БЕНДЖЭДЗІ́Д (Шадлі) (н. 14.4.1929, Себаа, каля г. Алжыр),

дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч Алжыра. Удзельнік нац.-вызв. руху ў 1954—62. Займаў камандныя пасты ў Алж. нац.-вызв. арміі. З 1961 у генштабе арміі. Пасля абвяшчэння ў 1962 незалежнасці Алжыра камандуючы (1962, 1964—79) ваен. акругамі. З 1965 чл. Рэв. савета Алж. Нар. Дэмакр. Рэспублікі. У 1979—92 прэзідэнт краіны. У 1979—88 ген. сакратар, з 1988 старшыня партыі Фронт нац. вызвалення.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІН (Уладзімір Марцінавіч) (8.10.1895, в. Мар’янава Полацкага р-на — 18.2.1920),

ваенны дзеяч. Скончыў Полацкае рэальнае вучылішча. Працаваў у Рызе, Полацку. З 1916 у арміі. На чале батальёна, Арскай групы, зводнай і стралк. дывізій змагаўся супраць белагвардзейцаў і белачэхаў, войскаў Калчака на Урале, Дзянікіна пад Царыцынам, у Сальскіх стэпах, на Доне і інш. 17.2.1920 узяты ў палон і пасля катаванняў павешаны ў станіцы Ціхарэцкай. У Полацку помнік Азіну.

Літ:. Тараткевіч М. Уладзімір Азін. Мн., 1971.

У.М.Азін.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТУРЛІ́Н (Васіль Васілевіч) (?—1656),

рускі ваенны дзеяч, дыпламат. З 1640 акольнічы, з 1652 прыбліжаны баярын і дварэцкі цара Аляксея Міхайлавіча. Суддзя Разбойнага прыказа (1650—51) і Прыказа Вял. дварца (1652—54). У 1648 люта расправіўся з удзельнікамі паўстання ў Курску. У 1653 узначаліў рус. пасольства на Украіну. На Пераяслаўскай радзе 1654 прывёў да прысягі на вернасць Расіі яе ўдзельнікаў. У 1655 камандуючы войскамі, якія былі пасланы на дапамогу Хмяльніцкаму супраць польскіх войскаў.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т 1862—65,

спецыяльная дзярж. ўстанова, утвораная 2.10.1862 у Пецярбургу для распрацоўкі мерапрыемстваў па ліквідацыі нац.вызв. руху на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. У склад к-та ўваходзілі старшыня К-та міністраў кн. П.​П.​Гагарын (старшыня), шэф жандараў, міністры замежных спраў, ваенны, юстыцыі, унутр. спраў, фінансаў, нар. асветы, дзярж. маёмасці, обер-пракурор Сінода, у рабоце ўдзельнічалі віленскі і кіеўскі ген.-губернатары. Меў шырокія паўнамоцтвы. Скасаваны ў студз. 1865.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НЧЫК КАНСЦЕ́НЧЫК Авянір Маркавіч (1889, Гродна — 29.12.1935), ваенны лётчык, камандзір першага ў свеце цяжкага самалёта-бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец». Вучыўся ў Віленскім ваен. вучылішчы, скончыў Гатчынскую авіяц. школу. Вызначыўся ў 1916 на Паўн.-Зах. фронце: паспяхова бамбіў стратэгічна важныя станцыі варожага тылу; у адным з баёў цяжка паранены, але закончыў бамбардзіроўку і вярнуўся на аэрадром. За заслугі ў 1-ю сусв. вайну ўзнаг. ордэнам Св. Георгія. Помнік ў Стоўбцах, дзе ён жыў да 1935.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́Ў (Усевалад Міхайлавіч) (1.12.1922, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 1.7.1979),

расійскі спартсмен (футбол, хакей з шайбай). Засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1967). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага (1956) і Ваенны ін-т фіз. культуры і спорту (1960). Алімп. чэмпіён (1956, Карціна-д’Ампецца, Італія), чэмпіён свету (1954, 1956) і Еўропы (1954—56) па хакеі з шайбай. У 1946—56 чэмпіён СССР па футболе і хакеі з шайбай. Аўтар кніг «Самы цікавы матч» (1963), «Рыцары спорту» (1971).

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРАМЕ́ЕЎ (Сяргей Фёдаравіч) (5.5.1923, с. Віндрэй Тарбееўскага р-на, Мардовія — 24.8.1991),

сав. ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1967). У Сав. Арміі з 1940. Удзельнік Вял. Айч. вайны. У пасляваенны час на камандных пасадах, у 1960—64 камандаваў танк. дывізіяй у Бабруйску. У 1984—88 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. З сак. 1990 саветнік прэзідэнта СССР. Нар. дэпутат СССР і чл. Вярх. Савета СССР у 1989—91. Ленінская прэмія 1980.

т. 2, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЬКО́Ў (Мікалай Карнілавіч) (6.5.1902, Віцебск — 4.7.1973),

савецкі ваенны дзеяч, ген.-лейтэнант артылерыі (1954). Скончыў Ваенна-тэхн. акадэмію імя Дзяржынскага (1931). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У 1934—36 выкладаў у Ваен. артыл. акадэміі імя Дзяржынскага. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Варонежскім, Цэнтр., 1-м Укр., Паўд., 1-м Бел. франтах: камандзір асобнай брыгады, корпуса ППА. З 1945 на адказных пасадах у войсках ППА краіны. У 1959—62 нам. начальніка Ваен. каманднай акадэміі ППА.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛА́СКА АЛЬВАРА́ДА ((Velasco Alvarado) Хуан) (16.6.1910, г. П’юра, Перу — 24.12.1977),

ваенны і дзярж. дзеяч Перу. Дывізіённы ген. (1965). Скончыў афіцэрскую школу (1934). У 1962—63 ваен. аташэ ў Францыі. З 1966 нач. ген. штаба арміі, з 1968 галоўнакаманд. сухап. войскамі. У кастр. 1968 узначаліў рэв. выступленне ваенных. Прэзідэнт Перу (1968—75, адначасова да 1972 прэм’ер-міністр). Урад Веласка Альварада прыняў закон аб агр. рэформе, нацыяналізаваў уласнасць амер. нафтавых і гарнарудных кампаній і інш. Скінуты ў выніку ваен. путчу.

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),

воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)