ГІПНО́С,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог сну; сын Ночы і брат Смерці, багінь лёсу мойраў, багіні помсты Немесіды. Уяўлялі яго крылатым юнаком, спакойным, ціхім, добразычлівым да людзей. Паводле Гамера, жыў на в-ве Лемнас. Гера ўгаварыла Гіпноса ўсыпіць Зеўса, пакуль яна праследавала Геракла. Гіпнос ператварыўся ў птушку і нагнаў сон на Зеўса.

Галава Гіпноса. 450—300 да н.э.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛ,

у міфалогіі каўказска-іберыйскіх народаў (лакцаў, цахураў, рутульцаў, аварцаў, татаў) вярхоўны бог. Лічылася, што З. жыве на небе, ён вечны, усёвідушчы, усёмагутны, усёпераможны і літасцівы ўладар неба і зямлі. Ад яго залежыць дабрабыт на зямлі; сумленных і добрых людзей ён робіць багатымі, бессардэчных і прагных — жабракамі, пазбаўляючы іх розуму. З распаўсюджаннем ісламу З. сталі атаясамліваць з алахам.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКУ́РЫЙ (лац. Mercurius ад mercare гандляваць),

у старажытнарымскай міфалогіі бог гандлю, апякун падарожнікаў. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі М. юнаком з крылатымі сандалямі, у дарожным капелюшы і з жазлом у руках. Атаясамліваўся з грэч. Гермесам, што ў наступных міфах прывяло да надання М. таксама функцый правадніка ў царстве мёртвых, вестуна багоў, апекуна рамёстваў, знаўцы таямніц магіі і астралогіі.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́БЕК (грэч. Сухас),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі бог вады і разліву ракі Ніл. Яго ўяўлялі ў выглядзе чалавека, кракадзіла (свяшчэнная жывёла С.) або чалавека з галавой кракадзіла. Цэнтр культу — г. Кракадзілопаль. Лічылася, што С. дае багацце і ўрадлівасць. У стараж. тэкстах ён разглядаецца як абаронца багоў і людзей, аднак часта выступае як вораг багоў Ра і Асірыса.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕТ, Сетх,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі адзін з гал. багоў. Бог «чужых краін» (пустынь), цемры і зла, брат і забойца «добрага бога» Асірыса. У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) лічыўся таксама апекуном царскай улады. Паводле міфаў, С. быў пераможаны сынам Асірыса богам Горам, які адпомсціў за бацьку і сам стаў уладаром Сусвету.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМЕНЕ́Й,

у грэчаскай і рымскай міфалогіі бог шлюбу, сын Дыяніса і Афрадыты (ці Апалона і адной з муз). Яго ўяўлялі прыгожым юнаком з гірляндамі кветак і факелам у руцэ. Гіменей — спявак і музыкант, раптоўна памёр (ці страціў голас) на вяселлі Дыяніса. Каб увекавечыць Гіменея, яго імя абвяшчалі на вяселлях, а ўрачыстую песню ў гонар маладых наз. гіменей. У пераносным сэнсе вузы Гіменея — шлюб.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ТАС,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог багацця. Лічыўся сынам багіні Дэметры і крыцкага бога земляробства Іасіёна. Яго ўяўлялі або сляпым старым, які надзяляе людзей багаццем незалежна ад іх маральных якасцей, або малым хлопчыкам з рогам багацця, якога трымае на руках багіня міру Эйрэна. У глыбокай старажытнасці П. часам атаясамлівалі з богам падземнага царства Плутонам (Аідам), бо той лічыўся ўладальнікам незлічоных багаццяў.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́С, Арэй,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.​Батычэлі, Я.​Тынтарэта, П.​Рубенса, Ж.​Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АІ́Д, Гадэс, Плутон,

у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.

Да арт. Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЁЛЫ (ад грэч. angelos вястун),

у хрысціянстве, іудаізме, ісламе бесцялесныя звышнатуральныя істоты, створаныя Богам; пасрэднікі паміж Богам і людзьмі праз якіх ён абвяшчае людзям сваю волю. Паводле прынятай у хрысціянстве «нябеснай іерархіі», анёлы падзяляюцца на 9 чыноў, згрупаваных у 3 абліччах: серафімы, херувімы, прастолы; панавання, сілы і ўлады; пачаткі, анёлы і архангелы. Паводле ўяўленняў веруючых, да кожнага чалавека ад нараджэння Бог прыстаўляе асобнага анёла-ахоўніка.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)