БЕРЫ́ЛІЮ АКСІ́Д,

хімічнае злучэнне берылію з кіслародам, BeO. Бясколерныя крышталі, tпл 2580 °C; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў кіслотах і шчолачах. У прыродзе мінерал брамеліт. Выкарыстоўваецца як запавольнік і адбівальнік нейтронаў, матэрыял для абалонак цвэлаў і паліўных каналаў у ядз. рэактарах, гарачатрывалы і хімічна ўстойлівы матэрыял для спец. керамікі.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДДТ, дыхлордыфенілтрыхлорэтан,

хімічны прэпарат для барацьбы са шкоднымі насякомымі (інсектыцыд). Шырока выкарыстоўваўся ў 1940—60-я г. ў многіх краінах свету. Устойлівае злучэнне, якое здольна назапашвацца ў навакольным асяроддзі, забруджваць яго і парушаць біял. раўнавагу ў прыродзе; небяспечнае для чалавека і жывёл (выклікае хранічнае атручэнне). Забаронены (на Беларусі — з 1970).

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЫЛАМІ́Д,

арганічнае злучэнне, вытворнае акрылавай кіслаты, CH2=CH-CONH2. Мал. м. 71,07. Бясколерныя крышталі, tпл 84,5 °C. Раствараецца ў вадзе, метаноле, ацэтоне.

Атрымліваюць з акрыланітрылу: CH2=CH-CN H2O → CH=CH-CONCONH2. Манамер для атрымання поліакрыламіду і яго супалімераў, мадыфікатар гумавых сумесяў. Раздражняе слізістыя абалонкі (ГДК у вадзе 0,2 мг/м³).

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЮ КАРБІ́Д,

злучэнне кальцыю з вугляродам, CaC2. Цвёрдае рэчыва, хімічна чысты — бясколерны, tпл2160 °C, шчыльн. 2200 кг/м³. Тэхнічны К.к. мае колер ад светла-бурага да чорнага. Бурна ўзаемадзейнічае з вадой з вылучэннем ацэтылену. Атрымліваюць аднаўленнем нягашанай вапны вугляродам у дугавых пячах. Выкарыстоўваюць для атрымання ацэтылену, цыянаміду кальцыю, аднаўлення шчолачных металаў.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,

дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІДАЗО́Л, 1,3-дыазол,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C3H4N2. Бясколерныя крышталі, tпл 90 °C, tкіп 257 °C. Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Мае ўласцівасці араматычных злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем гліаксаля з аміякам і фармальдэгідам. Структурны фрагмент малекул гістаміну, гістыдзіну, вітаміну B12 і інш. прыродных біялагічна актыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць вытворныя І. як лек. прэпараты (дыбазол, прыскол, нірванол і інш.).

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПЕРЫДЗІ́Н, гексагідрапірыдзін, пентаметыленімін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C5H11N Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 106,17 °C, шчыльн. 860,6 кг/м³.

Змешваецца з вадой, этанолам, дыэтылавым эфірам. Паводле хім. уласцівасцей — моцная аснова, лёгка ўтварае солі. Структурны фрагмент многіх алкалоідаў (напр., анабазіну, лабеліну, марфіну). Выкарыстоўваюць для сінтэзу лек. прэпаратаў (анальгетыкаў, анестэтыкаў і інш.), некаторыя вытворныя — як паскаральнікі вулканізацыі.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАЗО́Л,

1,2-дыазол, гетэраараматычнае злучэнне, C3H4N2. Бясколерныя крышталі, tпл 70 °C, tкіп 185—187 °C. Раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. П. і яго вытворныя — прамежкавыя прадукты ў сінтэзе лек. прэпаратаў (напр., анальгіну, амідапірыну) і пестыцыдаў. Выкарыстоўваюць вытворныя П. як фарбавальнікі для каляровай фатаграфіі, арган. люмінафоры. Іл. гл. да арт. Гетэрацыклічныя злучэнні.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫАЗО́Л, 1,3-тыазол,

араматычнае гетэрацыклічнае злучэнне, адзін з асн. азолаў. Бясколерная вадкасць, tкіп 117—118 °C, шчыльн. 1198 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Утварае солі з моцнымі к-тамі. Структурны фрагмент каферменту тыяміну. Вытворныя Т. выкарыстоўваюць як фарбавальнікі (напр., у каляровай фатаграфіі), лек. прэпараты (напр., норсульфазол — 2-сульфаніламідатыазол).

т. 16, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСА́ННЕ валакністых матэрыялаў,

раздзяленне касмылькоў валокнаў (бавоўны, воўны, лёну і інш.) на асобныя валокны, выдаленне смецця і інш. заган, злучэнне валокнаў у стужку ці ў роўніцу, адзін з асн. працэсаў падрыхтоўкі да прадзення. Выконваецца пасля трапання. Ч. робяць ігольчастымі паверхнямі рабочых органаў часальных машын. Ч. часам называюць і прачэсванне валакна грэбенем (гл. Грэбенечасальная машына).

т. 17, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)