збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.
М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.А.Белялюбскага, Дз.І.Жураўскага, С.В.Кербедза, Л.Ф.Нікалаі, Я.А.Патона, Р.П.Перадзерыя, Л.Дз.Праскуракова, Ф.С.Ясінскага; Э.Фрэйсінэ (Францыя), Р.Маяра (Швейцарыя) і інш.
Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.Г.Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст.Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).
Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р.Св. Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж. 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.Тэлфард, А.Дэрбі, Дж.Уілкінсан, Р.Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.Б.Альберці, Б.Аманаці, у Швейцарыі І.У.Грубенман, у ЗША В.Роблінг і яго сын Дж.А.Роблінг, Дж.Фінлей, на Украіне Я.А.Патон.
На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р.Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл.даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.
Літ.:
Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].
І.І.Леановіч, Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Карлаў мост у Празе. 1357.Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),
дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс.км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс.км²) у бас.р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3,8 млн.чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г.Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).
Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).
Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).
Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл.Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л.Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл.Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).
У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл.нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс.чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.
Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр.Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац.маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).
У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.Біеліч, Н.Гваздзенавіч, скульптар С.Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.Бацарыч, В.Дзімітрыевіч, І.Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).
У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя з 1918).
Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.Да арт.Боснія і Герцагавіна. І.Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ
Размешчана на ПдЗ краіны. Мяжуе на З з Польшчай, на Пд з Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,8 тыс.км². Нас. 1462,9 тыс.чал. (на 1.1.2004). Цэнтр — г. Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі; 20 гарадоў, у т. л. 3 абласнога падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Пінск; 9 гарадскіх пасёлкаў, 226 сельсаветаў, 2178 сельскіх населеных пунктаў. З 1996 дзейнічае свабодная эканам. зона «Брэст».
Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (85%), жывуць таксама рускія (8,7%), украінцы (3,8%), палякі (1,8%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 45 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 16,7 чал. на 1 км² (ад 26,5 чал. на 1 км² у Брэсцкім р-не да 11,8 чал. на 1 км² у Івацэвіцкім р-не). Гарадскога насельніцтва 62,6%. Найбольшыя гарады (тыс.чал., на 1.1. 2004): Брэст (298), Баранавічы (169), Пінск (131), Кобрын (51), Бяроза (30), Івацэвічы (24), Лунінец (24), Пружаны (20). На радыяцыйна забруджаных (у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) тэрыторыях у 155 населеных пунктах жывуць (2004) 148,3 тыс.чал. (10,1% насельніцтва вобласці).
Прамысловасць — вядучая галіна гаспадаркі, у якой занята 24,2% усіх працуючых. У шматгаліновай структуры прамысловасці паводле выпуску прадукцыі вылучаюцца (2003): харчовая (35%), машынабудаванне і металаапрацоўка (20%), лёгкая (11%), лясная і дрэваапрацоўчая (11%) галіны. У вобласці вырабляюць (2003) усе бел. электралямпы, быт. газавыя і электрычныя пліты, кампрэсары для быт. халадзільнікаў, больш за 88% агульнарэспубліканскай вытв-сці кавальска-прэсавага абсталявання, каля 38% дываноў і панчошна-шкарпэтачных вырабаў, каля 25% кансерваў, каўбас, 21% цукру-пяску, амаль 20% тканін, мяса, жывёльнага масла, гарэлкі, лікёра-гарэлачных і трыкатажных вырабаў. У 2003 выраблена 125 тыс.шт. электрарухавікоў, 538 тыс.шт.быт. газавых пліт, 151 млн.шт. асвятляльных электралямпаў, 324 тыс.м³ піламатэрыялаў, 40 тыс.м³’клеенай фанеры, больш за 2,5 млн.м² глазураваных керамічных плітак, 56 млн.м² тканін, каля 5 млн.шт. трыкатажных, 28 млн. пар панчошна-шкарпэтачных вырабаў, 2 млн.м² дываноў і дывановых вырабаў, 69 тыс.т мяса, 48 тыс.т каўбасных вырабаў, 13 тыс.т жывёльнага масла, 173 тыс.т цэльнамалочнай прадукцыі, 18 тыс.т сыру, 106 млн. умоўных слоікаў кансерваў, 151 тыс.т цукру-пяску. Прадукцыя прамысловасці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. На тэр. вобласці 339 прамысл. прадпрыемстваў, якія размешчаны больш чым у 100 населеных пунктах, каля 80% прамысл. прадукцыі прыпадае на гарады Брэст, Баранавічы, Пінск, Кобрын, Лунінец. Найбуйнейшыя прадпрыемствы: у электраэнергетыцы — Бярозаўская ДРЭС (2-я па магутнасці на Беларусі); у машынабудаванні — Адкрытыя акцыянерныя таварыствы (ААТ) «Брэсцкі электралямпавы завод», «Брэстгазаапарат», «Брэсцкі электрамеханічны завод», «Брэсцкі радыётэхнічны завод», «Брэсцкі машынабудаўнічы завод», «Баранавіцкі завод станкапрылад», «Завод гідраўлічнага машынабудавання» (Кобрын), Рэсп. унітарнае вытв. прадпрыемства (РУВП), «Завод Колератрон» (сродкі вылічальнай тэхнікі, прылады, паўправаднікі), Баранавіцкі станкабудаўнічы завод «Атлант», «Палессеэлектрамаш» (Лунінец), Рэсп. унітарнае прадпрыемства (РУП) «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод», закрытае акцыянернае таварыства (ЗАТ) «Амкадор-Пінск» (аўтамабілебудаванне, дарожнае машынабудаванне) і інш.; у дрэваапрацоўцы — ЗАТ «Пінскдрэў», ААТ «Івацэвічыдрэў», «Баранавічыдрэў» (мэбля, піламатэрыялы, драўнянастружкавыя пліты, фанера, запалкі), «Брэсцкая мэблевая фабрыка»; у прамысловасці буд. матэрыялаў — РУВП «Граніт» (друз, бутавы камень, абліцовачныя пліты) у р.п. Мікашэвічы (Лунінецкі р-н), заводы жалезабетонных вырабаў у Брэсце, Баранавічах, Пінску, Бярозе, ААТ «Брэсцкі КСМ», ВРУП «Бярозабудматэрыялы», «Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў»; у лёгкай прамысловасці — РУП «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне», ААТ «Дываны Брэста», РУП «Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе», «Брэсцкі панчошны камбінат», «Баранавіцкая трыкатажная фабрыка», абутковыя фабрыкі ў Брэсце, Баранавічах, Белаазерску; у харчовай прамысловасці — больш за 90 прадпрыемстваў мясной і мясакансервавай, малочнай і масласыраробнай, хлебапякарнай, крухмала-патачнай, цукровай, спіртагарэлачнай, плодаагародніннай і інш. вытворчасцей. Найб. з іх: мясакамбінаты ў Брэсце, Пінску, Кобрыне, мясакансервавыя — у Бярозе і Баранавічах, малочныя камбінаты ў Баранавічах, Брэсце, Пінску, Пружанах, сыраробны ў Бярозе, масласыраробныя заводы ў Кобрыне і Століне, цукровы завод у Жабінцы, камбінаты хлебапрадуктаў у Брэсце, Баранавічах, Пінску, лікёра-гарэлачны завод у Брэсце, кансервавыя заводы ў Брэсце, Высокім, Пінску, Пружанах, Кобрыне і інш.
Сельская гаспадарка. Большасць раёнаў вобласці спецыялізуецца на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і буракасеянні, толькі на ПнУ — на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, бульбаводстве і льнаводстве, на крайнім У — на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. У галіне занята 16,1% усіх працуючых. У 2003 у вобласці 329 с.-г. арганізацый (48% з іх стратныя), 527 фермерскіх гаспадарак. На с.-г. арганізацыі прыпадае 56,2% сельгаспрадукцыі, у 2003 яны выкарыстоўвалі 11,6 тыс. трактароў, 1,9 тыс. збожжаўборачных камбайнаў, 7,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. С.-г. ўгоддзі займаюць 44% тэрыторыі, у т. л. ворныя землі 25%, сенажаці і паша 18%. Асушаныя землі складаюць 46,6% усіх с.-г. зямель. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя, зернебабовыя, кармавыя культуры, павялічваюцца пасевы пшаніцы і трыцікале, рапсу (гл.табл.). Пад садамі і ягаднікамі 14 тыс.га. У жывёлагадоўлі вядучая роля належыць развядзенню буйной рагатай жывёлы.
На пач. 2004 у вобласці (тыс. галоў): буйной рагатай жывёлы 743 (у т. л. кароў 306), свіней 551, авечак і коз 29, коней 35, птушкі 4,5 млн. галоў. Ёсць зверагадоўчыя гаспадаркі (у Баранавічах і Пінску).
Транспарт. Найбольш развіты чыгуначны, аўтамабільны і трубаправодны віды транспарту. Па тэр. вобласці праходзіць транс’еўрапейскі (Крыцкі) калідор №2 (Берлін—Варшава—Брэст—Мінск—Масква—Ніжні Ноўгарад). На чыг. транспарт прыпадае (2002) 98% грузаабароту і 73% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання. Даўж. чыгунак 1066 км, па іх гушчыні (32,5 км на 1 тыс.км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Найважнейшыя чыгункі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Брэст—Гомель, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст; чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9,5 тыс.км (2003), асноўныя магістралі: Варшава—Брэст—Мінск—Масква, Брэст—Гомель. У межах вобласці суднаходныя рэкі Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы (з адгалінаваннямі), Ямал—Еўропа. У Брэсце і Пінску аэрапорты. Развіваюцца пагранічныя сацыяльна-эканам. сувязі з Польшчай і Украінай у рамках еўрарэгіёна «Буг».
Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 117 бальнічных устаноў на 16,4 тыс. ложкаў (112 на 10 тыс.ж.), 287 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 31,1 тыс. наведванняў за змену (212,3 наведванняў на 10 тыс.ж. за змену), 9 санаторыяў і пансіянатаў з лячэннем на 2 тыс. ложкаў, 34 базы і інш. арганізацый адпачынку на 2,8 тыс. ложкаў (найб. курорт Белае Возера, які ўключае санаторый «Бярэсце», турбазы). Працавала 5546 (37,9; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс.ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1518 (10,4) тэрапеўтаў, 722 (4,9) хірургі, 350 (4,5) акушэраў-гінеколагаў, 564 (21,5) педыятры, 176 (1,2) неўрапатолагаў, 176 (1,2) псіхіятраў, 232 (1,6) урачы санітарна-проціэпідэмічнай групы, 476 (3,4) стаматолагаў, 17 079 (116,8) чал. сярэдняга мед. персаналу.
Культура. На 1.1.2004 у вобласці 93 3 дзіцячыя дашкольныя ўстановы (54,6 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе было 725 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (216,9 тыс. вучняў), у т. л. 94 пачатковыя, 152 базавыя, 434 сярэднія, 23 гімназіі, 5 ліцэяў, 11 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 7 вячэрніх (зменных); 32 прафес.-тэхн. вучылішчы (22,7 тыс. навучэнцаў), 32 сярэднія спец.навуч. ўстановы (23,4 тыс. навучэнцаў), 4 ВНУ (тэхн. і імя А.С.Пушкіна ун-ты ў Брэсце, Баранавіцкі ун-т, Пінскі вышэйшы банкаўскі каледж; 7,4 тыс. студэнтаў). У вобласці 18 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (416 чал.), у т. л.Рэсп. унітарнае н.-д. і доследна-канструктарскае прадпрыемства «Навукова-тэхн. цэнтр», РУП «Брэсцкая дзярж.абл.с.-г. доследная станцыя», «Брэсцкі цэнтр навукова-тэхн. інфармацыі і інавацый», Рэсп. унітарнае навук.-тэхн. прадпрыемства «Тэхнамаш» і інш. На 1.1.2004 было 813 масавых бібліятэк (10 798 тыс.экз. кніг і часопісаў), 233 кінаўстаноўкі, 14 музеяў, у т. л. 2 гіст. (Брэсцкая крэпасць-герой, Кобрынскі ваенна-гістарычны), 9 краязнаўчых (Бел. Палесся ў Пінску, Брэсцкі, Столінскі і інш.), 2 мастацтвазнаўчыя (нар. творчасці ў в. Моталь), 1 прыродазнаўчанавук. (Белавежская пушча), 2 тэатры (абл. рускі драм. тэатр і абл. тэатр лялек у Брэсце), 756 устаноў клубнага тыпу.
У вобласці (на 1.1.2004) 3539 спарт. збудаванняў, у т. л. 39 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 5 манежаў, 1 спарт. збудаванне са штучным лёдам, 239 стралковых ціраў, 780 спарт. залаў, 33 плавальныя басейны.
Л.В.Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).
Табліца Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ
Размешчана на З краіны. Мяжуе на З з Польшчай, на Пн з Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25,1 тыс.км². Нас. 1146,1 тыс.чал. (на 1.1.2004). Цэнтр — г. Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі, 14 гарадоў, у т. л. 2 абласнога падпарадкавання — Гродна, Ліда; 18 гар. пасёлкаў, 189 сельсаветаў, 4380 сельскіх населеных пунктаў. З 2002 дзейнічае свабодная эканам. зона «Гроднаінвест».
Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (62,3%), палякі (24,8%), жывуць таксама рускія (10,1%), украінцы (1,8%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 46 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва — 15,9 чал. на 1 км² (ад 20,4 чал. на 1 км² у Лідскім р-не да 9,9 чал. на 1 км² у Свіслацкім). Гарадскога насельніцтва 65,2%. Найб. гарады (тыс.чал., на 1.1.2004): Гродна (315), Ліда (98), Слонім (52), Ваўкавыск (47), Смаргонь (37), Навагрудак (31), Масты (17). На радыяцыйна забруджаных (у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) тэрыторыях у 137 населеных пунктах жывуць 23,1 тыс.чал. (2% насельніцтва вобласці).
Прамысловасць — вядучая галіна гаспадаркі, у якой працуе 25% усяго занятага насельніцтва. Развіты харчовая (28,9% аб’ёму вырабляемай прамысл. прадукцыі; 2003), хім. і нафтахім. (24,3%), машынабудаванне і металаапрацоўка (13,4%), дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая (6,5%), лёгкая (5,6%), прамысловасць. У 2003 у вобласці выраблена (у % ад агульнарэспубліканскай вытв-сці): азотных угнаенняў 95,5, бульбаўборачных машын 100, паперы 26,9, цэменту 46,1, шыферу 61, будаўнічага шкла 100, гатунковага шклянога посуду 82,8, цвёрдых скураных вырабаў 82,8, мяса 20, каўбасных вырабаў 16,2, жывёльнага масла 17,9, сыроў тлустых 19,3, цукру-пяску 23,7, тытунёвых вырабаў 67,1. У вобласці працавалі 305 прамысл. прадпрыемстваў, якімі выраблена 602,6 тыс.т мінеральных угнаенняў, 124,4 тыс.т сінтэтычных смол і пластмас, 25,4 тыс.т лакафарбавых вырабаў, 510 шт. бульбаўборачных машын, 178 шт. мінітрактароў, 38,3 тыс.м³ фанеры, 18 тыс.т паперы, 26,3 тыс.т кардону, 1140,4 тыс.т цэменту, 68,9 млн. умоўных плітак шыферу, 105,5 млн.шт. умоўнай цэглы, 14,5 млн. пар панчошна-шкарпэтачных вырабаў, 1,6 млн. пар абутку, 76 тыс.т мяса, 31,7 тыс.т каўбасных вырабаў, 126,3 тыс.т цэльнамалочнай прадукцыі, 11,2 тыс.т масла жывёльнага, 10,2 тыс.т сыроў тлустых, 168,8 тыс.т цукру-пяску, 7 млрд.шт. папярос і цыгарэт. Больш за 53% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў Гродне і Лідзе. Важныя прамысл. цэнтры таксама Ваўкавыск, Скідзель, Слонім, Навагрудак, Смаргонь. Найб. прадпрыемствы: у хім. прамысловасці — ААТ «ГроднаАзот» (мінеральныя ўгнаенні, сінтэт. смолы і пластмасы), «ГроднаХімвалакно» (поліамідныя валокны і ніткі), «Лакафарба» (Ліда), «Скідзельскі завод медпрэпаратаў»; у машынабудаванні і металаапрацоўцы — ААТ «Белкард» (карданныя валы), «Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў», «Лідсельмаш» (бульбаўборачныя машыны і інш.с.-г. тэхніка), «Лідаграпраммаш» (зборка збожжаўборачных камбайнаў), «Лідскі завод электравырабаў», «Шчучынскі завод «Аўтапровад», РУВП «Радыёхваля» (Гродна), РУП «Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання», «Смаргонскі агрэгатны завод» (міні-трактары і інш.), «Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання», «Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання», «Навагрудскі завод газавай апаратуры» і інш.; у дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці — ААТ «Мастоўдрэў» (піламатэрыялы, фанера, драўнянастружкавыя пліты, мэбля), Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альбярцін», Гродзенскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне, кардонная фабрыка «Альхоўка» (Астравецкі р-н), Смаргонскі лесазавод; у прамысловасці буд. матэрыялаў — ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» (цэмент, шыфер, вапна і інш.) у Ваўкавыскім р-не, «Гроднажалезабетон», «Гродзенскі камбінат будматэрыялаў», «Смаргоньсілікатбетон», ВРУП «Лідабудканструкцыя»; у шкляной прамысловасці — РУВП «Гродзенскі шклозавод», РУП «Шклозавод «Нёман» (Лідскі р-н); у лёгкай прамысловасці — РУВП «Гронітэкс» (прадзільна-нітачная вытв-сць), швейна-гандлёвая фірма «Элод», СП панчошна-шкарпэтачная фабрыка «Контэ», РУП «Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне», ААТ «Гроднаабутак», «Гродзенская пальчаткавая фірма «Акцэнт», «Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка», «Лідская абутковая фабрыка», Навагрудская швейная фабрыка, працуюць 4 ільнозаводы. Харч. прамысловасць паводле аб’ёму вырабляемай прадукцыі займае 1-е месца ў прамысл. комплексе вобласці; дзейнічаюць 66 прадпрыемстваў харчасмакавай (63,5% аб’ёму харч. прадукцыі), масласыраробнай і малочнай (16,2%), мукамольнай, крупяной і камбікормавай (10,8%), мясной (6,8%) і інш. вытворчасцей. Найб. прадпрыемствы: ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат», Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Ашмянскі мясакамбінаты, «Гроднамалкамбінат», «Беллакт» (Ваўкавыск), «Шчучынскі масласырзавод», «Белкава» (Ашмяны), УП «Лідскі малочнакансервавы камбінат», «Сольскі агароднінасушыльны завод» (Смаргонскі р-н), «Лідахлебапрадукт», «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод», ААТ «Лідскае піва», «Гродзенскі піваварны завод», Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». У большасці гар. паселішчаў размешчаны невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, садавіны, агародніны, бульбы, хлебакамбінаты і інш.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 17% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытворчасці вобласць займае 1-е месца ў краіне. Большасць раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і буракасеянні, ва ўсх. і паўн. частках — на малочна-мясной жывёлагадоўлі і свінагадоўлі з развітым ільнаводствам і бульбаводствам. У вобласці (2003) 275 с.-г. арганізацый, 327 фермерскіх гаспадарак. На с.-г. арганізацыі прыпадае 58,7% усёй прадукцыі, у т. л. 47% прадукцыі раслінаводства і 68,1% — жывёлагадоўлі; яны выкарыстоўваюць 10,8 тыс. трактароў, 2 тыс. збожжаўборачных камбайнаў, 7,3 грузавых аўтамабіляў, С.-г. землі займаюць 51% тэр. вобласці, у т.л, ворныя — 33,4%, сенажаці і паша — 16,2%. У складзе с.-г. зямель 22,8% (292,1 тыс.га) асушаных. Пад садамі і ягаднікамі 12,3 тыс.га. У структуры с.-г. прадукцыі з сярэдзіны 1990-х г. пераважае прадукцыя раслінаводства; пры агульным скарачэнні пасяўных плошчаў (гл.табл.) значна выраслі пасевы пшаніцы, трыцікале, агародніны, павысілася ўраджайнасць збожжавых, лёну. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў; на 1.1.2004): буйной рагатай жывёлы 638,8 (у т. л. кароў 241,9), свіней 727,9, авечак і коз 16,7, птушкі 2,8 млн. галоў.
Транспарт. Агульная даўжыня чыг. ліній 652 км. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс (частка транс’еўрапейскага калідора №9В), Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўжыня аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,1 тыс.км (2003). Асноўныя магістралі: Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўжыня суднаходных шляхоў 57 км. Аэрапорт у Гродне. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы (Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна), газаправод Ямал—Еўропа. Развіваюцца памежныя сац.-эканам. сувязі вобласці з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 105 бальнічных устаноў на 13,2 тыс. ложкаў (115,1 на 10 тыс.ж.), 249 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 20,7 тыс. наведванняў за змену (180,2 наведванняў на 10 тыс.ж. за змену), 7 санаторыяў і пансіянатаў на 1,8 тыс. ложкаў, 8 санаторыяў-прафілакторыяў на 1 тыс. ложкаў, 22 базы і інш. арганізацый адпачынку на 2,6 тыс. ложкаў (найб. санаторыі — «Рось», «Парэчча», «Радон»). Працавала 5650 (49,3; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс.ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1678 (14,6) тэрапеўтаў, 724 (6,3) хірургі, 304 (5) акушэры-гінеколагі, 534 (27,5) педыятры, 176 (1,5) неўрапатолагаў, 197 (1,7) псіхіятраў, 190 (1,7) урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы, 386 (3,4) стаматолагаў, 13 463 (117,5) чал. сярэдняга мед. персаналу.
Культура. На 1.1.2004 у вобласці 503 дзіцячыя дашкольныя ўстановы (43,6 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе было 580 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (165,4 тыс. вучняў), у т. л. 53 пачатковыя, 166 базавых, 327 сярэдніх, 12 гімназій, 3 ліцэі, 15 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 4 вячэрнія (зменныя); 31 прафес.-тэхн. вучылішча (14,3 тыс. навучэнцаў), 23 сярэднія спец.навуч. ўстановы (17,9 тыс. навучэнцаў), 5 ВНУ (ун-ты: імя Я.Купалы, мед., аграрны; філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, вышэйшая духоўная семінарыя — усе ў Гродне; 21,3 тыс. студэнтаў). У вобласці 13 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (480 чал.), у т. л.навук. ўстановы «Ін-т біяхіміі», «Н.-д. цэнтр праблем рэсурсазберажэння», РУП «Гродзенскі н.-д. і праектны ін-т азотнай прамысловасці і прадуктаў арганічнага сінтэзу», «Гродзенскі занальны НДІ сельскай гаспадаркі», «Гродзенскі цэнтр навук.-тэхн. і дзелавой інфармацыі» і інш. На 1.1.2004 было 680 масавых бібліятэк (9934 тыс.экз. кніг і часопісаў), 256 кінаўстановак, 15 музеяў, у т. л. 4 гіст. (Бел.дзярж. музей гісторыі рэлігіі, гісторыка-археалагічны ў Гродне, Ваўкавыскі дзярж. ваенна-гіст. музей і інш.), 10 краязнаўчых (Ашмянскі, Лідскі, Слонімскі і інш., Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы), 1 літ. (дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку); 3 тэатры (абл.драм. рускі тэатр і абл. тэатр лялек — у Гродне, Слонімскі бел.драм. тэатр), філармонія, заапарк, 566 устаноў клубнага тыпу.
У вобласці (на 1.1.2004) 3133 спарт. збудаванні, у т. л. 23 стадыёны з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 4 манежы, 1 спарт. збудаванне са штучным лёдам, 134 стралковыя ціры, 518 спарт. залаў, 29 плавальных басейнаў.
Л.В.Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).
Табліца Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ
Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі краіны. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,9 тыс.км². Нас. 1503 тыс.чал. (без Мінска; на 1.1.2004). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі, 24 гарады, у т. л. 6 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк; 19 гар. пасёлкаў, 308 сельсаветаў, 5229 сельскіх населеных пунктаў.
Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (86,6%), жывуць таксама рускія (9%), палякі (1,9%), украінцы (1,6%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 38 чал. на 1 км² (з Мінскам 81 чал. на 1 км²), сельскага насельніцтва — 17,4 чал. на 1 км² ( ад 66,3 чал. на 1 км² у Мінскім р-не да 9 чал. на 1 км² у Бярэзінскім, Крупскім, Старадарожскім р-нах). Гарадскога насельніцтва (без Мінска) 53,8%. Найбольшыя гарады (тыс.чал.; на 1.1.2004): Барысаў (150), Салігорск (100), Маладзечна (98), Слуцк (62), Жодзіна (61), Вілейка (30), Дзяржынск (24), Мар’іна Горка (23).
Прамысловасць — асноўная галіна гаспадаркі, у якой занята 28,5% усіх працуючых; за 1991—2002 аб’ём прадукцыі павялічыўся на 36%. Прамысл. спецыялізацыю вобласці вызначаюць хім. і нафтахім. (29,7% абл. аб’ёму прамысл. прадукцыі), харчовая (24,2%), машынабудаванне і металаапрацоўка (19,5%), лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая (6,9%), лёгкая (5,5%) галіны. У 2003 у вобласці выраблена 4,2 млн.т калійных угнаенняў (100% агульнарэсп. аб’ёму), 209 металарэзных станкоў (4%), 745 грузавых аўтамабіляў (4,1%), 493,7 тыс.м³ піламатэрыялаў (21%), 21,1 млн.шт. трыкатажных вырабаў (52%), 391 тыс.т цукру-пяску (55%), 75 тыс.т мяса (20%), 13,2 тыс.т масла жывёльнага (21,1%), 72,1 млн. умоўных слоікаў кансерваў (17,1%), 9,2 тыс.т макаронных вырабаў (51,7%). Асноўны прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы, многія прадпрыемствы маюць вытворчыя сувязі з прамысловым комплексам Мінска. Вядучая галіна — хім. і нафтахім. прамысловасць — прадстаўлена найб. горнахім. РУП «ВА «Беларуськалій» (Салігорск), хіміка-фармацэўтычнымі прадпрыемствамі — РУП «Барысаўскі завод медпрэпаратаў», «Нясвіжскі завод медпрэпаратаў», СП «Фрэбар», ААТ «Гуматэхніка», «Паліміз», «Барбытхім» (Барысаў). Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: РУВП «Беларускі аўтамабільны завод» (кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 32 да 220 т), РУП «Кавальскі завод цяжкіх штамповак» (Жодзіна), РУВП «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», «Барысаўскі інструментальны завод», «Барысаўскі завод агрэгатаў», ААТ «Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання», РУП «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод», «Маладзечанскі радыёзавод «Спадарожнік», ААТ «Электрамодуль» (Маладзечна), оптыка-мех. РУП «Зеніт» (Вілейка); лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці: ААТ «Барысаўдрэў», «Барысаўскі дрэваапрацоўчы камбінат», «Лесахімік», папяровая фабрыка Дзяржзнака Беларусі (Барысаў), ААТ «Маладзечнамэбля». «Маладзечналес», «Буддэталі» (Вілейка), «Сіняўская мэблевая фабрыка», «Слуцкмэбля», «Пухавіцкая кардонная фабрыка», «Кардонная фабрыка «Раёўка» (Маладзечанскі р-н); прамысловасці буд. матэрыялаў: ААТ «Завод ЗЖБ» (Барысаў), «Забудова» (пас. Чысць), «Заслаўебудіндустрыя», «Салігорскпрамбуд», «Любанскі завод будаўнічых матэрыялаў», РУВП «Завод ЖБВ» (Маладзечна), РУП «Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый» і інш.; шкляной прамысловасці: ВРУП «Барысаўскі хрусталёвы завод», ААТ «Шклозавод Залессе» (Вілейскі р-н); лёгкай прамысловасці: трыкатажныя — ААТ «Світанак» (Жодзіна), «Купалінка» (Салігорск), швейныя — ААТ «Калінка» (Салігорск), «Швейная фірма «Юнона» (Маладзечна), «Барысаўская швейная фабрыка», «Дзяржынская швейная фабрыка «Эліз»; тэкстыльныя — ААТ «Слуцкая тэкстыльная фабрыка», «Дзяржынская тэкстыльная фабрыка»; маст. вырабаў — у Слуцку («Слуцкія паясы»), Барысаве, Маладзечне, СП «Смілавіцкі гарбарны завод», ААТ «Радашковіцкі керамічны завод» і інш. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў. Харчовая прамысловасць займае 2-е месца ў аб’ёме прамысл. прадукцыі, прадпрыемствы пашыраны ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках, найб. — ААТ «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат», «Гарадзейскі цукровы камбінат», мясакамбінаты ў Барысаве, Слуцку, Маладзечне, дзейнічаюць 14 буйных малочных камбінатаў і заводаў, 7 масла- і масласырзаводаў, больш за 25 хлебакамбінатаў і хлебазаводаў, 4 спіртзаводы, 3 піўзаводы, 4 крухмальныя заводы, ААТ «Слуцкая макаронная фабрыка» і «Барымак» (Барысаў), млынкамбінаты ў Барысаве, Маладзечне, Слуцку, кансервавыя заводы ў Барысаве, Слуцку, Клецку, Красным (Маладзечанскі р-н), плодаагароднінныя заводы ў Крупках, Стоўбцах, Старых Дарогах і інш.
Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах, у ёй занята 16,9% (2003) усіх працуючых. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, на ПдЗ — з пасевамі цукровых буракоў. У прыгарадных раёнах развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. У вобласці 496 сельгасарганізацый, 515 фермерскіх гаспадарак. С.-г. арганізацыі выкарыстоўвалі 13,9 тыс.шт. трактароў, 3,4 тыс.шт. збожжаўборачных камбайнаў, 9,1 тыс. грузавых аўтамабіляў. С.-г. землі займаюць 47,6% тэр. вобласці, у т. л. ворныя — 32,9%, сенажаці і паша — 14%. У складзе с.-г. зямель 31,3% (595,5 тыс.га) асушаных зямель. Пад пладовымі і ягаднымі культурамі 30,7 тыс.га. Аб’ём с.-г. прадукцыі за 1991—2002 скараціўся на 22,3%, з сярэдзіны 1990-х г. у яе структуры пераважае прадукцыя раслінаводства (52,7%). Павялічыліся плошчы пад збожжавымі (пшаніцай, трыцікале), рапсам, агароднінай, паменшыліся пад ільном і бульбай (гл.табл.).
Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак. Пагалоўе (тыс. галоў; на 1.1. 2004): буйной рагатай жывёлы 835 (у т. л. кароў 368), свіней 741, авечак і коз 21, птушкі 8 млн. галоў, што ў адносінах да 1990 складае 55%, 67%, 60%, 18%, 61% адпаведна.
Транспарт. Агульная даўжыня чыг. лініі 881 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст—Варшава (частка транс’еўрапейскага калідора №2), Вільнюс—Мінск—Гомель (частка транс’еўрапейскага калідора №9В), Асіповічы—Слуцк—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк. Чыг. вузлы: Мінск, Маладзечна. Даўжыня аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 16,6 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Еўропа.
Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 138 бальнічных устаноў на 15,8 тыс. ложкаў (105,4 на 10 тыс.ж.), 314 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 28,9 тыс. наведванняў за змену (192,6 наведванняў на 10 тыс.ж. за змену), 26 санаторыяў і пансіянатаў з лячэннем на 7,2 тыс. ложкаў, 24 санаторыі-прафілакторыі на 3,1 тыс. ложкаў, 28 баз і інш. арганізацый адпачынку на 3,9 тыс. ложкаў (найб. курорты: Нарач, які ўключае санаторыі «Нарач», «Белая Русь», «Будаўнік», «Прыазёрны», «Сосны» санаторый-прафілакторый «Баравое», дамы адпачынку «Нарач», «Звязда», тургасцініцу «Нарач» і інш.; Ждановічы з санаторыямі «Крыніца», «Беларусь» і інш.). Працавала 4907 (32,6; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс.ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1254 (8,3) тэрапеўты, 628 (4,2) хірургаў, 273 (3,4) акушэры-гінеколагі, 494 (20,2) педыятры, 156 (1) неўрапатолагаў, 109 (0,7) псіхіятраў, 244 (1,6) урачы санітарна-проціэпідэмічнай групы, 551 (3,7) стаматолаг, 15 646 (104,1) чал. сярэдняга мед. персаналу.
Культура. На 1.1.2004 у вобласці 719 дзіцячых дашкольных устаноў (751,4 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе 816 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (208,9 тыс. вучняў), у т. л. 63 пачатковыя, 166 базавых, 531 сярэдняя, 23 гімназіі, 3 ліцэі, 10 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 19 вячэрніх (зменных); 31 прафес.-тэхн. вучылішча (18,1 тыс. навучэнцаў), 20 сярэдніх спец.навуч. устаноў (17,6 тыс. навучэнцаў). У вобласці 15 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (1877 чал.), у т. л. РУП «Бел.НДІ земляробства і кармоў», «Бел.НДІ бульбаводства», «Ін-т пладаводства» ў в. Самахвалавічы, «Ін-т жывёлагадоўлі» ў г. Жодзіна, Рэсп.н.-д. унітарныя прадпрыемствы «Ін-т аховы раслін» у в. Прылукі, «Ін-т эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага» ў в. Кунцаўшчына і інш.). На 1.1.2004 дзейнічалі 921 масавая бібліятэка (10 03 6 тыс.экз.), 623 кінаўстаноўкі, 18 музеяў, у т. л. 7 гіст. (мемарыяльны комплекс Хатынь, Мядзельскі, Любанскі нар. славы і інш.), 11 краязнаўчых (Мінскі абл. краязнаўчы ў г. Маладзечна, Капыльскі, Пухавіцкі, Слуцкі і інш. краязнаўчыя, Барысаўскі аб’яднаны музей); 2 тэатры (абл.драм. тэатр і абл. тэатр лялек «Батлейка» ў Маладзечне), 850 устаноў клубнага тыпу.
У вобласці (1.1.2004) 2090 спарт. збудаванняў (найб. — спарт. комплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы»), у т. л. 38 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 6 манежаў, 155 стралковых ціраў, 783 спарт. залы, 27 плавальных басейнаў.
Л.В.Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).
Табліца Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км². Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км²тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн.шт.), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс.т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах.Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т. л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСПАРТ
Транспартная сістэма. На Беларусі развіты практычна ўсе віды сучаснага транспарту — чыгуначны, аўтамабільны, паветраны, рачны (унутр. водны), трубаправодны, гарадскі электрычны (гл. карту). Як адна з эканам. падсістэм нар.-гасп. комплексу ён служыць матэрыяльнай базай вытворчых сувязей паміж асобнымі рэгіёнамі ўнутры краіны і за яе межамі для абмену таварамі, выступае як фактар, які арганізуе агульную эканам. прастору і забяспечвае далейшую рэалізацыю тэр. падзелу працы. Транспарт агульнага карыстання задавальняе патрэбы ўсіх галін эканомікі і насельніцтва ў перавозках грузаў і пасажыраў, перамяшчае розныя віды прадукцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі, ажыццяўляе агульнадаступнае транспартнае абслугоўванне насельніцтва. Транспарт неагульнага карыстання (ведамасны) прызначаны, як правіла, для перавозак грузаў і пасажыраў свайго прадпрыемства, аб’яднання (асацыяцыі, канцэрна і г.д.).
У структуры трансп. комплексу рэспублікі ёсць прамысл. прадпрыемствы, якія забяспечваюць функцыянаванне аўтамаб., воднага, паветранага і чыг. транспарту. Дзейнасць такіх прадпрыемстваў накіравана на буд-ва і рамонт рачных суднаў і суднаў прыбярэжнага (рака—мора) плавання, рамонт рухомага саставу аўтамаб. і паветранага транспарту, выраб запасных частак, тэхнал. абсталявання і спецыялізаванага рухомага саставу аўтамаб. транспарту, а таксама на буд-вапрамысл., жыллёва-грамадз., грамадскіх і культ.-быт. памяшканняў, новых чыг. і пад’язных пуцей, рэканструкцыю чыг. станцый і вузлоў, электрыфікацыю чыг. магістралей.
Развіццё транспарту цесна звязана з агульнай дынамікай вытворчасці, яе галіновай і тэр. структурай, тэмпамі і прапорцыямі сац.-эканам. развіцця краіны. Паказчыкі аб’ёму перавозак грузаў і пасажыраў, груза- і пасажыраабароту разглядаюцца як асн. ўскосныя крытэрыі ацэнкі стану эканомікі краіны.
Транспартную сетку Беларусі ўтвараюць 5522 кмчыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных; 81,2 тыс.кмаўтамаб. дарог, у т. л. 70,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 102,1 км трамвайных, 489,5 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній; 6,7 тыс.км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс.км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў; сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на транспарт прыпадала 9,5%. У 2003 аб’ём перавозак грузаў на ўсіх відах транспарту агульнага карыстання склаў 321,5 млн.т, пасажыраў — 2718,8 млн.чал. У параўнанні з 1990 ён значна скараціўся, але з 1995 назіраецца тэндэнцыя росту гэтых паказчыкаў на чыг. транспарце. У параўнанні з 1995 павялічыліся перавозкі пасажыраў аўтобусным, тралейбусным, трамвайным і метрапалітэнным транспартам. У 2003 на транспарце працавала 285 тыс.чал., або 6,6% усіх занятых у эканоміцы (асн. паказчыкі дзейнасці транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл. 1—5).
Чыгуначны транспарт. Першай чыгункай (участак даўж. 53 км), якая прайшла па тэр. Беларусі (праз Гродна), была Пецярбургска-Варшаўская, пабудаваная ў 1862. У 1866 адкрыты рух на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 260 км. У 1870-я г. пабудавана найважнейшая ў эканам. і ваен. адносінах Маскоўска-Брэсцкая магістраль, якая перасекла тэр. Беларусі з усходу на захад; участак Смаленск—Орша—Баранавічы—Брэст склаў 636 км. У 1871—74 здадзены ў эксплуатацыю Лібава-Роменская магістраль праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін; працягласць лініі на тэр. Беларусі 550 км. У 1873 праз Брэст і Ковель на Кіеў прайшла Прывіслінская чыгунка; на тэр. Беларусі яе даўжыня 64 км. Пабудаваная ў 1882 чыгунка Пінск—Жлобін злучыла палескія чыгункі з Маскоўска-Брэсцкай магістраллю, а чыгунка Лунінец—Гомель (1886) — з Любава-Роменскай. У тым жа годзе скончана буд-ва чыгункі Беласток—Баранавічы. У 1877 здадзена ў эксплуатацыю лінія Гомель—Бранск, а ў 1896 — Асіповічы—Старыя Дарогі. У 1902 чыгуначная сетка на тэр. Беларусі склала 2752 км.
У пач. 20 ст. чыгункі Беларусі складалі 8% чыг. сеткі еўрап. часткі Расіі, у той час як яе тэр. — 9,9%. Па гушчыні чыгунак яна займала адно з першых месц у Расіі. Узніклі буйныя чыг. вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Жлобін, Лунінец, Брэст, Баранавічы і інш. З 1890 па 1900 аб’ём перавозак па чыгунках Беларусі павялічыўся амаль у 2 разы, у т. л. хлебных грузаў — у 2,7, а лясных матэрыялаў — у 12 разоў. У 1913 працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс.км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У перыяд 1-й сусв. вайны ўсе абаронныя прадпрыемствы і чыг. транспарт пераведзены на ваеннае становішча, праводзілася рэканструкцыя старых чыгунак і будаваліся новыя — уздоўж лініі фронту. У 1920—30-я г. пабудаваны чыгункі Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк і інш. У 1940 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак агульнага карыстання склала 5,74 тыс.км і ў параўнанні з 1913 вырасла на 1,93 тыс.км Пабудаваны новыя чыг. лініі: Камунары—Орша, Гомель—Чарнігаў, Асіповічы—Магілёў. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, пабудавана чыг. ветка Варапаева—Друя даўжынёй 89 км. Да канца 1945 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак складала больш за 5 тыс.км, або амаль 87% даваеннага ўзроўню.
У сярэдзіне 1980-х г. сетка чыгунак на Беларусі склала больш за 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км было электрыфікавана. Больш стала перавозіцца грузаў у кантэйнерах і пакетах, шырэй укаранялася аўтаматыка і тэлемеханіка. Гал. ролю адыгрывала чыгунка Масква—Мінск—Брэст. Важнымі таксама былі дарогі Бахмач—Гомель—Мінск—Маладзечна—Вільнюс—Ленінград—Мінск, Ленінград—Віцебск—Магілёў—Кіеў, Вільнюс—Баранавічы—Роўна, Гомель—Брэст і інш. Былі электрыфікаваны чыгункі Мінск—Барысаў—Орша, Мінск—Пухавічы, Мінск—Стоўбцы і інш.
Бел. чыгунка зручна злучаецца з чыг. сеткай прыбалт. дзяржаў, з краінамі СНД, Зах. Еўропы (праз Польшчу).
Праз Беларусь праходзіць самы кароткі шлях, што злучае Цэнтр. Расію з Калінінградскай вобл. (лінія Масква—Мінск—Маладзечна—Літва—Калінінград). Чыг. шляхі агульнага карыстання рэспублікі маюць працягласць 5,5 тыс.км, у т. л. двухпутныя — 1,6 тыс.км (28,5%), з якіх больш за палавіну (0,864 тыс.км) электрыфікаваны па напрамках Брэст—Краснае, Мінск—Маладзечна, Мінск—Асіповічы. Удзельная вага электрычнай цягі ў агульным аб’ёме чыг. транспарту складае 37,2%, тады як у Швейцарыі яна раўняецца 99%, Швецыі — 95, Польшчы — 78,6, Германіі — 87,6, Балгарыі — 82,5, Фінляндыі — 52,4, Бельгіі — 52,6, Вялікабрытаніі — 55, Венгрыі — 61, Грузіі і Арменіі — 100%. На 1.1.2002 працягласць электрыфікаваных ліній на Беларусі складала 16,2% эксплуатацыйнай даўжыні (у Балгарыі — 63,1, Польшчы — 58,8, Германіі — 49,5, Францыі — 44,9, Вялікабрытаніі — 30,4%). Шчыльнасць чыгунак 26,7 км на 1000 кмтэр. краіны, што дазваляе забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне яе эканомікі. Разгалінаванасцю чыг. сеткі забяспечаны доступ каля 40% населеных пунктаў краіны да чыг. станцый. Доля такіх населеных пунктаў у Магілёўскай вобл. складае 50%, у Гродзенскай — 21%. Аднак шэраг гарадоў размешчаны ад бліжэйшай чыг. станцыі на адлегласці, якая перавышае гадзінную даступнасць — 30 км (Расоны, Ушачы, Сураж, Бягомль, Слаўгарад, Краснаполле, Бялынічы, Лоеў, Лельчыцы, Карма і інш.). Тэхн. аснашчанасць Бел. чыгункі па асн. параметрах адпавядае еўрастандарту: 30% эксплуатацыйнай даўжыні чыг. шляхоў складаюць двухпутныя лініі, 67% агульнай эксплуатацыйнай даўжыні чыгункі абсталявана аўтаблакіроўкай, з якіх 58,5% — дыспетчарскай цэнтралізацыяй, 34% — паўаўтам. блакіроўкай, 97,7% стрэлак уключана ў электрычную цэнтралізацыю, а 4,1 тыс.км абсталяваны ўстройствамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі, маецца 7 механізаваных сартавальных горак.
У склад Бел. чыгункі ўваходзіць 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў), якія аб’ядноўваюць 384 буйныя і малыя станцыі, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 14 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння, а таксама інш. прадпрыемствы. Бел. чыгунка з’яўляецца членам міжурадавай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (з 1992) і Савета па чыг. транспарце дзяржаў СНД і краін Балтыі (з 1992).
Аўтамабільны транспарт. На Беларусі ўзнік у канцы 1920-х г. У 1933 аўтапарк меў 906 аўтамашын, у т. л. 627 грузавых. У 1940 толькі ва ўсх. абласцях Беларусі колькасць грузавых аўтамабіляў павялічылася ў 37,5 раза ў параўнанні з 1928 і склала 23 512. Працягласць аўтамаб. дарог з цвёрдым пакрыццём за даваенныя гады ў параўнанні з 1913 вырасла ў 3,2 раза і склала 11,2 тыс.км. У 1990 эксплуатацыйная даўжыня аўтадарог агульнага карыстання склала 46,9 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 46,3 тыс.км. Аб’ём перавозак грузаў у параўнанні з 1975 павялічыўся на 74,1%, пасажыраў аўтобусамі — амаль у 2 разы. Удзельная вага грузаабароту аўтамаб. транспарту склала 22,4% ад агульнага аб’ёму грузаабароту ўсіх відаў транспарту, пасажыраабароту — 46,4% ад яго агульнага аб’ёму.
Сярод развітых у дарожных адносінах краін Еўропы Беларусь займае 15-е месца па шчыльнасці дарог агульнага карыстання і 12-е месца па іх працягласці на 1000 жыхароў. Вядучае месца ў дарожнай сетцы займаюць дарогі рэсп. значэння, іх працягласць каля 20 тыс.км. На дарогах агульнага карыстання маецца каля 5 тыс. мастоў і пуцеправодаў. У 2002 парк рухомага саставу агульнага карыстання і таго, што знаходзіцца ў асабістай уласнасці, складаў каля 21 тыс. аўтобусаў, 64 тыс. грузавых аўтамабіляў і 1468 тыс. легкавых аўтамабіляў усіх форм уласнасці. Доля аўтамаб. транспарту ў агульным тавараабароце (без газаправоднага) склала 9,1% (2000). Пасажырскімі перавозкамі ахоплена больш за 100 буйных населеных пунктаў, у 9 з іх акрамя аўтамаб. выкарыстоўваецца электрычны транспарт. У краіне арганізаваны 732 гарадскія рэгулярныя аўтобусныя маршруты, 2585 прыгарадных маршрутаў, 526 міжгародніх і 82 міжнар. маршруты.
Агульная працягласць маршрутнай сеткі складае каля 240 тыс.км. Аўтамаб. перавозкі забяспечваюць перамяшчэнне больш чым 79% грузаў ад іх агульнага аб’ёму. Перавозкі пасажыраў аўтобусным транспартам складаюць больш за 1500 млн. чалавек за год, або 55% ад усіх перавозак транспартам агульнага карыстання. Усяго пасажырскім аўтамаб. транспартам агульнага карыстання перавозіцца амаль у 9 разоў больш пасажыраў, чым чыг. транспартам. Галоўным чынам гэта перавозкі аўтобусамі на гар. і прыгарадных маршрутах. Па пасажыраабароце аўтамаб. транспарт саступае чыгуначнаму, які перавозіць пасажыраў на вял. адлегласці па міжнар., мясц. і прыгарадных маршрутах.
У міжнар. аўтобусных зносінах нац. транспарт прадстаўлены маршрутамі: Гомель—Брэмен, Мінск—Беласток, Мінск—Варшава, Мінск—Вільнюс, Мінск—Рыга, Мінск—Тбілісі. Транспартныя перавозкі пасажыраў ажыццяўляюцца транспартам Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Румыніі і інш. У 2001 бел. перавозчыкамі выканана 465,5 тыс. паездак у 38 краін, у т. л. 52,5% паездак у 26 краін Еўропы, 41,4% — у 9 краін СНД і 6,1% — у 3 краіны Балтыі; каля 90% паездак прыпадае на 6 краін: Расію, Польшчу, Германію, Літву, Украіну і Нідэрланды. Павелічэнню аб’ёмаў міжнар. перавозак садзейнічаюць заключаныя Рэспублікай Беларусь з дзяржавамі Зах. і Усх. Еўропы міжурадавыя пагадненні аб міжнар.аўтамаб. зносінах, а таксама яе ўдзел у рабоце Еўрап. канферэнцыі міністраў транспарту. З 1998 павялічваюцца паездкі бел. перавозчыкаў у краіны Сярэдняй Азіі і ў Грузію. Паступова пачынаюць асвойвацца трансп. рынкі краін Паўн. і Паўн.-Зах. Еўропы (Вялікабрытанія, Фінляндыя, Швецыя), краін Балканскага паўвострава (Грэцыя, Македонія, Харватыя, Сербія і Чарнагорыя). Рост экспарту трансп. паслуг і павелічэнне колькасці транзітных паездак замежных грамадзян па тэр. Рэспублікі Беларусь садзейнічае развіццю прыгранічнай інфраструктуры, стварэнню сервіснай сеткі аўтастаянак, аўтазаправачных станцый, гасцініц і кафэ.
Рачны транспарт. Плямёны, што жылі на тэр. Беларусі, здаўна карысталіся воднымі шляхамі для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па Дняпры і Зах. Дзвіне праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеслав. землі паміж сабой Вялікі водны шлях, які праходзіў праз землі Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў, садзейнічаў іх эканам. развіццю. Водным шляхам з Беларусі ў Расію вывозілі лён, пяньку, мёд, воск, на Украіну — лес і прадукты лясной гаспадаркі, а ў адваротным напрамку везлі пшаніцу, тытунь, жывёлу. Акрамя гал. воднага шляху ў напрамку поўдзень—поўнач па Дняпры і Зах. Дзвіне існавалі яго адгалінаванні на захад па прытоках Дняпра — Бярэзіне і Прыпяці — да Нёмана і Буга, паміж імі таксама былі волакі. Выкарыстоўваліся і водныя шляхі мясц. значэння, што праходзілі па шматлікіх рэках і іх прытоках. З цягам часу волакі станавіліся асновай сухапутных шляхоў, якія звязвалі гарады паміж сабой і з навакольнымі сёламі Рачны транспарт быў найб. танным сродкам гандл. сувязей. У 2-й пал. суднаходства па рэках Беларусі набыло далейшае развіццё ў сувязі з выкарыстаннем Агінскага канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1797 пачалося буд-ва Бярэзінскага канала, які злучыў басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. Па Прыпяці і Зах. Бугу ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны на Беларусі пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У міжваенны перыяд уведзена ў дзеянне Дняпроўска-Дзвінскае рачное параходства, пабудаваны Гомельскі рачны порт, рэканструяваны шэраг партоў і прыстаней на Дняпры, Зах. Дзвіне, Прыпяці, Бярэзіне, адкрыты пасажырскі маршрут Гомель—Кіеў. За 7 мес 1940 быў адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал працягласцю 202 км, праведзена значная работа па паляпшэнні суднаходства па Нёмане. Паравыя судны замяняліся газагенератарнымі, рачны флот папоўніўся значнай колькасцю маторных суднаў, самаходных баржаў і буксірных параходаў. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 рачны транспарт адноўлены Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад Прыпяці да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н).
Рачны транспарт забяспечвае перавозкі грузаў і пасажыраў на ўнутр. водных шляхах працягласцю каля 2000 км у прырэчныя пункты і перапрацоўку грузаў у 10 рачных партах, размешчаных у басейнах усіх суднаходных рэк Рэспублікі Беларусь: Прыпяць, Дняпро, Сож, Бярэзіна, Нёман, Зах. Дзвіна. Суднаходнымі шляхамі Беларусь звязана з усімі памежнымі з ёй краінамі. Найб. значэнне ў перавозках грузаў і пасажыраў маюць рэкі Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Зах. Дзвіна, Нёман, а таксама Дняпроўска-Бугскі канал. Па сваіх магчымасцях інтэграцыі ў сусв. транспартную суднаходную сетку маюць камерцыйнае значэнне толькі рэкі Прыпяць і Дняпро, якія дазваляюць выконваць перавозку экспартна-імпартных грузаў (калійныя ўгнаенні, кухонная соль, руда, вугаль, сапрапель) у прыдунайскія краіны і чарнаморскія парты. Ізаляванасць басейнаў і адсутнасць паміж імі штучных водных злучэнняў неспрыяльна ўплываюць на арганізацыю камерцыйнай дзейнасці і робяць рачныя перавозкі менш эфектыўнымі (па манеўранасці, хуткасці), чым перавозкі інш. відамі транспарту.
Агульная працягласць эксплуатацыйных водных шляхоў Беларусі менш за 2 тыс.км. Яны поўнасцю выкарыстоўваюцца для суднаходства транспартам агульнага карыстання на працягу ўсёй навігацыі. Па габарытах суднавога ходу каля 700 км водных шляхоў адносяцца да магістральных участкаў рэк; астатнія ўчасткі рэк з прытокамі адносяцца да малых рэк. Рэгулярнае кругласутачнае суднаходства ажыццяўляецца па водных шляхах з асвятляльнымі і святлоадбівальнымі знакамі навігацыйнага абсталявання працягласцю менш за 500 км. Дзейнічаюць рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот рачнога транспарту прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе» і інш.
У агульным пасажыраабароце Рэспублікі Беларусь унутр. водны транспарт займае апошняе месца. За 1990—2001 яго пасажыраабарот знізіўся з 29,5 да 1,9 млн. пасажыраў. Асн. фактарамі, якія стрымліваюць нарошчванне аб’ёмаў перавозак рачным транспартам, з’яўляюцца недастатковыя габарыты суднавога ходу і ступеньчатасць яго глыбінь. Асабліва характэрна ваганне гарантаваных глыбінь для асн. рачной транспартнай магістралі рэспублікі — Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, па якім выконваецца больш як 70% грузаабароту.
Паветраны транспарт. Першая трансп. авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр адкрыта ў 1932 (курсіравалі 3 самалёты По-2, пераважна вазілі пошту). У 1933 адкрыты Мінскі аэрапорт. У 1934 урад Беларусі зацвердзіў сетку мясц. паветраных ліній: Мінск—Старыя Дарогі—Глуск—Парычы—Азарычы—Мазыр—Нароўля—Хойнікі—Брагін—Камарын—Лоеў—Рэчыца—Гомель—Мінск; Гомель—Чачэрск—Карма—Журавічы—Клімавічы—Хоцімск—Касцюковічы—Краснаполле—Гомель; Мінск—Халопенічы—Сянно—Бешанковічы—Віцебск—Полацк—Ушачы—Лепель—Мінск; Мінск—Горкі—Чавусы—Мінск. У ліп. 1936 пачаліся рэгулярныя паштова-пасажырскія паветраныя зносіны паміж Мінскам і Масквой. У 1940 здадзены ў эксплуатацыю аэрапорты ў Баранавічах, Бабруйску, Вілейцы, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Пінску і інш.; створана Бел. авіягрупа Грамадз. паветранага флоту, якая ажыццяўляла перавозку 3851 пасажыра і 337,9 т пошты. У 1944 пабудаваны аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі ў Баранавічах, Давыд-Гарадку, Століне, Івянцы, Карэлічах, Клецку, Нясвіжы і інш. Да канца 1945 адноўлены ўсе даваенныя паветраныя лініі. За 1970—85 грузаабарот і перавозкі пасажыраў паветраным транспартам павялічыліся ў 3 разы. Авіяцыя ўсё часцей стала выкарыстоўвацца ў лясной і сельскай гаспадарцы, аб’ём авіяхім. работ павялічыўся з 1,8 млн.га у 1970 да 5,8 млн.га у 1985. У гэтыя гады авіясувязь устаноўлена з усімі абл. цэнтрамі Беларусі і большай часткай раённых цэнтраў, з большасцю буйных гарадоў СССР.
Па аб’ёмах перавозак грузаў і пошты паветраны транспарт Беларусі займае 7-е месца, а па колькасці пасажыраў — 9-е сярод краін СНД. Буйнейшым пасажырскім авіяперавозчыкам Беларусі з’яўляецца Нац. авіякампанія (НАК) «Белавія», якая ажыццяўляе каля 69% ад усяго аб’ёму пасажырскіх перавозак на паветраных лініях. Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі паветранага транспарту, якая аб’ядноўвае больш як 200 авіякампаній свету. Сярод партнёраў «Белавіі» — авіякампаніі «Аэрафлот» (Расія), «Люфтганза» (Германія), «ЛОТ» (Польшча), «Аўстрыйскія авіялініі», «Аэр-Лінгус» (Ірландыя) і інш. Рэспубліка Беларусь падпісала 32 міждзярж. пагадненні аб паветраных зносінах. Паміж авіяцыйнымі адміністрацыямі Беларусі і Расіі дасягнуты дамоўленасці па пытаннях сумеснай тарыфнай палітыкі, падрыхтоўкі спецыялістаў па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, узаемным прызнанні пасведчанняў, сертыфікатаў і інш. дакументаў. У якасці каардынуючага органа ў галіне паветранага транспарту створаны Савет грамадз. авіяцыі Беларусі і Расіі.
Рэспубліка Беларусь валодае сеткай аэрапортаў, з якіх пракладзены авіямагістралі ў 30 гарадоў СНД, а з міжнар. аэрапорта «Мінск-2» выконваюцца рэйсы ў шэраг гарадоў Еўропы (Мюнхен, Франкфурт-на-Майне, Берлін, Вена, Варшава і інш.), Азіі (Пекін, Тэль-Авіў і інш.) і Амерыкі (Нью-Йорк). Павялічваецца доля замежных авіякампаній у асваенні міжнар. авіяліній рэспублікі; яны выконваюць пастаянныя рэйсы ў аэрапорт «Мінск-2» з Варшавы, Франкфурта-на-Майне, Цюрыха, Берліна, Мюнхена, Вены і Гамбурга.
Трубаправодны транспарт. На тэр. Беларусі функцыянуюць магістральныя трубаправоды па перапампоўванні прыроднага газу, нафты, бензіну і дызельнага паліва. Магістральныя трубаправоды, якія забяспечваюць перапампоўванне нафты, маюць працягласць 3 тыс.км, прыроднага газу — 6,7 тыс.км і нафтапрадуктаў — 1,2 тыс.км (2002). Транспарціроўку нафты і прыроднага газу для патрэб эканомікі Рэспублікі Беларусь і інш. краін ажыццяўляюць гомельскія і наваполацкія прадпрыемствы транспарту нафты «Дружба» і дзярж. прадпрыемства «Белтрансгаз». Працягласць магістральных нафтаправодаў у аднанітачным вылічэнні складае па гомельскім прадпрыемстве 1,8 тыс.км, па наваполацкім — 1,1 тыс.км (2002).
Першы нафтаправод ад здабыўных раёнаў Паволжа прайшоў праз Мічурынск і Унечу на Крычаў—Оршу—Полацк і далей у Прыбалтыйскі эканам. раён да Вентспілса. Другая лінія прайшла праз Мазыр да Брэста і далей у Польшчу і Германію; ад Мазыра яго галіна ідзе на паўд. захад праз Ельскі р-н у Валынскую вобл. Украіны і далей за мяжу. Гэтая вял. «нафтавая рака» атрымала назву нафтаправод «Дружба»; яго працягласць 5 тыс.км (найбуйнейшы ў свеце) пры дыяметры труб 1020 мм. Гэты нафтаправод пабудаваны ў 1960. Другая лінія нафтаправода з дыяметрам труб 1220 мм пабудавана у 1972—75. Нафтаправод «Дружба» забяспечвае сырой нафтай полацкі, мазырскі, мяжэйкяйскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Транзіт сырой нафты ажыццяўляецца па напрамках: гомельскае прадпрыемства — Адамава Застава (Расія) — Мазыр—Польшча—Германія з адгалінаваннем на Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, Адрыю (праз Броды); наваполацкае прадпрыемства — Сургут—Полацк з адгалінаваннямі на Наваполацк, Мажэйкяй (Літва), Вентспілс (Латвія).
У Рэспубліцы Беларусь функцыянуюць 3 магістральныя нафтапрадуктаправоды, па якіх ажыццяўляецца перапампоўванне дызельнага паліва і бензіну: Унеча—Полацк, Унеча—зах. граніца, Наваполацк—Мінск (Фаніпаль). Першыя 2 нафтапрадуктаправоды праходзяць у адных калідорах з нафтаправодам і выконваюць пераважна транзітнае перапампоўванне нафтапрадуктаў па-за межы Беларусі. Агульная даўжыня нафтапрадуктаправодаў складае 913 км, гадавая магутнасць іх перапампоўвання — 90 млн. тон. Нязначная колькасць нафтапрадуктаў (менш за 1 млн.т) перапампоўваецца па нафтапрадуктаправодзе Наваполацк—Мінск, астатняя колькасць — транзітнае перапампоўванне. Даўжыня адводаў ад магістральных нафтапрадуктаправодаў да прадпрыемстваў нафтапрадуктазабеспячэння рэспублікі — каля 70 км. На прадуктаправодах размешчаны 4 перапамповачныя станцыі і 2 наліўныя пункты. Паводле Пагаднення Рэспублікі Беларусь і Рас. Федэрацыі (20.7.1992) нафтапрадуктаправоды застаюцца ва ўласнасці Рас. Федэрацыі.
Першы на Беларусі магістральны газаправод Дашава—Мінск працягласцю 666 км здадзены ў эксплуатацыю ў 1950. Гэта магістраль пракладзена ад газавага радовішча Дашава праз Львоў, Івацэвічы да Мінска. Пазней (1961) ад Івацэвіч газаправод прайшоў да Вільнюса з адгалінаваннем на Гродна і Брэст. У 1973 пабудавана газатранспартная сістэма Таржок—Мінск—Івацэвічы. У 1994 здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Гомельскай абл. з выхадам на Украіну.
Транзіт рас. прыроднага газу ажыццяўляецца па наступных напрамках: на Украіну, Польшчу, Літву і Калінінградскую вобл. Працягласць разліковай даўжыні транзіту па напрамках складае: Украіна — 600,4 км, Польшча — 651,6 км, Літва, Калінінградская вобл. — 455 км. Транзіт ажыццяўляецца па сістэме магістральных газаправодаў Таржок—Мінск—Івацэвічы, Івацэвічы—Даліна, Івацэвічы—Слонім—Гродна, Мінск—Вільнюс, Мінск—Гомель, Кобрын—Брэст—Варшава, Ямал—Еўропа, Дашава—Мінск, Івацэвічы—Вільнюс—Рыга. У тым жа годзе здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Віцебскай абл. з выхадам на Украіну і краіны Зах.
Еўропы. На тэр. Беларусі завяршаецца буд-ва магістральнага газаправода Ямал—Еўропа, эксплуатацыя якога будзе ажыццяўляцца дзярж. прадпрыемствам «Белтрансгаз».
Доля трубаправоднага транспарту ў агульным грузаабароце Беларусі ў 2001 склала 49,4%, у т. л. нафтаправодаў — 39,8%. Па аб’ёме перапампоўвання і грузаабароце магістральных нафтаправодаў і нафтапрадуктаправодаў транспарт Беларусі займае трэцяе месца сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны).
Па аб’ёме перапампоўвання нафты магістральным трубаправодным транспартам Беларусь апярэджвае такія краіны, як Нідэрланды, Іспанія, Венгрыя, Аўстрыя, Польшча, Францыя, Чэхія, Швейцарыя.
Гарадскі электрычны транспарт. Будаўніцтва першых на Беларусі трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дае ў 1898 арганізаваны рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску трамвай пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1980. Тралейбусны транспарт дзейнічае ў Мінску (1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). У 1984 у Мінску пачаў дзейнічаць метрапалітэн, працягласць якога тады складала 8 км.
У 2003 працягласць трамвайных шляхоў складала 102,1 км, тралейбусных — 489,5 км, метрапалітэнных — 23,7 км (усе ў двухпутным вылічэнні).
Налічвалася 349 трамвайных вагонаў, 1758 тралейбусаў, 176 вагонаў метрапалітэна. Будуюцца новыя станцыі метро, пракладваюцца новыя лініі, падаўжаюцца саставы паяздоў. Перавезена пасажыраў тралейбусамі 614,8 млн.чал., што склала 2170 млн. пасажыра-кіламетраў; трамваямі — адпаведна 94,6 млн.чал. і 329 млн. пасажыра-кіламетраў, метрапалітэнам — 289,4 млн.чал. і 1939 млн. пасажыра-кіламетраў.
На долю гар. электрычнага транспарту прыпадае 17% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання, у т. л. трамвая — 1,6%, тралейбуса — 8,5%, метрапалітэна — 6,9%. Павелічэнне пасажыраабароту ў параўнанні з 1995 абумоўлена ростам колькасці насельніцтва буйных гарадоў і эканамічнасцю гэтага віду транспарту, а попыт на яго паслугі таксама абумоўлены рэгуляваннем тарыфаў на перавозкі, датаваннем перавозак з бюджэту (гл.табл. 1, 4—5).
Літ.:
Железнодорожная магистраль Беларуси. Мн., 1971;
Дегтев В.С. Крылья Белоруссии. Мн., 1973;
Лыч Л.М. Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР: (Верас. 1943—1970 гг.). Мн., 1976;
Развитие отраслей народного хозяйства Белоруссии: (Ист.-геогр очерки). Мн., 1978;
Кучевский Н.Г. Место и роль транспорта в народнохозяйственном комплексе страны // Бел. экономика: анализ, прогноз, регулирование. 1999. №4;
Яго ж. Транспорт Беларуси. Мн., 2003;
Яго ж. Тенденции развития рынка транспортных услуг // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2003. №3;
Автомобильные дороги Беларуси: Энцикл. Мн., 2002;
Сквозь облака и годы. Мн., 1993;
Транспорт и связь в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2002;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
М.Г.Кучэўскі, С.Ф.Дубянецкі.
Табліца 1 Эксплуатацыйная даўжыня шляхоў зносін Беларусі (на канец года, км)
1990
1995
2000
2002
2003
Чыгункі агульнага карыстання
5569
5564
5533
5533
5522
у т. л. электрыфікаваныя
890
894
894
894
894
Аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання — усяго, тыс.км
48,9
51,6
74,4
80,0
81,2
у т. л. з цвёрдым пакрыццём
46,3
50,8
66,2
69,3
70,2
Трамвайныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
100,5
100,5
100,5
101,7
102,1
Тралейбусныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
431,0
446,7
466,6
472,5
489,5
Метрапалітэнныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
15,7
18,5
21,9
23,7
23,7
Табліца 2 Перавозкі грузаў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.т)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
1251,8
424,6
316,4
307,1
321,5
у т. л.
чыгуначны
245,8
73,4
88,0
93,6
105,9
аўтамабільны (уключаючы ведамасны)
987,6
350,0
226,7
211,9
213,41
рачны
18,4
1,2
1,7
1,6
2,2
паветраны
0,03
0,02
0,00
0,01
0,01
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 3 Грузаабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. тона-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
99 634
35 242
42 214
45 355
46 251
у т. л.
чыгуначны
75 430
25 510
31 425
34 169
38 402
аўтамабільны
22 361
9539
9745
11 090
7655′
рачны
1805
133
26
59
160
паветраны (айч.)
38
60
18
37
34
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 4 Перавозкі пасажыраў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.чал.)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
3702,3
2207,2
2825,2
2775,4
2718,8
у т. л.
чыгуначны
147,2
141,1
162,5
148,0
137,0
аўтамабільны
2399,2
1305,0
1499,6
1499,8
1580,01
рачны
0,1
0,1
0,1
0,1
0,1
паветраны
2,2
0,4
0,2
0,2
0,3
тралейбусны
846,1
514,5
758,5
707,8
614,8
трамвайны
175,1
100,0
139,5
117,7
94,6
метрапалітэнны
101,6
136,0
258,2
298,0
289,4
таксаматорны
30,0
10,1
6,6
3,9
2,5
1 З 2003 уключае таксама перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Табліца 5 Пасажыраабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. пасажыра-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
42 618
25 989
32 449
29 281
28 194
у т. л.
чыгуначны
16 852
12 505
17 722
14 349
13 308
аўтамабільны
19 787
9308
9235
9397
97981
рачны
30
2
3
2
паветраны
5510
1228
513
553
тралейбусны
—
1723
2618
2465
трамвайны
—
407
553
464
метрапалітэнны
—
688
1678
1997
таксаматорны
439
128
91
54
1 З 1995, уключаючы гар. электрычны транспарт, з 2003 — перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску.Мінск. Аўтавакзал «Усходні».Суднаходства па Прыпяці.Аэрапорт «Мінск-1». На пляцоўцы авіярамонтнага завода.Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Плошча Перамогі».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Магілёўская».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТАРСТА́Н, Рэспубліка Татарстан,
Татарыя. Размешчана на Уеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Пл. 67,8 тыс.км²Нас. 3782 тыс.чал. (2000), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 56 чал. на 1 км². Жывуць татары (48,5%), рускія (43,3%), чувашы (3,7%), мардва, марыйцы, удмурты, башкіры, беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г.Казань.
Прырода. Рака Волга падзяляе Т. на правабярэжжа і левабярэжжа. Большая ч.тэр. на левабярэжжы (Заволжа) — слабахвалістая раўніна (выш. 120—150 м). На ПдУ Бугульмінска-Белебееўскае ўзв. (выш. да 364 м). Правабярэжжа занята паўн. адгалінаваннямі Прыволжскага ўзв. (выш. да 266 м). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (частка Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна), торф, буры вугаль, гаручыя сланцы, прыродныя бітумы, буд. матэрыялы (вапнякі, даламіты, гіпс, гліны і інш.), фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -13 °C на З да -14,8 °C на У, ліп. ад 18,7 °C на Пн да 19,6 °C на Пд. Ападкаў на правабярэжжы больш за 500 мм, на левабярэжжы 360—400 мм за год. Гал. рэкі: Волга, Кама, Белая, Вятка. Куйбышаўскае і Ніжнякамскае вадасховішчы. Глебы чарназёмныя (32%), дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя, па далінах рэк алювіяльныя. Лясы пераважна лісцевыя (дуб, ліпа, клён), займаюць каля 19% тэр. У складзе жывёльнага свету воўк, ліс, лось, вавёрка, бурундук, зайцы і інш.; з птушак глушэц, рабчык, драфа і інш. У вадаёмах 52 віды рыб. Нац. парк Ніжняя Кама, Волжска-Камскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Т. вядомы з палеаліту. Да 8—7 ст. да н.э. ў Волга-Кам’і склалася ананьінская, у пачатку н.э. ў Ніжнім Прыкам’і — п’янаборская культуры. У час Вял. перасялення народаў у Сярэдняе Паволжа праніклі цюрка-угорскія плямёны. У 6—8 ст. павялічылася колькасць цюркамоўнага насельніцтва, культура якога звязана з Цюркскім каганатам, Хазарскім каганатам і Вял. Балгарыяй. У 9—10 ст. цюркамоўныя балгары стварылі ў Сярэднім Паволжы дзяржаву Балгарыя Волжска-Камская, якая ў 922 прыняла іслам. У 1236—37 яна заваявана войскамі Батыя і ўключана ў склад Залатой Арды. У час яе існавання адбыліся асн. працэсы кансалідацыі цюрк. народаў у адзіную супольнасць. У 1-й пал. 15 ст. на тэр. Т. ўтварылася Казанскае ханства, у якім склалася народнасць паволжска-прыуральскіх татар. Працяглая барацьба паміж Рус. дзяржавай і Казанскім ханствам скончылася падзеннем апошняга ў 1552 і далучэннем яго зямель да Расіі. Пачалося інтэнсіўнае пранікненне рускіх на тэр. краю, рабіліся захады па яго прымусовай хрысціянізацыі, для чаго ў 1555 створана Казанская епархія. Карэннае насельніцтва ператворана ў ясачных людзей. Захоп зямель, рост павіннасцей, канфесіянальны прыгнёт сталі прычынай нар. паўстанняў (Еналееўскае паўстанне 1605—16, удзел татар у Сялянскай вайне 1670—71 і Сялянскай вайне 1773—75). Гэта прымусіла царскі ўрад пайсці на некат. ўступкі: у 1773 абвешчана аб рэліг. цярпімасці, у 1784 тат. мурзы ўраўнаваныя ў правах з рус. дваранамі. У 1708 створана Казанская губ., якая ўключала ўсё Сярэдняе Паволжа і Зах. Прыуралле. У 1-й пал. 19 ст. тут склаўся шэраг прамысл. прадпрыемстваў, фарміравалася тат. купецтва і клас прадпрымальнікаў. У канцы 19 ст. склалася тат. нацыя, узмацніліся пазіцыі нац. буржуазіі. Рэвалюцыя 1905—07 дала магутны штуршок развіццю нац. культуры і самасвядомасці тат. народа, руху за нац. роўнасць і дэмакр. свабоды. З’явіўся тат.перыяд. друк. Створана першая агульнамусульм. паліт. партыя «Іттыфак аль-муслімін». Тат.нац.-вызв. рух актывізаваўся ў ходзе Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917. Створаны нац. парламент — Мілет мэджлісі і органы нац. самакіравання.
27.5.1920 СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб утварэнні Татарскай АССР. За гады сав. улады Т. ператварыўся ў край з развітымі сельскай гаспадаркай, шматгаліновай прамысловасцю, сучаснымі навукай і культурай. Татары і інш. народы краю зрабілі буйны крок у развіцці сваіх нац. культур. Разам з тым з 1930-х г. назіраліся захады кіраўніцтва СССР да абмежавання нац. развіцця нярус. народаў, выцяснення іх моў з афіц. ўжытку. У Вял.Айч. вайну больш за 170 ураджэнцаў Т. сталі Героямі Сав. Саюза (у т. л. адзін з абаронцаў Брэсцкай крэпасці П.Гаўрылаў). Нямала воінаў з Т. ўдзельнічала ў партыз. руху на Беларусі (у т. л. З.Нуры, Т.Муратаў). У Т. працавалі эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы (абутковая ф-ка, кандытарскі камбінат «Спартак» і воскавашчынны з-д з Гомеля, цагельны з-д з Віцебска). У ліст. 1942 — чэрв. 1943 У ліст. 1941 — чэрв. 1942 у Т. жыў Я.Купала. З сярэдзіны 1980-х г. пачаўся новы ўздым нац. самасвядомасці тат. народа. 30.8.1990 Вярх. СаветТат. АССР змяніў статус рэспублікі і прыняў дэкларацыю аб яе дзярж. суверэнітэце. 12.6.1991 выбраны 1-ы прэзідэнт Рэспублікі Татарстан М.Шайміеў (у 1996 і 2001 пераабраны). 21.3.1992 рэсп. рэферэндум вызначыў дзярж. статус Т., у ліст. 1992 прынята яго канстытуцыя.
Гаспадарка. Т. — адна з найб. развітых у эканам. адносінах рэспублік Рас. Федэрацыі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 51,7%, сельская гаспадарка — 3,7%, сфера паслуг — 44,6%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прамысл. прадукцыі, 1999): паліўная (33,8%), хім. і нафтахім. (22,5%), маш.-буд. і металаапрацоўка (19,6%), электраэнергетыка (7,1%). Здабыча нафты і газавага кандэнсату (26,3 млн.т, 1999, Рамашкінскае, Новаелхоўскае, Первамайскае, Бандзюжскае і інш. радовішчы). Вытв-сць электраэнергіі 22,1 млрд.кВт∙гадз пераважна на ДРЭС (Заінская, Урусінская); Ніжнякамская ГЭС. Выраб шын (8,3 млн.шт., 1-е месца ў Расіі) у Ніжнякамску, пластмасы і сінт. смалы (365 тыс.т, 2-е месца), газаправодных поліэтыленавых труб, сінт. каўчуку (190 тыс.т), кінафотаплёнкі і магнітных стужак, мыйных сродкаў, лакафарбавых матэрыялаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў у Казані, мінер. угнаенняў у Мендзялееўску. Маш.-буд. і металаапр. прадпрыемствы вырабляюць велікагрузныя (14,8 тыс.шт., Набярэжныя Чаўны) і легкавыя (28,4 тыс.шт., Елабуга) аўтамабілі, самалёты, верталёты, авіяматоры, газавую апаратуру, вакуумную тэхніку, кампрэсары, ЭВМ, радыёпрыёмнікі (Казань), судны, халадзільнікі і маразільнікі (26,9 тыс.шт., Зеленадольск), машыны і абсталяванне для нафтаздабыўной прам-сці, электралямпы, трубы (100 тыс.т., Альмецьеўск), электратэхн. і нафтавае абсталяванне (Бугульма), гадзіннікі, аўтаспецабсталяванне (Чыстапаль). Харч. і харчасмакавая прам-сць дае 9,5% валавой прадукцыі Т. Развіты вытв-сць мяса (52 тыс.т), масла (17,1 тыс.т, 1-е месца ў Расіі), гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў (8,7 млн. дэкалітраў, 2-е месца), піва, алею, цукру (160 тыс.т), малочнай прадукцыі, тытуню. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Казані (футравы к-т, абутковая і швейная ф-кі), Чыстапалі (абутковая ф-ка), Елабузе, Зеленадольску (швейная ф-ка), Альмецьеўску (панчошна-шкарпэткавая ф-ка) і інш. Лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая прам-сць (вытв-сць дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, паперы, кардону). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Фарфора-фаянсавая прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі і збожжа. С.-г. ўгоддзі займаюць 4,1 млн.га, у т. л. ворныя землі 3,6 млн.га, сенажаці і пашы 0,5 млн.га. Гадуюць (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлу (1190), свіней (752), авечак і коз (513). Развіты птушкагадоўля, футравая зверагадоўля, трусагадоўля, спарт. і племянная конегадоўля, пчалярства (1253 т мёду, 2000), рыбаводства. Пасяўныя пл. 3 млн.га (1999), пад збожжавымі культурамі 54%, тэхн. 3,5%, бульбай і агароднінай 3,7%, кармавымі культурамі 39%. Сярод пасеваў збожжавых пераважаюць пшаніца, жыта, ячмень, авёс, гарох, з тэхн. — цукр. буракі, сланечнік. Пладаводства. Збор (тыс.т, 1999): збожжа 2584, цукр. буракоў 891, сланечніку 5,1, бульбы 1143 (1-е месца ў Расіі), агародніны 303, пладоў і ягад 39. Т. мае развітую трансп. сетку. Даўж. чыгункі 879 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 12,4 тыс.км (2000). Асн. чыгунка Масква—Казань—Екацярынбург.
Суднаходства па рэках Волга, Кама, Вятка, Белая ў межах Т. на 976 км. Рачныя парты: Казань, Ніжнякамск, Набярэжныя Чаўны. Аэрапорты ў Казані, Бугульме, Набярэжных Чаўнах. Даўж. магістральных трубаправодаў (нафта- і нафтапрадуктаправоды) 6,5 тыс.км. Альмецьеўск — пач. пункт нафтаправодаў «Дружба», у Ніжні Ноўгарад, Перм, Самару. Рэспубліка пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу паліва, хім. і нафтахім. прадукцыю, аўтамабілі, дзелавую драўніну, харч. прадукты; завозіць машыны і абсталяванне, чорныя і каляровыя металы, харч. прадукты. Курорты: Бакірава, Васільеўскі, Іжэўскія Мінер. Воды.
Літаратура. Развіваецца на татарскай мове. Вытокі ў фальклоры і помніках сярэдневяковай цюркскай культуры. Вядомы помнікі культуры Балгарыі Волжска-Камскай, у т. л. паэма Кул Галі «Кыса-і-Юсуф» (13 ст.). У развіцці маст. л-ры важнае месца належыць золатаардынскаму перыяду (гуманіст. творы Кутба, М.Булгары, С.Сараі і інш.). З распадам Залатой Арды асн. цэнтрам культ. жыцця стаў г. Казань. Перыяд Казанскага ханства звязаны з творчасцю Мухамедзьяра, Умі Камала, Кул Шарыфа. Новы перыяд у развіцці тат. культуры і л-ры пачаўся пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі (1552). У л-ры пераважалі рэлігійна-суфійскія матывы, аднак значнае месца належала свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Маўля Кулы, Утыза Імяні, Ш.Закі, Г.Чакрыя і інш. складваецца вобраз ідэальнага ў маральных адносінах чалавека, усхваляюцца розум, гуманізм, асуджаюцца заганы ўладатрымальнікаў. Дамінуючым маст. метадам заставаўся традыц.ўсх. рамантызм. З 2-й пал. 19 ст.л-ра засвойвае еўрап. рэалізм (паэзія Г.Кандалыя, М.Акмулы, Я.Емяльянава, проза М.Ак’егетава, З.Бігеева, драматургія Г.Ільясі, Ф.Халідзі). Пач. 20 ст. — перыяд узнікнення і фарміравання новых кірункаў і маст. метадаў. Пераўтвараліся традыц. жанры, узніклі новыя, пашыралася тэматыка твораў, фарміравалася літ. крытыка, актыўна выкарыстоўваліся вопыт і дасягненні ўсх., рус. і ўсх.-еўрап. л-ры (Г.Тукай, Ф.Амірхан, М.Гафуры, Дэрдменд, Г.Ібрагімаў, Г.Камал, Ш.Камал, С.Раміеў, Ш.Бабіч, М.Файзі і інш.). У 1920—40-я г. развівалася творчасць Ф.Бурнаша, К.Наджмі, Х.Такташа, К.Тынчурына, М.Галяў, А.Шамава, Х.Туфана, А.Кутуя, М.Джаліля, А.Аліша, Ф.Карыма, Н.Ісанбета і інш. У 1950-я г. іх традыцыі працягвалі І.Башыраў, І.Газі, А.Файзі, Ф.Хусні, М.Амір, С.Батал, А.Енікі, С.Хакім, А.Абсалямаў, Х.Вахіт, А.Расіх. З 1960-х г. пашырыліся магчымасці для маст. аналізу з’яў мінулага і сучаснасці, у абнаўленні л-ры значную ролю адыграла плеяда «шасцідзесятнікаў» (Р.Тухватулін, А.Плязаў, Г.Ахунаў, Н.Фатах, Ш.Галіеў, І.Юзееў, Ш.Хусаінаў), якія прынеслі ў яе надзённыя сац.-маральныя праблемы. У 1970—80-я г. праявілі сябе М.Магдзееў, Т.Мінулін, Р.Мухамадзіеў, М.Хабібулін, Ш.Бікчурын, М.Хасанаў, В.Нурулін, Р.Файзулін, Р.Харысаў, Р.Батула, Р.Гатаулін, Зульфат, М.Аглямаў і інш. У 1990-я г. ўзмацнілася ўвага да адраджэння шматвяковай гісторыка-культ. спадчыны. Вызваленае ад ідэалагізаваных прынцыпаў літаратуразнаўства імкнецца да рознабаковага асвятлення літ. працэсу, навукова-аб’ектыўнай ацэнкі маст. з’яў і тэндэнцый. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т. На бел. мове выдадзены зб-кі вершаў «Радасць сустрэч» З.Нуры (1973), «Маабіцкі сшытак» (1975, пер. А.Пысін і С.Гаўрусёў) і «Я гляджу на зоры» (1985, пер. Э.Агняцвет) Джаліля, аповесці «Адкуль ты, Жан?» Ш.Ракіпава (1976, пер. У.Мехаў), «Зялёная мая калыска» Башырава (1981, пер. А.Васілевіч). Паэзію і прозу перакладалі і перакладаюць М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, І.Калеснік, В.Коўтун, П.Прыходзька, Ю.Свірка, Н.Тулупава і інш.
Архітэктура. Ад 10—14 ст. захаваліся рэшткі пабудоў на тэр. гарадзішчаў Сувара, Біляра, Болгара, драўляных абарончых сцен, зрубных жылых дамоў з 2-схільным дахам і глінабітных дамоў з плоскім дахам, руіны дамангольскіх каменных пабудоў. У перыяд Залатой Арды (з сярэдзіны 13 ст.) з каменю і цэглы будавалі крэпасці, палацы, мячэці (саборная мячэць, т. зв. Чорная палата ў Болгары і інш.), маўзалеі, лазні (т. зв. Чырвоная палата ў Болгары), стылістычна звязаныя з дойлідствам Сярэдняй Азіі. Будынкі ўпрыгожвалі фрэскавай размалёўкай, каляровай керамікай, арнаментальнай разьбой па камені і тынкоўцы. Пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі архітэктура Т. развівалася ў рэчышчы рас. дойлідства: крэмль (16 ст.), кафедральны сабор (1723—26), ун-т (1825—30-я г., арх. П.Пятніцкі, М.Карынфскі) у Казані. Архітэктуры 19 — пач. 20 ст. ўласцівы эклектызм. Для нар. дойлідства характэрны драўляныя дамы (6- або 5-сценныя) з размалёўкай дэкар. дэталямі. Гасп. пабудовы падзелены на асобныя групы, ізаляваныя ад жылога дома. У 1910-я г. пашырылася грамадз. і прамысл. будаўніцтва, рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя гарады (Набярэжныя Чаўны, Ніжнякамск і інш.). У 1920—30-я г. з’явіліся рысы канструктывізму (Дом друку ў Казані, арх. С.Пэн), пазней пачаўся зварот да традыц. форм нар. дойлідства (Тат.т-р оперы і балета імя М.Джаліля, 1953—46, арх. Н.Скварцоў, І.Гайнутдзінаў), да больш рацыянальных аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (рачны вакзал, арх. Гайнутдзінаў; канцэртная зала кансерваторыі, арх. М.Агішаў; цырк, арх. Г.Пічуеў і інш., усе ў Казані). З 1990-х г. у архітэктуры адраджаюцца традыц. планіровачныя прыёмы, нац. асаблівасці ў будынках жыллёвага, культавага і грамадскага прызначэння. У 1938 засн. Саюз архітэктараў Т.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Т. — неалітычныя крамянёвыя зааморфныя фігуркі, кераміка з геам. арнаментам, пасудзіны і ўпрыгожанні эпохі бронзы. Да 19 ст.выяўл. мастацтва не развівалася (іслам забараняе выявы жывых істот). Сярод вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва пераважалі сярэбраныя ўпрыгожанні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, залатое шыццё гладдзю, шматколерная вышыўка тамбурам, аплікацыя па тканіне, скуры, лямцы, разьба па камені і дрэве, бязворсавыя дываны, узорыстыя вырабы са скуры. З выразанымі на камені выслоўямі з Карана (т. зв. шамаілі) і першымі друкаванымі кнігамі (канец 18 — пач. 19 ст.) звязана мастацтва каліграфіі (буйнейшы майстар Алі Махмудаў). У 19 ст. жывапіс і графіка развіваліся ў творчасці рас. мастакоў, што жылі ў Казані (Л.Крукаў, В.Турын і інш.). У 1895 адкрыта Казанская маст. школа. У 1900-я г. з’явіліся тат. графікі-ілюстратары (М.Галееў, Г.Гумераў). Пасля стварэння ў Казані ў 1923 філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі пачалі рыхтавацца нац. кадры мастакоў (Б.Урманчэ, С.Ахун, Н.Валіулін, Ф.Тагіраў і інш.). У гады Вял.Айч. вайны працавалі М.Васільева, Г.Жыткоў, К.Максімаў, Г.Рахманкулава, Н.Сакольскі, В.Цімафееў; пашырыўся агітплакат (І.Бабравіцкі, Э.Гельмс). У 1950—80-я г. ў гіст. і быт. жанрах працавалі І.Зарыпаў, І.Рафікаў, Рахманкулава, Л.Фатахаў, І.Халілулаў, Х.Якупаў і інш.; у жанры партрэта — В.Кудзелькін, С.Ратніцкі; пейзажа — М.Кузняцоў, С.Лывін, Максімаў, М.Усманаў; у скульптуры — Урманчэ, В.Малікаў, Н.Адылаў, Г.Зябліцаў, Р.Нігматуліна; у станковай і кніжнай графіцы — Л.Кісялёва, І.Калмагорцава, Л.Пацягунін і інш. Мастацтва 1990-х г. адметнае пашырэннем жанравага і стылявога дыяпазонаў, з’яўленнем новых творчых кірункаў, адраджэннем тат. і мусульм.традыц. вобразнай сістэмы. У 1939 засн. Саюз мастакоў Т.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Т. ў нар. гульнях і відовішчах. Першыя публічныя тэатр. пастаноўкі вядомы з 1728 (Казань). У 1791 створаны пастаянны публічны т-р. З 1802 дзейнічала антрэпрыза П.Есіпава. З пач. 19 ст. ў Казані пачалі будаваць спец.тэатр. будынкі. З 1830-х г. тут пастаянна працавалі трупы прыватных антрэпрэнёраў. Існавалі і гурткі аматараў тэатр. мастацтва. Антрэпрэнёрская дзейнасць П.Мядзведзева і М.Барадая вывела казанскі т-р на значны ўзровень выканаўчага майстэрства (ставіліся п’есы А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Пісемскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Казані дзейнічалі оперныя і драм. трупы, т-ры аперэты і мініяцюр, гастраліравалі рус. акцёры (Г.Фядотава, В.Андрэеў-Бурлак і інш.). На казанскай сцэне пачыналі сваю творчую дзейнасць дзеячы рус. тэатра У.Давыдаў, П.Стрэпетава, М.Пісараў, В.Качалаў і інш. З сярэдзіны 19 ст. развіваўся тат. аматарскі т-р. У 1906 спектаклі аматараў з асяроддзя тат. інтэлігенцыі паклалі пачатак тат.прафес. т-ру (тэатр. трупы «Саяр», «Нур», «Шыркат», «Яшлек»). Сярод акцёраў і рэжысёраў Г.Балгарская, Б.Балгарскі, Ф.Ільская, Камал Першы, Г.Карыеў, Ш.Кудашаў-Іманскі, М.Муцін, З.Султанаў і інш. Творы для сцэны пісалі Ф.Амірхан, Г.Ільясы, Г.Ісхакі, Г.Камал, Ш.Камал, Г.Кулахметаў, С.Раміеў, М.Файзі, К.Тынчурын і інш. У 1920 арганізаваны Першы паказальны тат.т-р (Тат.т-р імя Г.Камала). Былі пашыраны т-ры рабочай моладзі, эксперым. трупы, дзе вяліся пошукі новых выразных сродкаў тэатр. мастацтва. Ствараліся тэатр. студыі, у 1923 у Казані адкрыўся тэатр. тэхнікум. У 1930-я г. склалася шырокая сетка перасоўных т-раў, якія пазней атрымалі статус дзярж. (Альмецьеўскі тат.драм.т-р, Мензелінскі тат.драм.т-р, Тат.рэсп. перасоўны т-р і Казанскі т-р лялек). У 1950—60-я г. пашырылася аматарскае тэатр. мастацтва. Рэпертуар тат.т-ра папоўніўся п’есамі А.Аміра, Ф.Бурнаша, Х.Вахіта, А.Гілязава, Т.Гізата, Н.Ісанбета, Р.Ішмурата, Т.Мінуліна, З.Хакіма, Р.Хаміда, І.Юзеева і інш. З імёнамі акцёраў Х.Абжалілава, Н.Арапавай, Ш.Біктэмірава, Ф.Ільскай, Г.Камскай, Х.Салімжанава, З.Султанава, Р.Тазетдзінава, Х.Уразікава, Ф.Халітава, Н.Шагідарава, Ш.Шамільскага, К.Шаміля, Г.Шамукава, Р.Шарафіева і інш. звязана фарміраванне школы самабытнага акцёрскага майстэрства; Г.Дэвішаў, Г.Ісмагілаў, М.Салімжанаў, Ш.Сарымсакаў, Р.Тумашаў, Г.Юсупаў і інш. склалі школу нац. рэжысуры. У канцы 1990-х г. у Т. дзейнічалі 13 дзярж. і муніцыпальных т-раў. Праводзяцца тэатр. фестывалі, найбуйнейшы з якіх імя Ф.Тынчурына. У т-рах пастаўлены бел. п’есы: «У ціхім завулку» А.Маўзона, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара (1956, 1963, Чыстапальскі рус. вандроўны т-р), «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» А.Макаёнка (1972, 1973, Вял.драм.т-р імя Качалава).
Музыка. Традыц.тат.нар. музыка аднагалосая. Ладавая аснова — пентатоніка. Сярод характэрных песенных жанраў: озын кюй (працяжныя), кыска кюй (кароткія хуткія і танц. прыпеўкі — такмакі), аўыл кюе (сялянскія напевы), баіт (стараж. рэчытатыўна-апавядальныя песні-сказы). Сярод нар. інструментаў: курай (род флейты), кубыз (варган), з 19 ст. скрыпка і гармонік. Запісы тат. песень пачаліся ў 19 ст. У пач. 20 ст. закладзены асновы прафес.муз. мастацтва (Ф.Латыпаў, З.Ярулін, С.Габашы). Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі муз.-драм. пастаноўкі тат.драм. труп. У ліку заснавальнікаў кампазітарскай школы Т. — С.Сайдашаў. Сярод першых тат. опер «Санія» (1925), «Рабочы» (1930) Г.Альмухамедава, В.Вінаградава, Габашы. У 1930-я г. створаны філармонія імя Г.Тукая, Дзярж. ансамбль песні і танца, Дом нар. творчасці (1937), Тат.т-р оперы і балета і Саюз кампазітараў Т. (1939). Значны ўклад у развіццё опернага жанру Н.Жыганава («Уцякач», 1939; «Золатавалосая», 1941; «Намус», 1950; «Джаліль», 1956, і інш.); лірыка-псіхал. оперу «Самат» (1956) на сучасную тэму стварыў Х.Валіулін. Аўтар першага нац. балета Ф.Ярулін («Шурале», 1941), муз. камедыі — Д.Файзі («Чаравічкі», 1942). Развіваецца сімф. і камерна-інстр. музыка, харавыя і песенныя жанры. Уклад у развіццё муз. мастацтва 20 ст. зрабілі кампазітары Ф.Ахметаў, Э.Бакіраў, Р.Бялялаў, А.Валіулін, Р.Губайдулін, Р.Енікееў, Жыганаў, А.Ключароў, А.Леман, А.Манасыпаў, М.Музафараў, Б.Мулюкоў, Файзі, З.Хабібулін, Л.Хайрутдзінава, Ш.Шарыфулін, Р.Яхін, Ярулін і інш., спевакі А.Абасаў, А.Асадулін, З.Байрашава, М.Булатава, Р.Ібрагімаў, А.Ізмайлава, Г.Кайбіцкая, Ф.Насрэтдзінаў, М.Рахманкулава; выканаўцы нар. песень Р.Вагапаў, Г.Сулейманава, І.Шакіраў і інш. Працуюць (2002): кансерваторыя (з 1945), муз.ф-т у пед. ін-це (з 1960), Ін-т культуры (з 1969, усе ў Казані), муз. вучылішча і школы. Праводзяцца фестывалі: сучаснай музыкі Еўропа—Азія, оперны імя Ф.Шаляпіна, класічнага балета імя Р.Нурыева (усе ў Казані). У 1997 муз. калектывы Т. прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах Беларусі з нагоды 600-годдзя пасялення тут абшчыны татар.
Літ.:
История Татарской АССР (с древнейших времен до наших дней). Казань, 1968;
Каримуллин А. Татары: этнос и этноним. Казань, 1989;
Исхаки Г. Идель-Урал. Казань, 1991;
Халиков А.Х. Происхождение татар Поволжья и Приуралья. Казань, 1978;
Валеев Ф.Х. Архитектурно-декоративное искусство казанских татар... Йошкар-Ола, 1975;
Изобразительное искусство Советской Татарии: Альбом. М., 1983;
Файнберг А.Б. Художники Татарии. Л., 1983;
Червонная С.М. Искусство Татарии. М., 1987;
История советского драматического театра. Т 1—6. М., 1966—71;
Исхакова-Вамба Р.А. Народные песни казанских татар. Казань, 1976;
Сайдашева З.Н. Татарская советская песня. Казань, 1984;
Композиторы и музыковеды Советского Татарстана. Казань, 1986.
Я.А.Якубоўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Б.Канапацкі (гісторыя, літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тэатр).
Да арт.Татарстан. Куйбышаўскае вадасховішча.Да арт.Татарстан. Панарама г. Казань.Да арт.Татарстан. Ніжнякамскі нафтахімічны камбінат.Да арт.Татарстан. Панарама Казанскага крамля.Да арт.Татарстан. Будынак Татарскага тэатра оперы і балета.Да арт.Татарстан. Будынак Казанскага універсітэта.Да арт.Татарстан. Кафедральны сабор у Казані. 1723—26.Да арт.Татарстан. Старонка Карана. 19 ст.Да арт.Татарстан. Н.Бікулаў. На жніве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАБЫТ НАРОДА
Валавы ўнутраны прадукт. Эканамічнай базай узроўню жыцця насельніцтва з’яўляецца аб’ём і рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіны ў разліку на душу насельніцтва, а таксама прапорцыі яго выкарыстання на спажыванне і накапленне. Як ключавы паказчык сістэмы нац. рахункаў ВУП характарызуе кошт тавараў і паслуг, вырабленых у краіне ва ўсіх галінах эканомікі і прызначаных для канечнага спажывання, накаплення і чыстага экспарту.
Да 1995 у Рэспубліцы Беларусь адзначаўся эканам. спад, аб’ём ВУП за 1990—95 знізіўся на 35%. У 1995 спад склаў 10,4%, а з 1996 пачаўся яго рост (102,8% да ўзроўню 1995). У 2003 аб’ём ВУП склаў 35,9 трлн. руб., у т. л. вытворчасць тавараў 14,5 трлн. руб., вытворчасць паслуг 16,6 трлн. руб. У параўнанні з 1994 у супастаўных цэнах ён павялічыўся на 33,4%, а ў разліку на душу насельніцтва — на 37,6%.
Агульныя расходы на канчатковае спажыванне ў 2003 склалі 29,3 трлн. руб., або 80,0% ад яго агульнага аб’ёму. Расходы на канчатковае спажыванне дамашніх гаспадарак вызначаліся ў памеры 20,8 трлн. руб., што складала 57,2%, у той час як у 2001 гэтая доля складала 55,9%, у 1995—56% і ў 1990—44,5%. Доля сродкаў кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь, што расходавалася на сац.-культ. мерапрыемствы, на працягу апошніх 10 гадоў не змяншалася, а павялічвалася. Калі ў 1990 такія расходы складалі 10,3% ВУП і 31,1% агульных расходаў бюджэту, то ў 2002 яны складалі адпаведна 14,2% і 41,8%. Прыярытэтнымі былі расходы на адукацыю, ахову здароўя, фізкультуру і спорт, якія ў апошнія 6 гадоў складалі больш за 11% ад ВУП. Павялічваецца ўдзельная вага сац. трансфертаў (пенсіі, дапамогі, стыпендыі). Мінімальны спажывецкі бюджэт (у разліку на душу насельніцтва ў месяц) у 2003 склаў 168,3 тыс.руб., а бюджэт пражытачнага мінімуму — 105,3 тыс. руб.
Даходы насельніцтва. Паводле афіц. статыстыкі сярэднямесячная заработная плата на Беларусі (асноўная крыніца даходаў насельніцтва) з 1917 па 1941 вырасла больш як у 7 разоў. За 1940—76 яе абсалютны памер (у супастаўных цэнах сярэдзіны 1970-х г.) павялічыўся з 28,6 да 134,5 руб.
На сучасным этапе даходы насельніцтва Беларусі складаюцца, акрамя заработнай платы, таксама з прыбытку і працэнтаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці і капіталаўкладанняў, арэнднай платы, функцыянавання асабістай дапаможнай гаспадаркі, розных дзярж. выплат (пераважна пенсіённых). Пасля рэзкага паніжэння даходаў бел. насельніцтва ў 1-й пал. 1990-х г., яны пачалі павялічвацца і ў 2003, паводле афіц. статыстыкі, перавысілі ўзровень 1990 на 59%. Але паводле даных сацыялаг. даследаванняў даходы насельніцтва з канца 1980-х г. паменшыліся на Беларусі ў 2—3 разы. У доларавым эквіваленце сярэдняя велічыня даходаў насельніцтва ў 1990—2001 паменшылася з 316 да 105 дол. ЗША, а да канца 2004 павінна скласці 175 дол. Аднак сярэднія паказчыкі не адлюстроўваюць усёй рэальнай карціны дынамікі даходаў насельніцтва, бо існуе глыбокая сац. дыферэнцыяцыя жыхароў Беларусі паводле ўзроўню і структуры даходаў у залежнасці ад сац.-стратыфікацыйных і тэр.-пасяленчых прыкмет. У 2003 самы высокі ўзровень заработнай платы зафіксаваны ў сферы банкаўскай дзейнасці (487,5 тыс.руб., што складае 194,5% ад сярэдняй заработнай платы), у органах кіравання (374,3 тыс.руб., у 1,5 раза больш за сярэднюю), а сярод галін матэрыяльнай вытв-сці — у прам-сці (110,4%). Самы нізкі ўзровень зарплаты ў сац.-культ. галінах і сельскай гаспадарцы, дзе ў 2003 узровень зарплаты ў сельскай гаспадарцы склаў 55,7% ад сярэдняй зарплаты па краіне, у адукацыі — 85,8%, у ахове здароўя, сац. забеспячэнні — 89,3%. У Мінску большы за сярэднерэсп. паказчыкі даход мелі 25,4% насельніцтва, а ў Брэсцкай і Магілёўскай абл. — меншы за сярэднерэсп. даход — адпаведна 88,3 і 87,9% насельніцтва. На працягу 2001—03 у Беларусі склалася ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння рэальных грашовых даходаў. За гэты перыяд яны выраслі на 44%, зарплата павялічылася больш чым у 4 разы, а яе пакупная здольнасць — на 18,5%. Калі ў пач. гэтага перыяду суадносіны мінімальнай зарплаты і бюджэту пражытачнага мінімуму складалі 17%, то на 1.10.2004—69%.
Рэзкае зніжэнне ў 1990-я г. рэальнага ўзроўню заработнай платы пры шматразовым павелічэнні яе намінальнага ўзроўню прывяло да абясцэньвання долі аплаты працы ў сукупным даходзе работнікаў і да значнага зніжэння эфектыўнасці асн. функцый зарплаты. У самы пік эканам. крызісу на Беларусі (1994) тэмпы росту заработнай платы складалі толькі 69,1% ад тэмпаў росту спажывецкіх цэн. Прынятыя ўрадам захады дазволілі давесці гэты паказчык у 1996 да 105%, у 2003 — да 149%. Паказчыкам зніжэння ўзнаўленчай функцыі зарплаты з’яўляюцца яе суадносіны з пражытачным узроўнем. З 1990 да 2002 яны скараціліся на Беларусі больш чым удвая: у 1990 за сярэднюю зарплату можна было набыць 5 набораў пражытачнага мінімуму, а ў 2002—2,4 такога набору. Найбольш рэльефны паказчык зніжэння ўзнаўленчай функцыі зарплаты — суадносіны мінімальнай заработнай платы з пражытачным мінімумам, які існуе ў краіне. Калі ў 1990 колькасць мінімальных зарплат, неабходных для набыцця набору тавараў пражытачнага мінімуму складала 0,85, то ў 1999—11,6. З 2000 назіралася тэндэнцыя да зніжэння гэтага паказчыка: 10,3 у 2000, 4 у 2001, 2,8 у 2002, 1,94 у 2003. Нізкі ўзровень дзярж. гарантый мінімальнай заработнай платы, тарыфнай стаўкі 1-га разраду і пабудаванай на яе аснове Адзінай тарыфнай сеткі абумоўліваюць зніжэнне эфектыўнасці ўзнаўленчай функцыі зарплаты і нізкі ўзровень даходаў, вял. маштабы беднасці. Да бедных адносяцца сем’і, узровень рэсурсаў якіх у разліку на члена сям’і аказваецца ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму (105,3 тыс.руб. у 2003). У 1995 да іх адносілася 3914,4 тыс.чал. (38,4% ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі), у 1999—4686,4 тыс.чал. (46,7%), у 2002—3021,1 тыс.чал. (30,5%), у 2003—2677,4 тыс.чал. (27,1%). Т.ч., за 1999—2003 колькасць бедных людзей на Беларусі знізілася з 4,7 да 2,7 млн. чал.
Адначасова са зменай узроўню даходаў насельніцтва істотна мяняецца іх структура. За перыяд з 1990 да 2003 доля аплаты працы рабочых, сялян і служачых у агульнай структуры даходаў насельніцтва знізілася з 73,1 да 46,9%, доля сац. трансфертаў (пенсій, стыпендый, дапамог на дзяцей, па беспрацоўі і інш.) змянілася нязначна (з 16,2 да 17,7%), доля даходаў ад уласнасці нязначна знізілася, а доля даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці вырасла з 8,3 да 33,9% — у 4 разы.
У структуры спажывецкіх расходаў насельніцтва Беларусі ў 2003 амаль палова (48%) прыпадала на пакупку прадуктаў харчавання. Чым бяднейшая сям’я (і ў цэлым насельніцтва), тым большая доля сродкаў затрачваецца на харчы. Другой па памеры часткай выдаткаў у 2003 з’яўляліся затраты на жыллёва-камунальныя паслугі (11,1%), трэцяй — на набыццё адзення і абутку (9,1%). Доля выдаткаў на ахову здароўя складала каля 3%, на адукацыю, адпачынак і культуру — 3,8%, на транспарт — 9,8%. У 2000—2003 рост цэн на куплю тавараў адставаў ад росту кошту жыллёва-камунальных паслуг, у выніку чаго ўдзельная вага аплаты гэтых паслуг у спажывецкіх выдатках вырасла за 1998—2003 з 3,6 да 11,1%, больш чым у 3 разы.
Праграма сац.-эканам. развіцця Беларусі на 2000—2005 прадугледжвае павелічэнне сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў нар. гаспадаркі да ўзроўню, эквівалентнага 250 дол. ЗША. У выніку доля заработнай платы ў даходах насельніцтва павінна павялічыцца і скласці да 2005 не менш за 60%. Прадугледжваецца таксама да 2005 давесці ўзровень пенсій да 48% ад сярэдняй заработнай платы.
Я.М.Бабосаў.
Жыллёвае будаўніцтва. Будаўніцтва жылля на Беларусі спрадвеку было асабістай справай прыватных асоб. З ростам гарадоў і развіццём капіталізму сталі пашырацца прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, якія задавольвалі жыллёвыя патрэбы пераважна заможных пластоў грамадства. З іх дапамогай прадпрымальнікі і некаторыя дзярж. ведамствы (асабліва чыгунка) будавалі службовае жыллё для сваіх рабочых і служачых. З пашырэннем такога віду прадпрымальніцтва, як здача ў наём добраўпарадкаванага жылля (пераважна буржуазіі, чыноўнікам, інтэлігенцыі), у буйных гарадах (найперш у Мінску) будаваліся шматкватэрныя так званыя даходныя дамы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 усе буйныя прыватныя домаўладанні нацыяналізаваны, спынілі дзейнасць прыватныя буд. арг-цыі. Да 1941 у БССР пабудавана жылля агульнай (карыснай) плошчай 12,1 млн.м², з іх 1,7 млн.м² — дзярж. і кааператыўнымі прадпрыемствамі, 1,1 млн.м² рабочымі і служачымі, 9,3 млн.м² калгасамі, калгаснікамі і сельскай інтэлігенцыяй. Жыллёвы фонд гарадоў і гар. пасёлкаў у параўнанні з 1913 павялічыўся больш чым у 3 разы. У першыя пасляваенныя гады жыллёвае буд-ва было накіравана пераважна на аднаўленне разбуранага вайной жыллёвага фонду. З канца 1950-х г. пачалося масавае буд-ва добраўпарадкаванага жылля для працоўных за кошт дзярж. і кааператыўных сродкаў.
Да пач. 1990-х г. увод новага жылля меў штогадовы ўстойлівы прырост на 3—5% і ў 1991 склаў 5392 тыс.м². Стратэгія жыллёвага буд-ва прадугледжвала забеспячэнне кожнай сям’і асобнай кватэрай (індывідуальным домам). З канца 1980 — пач. 90-х г. у жыллёвай сферы адбываліся кардынальныя пераўтварэнні: рэфармаваліся жыллёвыя адносіны, прыватызаваліся дзярж. і грамадскі жыллёвыя фонды, развіваўся рынак жылля. У буд-ве жылля разам з дзярж. пачалі ўдзельнічаць прыватныя буд. прадпрыемствы. Новая жыллёвая палітыка, адлюстраваная ў Нацыянальнай жыллёвай праграме (1994), прадугледжвала пераход ад дзярж. фінансавання жыллёвага буд-ва да выкарыстання сродкаў з пазабюджэтных крыніц, найперш сродкаў насельніцтва. Агульны эканам. крызіс у краіне і неўрэгуляванасць новых рыначных механізмаў абумовілі рэзкае зніжэнне аб’ёму і тэмпаў жыллёвага буд-ва (у 1995 — толькі 36,6% ад аб’ёму ўводу 1990).
У выніку прынятых захадаў, у т. л. заканадаўчых, з 1996 пачаўся зрух у пазітыўным кірунку, хоць гэты працэс быў няўстойлівы: гадавыя тэмпы росту аб’ёмаў жыллёвага буд-ва на 30% і больш чаргаваліся з іх паніжэннем на 15—20% (гл.табл. 1). У 1999 прыняты Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, які накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян у забеспячэнні жыллём і яго даступнасці для ўсіх груп і слаёў насельніцтва. У 2001—03 аб’ёмы ўводу жылля стабілізаваліся на ўзроўні 3,3—3,5 млн.м² агульнай плошчы ў год. У 2004—05 штогадовы ўвод жылля прадугледжваецца ў аб’ёме 3,5—4 млн.м², а сярэдняя забяспечанасць жыллём на 1 жыхара дасягне 23 м² агульнай плошчы.
Аказваецца розная дапамога і падтрымка сем’ям, якія будуюць жыллё з выкарыстаннем сваіх зберажэнняў. Паводле паказчыка ўводу жылля на душу насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і многіх развітых краін свету. Павышаюцца патрабаванні да спажывецкіх і эксплуатацыйных якасцей жыллёвых памяшканняў, якія будуюцца ці падвяргаюцца мадэрнізацыі і капітальнаму рамонту. Вял. ўвага аддаецца жыллёваму буд-ву ў сельскай мясцовасці, дзе ўводзіцца 30% і болей ад агульнага аб’ёму ўводу жылля); прадугледжваецца, каб у кожнай гаспадарцы будавалася ў сярэднім не менш як 5 жылых дамоў штогод.
Бытавое абслугоўванне. У 19 — пач. 20 ст.быт. паслугі насельніцтву аказвалі рамеснікі-адзіночкі і невял. майстэрні. У 1925 у БССР праведзена рэгістрацыя т-ваў рамеснікаў і на іх аснове створана сетка прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва. Як галіна нар. гаспадаркі Беларусі быт. абслугоўванне аформілася ў 1953, калі ў складае «Белпрамсавета» быў утвораны аддзел быт. абслугоўвання насельніцтва. У 1965 створана Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва СМБССР, а пры аблвыканкомах і Мінгарвыканкоме — адпаведныя ўпраўленні. 13.8.1966 Гал. ўпраўленне пераўтворана ў Мін-вабыт. абслугоўвання насельніцтва БССР. У ліст. 1990 замест яго створана Бел.гасп. асацыяцыя прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва «Белбытсэрвіс», якая ў 1991 перайменавана ў Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва «Белбытсаюз» (на правах грамадскай арг-цыі). На яго базе ў 2000 створана Бел.дзярж. аб’яднанне арг-цый быт. абслугоўвання насельніцтва (Дзярж. аб’яднанне «Белбыт»).
Матэрыяльна-тэхн. базу галіны складаюць спецыялізаваныя вытв. аб’яднанні і прадпрыемствы, раённыя і гар. камбінаты быт. абслугоўвання, у склад якіх уваходзяць дамы быту і сельскія комплексныя прыёмныя пункты. Удзельная вага прыватных прадпрыемстваў у сферы быт. абслугоўвання насельніцтва на 2004 складала больш за 70% ад агульнай колькасці. На долю быт. абслугоўвання насельніцтва прыпадала: у 1995—19,6%, у 2000—18,4%, у 2002—15%, у 2003—11,8% ад агульнага аб’ёму платных паслуг. Прадпрыемствы быт. абслугоўвання аказваюць паслугі па рамонце і пашыву абутку, швейных, футравых і скураных вырабаў, галаўных убораў і вырабаў тэкстыльнай, скураной галантарэі, рамонце, пашыве і вязанні трыкатажных вырабаў, рамонце і тэхн. абслугоўванні быт. радыёэлектроннай апаратуры, машын і прыбораў, рамонце і вырабе металапрадукцыі, тэхн. абслугоўванні і рамонце аўтатрансп. сродкаў, рамонце і вырабе мэблі, рамонце і буд-ве жылля і інш. пабудоў. Сфера быт. абслугоўвання насельніцтва ўключае таксама паслугі пральняў, цырульняў і касметычных салонаў, фотаатэлье і фотакіналабараторый, лазняў і душавых (саун, салярыяў), прадпрыемстваў па пракаце, трансп.-экспедытарскія, рытуальныя і інш. віды паслуг вытв. і невытв. характару (газіфікацыя дамоў індывід. сектара, перапрацоўка с.-г. прадукцыі па заказах грамадзян і інш.). Матэрыяльна-тэхн. базу галіны складаюць спецыялізаваныя вытв. аб’яднанні і прадпрыемствы, раённыя і гар. камбінаты быт. абслугоўвання, у склад якіх уваходзяць дамы быту і сельскія комплексныя прыёмныя пункты.
У Агульнадзярж. класіфікатары Рэспублікі Беларусь «Паслугі насельніцтву» да быт. паслуг аднесена больш за 600 відаў дзейнасці. Гэтыя паслугі выконваюць больш за 20 тыс. аб’ектаў, на якіх занята больш за 100 тыс. працуючых (у 1980—104,8 тыс., у 1990—131,5 тыс., у 1998—62,2 тыс.). Пераважаюць малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія гібка рэагуюць на рыначную кан’юнктуру. Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг насельніцтву за 1991—95 скараціўся на 73,2% (у сельскай мясцовасці — на 83,9%). Да 2001 ён вырас у 1,5 раза і склаў 40,4% ад узроўню 1990 (у сельскай мясцовасці — 17,5%). Пра структуру быт. паслуг насельніцтву Беларусі ў 1995—2003 гл. ў табл. 2.
Жыллёва-камунальная гаспадарка (ЖКГ) структурна падзяляецца на 2 асн. падгаліны — жыллёвую гаспадарку (пярвічнае звяно — жыллёва-эксплуатацыйная служба) і камунальную гаспадарку. Вышэйшы рэсп. орган кіравання ЖКГ — Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь. Мэтай жыллёвай палітыкі бел. дзяржавы з’яўляецца паляпшэнне жыллёвых умоў грамадзян, павышэнне спажывецкіх і эксплуатацыйных якасцей жылых памяшканняў і ўзроўню добраўпарадкавання жыллёвага фонду, забеспячэнне даступнымі паслугамі ЖКГ усіх груп і слаёў насельніцтва (асноўныя вынікі дзейнасці ў гэтым кірунку па стане на 2003 адлюстраваны ў табл. 3). Асаблівая ўвага аддаецца паляпшэнню стану камунальнага забеспячэння ў сельскай мясцовасці, дзе ўзровень добраўпарадкавання жыллёвага фонду значна ніжэйшы за гарадскі і больш за палову жылых дамоў маюць пячное ацяпленне. Эканам. крызіс канца 1980 — пач. 90-х г. негатыўна адбіўся на стане ЖКГ: больш чым у 2 разы знізіліся аб’ёмы капітальнага рамонту жыллёвага фонду і камунальных сетак, павялічыўся знос асн. фондаў (35,2% на канец 2003); 20% цеплавых сетак ужо выпрацавалі свой амартызацыйны тэрмін; у галіне эксплуатуецца ўстарэлае абсталяванне з нізкім КПД.
У апошнія гады праводзіцца работа па пераадольванні гэтых негатыўных з’яў, паляпшэнні стану камунальнай інфраструктуры населеных пунктаў. Арг-цыі ЖКГ працуюць больш устойліва, забяспечваюць пастаўку спажыўцам камунальных паслуг у патрэбным аб’ёме і з належным узроўнем якасці. У 2003 дасягнуты ўзровень 1990 па ўводзе ў эксплуатацыю жылля пасля капітальнага рамонту. Абнаўляюцца асноўныя вытв. фонды ЖКГ. Шмат увагі аддаецца рэсурса-, энергазберажэнню, пераходу на новыя эканам. тэхналогіі вытв-сці паслуг і зніжэнню іх сабекошту. Вял. значэнне надаецца паляпшэнню якасці пітной вады, ахове навакольнага асяроддзя, праблеме утылізацыі быт. адходаў.
Асноўная стратэг. мэта развіцця ЖКГ у наш час — пераход на самаакупнасць паслуг і самафінансаванне. Гэтыя працэсы пакуль стрымліваюцца высокім сабекоштам паслуг ЖКГ, недастатковай абсталяванасцю жыллёвага фонду прыладамі ўліку і рэгулявання спажывання паслуг, а таксама несупастаўнасцю тэмпаў росту тарыфаў за жыллёва-камунальныя паслугі і ўзроўню даходаў насельніцтва. У 2002 паслугі ЖКГ склалі 32,3% (першае месца) у структуры платных паслуг насельніцтву. Ідзе працэс рэфармавання ЖКГ: набываюць заканад. аснову жыллёвыя адносіны, пераглядаюцца і ўдасканальваюцца сац. стандарты па аб’ёмах і якасці камунальных паслуг для насельніцтва, удасканальваецца цэнаўтварэнне і шэраг сумежных праблем, у т. л. структура кіравання галіной, ажыццяўляюцца захады па павышэнні эфектыўнасці, надзейнасці функцыянавання сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва, расшырэнні асартыменту, паляпшэнні якасці паслуг і зніжэнні выдаткаў на іх вытворчасць, забеспячэнні сац. абароны малазабяспечаных сем’яў па аплаце жылых і камунальных паслуг.
Л.М.Кананенка і Т.С.Лысікава (жыллёвае будаўніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка), Дз.А.Рондак (бытавое абслугоўванне).
Табліца 1 Асноўныя паказчыкі развіцця жыллёвай сферы Рэспублікі Беларусь
1970
1980
1990
1995
2000
2003
Увод у дзеянне агульнай плошчы жылых дамоў, тыс.м² — усяго
4328
4291
5282
1949
3536
3028
з іх за кошт дзярж. сродкаў
2186
2962
3731
299
240
246
Увод жылля на вёсцы, тыс.м²
1656
933
1312
448
1083
911
Колькасць пабудаваных кватэр, тыс. адзінак
89,7
80,4
86,1
27,3
39,4
31,8
Жыллёвы фонд, млн.м²
139,9
182,4
200,5
212,1
219,0
Сярэдняя забяспечанасць жыллёвай плошчай, м² на чал.
14,4
17,9
19,5
21,2
22,1
Табліца 2 Структура бытавых паслуг, аказаных насельніцтву Беларусі праз усе каналы рэалізацыі (у % да выніку)
1995
1999
2000
2001
2002
2003
Увесь аб’ём быт. паслуг
100
100
100
100
100
100
Рамонт, афарбоўка і пашыў абутку
5,8
5,3
4,9
4,9
4,6
3,7
Рамонт і індывід. пашыў адзення
8,3
7,8
7,0
7,7
6,0
5,3
Рамонт і тэхн. абслугоўванне быт. радыёэлектроннай апаратуры, быт. машын і прыбораў, рамонт і выраб металавырабаў
6,0
7,2
5,7
5,9
5,8
5,2
Тэхн. абслугоўванне і рамонт аўтамабільных і інш.трансп. сродкаў
10,2
17,3
16,2
13,7
9,1
17,0
Выраб і рамонт мэблі
1,3
1,7
2,4
2,7
3,4
3,9
Хім. чыстка і афарбоўванне
0,7
1,0
1,4
1,5
1,5
1,5
Паслугі пральняў
10,9
7,2
6,5
6,6
5,6
5,5
Рамонт і буд-ва жылля і інш. пабудоў
10,9
9,7
13,7
12,0
15,1
12,3
Паслугі фотаатэлье
2,5
5,7
5,1
4,9
4,6
4,7
Паслугі лазняў і душавых
1,6
1,6
1,7
2,0
2,3
2,3
Паслугі цырульняў
6,3
8,0
9,5
11,1
12,6
12,0
Рытуальныя і абрадавыя паслугі
5,6
7,4
6,9
8,1
9,2
7,6
Іншыя
29,9
20,1
19,0
18,9
20,2
20,3
Табліца 3 Узровень добраўпарадкавання жыллёвага фонду на пачатак 2003 (у працэнтах)
Абсталявана
Агульнай плошчы
Кватэр
уся Беларусь
гар. пасяленні
сельская мясцовасць
уся Беларусь
гар. пасяленні
сельская мясцовасць
Водаправодам
64,8
85,2
28,2
62,0
83,9
23,3
Каналізацыяй
62,5
84,3
23,5
59,8
83,1
18,8
Цэнтральным ацяпленнем
62,8
87,0
19,5
60,5
85,5
16,6
Гарачым водазабеспячэннем
52,6
78,3
6,7
51,8
78,1
5,6
Ваннамі (душам)
54,2
79,6
8,8
53,1
79,2
7,3
Газам
87,1
86,0
89,2
90,3
90,0
90,8
Напольнымі Падлогавымі* электраплітамі
7,7
11,7
0,7
5,2
8,1
0,2
Грамадскае харчаванне. Шырока дзярж. арганізацыя грамадскага харчавання пачала развівацца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 Паводле дэкрэта СНК ад 9.11.1917 «Аб расшырэнні правоў гарадскіх самакіраванняў у прадуктовай справе» гар. ўлады арганізоўвалі грамадскія сталовыя, далучалі да гэтай справы рабочых, размяркоўвалі прадуктовыя фонды паміж прадпрыемствамі гандлю і грамадскага харчавання. У студз. 1918 у Мінску ў памяшканнях нацыяналізаваных рэстаранаў «Еўропа» і «Цэнтральны» створаны нар. сталовыя. Такія сталовыя адкрываліся і ў інш. гарадах. Арганізавана бясплатнае харчаванне рабочых, занятых на вытворчасці, і дзяцей да 16 гадоў. Пад канец 1920 у Мінску ў 21 сталовай для дарослых, 22 дзіцячых і 18 школьных харчавалася 40 тыс.чал., у т. л. 27,7 тыс. дзяцей. У Гомельскай губ. паслугамі грамадскага харчавання карысталася 90,7 тыс., у т. л. 29,8 тыс. дзяцей. У Віцебскай — адпаведна 93,3 тыс. і 29,3 тыс. У 1921—25 ажыццёўлены пераход ад нарміраванага забеспячэння да свабоднага гандлю, планавання тавараабароту, перабудовы арганізац. форм сістэмы грамадскага харчавання. У 1927—28 сетка сталовых Беларусі (126 прадпрыемстваў) выпусціла 15,4 млн. страў. У 1932 функцыянавала 1127 сталовых з гадавым выпускам 19,9 млн. страў, грамадскім харчаваннем было ахоплена 70% рабочых і навучэнцаў, 1/3 служачых. За 1938—40 сетка прадпрыемстваў грамадскага харчавання вырасла на 88,6% (з 1319 да 2487). У 1940 тавараабарот дзярж. і каап. прадпрыемстваў дасягнуў 68,9 млн.руб., на 2487 прадпрыемствах грамадскага харчавання працавала 18,1 тыс.чал. У гады Вял.Айч. вайны былі разбураны ці спалены амаль усе прадпрыемствы грамадскага харчавання. У 1945 адноўлена 42% сталовых, рэстаранаў, буфетаў і інш. Колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання на канец 1945 скарацілася да 187, іх доля ў агульнай колькасці гандлёвай сеткі склала ўсяго 12,8%. У пасляваенны перыяд тавараабарот у грамадскім харчаванні развіваўся больш нізкімі тэмпамі ў параўнанні з гандл. сеткай. Пагоршана структура сеткі прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Доля закусачных і буфетаў у 1950 склала 59,4 % ад агульнай колькасці прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Калі ў 1945 прадпрыемствы грамадскага харчавання выпусцілі 132,5 млн. страў, то ў 1950 толькі 124 млн. За 1950—70 колькасць прадпрыемстваў грамадскага спажывання вырасла ў 3,9 раза, а іх тавараабарот — у 4,1 раза. У 1970 на прамысл. і трансп. прадпрыемствах, будоўлі і ў навуч. установах працавалі 7854 прадпрыемствы грамадскага харчавання. У 1960—70 іх тавараабарот развіваўся больш павольна, чым планавалася, асабліва гэта адчувалася ў горадзе, дзе яго прырост за гэты перыяд у разліку на аднаго чалавека склаў 106%. Нягледзячы на павелічэнне душавога грамадскага харчавання на вёсцы амаль утрая, узровень яго развіцця і ў 1970 быў ніжэйшы, чым у горадзе. Развіццё прадпрыемстваў грамадскага харчавання адбывалася па шляху ўзбуйнення і спецыялізацыі. Колькасць працаўнікоў гэтай галіны за 10 гадоў вырасла на 116% і склала 63,3 тыс.чал. 1970—80-я г. адметныя ўстойлівымі тэмпамі развіцця і ўдасканальвання матэрыяльна-тэхн. базы грамадскага харчавання. За гэты перыяд колькасць прадпрыемстваў галіны павялічылася на 3,5 тыс. з колькасцю месцаў на 347 тыс. асоб.
У 1980—90-я г. выявіліся істотныя недахопы ў размяшчэнні прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Пры дастаткова высокай іх канцэнтрацыі ў гарадах у 10 тыс. сельскіх населеных пунктаў яны зусім адсутнічалі. У 1990 дзейнічалі 13 773 прадпрыемствы грамадскага харчавання, у т. л. 49,9% — дзярж. формы ўласнасці (гл.табл. 1). У 1990-я г. ў грамадскім харчаванні сталі стварацца акцыянерныя т-вы і прыватныя прадпрыемствы.
З 2000 у грамадскім харчаванні намеціліся пазітыўныя зрухі. У 2003 у Беларусі налічвалася 8691 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання на 621 тыс. месцаў, з якіх 19% дзейнічаюць на прадпрыемствах, 35% — пры навучальных установах, 41 — у агульнадаступнай сетцы. 36% такіх прадпрыемстваў адносіцца да дзярж. уласнасці, а 64% — да недзяржаўнай. Агульнадаступная сетка складае 3,5 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання, з іх 388 рэстаранаў, 1472 кафэ, 940 бараў. Усе гэтыя прадпрыемствы прадстаўлены рознымі нацэначнымі катэгорыямі, што дазваляе забяспечыць даступнасць паслуг для ўсіх катэгорый насельніцтва.
Урадам краіны зацверджана сістэма дзярж.сац. стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, у якой прадугледжаны нарматыў забяспечанасці месцамі ў агульнадаступнай сетцы прадпрыемстваў грамадскага харчавання не менш як 15 на 1000 чал. З 1990-х г. шырокае развіццё набылі прадпрыемствы хуткага харчавання, якія выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі вытворчасці для гатавання страў бел.нац. кухні. Толькі ў 2002—03 у Мінску адкрыта каля 200 рэстаранаў і закусачных хуткага абслугоўвання. Сталі пашыранымі сэрвісныя паслугі на рэспубліканскіх і мясцовых дарогах. У 2004 на дарогах краіны функцыянуе больш за 40 прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Развіваецца мабільная сетка, арганізаваная ў парках і на рынках. Гэта дазваляе хутка і якасна аказваць паслугі грамадскага харчавання насельніцтву, у т. л. турыстам. Пры навуч. установах функцыянуюць 3,1 тыс. аб’ектаў грамадскага харчавання на 331 тыс. месцаў. У гарадах дзейнічаюць 389 камбінатаў школьнага харчавання. Для больш поўнага задавальнення попыту навучэнцаў і студэнтаў пры навуч. установах працуюць 44 кафэ, 17 магазінаў і аддзелаў кулінарыі. У 40% агульнаадук. школ, 16% прафтэхвучылішчаў, 65% ВНУ, 15% тэхнікумаў харчаванне арганізавана ўстановамі адукацыі. У Мінску камбінатамі школьнага харчавання наладжана харчаванне ў школах-інтэрнатах. Школьнікі з малазабяспечаных і неўладкаваных сем’яў па рашэнні навуч. устаноў атрымліваюць поўнасцю ці часткова бясплатнае харчаванне. Навучэнцы ПТВ і школ, якія знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджання, забяспечваюцца 2-разовым харчаваннем. Навучэнцы прафес.-тэхн. устаноў, якія вучацца не менш як 10 месяцаў, забяспечваюцца аднаразовым гарачым харчаваннем, а навучэнцы з малазабяспечаных сем’яў і іншагароднія, якія вучацца ў сельскіх ПТВ, — 3-разовым гарачым харчаваннем. У сталовых навуч. устаноў кулінарная прадукцыя рэалізуецца з мінімальнымі нацэнкамі, якія ўстаноўлены для дадзенай катэгорыі прадпрыемстваў аблвыканкомамі і гарвыканкомамі.
Харчаванне рабочых і служачых у краіне ажыццяўляюць 1,6 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, якія маюць 109 тыс. месцаў. Для забеспячэння даступнасці паслуг харчавання на шэрагу прадпрыемстваў зніжаны памер гандлёвай нацэнкі на прадукцыю ўласнай вытворчасці. Частка кошту харчавання рабочых і служачых аплачваецца ўласнымі грашыма прадпрыемстваў; ужываецца сістэма крэдытных разлікаў за абеды.
Р.П.Валевіч.
Табліца 1 Сетка прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў 1990—2003
1990
1995
2000
2002
2003
Усяго прадпрыемстваў грамадскага харчавання
13 773
9304
8721
8772
8691
у іх месц, тыс.
932
685
634
631
621
у т. л. па формах уласнасці:
дзяржаўная
колькасць прадпрыемстваў
6871
3295
2951
2892
3133
у іх месц, тыс.
568
306
279
275
298
удзельная вага дзяржаўных прадпрыемстваў у агульнай іх колькасці, у %
49,9
35,4
33,8
33,0
36,0
прыватная
колькасць прадпрыемстваў
6902
6008
5749
5845
55,4
у іх месц, тыс.
364
379
353
353
319
у т. л. спажывецкая кааперацыя колькасць прадпрыемстваў