«ВЕ́СТНИК МИ́РА»,

газета Беларускага фонду міру. Выходзіць з ліст. 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра дзейнасць Бел. фонду міру, грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе», бел. і замежных дабрачынных арг-цый, што аказваюць дапамогу ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Асвятляе выкананне праграм па лячэнні і аздараўленні бел. дзяцей, устанаўленне і развіццё сувязей з замежнымі партнёрамі, размеркаванне гуманітарнай дапамогі і інш. Друкуе матэрыялы міжнар. сімпозіумаў, канферэнцый, круглых сталоў па праблемах Чарнобыля. Мае рубрыкі: «Супраць бяды — разам», «Крыніцы міласэрнасці», «Чорны боль мой» (фотаматэрыялы), «Нашы замежныя партнёры» і інш.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНАТРЭЗІ́Я (ад гін... + атрэзія),

парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы. Бывае таксама другаснай, пасля кальпіту, перанесенага ў дзяцінстве, што выклікае атрэзію похвы. У перыяд палавой спеласці ўзнікаюць схваткі і недамаганні ў дні, што адпавядаюць менструальнаму цыклу. Кроў не выходзіць вонкі, а збіраецца ў похве, потым у матцы і назапашваецца ў трубах (несапраўдная аменарэя), што выклікае расшырэнне ўнутр. палавых органаў да памеру дзіцячай галоўкі. Гінатрэзія запаленчай этыялогіі таксама другасная. Анамаліі развіцця похвы часта спалучаюцца з анамаліямі развіцця мачавой сістэмы. Лячэнне хірургічнае.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́СТРЫЦЫ (Ostreidae),

сямейства двухстворкавых малюскаў. Вядомы з палеазою. Каля 50 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных морах да глыб. 70 м, утвараюць значныя скопішчы — вустрычныя банкі. Найб. вядомыя: вустрыца ядомая (Ostrea edulis), вустрыца гіганцкая (Crassostrea gigas), вустрыца пласціністая (Crassostrea denselamellosa), вустрыца віргінская (Crassostrea virginica).

Ракавіны даўж. 6—45 см, няправільнакруглаватай або авальна-клінападобнай формы. Створкі несіметрычныя: ніжняя (ёй вустрыцы прырастаюць да камянёў, скал) сподкападобная, верхняя пляскатая. Фільтратары. Гермафрадыты, некаторыя раздзельнаполыя; у ваду выходзіць лічынка, якая сфарміравалася. Ядомыя, здабываюць і штучна разводзяць.

Вустрыцы: 1 — пласціністая; 2 — гіганцкая; 3 — віргінская; 4 — ядомая.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСАВЫ́ АПАРА́Т,

сукупнасць анатамічных структур, з дапамогай якіх у чалавека і жывёл з лёгачным дыханнем утвараюцца гукі. Складаецца з галасавых звязак — складкі са злучальнай тканкі на ўнутр. паверхні бакавых сценак гартані. Прамежак паміж імі — галасавая шчыліна. Ва ўтварэнні гукаў удзельнічаюць дыхальныя шляхі (трахея, бронхі), а таксама лёгкія. На адценні гукаў уплываюць глотка, насавая поласць з прыдаткавымі пазухамі, ротавая поласць. Паветра з лёгкіх выходзіць праз галасавую шчыліну, ад гэтага звязкі вібрыруюць і ўтвараюць гукавыя хвалі. Змена шырыні галасавой шчыліны і ступені нацягнутасці галасавых звязак уплывае на вышыню і моц гуку.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́СА ЗАКО́Н,

залежнасць інтэнсіўнасці лінейна палярызаванага святла пасля яго праходжання праз аналізатар ад вугла α паміж плоскасцямі палярызацыі зыходнага святла і аналізатара. Паводле М.з. вызначаецца інтэнсіўнасць святла пры яго праходжанні праз палярызацыйныя прылады.

Устаноўлены Э.Л.Малюсам у 1810 і выражаецца формулай I = I0cos​2α, дзе I0 і I — інтэнсіўнасць святла, што падае на аналізатар і выходзіць з яго (адпаведна). Святло з інш. (нелінейнай) палярызацыяй (гл. Палярызацыя святла) вызначаецца як сума двух лінейна палярызаваных складальных, да кожнай з якіх прыдатны М.з.; страты, што не ўлічваюцца М.з., вызначаюцца дадаткова.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЫ́,

бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл. бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел. правасл. царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.​Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел. нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

Л.​У.​Языковіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЧАСО́ПІС»,

штоквартальны навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, усеаг. гісторыі. Друкуе навук. і метадычныя матэрыялы ў дапамогу настаўнікам, студэнтам і вучням, тэксты падручнікаў, камп’ютэрныя навуч. праграмы, паведамляе пра навук. канферэнцыі, новыя выданні кніг, падручнікаў, метадычнай л-ры па гісторыі. Садзейнічае працэсу нац. адраджэння, вывучэнню гісторыі Беларусі і прапагандзе гіст. ведаў. Асн. рубрыкі: «З аграрнай гісторыі», «З ваеннай гісторыі», «З гісторыі дыпламатыі», «Усеагульная гісторыя», «Беларусы ў свеце», «Беларусазнаўства», «Імёны вядомыя і невядомыя», «З гісторыі партый і рухаў» і інш.

В.​Ф.​Кушнер, С.​В.​Таляронак.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

газета, неафіцыйны орган т.зв. арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», створанай рэдактарам газеты Я.​Міткевічам. Выдавалася з 22.4 да 2.8.1922 у Гродне на бел. мове. Выходзіла неперыядычна. Арыентавалася на чытачоў-сялян. Праводзіла лінію згодніцтва з уладамі Польшчы, агітавала за супрацоўніцтва з тагачасным паліт. рэжымам. Выступала з нападкамі на «беларускіх дзеячаў», увогуле інтэлігенцыю, якая, на думку рэдакцыі, імкнецца да ўлады, страціла сувязь з вёскай. Выказвалася за адкрыццё бел. прыватных школ, чытальняў, курсаў бел. мовы для дарослых і інш. Інфармавала пра падзеі ў Зах. Беларусі і за мяжой. Існавала за кошт ахвяраванняў. Перастала выходзіць з-за недахопу сродкаў.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛАКЯ́ВІЧУС (Žalakevičius) Вітаўтас (14.4.1930, г. Каўнас, Літва — 12.11.1996),

літоўскі кінарэжысёр. Нар. арт. Літвы (1981), нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1956). Працаваў на Літоўскай кінастудыі (1956—74, з 1980 маст. кіраўнік), на «Масфільме» (1974—80). Яго фільмы адметныя рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці, напружанымі маральнымі канфліктамі, дынамічным развіццём сюжэта, метафарычнасцю кінамовы: «Адам жадае быць чалавекам» (1959), навела «Жывыя героі» ў аднайм. фільме (1960, Дзярж. прэмія Літвы), «Ніхто не хацеў паміраць» (1965, прэмія Ленінскага камсамола 1966, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Гэта салодкае слова — свабода» (1973), «Кентаўры» (1979), «Звер, які выходзіць з мора» (1992) і інш.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)