьбы з рэакц. генералітэтам у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Пісала пра ход барацьбы за ўладу з к-тамі выратавання рэвалюцыі, антыбальшавіцкай прэсай і інш.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБУРГСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура канца верхняга палеаліту (каля 11 тыс. г. да н.э.) на тэр. паўн. Германіі і Нідэрландаў. Насельніцтва ў асноўным займалася паляваннем на паўн. аленяў, што ішлі з Пд за адступаючым ледавіком, мела жытлы — круглыя і авальныя палаткі. Тыповымі прыладамі былі невял. крамянёвыя наканечнікі з бакавой выемкай, разцы з рога аленя з крамянёвымі ўкладышамі.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́СПІКІ,

у Старажытным Рыме этрускія жрацы, якія варажылі па вантробах ахвярных жывёл, а таксама тлумачылі з’явы прыроды (гром, маланку і інш.). У апошні перыяд існавання Рэспублікі ўтваралі калегію з 60 жрацоў. Іх сістэма варажбы (Disciplina etrusca), уведзеная ў Рыме ў царскі перыяд (8—6 ст. да н.э.), існавала да канца 4 ст. н.э. Прадказанні гаруспікаў зацвярджаліся рашэннем сената.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)