гістарычны працэс фарміравання і развіцця біяцэнозаў. Адбываецца праз змену (экзагенез) відаў, якія дамінуюць (з іх кансорцыямі), змену складу біяцэнозаў уключэннем і выключэннем (трансгенез) відаў і некаторай іх трансфармацыяй (спецыягенез). Кожны этап біяцэнагенезу ва ўмераным клімаце дынамічны і адбываецца на працягу некалькіх тысячагоддзяў; на раўнінах трапічнай зоны доўжыцца мільёны гадоў. Суправаджаецца фарміраваннем новых рознасцяў глебаў, жывых арганізмаў і інш. Сінонімы біягенацэнозу — філацэнагенез і фітацэнагенез — прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕРЫ́ДА (ад геа... + грэч. meris частка, слой),
жывое покрыва, сукупнасць усіх жывых арганізмаў, якія насяляюць планету. Зрэдку выкарыстоўваецца і як сінонім біясферы. Тэрмін прапанаваў рус. вучоны У.М.Беклямішаў (1928). У паняцці У.І.Вярнадскага ў біял. сэнсе — жывое рэчыва Зямлі. На Зямлі існуе каля 2 млн.відаў арганізмаў, у т. л. 1,5 млн.відаў жывёл. Маса жывога перавышае масу зямной кары. Колькасць прадукцыі за 1 млрд. гадоў у 10 разоў перавышае масу зямной кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ІДНЫЯ (Hydrozoa),
клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.
Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.
працэнтныя суадносіны розных відаўлейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУНЕПАДО́БНЫЯ (Perciformes),
самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).
Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІКІ (Sphingidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1200 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, большасць у тропіках. На Беларусі 18 відаў, з іх бражнік Празерпіна (Proserpinus proserpina), бражнік «мёртвая галава» (Manduca atropos) і бражнік асінавы (Laothoe amurensis) занесены ў Чырв. кнігу. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, ускраінах балот.
Размах крылаў 2—20 см, пярэднія вузкія, выцягнутыя, заднія меншыя, часта з яркімі плямамі або перавязямі. Цела тоўстае, верацёнападобнае, хабаток доўгі (у некаторых трапічных відаў больш за 25 см), вусікі тоўстыя, роўныя. Смокчуць нектар кветак, завісаючы ў паветры. Вусені голыя, цыліндрычныя, з своеасаблівым ражком на задняй частцы брушка; кормяцца лісцем, агаляюць парасткі. Зімуюць у фазе кукалкі ў глебе. Большасць бражнікаў актыўныя на змярканні і ноччу. Некаторыя віды — шкоднікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс.відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАНЫ́, лятучыя мышы (Microchiroptera),
падатрад гладканосых лятучых мышэй атр.рукакрылых. 20 сям., больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 15 відаў, найб. пашыраны вячэрніца рыжая (гл.Вячэрніцы), начніцы вадзяная і вусатая (гл.Начніцы), вушан звычайны, нетапыр-карлік і кажан двухколерны. Селяцца ў пячорах, дуплах дрэў, на гарышчах. Утвараюць калоніі.
Даўж. цела да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некат. мігрыруюць. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці Большасць насякомаедныя. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў і 3 падвіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАДЗІ́ЛЫ (Crocodylia),
атрад паўзуноў падкл. архазаўраў. З сям. (алігатары: 4 роды, 8 відаў; гавіялы: 1 род, 1 від; сапраўдныя К.: 3 роды, 14 відаў). Пашыраны ў трапічным і субтрапічных паясах, па берагах прэсных вадаёмаў, у балотах. У некат. краінах (Егіпет, Індыя) лічацца свяшчэннымі жывёламі. У Чырв. кнізе МСАП 19 відаў.
Даўж. 1,2—7 м. Галава прадаўгаватая, хвост доўгі, сплюшчаны з бакоў. Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі. Найб. высокаарганізаваныя паўзуны: маюць 4-камернае сэрца, другаснае касцявое паднябенне, зубы ў асобных ячэйках, мазжачок добра развіты. Кормяцца воднымі беспазваночнымі, рыбай, наземнымі пазваночнымі, іншы раз нападаюць на жывёлу, нават на людзей. Актыўныя ўначы. Размнажаюцца яйцамі (20—100 шт.). Жывуць да 100 гадоў. Мяса ядомае, скура ідзе на галантарэйныя вырабы. Разводзяць у шэрагу краін. Гл. таксама Кайманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЕРНІЦЫ (Orneodidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах, найб. у тропіках. Вусені кормяцца ўнутры маладых парасткаў дрэвавых і травяністых раслін. У цэнтр.ч. Беларусі трапляецца веерніца шасціпальцая (Orneodes hexadactyla).
Начныя матылі, крылы ў размаху 12—36 мм, веерападобныя (адсюль назва), кожнае расшчэплена на 6 вузкіх лопасцяў. Хабаток добра развіты. Акукліванне ў кокане на глебе або ў месцах жыўлення. Вусені некаторых відаў развіваюцца на бружмелі, скабіёзе і пашкоджваюць маладыя парасткі.