«ЛЮ́БІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 500 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Жулкеўскія, Лапацінскія, Незабытоўскія, Радзімінскія. У блакітным полі сярэбраная падкова рагамі ўніз, на ёй стаіць залаты кавалерскі крыж, другі крыж у сярэдзіне падковы. Клейнод — над прылбіцай з каронай 3 страусавыя пёры. Вядомы з сярэдзіны 14 ст.

Герб «Любіч».

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕПРАВО́Д,

мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз. эстакадай.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНАСНЫ́Я ЛІ́ТАРЫ,

літары, напісаныя над радком з мэтай скарачэння слоў і паскарэння працэсу пісьма. Прыём вынасу літар зрэдку практыкаваўся ў стараслав. і стараж.-рус. уставе: г​сдь (господь), мсць (мѣсяць), лѣ​т (лѣто), цр​ство (царство). Выкарыстанне вынасных літар асабліва пашырылася ў старабел. скорапісе 15—17 ст., дзе стала заканамерным напісаннем над радком першай літары з групы зычных у сярэдзіне слоў (доброво​лный, ли​хтаръ), зычнай літары перад групай «ь + галосны гук» (зране​не, спустоше​не), канцавой зычнай у розных граматычных формах (буде​т, поеде​т; даду​т, плачу​т; в ты​х сеножате​х; добро​г, старо​г, спалучэнняў зычных з апошнім «т» (инди​кт, наме​стникъ, радо​ст). Больш абмежавана вынасныя літары выкарыстоўваліся ў бел. старадруках канца 16—17 ст. У сучасным бел. правапісе не ўжываюцца.

А.​М.​Булыка.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАСІ́Д (Brasidas),

спартанскі палкаводзец. У 424 да н.э. ў Пелапанескую вайну захапіў г. Амфіпаль, залатыя руднікі ў Пангеі, садзейнічаў аддзяленню ад Афінаў некалькіх саюзных з імі гарадоў у Фракіі. У 422 да н.э. атрымаў перамогу каля Амфіпаля над афінскім войскам Клеона, але сам загінуў.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Іван) (?, Полацк — 1679),

майстар-чаканшчык па серабры. Са студз. 1660 майстар чаканнай справы Сярэбранай палаты Маскоўскага Крамля. Працаваў пераважна над рэльефнымі ўпрыгожаннямі. Сярод работ срэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі царэвічаў Івана і Пятра (1676, зробленыя з Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым і Ларыёнам Афанасьевым).

І.Андрэеў. Рукамыйнік. 1676.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСО́РБЦЫЯ (ад дэ... + сорбцыя),

выдаленне з вадкасцей ці цвёрдых цел рэчываў, якія яны паглынулі пры абсорбцыі і адсорбцыі; працэс, адваротны адсорбцыі. Д. робяць награваннем адсарбенту, зніжэннем ціску над ім, апрацоўкай яго растваральнікамі. Выкарыстоўваюць у прам-сці для рэгенерацыі гетэрагенных каталізатараў, атрымання розных рэчываў (пры рэкуперацыі).

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС МО́РА»,

інфрагукавыя хвалі, якія ўзнікаюць над паверхняй мора пры моцным ветры, у выніку віхраўтварэння за грабянямі хваль. «Голас мора» можа быць прадказаннем шторму таму, што інфрагукавыя хвалі распаўсюджваюцца на вял. адлегласці з-за малога паглынання, іх скорасць значна перавышае скорасць перамяшчэння вобласці шторму.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́ШЫНСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1740 у в. Крывошын Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. на месцы драўлянага касцёла 1670, у 1864—66 перабудаваны пад Пакроўскую царкву (інж. Нектар’еўскі). Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай і невял. сакрысціяй з Пд (даўж. 35 м, шыр. 16 м). Рэканструкцыя 1863 надала архітэктуры будынка рэтраспектыўна-рус. стылявы характар: над цэнтр. нефам на 2-ступеньчатым квадратным у плане пастаменце ўзведзены 12-гранны барабан з купалам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай; над гал. фасадам надбудавана 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком. Гал. фасад фланкіруюць 2 двух’ярусныя вежы, дэкарыраваныя трохвугольнымі франтонамі і завершаныя купаламі на шматгранных барабанах. У аздабленні фасадаў выкарыстаны дэкар. элементы стараж.-рус. дойлідства: кілепадобныя аркі і ліштвы акон, аркатурныя паясы, гіркі. У інтэр’еры захаваліся першапачатковыя манум. формы барочнага храма. Сцены аздоблены вязкай пілястраў, прафіляванымі цягамі, лепкай.

А.​М.​Кулагін.

Крывошынскі касцёл езуітаў.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік архітэктуры з элементамі рэнесансу ў Мінску. Пабудавана ў пач. 17 ст. разам з Мінскім Петрапаўлаўскім манастыром правасл. брацтвам на скрыжаванні вуліц Нямігі і Ракаўскай. У 1793—95 адрамантавана і перайменавана ў Кацярынінскую (вядома і пад назвай Жоўтая), У 1870—71 перабудавана (зменены завяршэнні 2 вежаў на гал. фасадзе). Перабудовы былі і ў 1-й пал. 20 ст. (зняты купал, зроблена прыбудова). Мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 5-граннай апсідай і 2 вежамі. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр. ч. завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вял. паўцыркульнае акно; 2 бакавыя ч. дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прамавугольнага абрысу, фланкіраваны 3-яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асн. аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах спараныя паўцыркульныя аконныя праёмы. Сцены завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Побач з царквой захаваўся царк. дом 19 ст. Храм пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну. У 1972—79 рэстаўрыраваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Мінская Петрапаўлаўская царква.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ (ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),

лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)