ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,

дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.

Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АН Украіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад. АН Украіны К.​К.​Хрэнава.

Да арт. Падводная зварка і рэзка. Падводная зварка «мокрым» спосабам: 1 — парагазавы пузыр; 2 — воданепранікальная абмазка; 3 — электрод; 4 — электрычная дуга.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМРОК,

аптычная з’ява ў атмасферы перад узыходам і пасля заходу Сонца; паступовы пераход ад дзённага святла да начной цемры і наадварот. Суправаджаецца зарою. Працягласць З. залежыць ад геагр. шыраты месца: чым бліжэй да экватара, тым ён карацейшы; ад схілення Сонца: у аддаленых ад экватара зонах, дзе летам Сонца апускаецца пад гарызонт на невялікі вугал, вячэрні З. сутыкаецца з ранішнім і цемень зусім не настае (белыя ночы). Адрозніваюць З. грамадзянскі (сонца апускаецца пад гарызонт да 6°), навігацыйны (ад 6° да 12°) і астранамічны (ад 12° да 18°).

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПНЁЎ Юрый Ільіч (22.5.1926, Масква — 23.7.1965),

бел. танцоўшчык. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў харэагр. студыі пры Маскоўскім Палацы культуры чыгуначнікаў (1943), скончыў Мінскі ін-т фіз. культуры (1961). З 1949 у Бел. ансамблі песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, з 1950 у Ансамблі песні і танца БВА, з 1952 у Дзярж. нар. хоры Беларусі пад кіраўніцтвам Г.​Цітовіча, з 1964 у Бел. філармоніі. Танцоўшчык характарнага плана, стварыў яркія вобразы ў бел. нар. танцах, паставіў ганцы «Падушачка», «Ланская кадрыля» і інш.

Г.​І.​Цітовіч.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.​Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Р.​Жакоўскі, А.​Крыніца, М.​Міцкевіч, Л.​Навахацкая, Ч.​Родзевіч, В.​Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Кветка папараці» К.​Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.​Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.​Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. работу.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 34 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Пл. вадазбору 12,45 км².

Схілы катлавіны выш. 10—15, пясчаныя і супясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя пад хмызняком, на З месцамі сплавінныя. Дно плоскае. У возера ўпадаюць 5 ручаёў, на У выцякае ручай з воз. Жадунь.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК Саламон Аронавіч (7.7.1913, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.10.1941),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Ленінградскую ваен. школу авіяц. тэхнікаў (1932). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце: пад варожым агнём рамантаваў падбітыя танкі, удзельнічаў у баях як камандзір танка. 22.10.1941 у баі пад Белгарадам яго танк быў падбіты і загарэўся; экіпаж змагаўся да апошняга снарада. Гарэлік загінуў у гэтым баі.

С.А.Гарэлік.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНРУБ Яўсей Рыгоравіч (н. 2.5.1910, г. Барысаў),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскі індустр. ін-т (1931), курсы ваен. перакладчыкаў (1937), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну удзельнік абароны Беларусі, баёў пад Смаленскам, Масквой, Тулай, Арлом, вызвалення Беларусі. Танк. брыгада пад камандаваннем палк. Вайнруб вызначылася ў Вісла-Одэрскай аперацыі, вызваліла больш за 400 нас. пунктаў Польшчы, адна з першых уварвалася ў Берлін. Да 1955 у Сав. Арміі.

Я.Р.Вайнруб.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́Ц,

гарадзішча 8 — пач. 10 ст. роменскай культуры каля г.п. Пакацілаўка пад г. Харкаў (Украіна), на правым беразе р. Уды. У 11—13 ст. стараж. ўсх.-слав. горад на памежжы Кіеўскай Русі. Пад 1185 упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе. Археал. даследаваннямі выяўлена, што ў 12 ст. Д. меў умацаваны дзядзінец, пасад з жытламі рамеснікаў. Сярод знаходак вырабы з жалеза, шкляныя бранзалеты, шыферныя прасліцы, кальчугі, рэчы матэрыяльнай культуры полаўцаў. Пасля мангола-татарскіх набегаў у 13 ст. Д. заняпаў.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРЭ́ЧАНЬКА»,

гарадскі бытавы парна-масавы танец. Выконваецца пад мелодыю вядомай рус. песні «Выйду я на рэчаньку». Муз. памер ​4/4, ​2/4. Тэмп умераны. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гар., потым і ў вясковым асяроддзі. Складаецца з блокаў рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. Асн. блок рухаў уключае простыя і прыстаўныя, акцэнтаваныя крокі, вярчэнне дзяўчыны пад рукой хлопца або пар у польцы-вальсе, до-за-до і інш. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НСАГЕРА ТЭАРЭ́МА, суадносіны ўзаемнасці,

адна з асн. тэарэм тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Устанаўлівае сувязь паміж кінетычнымі каэфіцыентамі, якія вызначаюць інтэнсіўнасць перакрыжаваных працэсаў пераносу (гл. Пераносу з’явы), а таксама паміж каэфіцыентамі перакрыжаваных хім. рэакцый. Напр., узнікненне патоку рэчыва пад уздзеяннем градыента т-ры (тэрмадыфузія) і наадварот — патоку цеплаты пад уздзеяннем градыента канцэнтрацыі (эфект Дзюфура), тэрмаэл. з’явы (Зеебека з’ява і Пельцье эфект). Вынікае з мікраскапічнай абарачальнасці руху часцінак (незалежнасці ўраўненняў, што апісваюць іх рух, ад змены знака часу). Устаноўлена Л.Онсагерам (1931).

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)