ЛЕСАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, заснаваная на хім. перапрацоўцы драўніны. Да яе адносяцца: сухая перагонка драўніны, розныя віды каніфольна-шкіпінарных вытв-сцей (гл. Лесахімія), выпальванне вугалю. На Беларусі спецыялізавана па выпуску каніфолі, шкіпінару (тэрпенцінавага масла), хваёвай смалы, масла хваёвага флатацыйнага, дубільных экстрактаў.

У дарэв. Беларусі дзейнічалі дробныя саматужныя смолашкіпінарныя і дзягцярныя прадпрыемствы. У 1900 іх было 161, працавала каля 400 рабочых (без занятых нарыхтоўкай і падвозам); у 1912 давалі 18% агульнарасійскай прадукцыі Л.п. Першымі прадуктамі былі смала, драўняны вугаль, дзёгаць. У БССР каніфольна-шкіпінарная вытв-сць пачалася ў 1926 з прамысл. падсочкі жывіцы ў Старабарысаўскім і Крупскім лясніцтвах. У 1927 засн. каніфольны з-д у Навабеліцы (з 1976 Гомельскі папярова-лесахім. з-д), у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д (з 1971 у складзе папярова-лесахім. з-да). У 1940 здабыта 2903 т жывіцы, выраблена 2837 т каніфолі, 4269 т шкіпінару-сырцу і 3534 т ачышчанага шкіпінару.

У 1967 валавая прадукцыя Л.п. дасягнула найвышэйшага ўзроўню, у наступныя гады яе аб’ём скараціўся, што абумоўлена змяншэннем сыравіннай базы, заменай асобных відаў прадукцыі сінтэтычнымі. Нарыхтоўка асмолу і смолашкіпінарная вытв-сць метадам сухой перагонкі драўніны праводзілася ў вытв. лесанарыхтоўчых аб’яднаннях. Цяпер атрымліваюць пераважна вугаль і дзёгаць; перапрацоўку жывіцы вядзе акц. т-ва «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахім. з-д). У 1998 выраблена каніфолі хваёвай 7 тыс. т, шкіпінару жывічнага 1,4 т, прэпарата ВРП (рэчыва для наклейкі этыкет на пластыкавыя бутэлькі) 227 т, мальтаміну 20 т, клею-пасты 3002 т, аліфы 3567 т, сальвенту 1873 т, лаку па дрэве 103 т, тасолу 920 т, лаку бітумнага 1503 т, фарбы ВЭ 280 т, лакаў паркетнага ПФ-283—23 т, для фарбаў ПФ-060—288 т. Запланаваныя ў падсочку хваёвыя лясы дазваляюць забяспечыць аб’ём здабычы жывіцы да 15 тыс. т. Акц. т-ва «Лесахімік» штогод перапрацоўвае 10 тыс. т жывіцы. Патрэбнасць у жывіцы для вытв-сці неабходнай Беларусі каніфолі складае 20% ад агульнага аб’ёму яе здабычы.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесахімічная прамысловасць. Збор жывіцы ў леспрамгасе.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́Н Буд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»

(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.​Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),

у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.

Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.​Градаў, Я.​Леановіч, Л.​Левін, Л.​Пагарэлаў, М.​Пірагоў, мастакі В.​Даўгала, Г.​Жарын, Ю.​Івахнішын, У.​Стальмашонак, Л.​Хобатаў і інш.

В.​Ф.​Валошын, В.​А.​Ярмоленка.

Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Мікалай (мянушка Руды; 1512—27.4.1584),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын гетмана Ю.Радзівіла. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Біржах і Дубінках». Атрымаў хатнюю адукацыю. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37, у т. л. ў аблозе Старадуба ў 1535. У 1544—51 падчашы ВКЛ, у 1546—54 лоўчы ВКЛ. Асаблівы рост уплыву Р. на дзярж. справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары (гл. Барбара Радзівіл) з вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. У 1550—66 ваявода трокскі, у 1553—66 і з 1577 вял. гетман ВКЛ, у 1566—84 ваявода віленскі, у 1566—79 канцлер ВКЛ. У 1556—57 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пач. Лівонскай вайны 1558—83 яго войска ў 1561 уступіла на тэр. Інфлянтаў. Конніца Р. на чале з Ю.​Тышкевічам і Р.​Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Гал. сілы на чале з самім Р. аблажылі рас. гарнізон у замку Тоўрус (Торваст), які праз 3 тыдні капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV Грознага ў лют. 1563 Р. з войскам не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Рашуча выступаў супраць заключэння уніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сейм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Р., кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У 1579 удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Р. ўзяло замкі Усвят і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў. Р. вызнаваў кальвінізм і пасля смерці М.​Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ.

Літ.:

Hetmani Rzeczypospolitej obojga narodów. Warszawa, 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Руды. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА Украіны, Украінская цэнтральная рада (УЦР),

вышэйшы заканадаўчы і выканаўча-распарадчы орган улады на Украіне ў 1917—18. Створана 4(17).3.1917, неўзабаве пасля Лют. рэвалюцыі, як кіруючы орган аб’яднання ўкр. нац. партый сацыяліст. арыентацыі (Укр. партыя сацыялістаў-федэралістаў, Укр. с.-д. рабочая партыя, Украінская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). Абапіраючыся на падкантрольныя ёй Саветы і ўкр. вайск. часці, да восені 1917 набыла рысы паралельнага органа ўлады. У маі—ліп. 1917 УЦР налічвала 815 членаў. Старшыня — М.С.Грушэўскі, які ўзначальваў і Малую Раду (30 чл.) — пастаянна дзеючы заканад. орган УЦР. Яе выканаўчы орган — Ген. сакратарыят (з ліст. 1917 пашыраны Ген. сакратарыят, у студз. 1918 рэарганізаваны ў Савет Міністраў); яго старшыня і ген. сакратар (міністр) унутр. спраў — У.К.Віннічэнка (са студз. 1918 старшыня СМ У.​А.​Галубовіч), ген. сакратар (міністр) па ваен. справах — С.В.Пятлюра. УЦР варожа ставілася да Кастр. рэвалюцыі 1917. З дапамогай сваіх войск 31.10(13.11).1917 захапіла ўладу ў Кіеве. У сваім 3-м універсале 7(20).11.1917 абвясціла Украінскую Народную Рэспубліку (УНР), а сябе — яе вышэйшым органам. У 4-м універсале 9(22).1.1918 абвясціла поўную незалежнасць УНР. УЦР ад імя УНР удзельнічала ў перагаворах аб міры з краінамі аўстра-герм. блоку (гл. Брэсцкі мір 1918), якія 30.12.1917 (12.1.1918) прызналі яе дэлегацыю самастойнай, а 19.1.(1.2).1918 і незалежнасць УНР; 27.1(9.2).1918 падпісалі з ёй сепаратны дагавор аб міры і саюзе. УЦР папрасіла ваен. дапамогу супраць сав. Расіі і разам з аўстра-герм. войскамі 1.3.1918 вярнулася ў Кіеў, які 26.1(8.2).1918 пакінула пад націскам сав. войск. Ва ўмовах аўстра-герм. акупацыі Украіны УЦР не здолела забяспечыць вываз харчавання ў Германію і падавіць вызв. рух. У выніку паміж ёй і герм. камандаваннем узніклі супярэчнасці. 29.4.1918 ген. П.П.Скарападскі пры падтрымцы герм. войск разагнаў УЦР і ўстанавіў дыктатарскі рэжым — гетманшчыну.

Кр.:

Українська Центральна Рада: Док. і матеріали. Т 1—2. Київ, 1996—97.

Літ.:

Мироненко О.М. Світоч украінської державності: Політико-правовий аналіз діяльності Центральної Ради. Київ, 1992;

Діячі Украіньскоі Центральної Ради: Біогр. довід. Киів, 1998.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл. Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б. СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.

Літ.:

Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФУЦЫЯ́НСТВА,

маральна-паліт., рэліг.-філас. і светапогляднае вучэнне, якое сфарміравалася ў Стараж. Кітаі і на працягу больш як 2 тыс. гадоў было яго афіц. ідэалогіяй і дзярж. рэлігіяй. Асновы К. закладзены ў 6 ст. да н. э. Канфуцыем і развіты яго вучнямі і паслядоўнікамі Мэн-цзы, Сюнь-цзы і інш. Узнікла ў перыяд распаду Кітая на шматлікія дзяржавы, разрыву раннефеад. і патрыярхальных грамадскіх сувязей, заняпаду традыц. рэліг. вераванняў. Напачатку было спробай выпрацаваць этычныя, грамадскія і паліт. нормы, а таксама спосабы кіравання, якія павінны забяспечыць аднаўленне стабільнага грамадскага ладу і царскай улады ва ўсім Кітаі. Канфуцый прапанаваў праграму вяртання 5 класічных «грамадскіх залежнасцей»: сына ад бацькі, жонкі ад мужа, малодшага брата ад старэйшага, падуладнага ад пануючага, сябра ад сябра і стварэння на аснове прынцыпаў жэнь («гуманнасць, справядлівасць») і лі («рытуал, этыкет») дакладна акрэсленай патрыярхальна-феад. грамадскай іерархіі, дзе кожны чалавек займаў бы прадвызначанае яму месца і выконваў бы адпаведныя абавязкі. Гэта праграма, на думку Канфуцыя, павінна была прывесці да стварэння «грамадства супрацоўніцтва» (узор і яго асн. ячэйка — сям’я) і выхавання «высакародных людзей» (цзюнь-цзы) — інтэлектуалаў, якія павінны дапамагаць уладарам кіраваць «простым людам». Філас. асновай К. з’яўляецца палажэнне аб тым, што ўсё, што адбываецца, павінна быць згодна з «ладам неба» (дао); веданне гэтага «ладу» і заснаваных на ім правіл паводзін у міжчалавечых адносінах — цэнтральны пункт у К. Пасля смерці Канфуцыя яго вучэнне развівалі і дапаўнялі шматлікія школы яго паслядоўнікаў. Пасля няўдалага перыяду праследаванняў пры імператару Цынь Шыхуандзі, які ў 211 да н. э. загадаў спаліць усе канфуцыянскія кнігі, у часы дынастыі Хань адбылося адраджэнне К. Адным з гал. інтэрпрэтатараў і рэфарматараў К. быў Дун Чжуншу (2 ст. да н. э.), які распрацаваў метафізічныя асновы К. і аб’яднаў яго з тэістычнай тэлеалогіяй. Новы этап развіцця К. звязаны з імем Чжу Сі (1130—1200), стваральніка неаканфуцыянства, якое дамінавала ў кіт. філас. думцы і культуры да 20 ст., выконвала інтэграцыйныя функцыі і аказвала вялізны ўплыў на ўсе галіны грамадскага жыцця Кітая, асабліва на сістэмы кіравання, выхавання і культуры.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Проблемы идеологии. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУЧА́ННЕ,

мэтанакіраваны працэс перадачы і засваення ведаў і практычных навыкаў, фарміраванне ўменняў іх выкарыстання; сродак усебаковага развіцця і падрыхтоўкі асобы да жыццядзейнасці. Пры Н. рэалізуюцца мэты адукацыі і выхавання. У аснову Н. пакладзены гал. прынцыпы дыдактыкі. Ажыццяўляецца ў навуч. установах рознага тыпу (школа, каледж, ун-т і інш.), у сям’і, на вытв-сці і інш. сферах жыццядзейнасці чалавека. Мэты і задачы Н. змяняюцца гістарычна, абумоўлены ўзроўнем матэрыяльнага і духоўнага развіцця грамадства і залежаць ад функцый навуч. устаноў. У розных грамадствах існуюць адметныя сістэмы каштоўнасцей, што ўплывае на дыферэнцыяцыю метадаў і праграм Н. У залежнасці ад крыніцы ведаў метады Н. падзяляюць на славесныя (тлумачэнне, урок-дыскусія, гутарка, лекцыя і інш.), наглядныя (экскурсія, дэманстрацыя ілюстрацый, дыяпазітываў, кінафільмаў і інш.) і практычныя (лабараторныя заняткі, праца ў майстэрнях, вытв. практыка і інш.). Метады Н. могуць быць актыўныя, пасіўныя, маналагічныя, дыялагічныя, эўрыстычныя, дагматычныя і інш. Існуюць розныя сістэмы арганізацыі Н. Гістарычна найб. пашыранымі сістэмамі былі індывідуальная (гл. Індывідуальнае навучэнне) і індывід.-групавая. Адной з першых форм масавага Н. з’явілася арганізацыя калектыўнага Н., напр., у брацкіх школах, у дзейнасці якіх выявіліся асн. элементы класна-ўрочнай сістэмы. Імкненне забяспечыць найб. эфектыўнае вырашэнне задач Н. абумовіла пошук новых, нетрадыц. форм і методык (Бел-Ланкастэрская сістэма, батаўская сістэма дыферэнцыраванага Н. ў ЗША, Мангеймская школьная сістэма). У 1920-я г. распрацавана сістэма праектнага Н. (У.​Кіркпатрык, ЗША), у працэсе якога вучні разам з настаўнікам праектуюць рашэнні практычных задач. Вальдорфская сістэма Н. (Р.​Штайнер, Германія), сістэмы М.Мантэсоры (Італія), С.​Фрэнэ (Францыя) і інш. ставяць гал. мэтай раскрыццё індывідуальнасці навучэнца. У сучаснай практыцы Н. выкарыстоўваюцца таксама лекцыйна-семінарская, курсавая, прадметна-курсавая, індывідуальна-брыгадная і інш. навуч. сістэмы. Увайшлі ў практыку праграмаванае Н., элементы праблемнага Н., заснаванага на стварэнні праблемных сітуацый з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, назіраецца тэндэнцыя далейшай гуманізацыі і гуманітарызацыі навучальна-выхаваўчага працэсу (гл. Гуманітарная адукацыя). Набыць веды можна і самаадукацыяй, з выкарыстаннем камп’ютэрных методык.

Літ.:

Баранов С.П. Сущность процесса обучения. М., 1981;

Клингберг Л. Проблемы теории обучения: Пер. с нем. М., 1984;

Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990;

Szkoły dialogu. Warszawa, 1993.

С.​Л.​Яцкевіч.

т. 11, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНАСЦЬ САЦЫЕ́ЛЬНАЯ,

паняцце, якое вызначае аднолькавае становішча, правы і свабоды розных сац. груп і асобных людзей у грамадстве. Прадугледжвае забеспячэнне ўсім членам соцыуму неабходнага сацыяльна гарантаванага ўзроўню жыцця, рэальнай роўнасці сац. магчымасцей, замацаванне сац. стабільнасці грамадства. Паняцце «Р.с.» цесна звязана з паняццем сац. справядлівасці. Можа рэалізоўвацца толькі пры пэўных сац.-паліт., эканам. і культ. умовах, эканам. і паліт. самастойнасці людзей, рэальных магчымасцях павышэння іх адукацыйнага і прафес. ўзроўню, духоўным удасканальванні грамадскіх адносін.

Вытокі ідэі Р.с. як прынцыпу арг-цыі грамадства ў ант. філасофіі, дзе яна разглядалася як роўнасць членаў аднаго саслоўя пры няроўнасці паміж рознымі саслоўямі (Платон, Арыстоцель). У хрысц. філасофіі Р.с. з’яўлялася рэліг. нормай і вызначалася як прынцып «перад Богам усе роўныя». У эпохі Адраджэння і Асветніцтва яна набыла свецкі характар як ідэя прыроднай роўнасці людзей; у перыяд усталявання бурж. грамадства — як ідэя «свабоды, роўнасці і брацтва» проціпастаўлялася феад.-саслоўнай светабудове. Ідэі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і размеркавання сац. даброт не па саслоўнай прыналежнасці, а па канкрэтным укладзе ў сац. развіццё адлюстраваны ў «Дэкларацыі незалежнасці» ў ЗША (1776) і «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў Францыі (1789). Пры станаўленні капіталіст. грамадства рэалізацыя ідэй Р.с. прывяла да значных змен у грамадскіх адносінах: скасаваны саслоўі і саслоўныя адносіны, заканадаўча замацаваны прынцып роўнасці людзей перад законам. Адзін з варыянтаў рэалізацыі Р.с. быў прапанаваны тэорыяй сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва, у якой планавалася забяспечыць сац., эканам. і паліт. раўнапраўе грамадзян незалежна ад іх сац. паходжання, нац. і канфесіянальнай прыналежнасці, гарантаваць права на працу і яе адэкватную аплату, справядлівае размеркаванне грамадскіх фондаў спажывання і інш. Рэалізацыя гэтых планаў прывяла да вырашэння некат. праблем Р.с., але і да павелічэння бюракратычнага апарату і т.зв. «ураўнілаўкі» ў грамадстве.

Сярод сучасных канцэпцый сац. развіцця вылучаюць тэорыі, якія даказваюць, што сац. няроўнасць з’яўляецца адзіным і натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.​Дзюркгейма, В.​Э.​Мура, тэорыя статусных груп М.​Вебера і інш.), і тэорыі, паводле якіх у выніку мэтазгоднай рэарганізацыі дзяржавы і грамадства, рэвалюцый сацыяльных можна дасягнуць Р.с. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя «сацыяльнай дзяржавы» і інш.).

Літ.:

Новгородцев П.И. Об общественном идеале. М., 1991;

Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995;

Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАТЫРНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 23—29.1.1932 у Мінску. Прысутнічалі 494 дэлегаты з рашаючым і 185 з дарадчым голасам ад 75 238 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 54 392 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (В.​Ф.​Шаранговіч), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.​М.​Клімковіч), ЦКК КП(б)Б (А.​Я.​Калнін); аб выніках работы прам-сці за 1931 і перспектывах на 1932 (Р.​П.​Грысевіч); выбары кіруючых органаў. З’езд адзначыў паспяховае выкананне ў БССР заданняў 1-га пяцігадовага плана. Удзельная вага прам-сці ў нар. гаспадарцы вырасла з 38,7% у 1929/30 да 50% у 1931; створаны новыя галіны прам-сці: с.-г. машынабудавання, штучнага шоўку, буд. матэрыялаў і інш. Аднак нездавальняючымі заставаліся якасныя паказчыкі развіцця эканомікі. За час ад XIII з’езда КП(б)Б (1930) колькасць калгасаў павялічылася на 50%, іх пасяўныя плошчы — у 3 разы. Першачарговымі задачамі з’езд вызначыў барацьбу за якасць вытв-сці, са стратамі і расхлябанасцю, укараненне гасп. разліку ў цэхі і брыгады, ліквідацыю абязлічкі, арганізац.-гасп. ўмацаванне калгасаў. У ліку дасягненняў адзначаны ліквідацыя ў рэспубліцы непісьменнасці, пераход Беларусі адной з першых у СССР да ўсеаг. навучання, расшырэнне сеткі вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў, рабфакаў, разгортванне н.-д. дзейнасці. Поспехі ў нац. палітыцы і культ. будаўніцтве тлумачыліся разгромам пад кіраўніцтвам КП(б)Б «беларускага контррэвалюцыйнага нацыяналдэмакратызму» і яго «агентуры» ў партыі — нацыянал-апартунізму. Ставілася задача яшчэ большага ўзмацнення барацьбы супраць скажэнняў ленінізму ў тэорыі і практыцы. З’езд ухваліў дырэктывы ЦК ВКП(б) па 2-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1933—37, даручыў ЦК КП(б)Б забяспечыць на іх аснове распрацоўку 2-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР. З’езд выбраў. ЦК КП(б)Б з 117 чл. і 56 канд., Рэвіз. камісію КП(Б)Б з 11 чл., ЦКК КП(б)Б з 120 чл.

Літ.:

XIV з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі: Стэнагр. справаздача. Мн., 1934;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.

Р.​П.​Платонаў.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЯ́НАЎ Аляксандр Васілевіч (30.1.1888, Масква — 3.10.1937),

расійскі эканаміст-аграрнік, пісьменнік, мастацтвазнавец. Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1910), выкладаў у ім да 1930 (з 1918 праф.), а таксама ў Нар. ун-це імя А.​Л.​Шаняўскага (з 1911), у Камуніст. імя Свярдлова і ў Маскоўскім ун-тах. Заснавальнік (1915) і першы старшыня Цэнтр. т-ва льнаводаў. Нам. міністра земляробства ў Часовым урадзе (1917), старшыня савета Сельскасаюза (1919—20), чл. калегіі Наркамзема (1921—23). Дырэктар заснаванага ім НДІ с.-г. эканомікі і палітыкі (1922—28). У 1930 арыштаваны, у 1932 засуджаны на 5 гадоў папраўча-прац. лагераў, у 1937 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1987. Паводле Ч., у аснову агр. рэформы павінны быць пакладзены 2 прынцыпы: найб. прадукцыйнасці нар. працы, што прыкладаецца да зямлі, і дэмакратызацыі размеркавання нар. даходу. Адмаўляючы і капіталізм, і «дзяржаўны сацыялізм», і «анархісцкі камунізм», ён лічыў, што забяспечыць ажыццяўленне абодвух прынцыпаў можа толькі кааперацыя, і таму будучы аграрны лад павінен быць кааператыўным. Прапаноўваў разумна спалучаць стыхійнае развіццё нар.-гасп. жыцця з дзярж. і грамадскімі мерапрыемствамі, бо лічыў, што асновай агр. буд-ва павінна стаць кааператыўная сял. гаспадарка. На яго думку, у адрозненне ад прам-сці высокая ступень канцэнтрацыі с.-г. вытв-сці нерэнтабельная, таму пажадана развіваць дробную і сярэднюю сял. гаспадарку. Погляды Ч. і яго школы былі аб’яўлены немарксісцкімі, а ён абвінавачаны ў жаданні захаваць індывід. сял. гаспадарку і абароне інтарэсаў кулацтва. Асн. працы: «Кароткі курс кааперацыі» (1915), «Што такое аграрнае пытанне?» (1917), «Асноўныя ідэі і формы арганізацыі сялянскай кааперацыі» (1919), «Арганізацыя сялянскай гаспадаркі» (1925). Аўтар вершаў, аповесцей, п’ес, сцэнарыяў, даследаванняў па гісторыі Масквы. Чл. т-ва «Старая Масква» (1920), адзін з заснавальнікаў Рус. т-ва сяброў кнігі, удзельнік распрацоўкі экспазіцыі Камунальнага музея. Сабраў багатую калекцыю зах. гравюр, на аснове якой напісаў кнігу-даведнік «Старая заходняя гравюра» (1926).

Тв.:

Избр. произв. М., 1989;

Избр. повести. М., 1989;

Крестьянское хозяйство: Избр. труды. М., 1989;

Избр. труды. М., 1991.

Літ.:

Балязин В.Н. Профессор Александр Чаянов, 1888—1937. М., 1990;

Н.​Д.​Кондратьев, Н.​П.​Макаров, А.​В.​Чаянов, А.​Н.​Челинцев: Указ. лит. М., 1988.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)