малая планета № 3501. Сярэдні дыяметр 17 км, пл. каля 90 км², сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна 3 а.а., перыяд абарачэння 5 гадоў. Адкрытая ў 1971 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Наз. ў гонар астранома Алега Коратцава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (лац. Columba),
сузор’е Паўднёвага паўшар’я неба. Простым вокам відаць да 40 зорак, 5 з іх ярчэй 4-й зорнай велічыні. Адлегласць ад Сонца 150 светлавых гадоў. На тэр. Беларусі відаць у студзені—лютым. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ РУ́СКАГА БАЛЕ́ТА імя А.Я.Ваганавай, адна са старэйшых рус. балетных школ. Засн. ў 1738 у Санкт-Пецярбургу як Танц. школа, з 1779 у складзе тэатр. вучылішча, у 1924—92 Ленінградскае харэагр. вучылішча; з 1957 імя Ваганавай, з 1961 акадэмічнае. Рыхтуе артыстаў класічнага балета, танц. ансамбляў. Тэрмін навучання 8 гадоў (прымаюцца дзеці з 10 гадоў). Разам з вышэйшай прафес. падрыхтоўкай дае агульнаадукацыйную ў аб’ёме сярэдняй школы. Сярод выкладчыкаў вучылішча І.Вальберх, М.Петыпа, М.Фокін, А.Ваганава. Сярод выпускнікоў Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, В.Спясіўцава, М.Сямёнава, Г.Уланава, Н.Дудзінская, Ф.Лапухоў, В.Вайнонен, Л.Лаўроўскі, Р.Захараў, Л.Якабсон, Ю.Грыгаровіч, І.Калпакова, М.Барышнікаў, Р.Нурыеў, М.Далгушын і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЕМБРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
працэсы ўтварэння найстаражытнейшых складкавых сістэм зямной кары на працягу дакембрыю. Шматразова адбывалася з рознай інтэнсіўнасцю ў выглядзе спалучэння складкавых, насоўных і разломавых дэфармацый горных парод і іх метамарфізму. Эпохі Д.с. вызначаюцца па зменах структурнага плана комплексаў парод, метамарфізаваных у рознай ступені. Пад уплывам Д.с. да канца ранняга пратэразою сфарміравалася асн. частка кантынентальнай кары сучасных мацерыкоў. Найб. познія эпохі Д.с. праяўляліся на стараж. платформах у выглядзе расколвання, частковага ператварэння кары і лакальнага магматызму. Узрост эпох Д.с. вызначаецца радыелагічнымі метадамі. Найб. значныя эпохі Д.с.: саамская (3,7—3,5 млрд.гадоў), кольская (каля 3 млрд.), беламорская (2,8—2,6 млрд.), карэльская (1,7—1,6 млрд.), грэнвільская (каля 1 млрд.) і байкальская (680—480 млн.гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫМЕ́РЫЯ,
цэлакант (Latimeria chalumnae), рыба атр. цэлакантападобных надатр. кісцяпёрых; адзіны сучасны від. Рэшткі Л. вядомы з дэвонскага перыяду (больш за 380 млн.гадоў назад). Лічылася вымерлай больш за 100 млн.гадоў назад. Пашырана ў Інд.ак. каля берагоў Паўд.-Усх. Афрыкі (Каморскія а-вы). Упершыню злоўлена ў 1938 каля вусця р. Халумна; апісана паўднёваафр. вучоным Дж.Смітам (1939). Жыве каля дна на глыб. да 800 м і больш.
Даўж. больш за 1,8 м, маса да 95 кт. Самкі буйнейшыя за самцоў. Хвост трохлопасцевы, парныя плаўнікі маюць кароткую цэнтр. вось. Луска буйная, масіўная. Маларухомыя, карыстаюцца плаўнікамі для плавання і апоры на грунт. Кормяцца рыбай. Яйцажывародныя.
Літ.:
Смит Дж.Л.Б. Старина Четвероног: Пер. с англ.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЦТВА,
тэндэнцыя ў рас. грамадска-паліт. думцы, светапогляд, заснаваны на прызнанні агульнасці Расіі і Зах. Еўропы як непадзельных частак адзінага культ.-гіст. цэлага. У навук. л-ры існуюць розныя пункты погляду на пастанне аб храналагічных рамках бытавання З., паколькі яго носьбіты вядомы ва ўсе гіст. эпохі са старажытнасці да нашых часоў. У.С.Салаўёў адносіў узнікненне З. да 18 ст. і вылучаў у яго развіцці тры гал. «фазісы»; «тэакратычны» (П.Я.Чаадаеў), «гуманітарны» (В.Р.Бялінскі і «людзі саракавых гадоў»), «натуралістычны» (М.Г.Чарнышэўскі і «людзі шасцідзесятых гадоў»). Больш вузкія рамкі бытавання З. прапанаваў А.А.Грыгор’еў — 1840—60-я г. Менавіта да прадстаўнікоў З. гэтага перыяду адносіцца ў вузкім сэнсе тэрмін Заходнікі.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я ПАРУШЭ́ННІ,
парушэнні палавога развіцця (адсутнасць палавога развіцця, затрымка або заўчаснае палавое выспяванне), анамаліі развіцця палавых органаў і гермафрадытызм. Пры адсутнасці другасных палавых прыкмет у хлопчыкаў і дзяўчынак 15—17 гадоў стан палавога развіцця ацэньваецца як паталагічны. Бывае заўчаснае палавое выспяванне, калі другасныя палавыя прыкметы з’яўляюцца раней як у 10 гадоў. Анамаліі развіцця вонкавых і ўнутр. палавых органаў выяўляюцца ў раннім дзіцячым узросце, часам спалучаюцца з заганамі развіцця інш. органаў і сістэм (асабліва мочавывадных шляхоў). Лячэнне комплекснае (хірург., гарманальнае, псіхатэрапія). Да П.п. адносяць таксама палавыя расстройствы, функцыян П.п. (анаргазмія, вагінізм, гіперсексуальнасць, імпатэнцыя і інш.) і палавыя ненармальнасці, перверсіі, паталаг. накіраванасць палавой цягі (заафілія, мазахізм, педафілія, садызм і інш). Вывучаюцца сексапаталогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Захар Філімонавіч) (12.3.1898, в. Буякі Брэсцкага р-на — 2.6.1965),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну з 1917 на Зах. фронце. З 1918 у Чырв. Арміі, ваяваў супраць Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. З 1921 удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1925 арыштаваны і зняволены на 5 гадоў у турму. З 1936 сакратар Брэсцкага акр.к-таКПЗБ. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі на гасп. рабоце. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 упаўнаважаны Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўд. зоне Брэсцкай вобл. па кіраўніцтве партыз. рухам. З 1946 інструктар Брэсцкага абкома КПБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,
група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробы — рэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКІНІСТЫ́ЧНАЯ КНІ́ГА,
друкаванае ці рукапіснае выданне, якое паступіла ў паўторнае абыходжанне. У сучасным кнігагандлі ў букіністычны ўключаюць гандаль антыкварнымі (выдадзеныя ў перыяд з пач. кнігадрукавання да 1850), букіністычнымі (з 1851 да 1960) і кнігамі апошніх гадоў выдання (з 1961).