БРЭІ́ЛА (Brăila),

горад на ПдУ Румыніі. Адм. ц. жудэца Брэіла. 234,7 тыс. ж. (1992). Порт на Дунаі (прымае і марскія судны), вузел чыгунак і аўтадарог. Сталепракатны з-д, цяжкае машынабудаванне (судны, буд. і дарожныя машыны). Харч. (вінаробчая, мукамольная, спіртагарэлачная), швейная, цэм., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая (выкарыстоўвае чарот дэльты Дуная), хім. (вытв-сць штучных валокнаў) прам-сць. Музей. Царква (17 ст., раней была мячэць).

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРЫЯ́Т (Viriathus; ? — 139 да н.э.),

кіраўнік паўстання плямён лузітан у стараж. Іспаніі супраць Рыма. Зачэпкай да паўстання быў загад рым. прэтара Гальбоя забіваць ці ператвараць у рабоў няўзброеных лузітан. Умела выкарыстоўваючы тактыку партыз. барацьбы, паўстанцы неаднаразова наносілі паражэнне рым. легіёнам. У 141 быў прызнаны ў Рыме незалежным правіцелем.

Па-здрадніцку забіты сваімі прыбліжанымі, якіх падкупілі рымляне. Пасля гэтага Лузітанія была канчаткова заваявана Рымам.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.

Дзейнічала з 1897 у Віцебску. Створана разам з Віцебскім трамваем. Мела 4 паравыя рухавікі, выпрацоўвала 618,1 тыс. кВтгадз электраэнергіі (1913). Дзейнічалі 2 секцыі паравых водатурбінных катлоў, кандэнсатары, градзірня, паравыя машыны і дынамамашыны. Было 5 ліній электрасеткі: Вакзала, Задунаўская, Магілёўская, Смаленская і Цэнтральная. Працавала 86 рабочых (1910). Да пуску Беларускай ДРЭС у 1930 была адзінай крыніцай энергазабеспячэння горада.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕБА́РДА (франц. hallebarde),

старадаўняя халодная колюча-рубячая зброя, доўгае (да 2,5 м) плоскае або гранёнае кап’ё з прымацаванай да яго сякерай або паўмесяцападобным лязом. У 14—16 ст. была на ўзбраенні пяхоты некаторых дзяржаў Зах. Еўропы; на Беларусі выкарыстоўвалася ў 15—18 ст.; да канца 19 ст. — зброя парадных падраздзяленняў, а таксама палацавай і гарадской варты. Гл. таксама Бярдыш.

Алебарда.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАНО́СТ, алканос,

у рускіх і візантыйскіх сярэдневяковых легендах казачная птушка з тварам чалавека. Вобраз Алканоста паходзіць ад стараж.-грэч. міфа пра Алкіёну, жонку фесалійскага цара Кеіка, якая была ператворана багамі ў птушку алкіён (зімародак). Алканост нясе яйкі на беразе мора, апускае іх у мора і робіць яго спакойным на 6 дзён. Той, хто пачуе дзівосныя спевы Алканоста, забывае пра ўсё на свеце.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІПЛА́Н (ад бі... + план),

самалёт з двума крыламі, якія размешчаны адно над адным з двух бакоў фюзеляжа. Да 1930-х г. схема біплана была пераважнай для вучэбных, знішчальных і разведвальных самалётаў. Пазней біплан выцеснены манапланамі. У краінах СНД біплан (Ан-2, Ан-24) выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, для мясц. перавозак і інш., за мяжой — у с.-г. і спарт. авіяцыі.

Біплан Ан-2.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ХЕНЛОХ (Drachenloch),

пячора ва ўсх. ч. Швейц. Альп, на Пд ад Бодэнскага воз. (Швейцарыя). Размешчана на выш. 2445 м. У мусцьерскую эпоху была месцам пражывання паляўнічых-неандэртальцаў (больш за 50 тыс. г. таму назад). У Д. выяўлены рэшткі вогнішча, каменныя і касцяныя прылады, шматлікія косці пячорнага мядзведзя і складзеныя з вапняковых пліт «скрыні», у якіх, верагодна, захоўвалі найб. каштоўныя часткі мядзведжых туш.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛО́МЛЯ,

традыцыйная бел. рыбалоўная прылада. Мае выгляд трохграннай прызмы, абцягнутай сеткай (апрача адной грані). Рабілі яе на драўляным каркасе ці з прутоў. Рыбу лавілі ўдваіх уброд: тапілі К. ў вадзе, заганялі рыбу ў яе, падцягваючы К. да берага і боўтаючы нагамі. К. была пашырана на Палессі, Гродзеншчыне.

І.​М.​Браім.

Рыбакі з кломляй. Былая вёска Лучынка Слуцкага павета Мінскай губ. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІРА́Т (ад лац. levir дзевер),

шлюбны звычай, паводле якога ўдава была абавязана або мела права выйсці замуж за брата свайго памерлага мужа. Быў пашыраны ў многіх народаў у эпоху радавога ладу як перажытак групавога шлюбу. У перыяд распаду радавога ладу і ў класавым грамадстве доўгі час захоўваўся ў некаторых народаў Каўказа, Сярэдняй Азіі, у яўрэяў і інш. Захаванню Л. садзейнічаў звычай калыму.

т. 9, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕРЦІ́ЦІ,

старажытнаегіпецкая царыца

[канец 15 — пач. 14 ст. да н.э.],

жонка Аменхатэпа IV. Разам з мужам праводзіла рэліг. рэформу (пераход да адзінабожжа), пасля якой атрымала імя Нефер-Неферу-Атон («цудоўная прыгажосць Атона»). У 1912 у Амарне (паселішча паблізу Каіра) была раскапана майстэрня скульптара Тутмеса з партрэтамі Н. Іл. гл. да арт. Егіпет Старажытны.

Літ.:

Женщины-легенды. Мн., 1993. С. 21—46.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)