ДЫЯПАЗО́Н [ад грэч. dia pasōn (chordōn) праз усе (струны)],

1) у музыцы — гукавы аб’ём пеўчага голасу ці муз. інструмента, гукарада, мелодыі, вак. ці інстр. партыі ў муз. творы і інш. Вызначаецца інтэрвалам паміж самым нізкім і самым высокім гукамі.

2) У фізіцы — вобласць змены якой-н. велічыні, аб’ём чаго-н. Напр., Д. вымярэнняў — вобласць значэнняў вымеранай велічыні, для якой вызначаны хібнасці сродкаў вымярэнняў; Д. паказанняў вымяральнай прылады — вобласць значэнняў шкалы, абмежаваных яе канцавым і пач. паказчыкамі; Д. радыёчастот (радыёхваль) — участкі, на якія ўмоўна падзелена ўся вобласць радыёчастот.

3) У пераносным сэнсе — аб’ём ведаў, здольнасцей, шырыня інтарэсаў, кругагляду, размаху дзейнасці.

т. 6, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТА́НТНАСЦЬ у псіхалогіі,

адноснае пастаянства ўспрымальных характарыстык аб’екта (яго велічыні, формы, колеру) пры параўнальна шырокім дыяпазоне змены ўмоў успрымання (аддаленасці, ракурсу, асветленасці і інш.). Уласцівасць К. пацвярджае ўмоўна-рэфлекторны характар чалавечага ўспрымання, забяспечвае адносную стабільнасць успрымання навакольнага свету, адлюстроўвае адзінства прадмета і ўмоў яго існавання.

Праблему К. разглядаў Р.​Дэкарт і ўпершыню апісаў К. успрымання велічыні і формы. Заканамернасці фарміравання К. ўспрымання ў дзіцяці і ўзаемасувязь К. з прадметнасцю ўспрымання даследавалі Э.​Брунсвік (Аўстрыя), Ж.​Піяжэ (Швейцарыя), Б.​Г.​Ананьеў (Расія) і інш. Эксперым. даследаванні К. формы праводзілі Р.​Таўлес і Брунсвік, К. колеру — А.​Гельб, Д.​Катц.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карліка гал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.

А.​А.​Шымбалёў.

Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК (лац. Lupus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 2,3 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — красавік, май. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ННІК (лац. Horologium),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,9 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — лістапад. Гл. таксама Зорнае неба.

т. 4, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́РЭС, α-Скарпіёна,

пераменная зорка 0,8—1,2 візуальнай зорнай велічыні. Самая яркая ў сузор’і Скарпіёна, свяцільнасць у сярэднім у 5 тыс. разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 125 пс.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМА́ (лац. Puppis),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 2,2; 2,8; 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — студзень. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ КОНЬ (лац. Equuleus),

экватарыяльнае сузор’е. Не мае зорак ярчэй 4 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год (найлепш у ліп.жн.). Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Малы Конь.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІМУМ (лац. minimum найменшае),

1) найменшая колькасць, найменшае значэнне якой-н. велічыні ў шэрагу даных.

2) Сукупнасць ведаў па навуч. прадметах, абавязковых для спецыяліста, а таксама экзамены па гэтых прадметах.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМА́ЛІЯ (грэч. anōmalia),

1) адхіленне ад нормы, ад агульнай заканамернасці, ненармальнасць.

2) У біялогіі і медыцыне — адхіленне ў будове ці функцыях асобнага органа або ўсяго арганізма, абумоўленае парушэннямі яго эмбрыянальнага развіцця. Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю, пашкоджаннем зародка пад уплывам мех., інфекц., таксікагенных, радыяцыйных і інш. фактараў. Напр., шасціпальцасць, парок сэрца, заечая губа, альбінізм, гемафілія. Крайняя форма анамаліі — пачварнасць.

3) У метэаралогіі — адхіленне велічыні пэўнага метэаралагічнага элемента ў пэўным месцы ад нормы. Адрозніваюць адхіленне ад шматгадовай сярэдняй велічыні (напр., сярэдняй т-ры месяца за асобны год) і шматгадовай сярэдняй велічыні таго ж элемента для ўсяго шыротнага круга, дзе знаходзіцца гэтае месца (напр., для 55° паўн. ш.). Размеркаванне анамаліі вывучаецца з дапамогай картаў ізанамал (лініі, што злучаюць пункты з аднолькавымі велічынямі). Анамаліі бываюць адмоўныя, калі велічыня меншая за сярэднюю шматгадовую, і дадатныя, калі велічыня большая. На Беларусі (Мінск) адмоўная анамалія сярэднямесячнай т-ры паветра 6,3 °C, дадатная 5,5 °C. Асабліва вял. тэмпературныя анамаліі ўласцівы мацерыкам Паўн. паўшар’я (напр., зімой у Верхаянску адмоўная анамалія складае 26 °C, у Паўн. Амерыцы — 16 °C).

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)