БАРАТЫ́НСКІ (Яўген Абрамавіч) (2.3.1800, в. Вяжля Тамбоўскай вобл., Расія — 11.7.1844),
рускі паэт. Вучыўся ў Пажскім корпусе ў Пецярбургу (1812—16). У 1819—26 на вайск. службе. У 1826 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Маскве. Апошнія гады жыў у падмаскоўным маёнтку Муранава. У 1844 паехаў у Італію, памёр у Неапалі. Пахаваны ў Пецярбургу. У элегіях і пасланнях («Фінляндыя», «Разупэўненне», «Прызнанне», «Дзве долі» і інш.) раскрыў унутрана супярэчлівы, раздвоены душэўны свет сучасніка. Для твораў 2-й пал. 1820—30-х г. характэрныя матывы адзіноты і смутку («Стансы»), напружаная філасафічнасць (паэмы «Баль», «Цыганка», вершы «Апошняя смерць», «Убогі дар мой, голас мой нягучны», «Ланцуг мне лёс наканаваў» і інш.). Аўтар паэм «Піры», «Эда» (абедзве 1826), «Перасяленне душ» (1828), аповесці «Пярсцёнак» (1831). У зб. вершаў «Сутонне» (1842) супярэчлівасць гіст. прагрэсу і эстэт. прыроды чалавека, праломленая праз трагічную свядомасць паэта.
Тв.:
Стихотворения;
Поэмы. М., 1982;
Стихотворения;
Проза;
Письма. М., 1983.
Літ.:
Лебедев Е. Тризна: Кн. о Е.А.Боратынском. М., 1985;
Тойбнин И.М. Тревожное слово: (О поэзии Е.А.Баратынского). Воронеж, 1988;
Песков А.М. Боратынский: Истинная повесть. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСЕН ((Anderstn) Ханс Крысціян) (2.4.1805, г. Одэнсе, Данія — 4.8.1875),
дацкі пісьменнік. Аўтар кніг «Казкі для дзяцей» (т. 1—3, 1835—37), «Новыя казкі» (1843—48), «Гісторыі» (1852—53); раманаў «Імправізатар» (1835), «Толькі скрыпач» (1837), «Дзве баранесы» (т. 1—3, 1849); зб. навел «Кніга карцін без карцін» (1840); п’ес «Мулат», «Маўрытанка» (абедзве 1840), аўтабіяграфіі «Казка майго жыцця» (1846), падарожных нарысаў. Сусв. вядомасць Андэрсену прынеслі казкі «Дзюймовачка», «Крэсіва», «Снежная каралева», «Прынцэса на гарошыне», «Новае ўбранне караля», «Брыдкае качаня», «Стойкі алавяны салдацік». Творчасці Андэрсена ўласцівыя рамантызм і народнасць, іронія і гумар, гуманізм і філас. мудрасць. На бел. мову казкі Анднрсена перакладалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш. Казка «Салавей» паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі (1980). 1975 быў аб’яўлены годам Андэрсена.
Тв.:
Бел.пер. — Брыдкае качаня. Мн., 1938;
Выбраныя казкі. Мн., 1946;
Стойкі алавяны салдацік. Мн., 1947;
Казкі. Мн., 1955;
Дзікія лебедзі. Мн., 1971;
Рус.пер. — Сказки и истории. М., 1980.
Літ.:
Грёнбек Бо. Ханс Кристиан Андерсен: Жизнь. Творчество. Личность: Пер. с дат. М., 1979;
Переслегина Э.В. Ханс Кристиан Андерсен: Биобиблиогр. указ. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТШМІТ ((Gutschmidt) Карл) (н. 12.9.1937, г. Фербелін, Германія),
нямецкі мовазнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1976), праф. (1982). З 1967 выкладае бел. філалогію ў Берлінскім ун-це; заг. аддзялення слав. моў. З 1996 праф. Ін-та славістыкі Дрэздэнскага тэхн. ун-та. Даследуе праблемы бел. фразеалогіі («Стан і праблемы даследавання фразеалогіі ў Беларускай ССР», 1976), запазычанняў («Балтыйскія запазычанні ў беларускай літаратурнай мове», 1974), стылістыкі («Аб развіцці стыляў беларускай прозы», 1983), лексікаграфіі («Дзве новыя працы па беларускай лексікаграфіі», 1969), параўнальнага вывучэння моў («Беларуска-ўкраінскія ізалексы», 1971, «Даследаванні балтыстыкі ў Беларускай ССР», 1978). Аўтар прац па дыяхронным і сінхронным вывучэнні бел. мовы («Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», 1976; «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспекце», 1972), гісторыі развіцця і станаўлення бел. мовы («А.Брукнер і беларуская філалогія», 1980; «Мацей Мурко і беларуская філалогія», 1988). Выдаў зб. «Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Усходняй Еўропе ў другой палове 19 — пач. 20 ст.» (1989). Пераклаў на ням. мову творы Ядвігіна Ш., З.Бядулі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр.Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),
польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ход гіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).
Літ.:
Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;
Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАЯ́К (Казімір) (сапр.Стаповіч Канстанцін Мацвеевіч; 19.2.1890, в. Барані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 6.5.1926),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1914). У 1915 пасвячоны ў ксяндза. Абавязкі ксяндза спалучаў з адукацыйна-асветнай работаю: адкрываў бел. школы, збіраў бел. фальклор, казанні ў касцёле гаварыў па-беларуску, за што зазнаў нападкі касцельнай іерархіі. Друкаваўся з 1913. Аўтар публіцыст. трактата аб шкоднасці п’янства «Алкаголь» (1913), п’есы «Янка Канцавы» (1920), зб. вершаў «Мая ліра» (1924), вершаванага апавяд. «Чарку дай, браце» (1926), драм. паэмы «Купалле» (1930), філас. дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932). Пісаў вершы, апавяданні, эсэ, філас. эцюды, гумарэскі, публіцыст. артыкулы рэліг. і літ.-крытычнага зместу (нарыс пра Ф.Багушэвіча, арт. пра аповесць М.Гарэцкага «Дзве душы») і інш.Найб. раскрыўся ў паэзіі: творы прасякнуты патрыят. думкамі і гуманіст. ідэямі, напоўнены высокай духоўнасцю, ранімай чалавечнасцю, устаноўкай на асветніцтва, пошукамі «найвышэйшай справядлівасці».
Тв.:
У кн.: Ростані волі. Мн., 1990.
Літ.:
Станкевіч А. З жыцьця і дзейнасці Казімера Сваяка. Вільня, 1936;
Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975;
Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя. 1990. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас.грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
французскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжы ў вольнай майстэрні Бінга. Адзін з заснавальнікаў Т-ва незалежных мастакоў (1884; з 1903 яго віцэ-прэзідэнт, з 1909 прэзідэнт). У ранні перыяд творчасці быў блізкі да імпрэсіяністаў, з 1886 пад уздзеяннем Ж.Сёра далучыўся да неаімпрэсіянізму. Пісаў пейзажныя віды Пд Францыі, спакойныя па кампазіцыі, у стрыманай збалансаванай гаме («Маяк у Порт-Рые», 1888; «Пясчаны бераг мора», 1890; «Гавань у Марселі», 1907; «Марсельскі порт», 1911; «Канал Сен-Мартэн», 1933), партрэты («Партрэт Фелікса Фенеона», 1890), лірычныя сцэны і дэкар. кампазіцыі, у якіх раскрываў сваю канцэпцыю ідэальнага анархісцкага грамадства («Нядзеля ў Парыжы», 1890; «Жанчына прычэсваецца», «Дзве жанчыны каля студні», абедзве 1892; «У часы гармоніі»,1894). Мадыфікаваў тэхніку пуантылізму, выкарыстоўваў невялікія, строга ўпарадкаваныя квадратныя мазкі чыстага, інтэнсіўнага колеру: «Дамба ў Партрыё» (1888), «Хвоя. Сен-Трапез» (1909) і інш. Аўтар кн. «Ад Эжэна Дэлакруа да неаімпрэсіянізму» (1899), «Іонгкінд» (1927).
Літ.:
Ж.Сёра. П.Синьяк. Письма. Дневники...: Пер. с фр.М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,
працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Вадзім Міхайлавіч) (22.4.1909, с; Нарым Парабельскага р-на Томскай вобл., Расія — 20.10.1984),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Маскоўскі ун-т (1933). У Айч. вайну журналіст, удзельнік вызвалення Беларусі. З 1949 гал. рэдактар час. «Знамя». Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў апавяданняў «Начная размова» (1939), «Апавяданні пра вайну» (1942), «Любімыя таварышы» (1943), «Дарогамі вайны» (1955), «Дрэва жыцця» (1977); аповесцей «Стэпавы паход» (1939), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1960), «Пётр Рабінкін» (1968), «Асобае падраздзяленне» (1969, за дзве апошнія Дзярж. прэмія СССР 1971); раманаў «Зары насустрач» (кн. 1—2, 1956—57, пра рэв. рух у Сібіры), «У поўдзень на сонечным баку» (1973), «Карані і крона» (1981—82). Раман «Шчыт і меч» (1965, паст; Бел. т-рам імя Я.Коласа 1967) пра сав. разведчыкаў. Пісаў п’есы, нарысы, кінасцэнарыі. Неаднаразова наведваў Беларусь. Аўтар нарыса «Кірыл Арлоўскі», артыкулаў пра бел. л-ру. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.Кудравец, Г.Шаранговіч.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1968—71;
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1985—88;
Бел.пер. — у кн.: Аб кані і конніку. Мн., 1936;
Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.
Літ.:
Леонов Б.А. Вадим Кожевников: Очерк жизни и творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЮ́К (Аляксей Нічыпаравіч) (14.4.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяв., Польшча — 14.7.1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1949), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1961). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1949—59 на пед. і журналісцкай рабоце, у 1977—81 дырэктар Рэсп. музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне. У 1978—92 сакратар Гродзенскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы твор — аповесць «У адным інстытуце» (1953). Асн. тэматыка творчасці — жыццё працоўных Зах. Беларусі, змены, што адбыліся ў іх свядомасці і псіхалогіі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці: аповесці «Данута» (1959), «Пушчанская адысея» (1964), «Сучасны канфлікт» (1983), «Рэквіем» і «Белая Дама» (абедзве 1991). Аўтар рамана-былі «Вершалінскі рай» (1972), зб-каў аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), кніг нарысаў «Мая Гродзеншчына» (1960), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), «Вольга Корбут» (1977; у сааўт.). Для яго твораў характэрна насычанасць рэальнымі фактамі, абвостранасць канфліктаў, публіцыстычнасць, рамантычнасць. За кн. прозы «Сучасны канфлікт» (1985) Літ. прэмія імя І.Мележа 1986.