ДО́БРЫНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдЗ ад Віцебска. Пл. 0,37 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 15,2 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на Пн і Пд да 5 м), у верхняй ч. разараныя, на У пад хмызняком. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, уздоўж урэзу вады параслі хмызняком, на Пн нізкія, пераўвільготненыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — сапрапелі; глеі. Зарастае слаба. У возера ўпадае ручай, на Пн выцякае ручай у Зах. Дзвіну.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ТА, Друкша,

рака ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дзісна (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 1020 км².

Пачынаецца каля в. Грытуны (да пабудовы ГЭС «Дружба народаў» у 1953 para выцякала з воз. Дрысвяты). Цячэ праз азёры Доўгае, Верхняе і Богінскае. Участак б. рэчышча паміж вёскамі Ёдзішкі і Вусце цяпер лічыцца прытокам Д. — Дрысвяткай. Верхняе цячэнне ракі ў межах Браслаўскай грады, ніжняе — на З Полацкай нізіны. Асн. прыток — р. Прорва (злева). На вадазборы 139 азёр. Даліна пераважна трапецападобная. Пойма перарывістая. Рэчышча сярэдне звілістае, на працягу каля 9 км каналізаванае.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАЎЕ́,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 28 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 0,65 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 340 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Пл. вадазбору 5 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пясчаныя, параслі лесам, участкі на У і З у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на У і З часткова забалочаныя, сплавінныя. Дно да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадаюць 3 ручаі, на Пд выцякае ручай у Зах. Дзвіну. Зарастае слаба.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ХАВА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПнЗ ад г. Полацк, каля г. Наваполацк. Пл. 0,43 км², даўж. каля 1,7 км, найб. шыр. 330 м, найб. глыб. 20,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,8 км. Пл. вадазбору 4,7 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам. Ёсць шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пад хмызняком, на Пн забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складаецца з паўн. (глыб. да 4,5 м) і паўд. (глыб., 20,7 м) плёсаў, злучаных пралівам глыб. 3 м. Ложа да глыб. 2 м выслана пяском, ніжэй — сапрапелем.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛКА,

рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бірвета (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 775 км². Выцякае з воз. Мядзел каля в. Лапосі Мядзельскага р-на. Асн. прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—400 м. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шыр. да 200 м. Рэчышча сярэдне звілістае. Шыр. ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ ў межах г. Паставы сажалка — Пастаўскае воз. (пл. 0,27 км²).

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫ АТРА́Д,

асноўнае тактычнае злучэнне пагранічных войск у шэрагу краін, якое ствараецца для выканання спец. задач па ахове і абароне граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь П.а. з’яўляецца службова-баявой і адм.-гасп. адзінкай, прызначанай для аховы пэўнага ўчастка дзярж. граніцы. Падпарадкоўваецца Дзярж. камітэту пагран. войск; мае ў сваім складзе пагран. камендатуры, заставы (пасты), аддзяленні пагранічнага кантролю, падраздзяленні забеспячэння і абслугоўвання. П.а. Беларусі могуць таксама ўключаць манеўравыя групы і інш. падраздзяленні, у т. л. на рачных участках (Прыпяць, Зах. Дзвіна і інш.) — падраздзяленні вартавых катэраў пагран. войск.

В.​В.​Шумской.

Да арт. Пагранічны атрад: катэр у дазоры на р. Дняпро.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ ГРАДА́,

паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжаў Балтыйскага м. ад Даніі на З да р. Зах. Дзвіна на У (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўж. каля 1500 км, шыр. 80—90 км, выш. да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча). Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найб. Мюрыц, Снярдвы, Мамры).

Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На Пд да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да Балтыйскай грады адносяць Браслаўскую граду і ўсх. ч. Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУБО́Н»

(«Rubon»),

альманах памяркоўна-кансерватыўнага кірунку. Выдаваўся ў 1842—49 у Вільні на польскай мове. Распаўсюджваўся пераважна на Віцебшчыне (Рубон — стараж. назва р. Зах. Дзвіна). Рэдактар-выдавец К.​Буйніцкі. Асвятляў культ. жыццё Наддзвіння і паказваў мінулае краю. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Беларусі. Надрукаваў творы Я.​Баршчэўскага, Т.​Лады-Заблоцкага, Г.​Марцінкевіча, В.​Рэута, братоў Ю., К. і В. Гжымалоўскіх, А.​Плятэра, Я.​Ходзькі, І.​Храпавіцкага, Я.​Чачота і інш. ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, бел. нар. песні. Адыграў пэўную ролю ў ажыўленні культ. руху і згуртаванні літ. сіл рэгіёна. Арыентаваўся на маёмную шляхту і мясц. інтэлігенцыю. Выйшла 10 тамоў.

У.​І.​Мархель.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЕ́Ц,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на З ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 720′м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 12,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, пад пашай, на ПдУ разараныя. На Пн і Пд забалочаная пойма шыр. 10—100 м, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, на Пд сплавінныя. Некалькі заліваў. Востраў пл. 0,2 га. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, прыбярэжная зона на З і У пясчаная. Зарастае. Упадаюць ручай і меліярацыйная канава, выцякае р. Валынка.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» 3/109, 115, 117; 5/67, 68; 6/347; 9/505, гл. Віцебскі дывановы камбінат

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)