МІ́ТЧЭЛ ((Mitchel) Джон) (3.11.1815, г. Дангівен, Вялікабрытанія — 20.3.1875),
дзеяч ірл.нац.-вызв. руху. Журналіст. У 1840-я г. ўваходзіў у Асацыяцыю рыпілераў, адзін з кіраўнікоў радыкальнага крыла «Маладой Ірландыі» і Ірландскай канфедэрацыі. Заклікаў да ўзбраення ірл. народа, падрыхтоўкі паўстання для звяржэння ўлады лендлордаў. У маі 1848 арыштаваны і сасланы англ. ўладамі на в-аў Тасманія. У 1853 уцёк у ЗША, падтрымліваў ірл.нац.-вызв. рух. Аўтар прац «Гісторыя Ірландыі ад Лімерыкскага дагавора да цяперашняга часу» (т. 1—2, 1868), «Апошняе заваяванне Ірландыі» (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РТРАП ((Northrop) Джон Хоўард) (5.7.1891, г. Іонкерс, ЗША — 27.5.1987),
амерыканскі біяхімік, адзін з заснавальнікаў прыкладной энзімалогіі. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1949). Скончыў Калумбійскі ун-т (1912). У 1915—62 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў. Працаваў таксама ў Гарвардскім, Калумбійскім, Іельскім, Прынстанскім, Каліфарнійскім ун-тах. Навук. працы па хіміі ферментаў. Вылучыў у крышт. форме ферменты: хіматрыпсін, пепсін і трыпсін, а таксама адзін з вірусаў і дыфтэрыйны антытаксін. Даказаў бялковую прыроду ферментаў. Нобелеўская прэмія 1946 (разам з У.М.Стэнлі і Дж.Б.Самнерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТАН, Эктан (Acton) Джон Эмерык Эдуард Дальберг (Dalberg; 10.1.1834, Неапаль — 19.6.1902),
англійскі ліберальны гісторык і паліт. дзеяч. У 1859—65 член парламента, лорд. Праф. (з 1895) Кембрыджскага ун-та. Католік па веравызнанні, Актан лічыў гал. у гіст. працэсе развіццё ідэй, якія засн. на рэліг. вераванні. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі і памяркоўных рэформаў. Працы па праблемах сярэднявечча і новай гісторыі аб’яднаны ў зб-кі «Гісторыя свабоды і іншыя эцюды», «Гістарычныя эцюды і даследаванні» (абедзве 1907), «Царква і дзяржава» (1953) і інш. Ініцыятар выдання шматтомнай «Кембрыджскай новай гісторыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН ((Brown) Джон) (9.5.1800, г. Торынгтан, штат Канектыкут, ЗША — 2.12.1859),
адзін з лідэраў абаліцыянісцкага руху ў ЗША (гл.Абаліцыянізм). У 1855—56 арганізаваў узбр. барацьбу супраць рабаўладальнікаў у штаце Канзас. Распрацаваў план стварэння ў Алеганскіх гарах (штат Віргінія) свабоднай рэспублікі, склаў праект яе дэмакр. «Часовай канстытуцыі». З мэтай ажыццяўлення плана 16.10.1859 Браўн з узбр. атрадам захапіў урадавы арсенал у Харперс-Феры. Атрад быў знішчаны, загінулі 2 сыны Браўна, а ён сам, цяжка паранены, быў арыштаваны і павешаны. Паўстанне Браўна папярэднічала Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭЙ ((Bray) Джон Фрэнсіс) (1809, Вашынгтон — 1895),
англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст, паслядоўнік Р.Оўэна. Аўтар публікацыі «Несправядлівасці ў адносінах да працы і сродкі да іх устаранення» (1839), у якой гал. ўвага сканцэнтравана на сац.-эканам. пераўтварэнні бурж. грамадства. Лічыў, што ліквідаваць прыватную ўласнасць і заснаваную на ёй сістэму наёмнай працы можна шляхам перабудовы таварна-грашовых адносін (стварэнне сістэмы прац. грошай), на аснове дакладнай эквівалентнасці абмену і выцяснення капіталіст. формаў гаспадаркі т.зв. рабочымі акц. т-вамі. Ідэі Брэя пакладзены П.Ж.Прудонам у аснову яго канцэпцыі сацыялізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙН ((Vane) Джон Роберт) (н. 29.3.1927, Тардэбіг, графства Херэфард-энд-Вустэр. Вялікабрытанія),
англійскі фармаколаг. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філасофіі (1953). Скончыў ун-т у Бірмінгеме (1946). З 1946 у Оксфардзе, з 1953 у Іельскім ун-це, з 1955 у Ін-це фундаментальных мед. даследаванняў пры Каралеўскім каледжы хірургаў, з 1973 дырэктар аддзела даследаванняў і развіцця Фонду Уілкама ў Лондане. Навук. працы па вылучэнні простагландзінаў і вывучэнні іх хіміі і біяхіміі. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрамам і Б.Самуэльсанам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДЖ ((Cage) Джон) (5.9.1912, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 12.8.1992),
амерыканскі кампазітар. Чл. Амерыканскай акадэміі мастацтваў і л-ры (1988). Вучань Г.Каўэла, А.Шонберга. Прадстаўнік муз. авангарда. Працаваў у галіне эксперыментальнай музыкі, выкарыстоўваў тэхніку дадэкафоніі, алеаторыку. З дапамогай экзатычных інструментаў узнаўляў рытмічныя і тэмбравыя асаблівасці стараж.муз. мастацтва народаў Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі. Аўтар п’ес для ўдарных інструментаў, фп., «падрыхтаванага фп.», а таксама т.зв. інструментальных відовішчаў. Напісаў кн. «В.Томсан» (1959, у сааўт.), «Цішыня» (1961), «Дзённік» (ч. 3—4, 1967—68), «Натацыі» (1969, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЭЙ, Мары (Murray) Джон (3.3.1841, г. Коберг, Канада — 16.3.1914), англійскі акіянограф і прыродазнавец. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў Эдынбургскі ун-т. У 1872 удзельнічаў у англ. кругасветнай экспедыцыі на «Чэленджэры» пад кіраўніцгвам Ч.Томсана. Рэдактар 50-томнай справаздачы экспедыцыі і аўтар агульнага апісання рэйса і марскіх донных адкладаў. У 1880 і 1882 вывучаў Фарэрскі праліў, у 1906 правёў батыметрычную здымку прэснаводных азёр Шатландыі. У 1910 разам з нарв. вучоным Ю.Іортам арганізаваў акіянаграфічную экспедыцыю ў паўн.ч. Атлантычнага ак. і ў сааўт. з ім напісаў кнігу «Глыбіні акіяна» (1912).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТ ((Mott) Джон Рэйлі) (25.5.1865, г. Лівінгстан-Манар, ЗША — 31.1.1955),
амерыканскі грамадскі дзеяч, хрысц. місіянер. Скончыў Корнелскі (г. Ітака) ун-т (1888). У 1895—1920 ген. сакратар, ў 1920—28 старшыня Сусв. студэнцкай хрысц. федэрацыі, у 1898—1928 адначасова ў Хрысц. асацыяцыі маладых людзей (з 1915 ген. сакратар гэтай асацыяцыі і Нац. савета хрысц. царквы ў ЗША). У 1921—41 старшыня Міжнар. місіянерскага савета. З 1948 ганаровы старшыня Экуменічнага савета цэркваў. Аўтар прац па прапагандзе хрысц. ідэалаў і місіянерскай дзейнасці. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Э.Г.Болч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭШ ((Nash) Джон) (1752, Лондан — 13.5.1835),
англійскі архітэктар. Працаваў у Лондане, у 1783—96 — ва Уэльсе, у 1796—1806 — у Ірландыі і Шатландыі. З 1811 асабісты архітэктар рэгента (пазней Георг IV), з 1813 гал. наглядчык будынкаў. Будаваў загарадныя і сядзібныя дамы ў духу рамантызму, у лонданскіх ансамблях прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Сярод твораў: забудова раёнаў Парк-Крэсент (1812—22), Оксфард-сёркус, Рыджэнт-стрыт (абодва 1812—30), Рыджэнтс-парк (1821—30), Бакінгемскі палац (1825—30) у Лондане; палац рэгента «Павільён» у Брайтане (1815—21, псеўдаінд. стыль) і інш.