«САЛАМА́НДЭР»

(Salamander),

абутковая кампанія Германіі, найбуйнейшая ў Зах. Еўропе па выпуску абутку. Вырабляе таксама сродкі догляду абутку, скураныя вырабы, хімікаты, вырабы з фарфору, займаецца страхавымі і фін. аперацыямі, гандлем. Засн. ў 1885 як абутковая ф-ка І.​Сігле, з 1930 — сучасная назва. Размешчана ў г. Карнвестгайм. Мае 11 з-даў, у т. л. 8 у Германіі, даччыныя фірмы ў Швейцарыі, Аўстрыі і Францыі. Занята ў вытв-сці 3,3 тыс. чалавек. На Беларусі працуе сумеснае з «С». прадпрыемства «Белвест».

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНІКУЛЁР (франц. funiculaire ад лац. funiculus вяроўка, канат),

чыгунка з канатнай цягай для перамяшчэння пасажыраў і грузаў на кароткую адлегласць па стромкіх пад’ёмах і спусках (з вуглом да 35°). Грузавыя Ф. таксама наз. пад’ёмнікамі, элеватарамі. З’явіліся ў 1854 у Італіі і Аўстрыі, у Расіі — у пач. 20 ст. ў гарадах Ніжні Ноўгарад і Кіеў.

Вагоны рухаюцца паміж верхняй і ніжняй станцыямі пры дапамозе каната, які звязвае іх з цягавай лябёдкай, размешчанай на верхняй станцыі, скорасць да 5 м/с.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕР (Adler) Фрыдрых (9.7.1879, Вена — 2.1.1960),

адзін з лідэраў аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў і тэарэтыкаў аўстрамарксізму. Па адукацыі фізік. У 1911—16 сакратар аўстр. с.-д. партыі. 21.10.1916 застрэліў аўстр. прэм’ера К.​Шцюргка; прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення). У час рэвалюцыі ў Аўстрыі амнісціраваны (1918), кіраваў рабочымі саветамі (да 1919). Дэпутат аўстр. парламента (1919—23). Ген. сакратар 2 ½ Інтэрнацыянала (1921—23) і Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). У 1940 эмігрыраваў у ЗША, з 1946 жыў у Цюрыху.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА (Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

Бодэнскае возера.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЗАРО́ЎСКІ Аарон (Адам, Аляксандр, 1618, Віцебшчына — 1659),

правазнавец, палітолаг, сацыёлаг. Вучыўся ў навуч. установах Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Д-р права (1645), праф. Віленскай акадэміі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў свецкага кірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Беларусі 17 ст. У працы «Аб палітычнай супольнасці людзей» (Гданьск, 1651) насуперак сярэдневяковым традыцыям, тэалагічным тэорыям пра дзяржаву і права разглядаў з’явы грамадскага жыцця з пункту гледжання прыроды чалавека і патрабаванняў чалавечага розуму, крытыкаваў паднявольную працу і прыгнёт сялян, заклікаў да грамадскакарыснай працы.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Т (Banat),

гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 1920 ​2/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІРЫ́ЙСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,

васальныя ад Францыі дзярж. аб’яднанні славенскіх і харвацкіх зямель, а таксама вобласць Карынтыя і г. Трыест у 1809—14. Створаны Напалеонам I з мэтай злучыць па сушы Францыю з Турцыяй. Назва ад плямён ілірыйцаў, якія іх насялялі ў старажытнасці. Узначальваліся франц. ген.-губернатарам. Пл. 55 тыс. км², нас. 1483 тыс. (1812). Адм. ц. — г. Любляна. Улады правялі шэраг рэформ, якія паспрыялі развіццю капіталізму. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 І.П. адышлі да Аўстрыі і заставаліся пад яе панаваннем да 1918.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НСБРУК (Innsbruck),

горад на З Аўстрыі, у Альпах, на подступах да перавалу Брэнер. Адм. ц. зямлі Ціроль. Вядомы з 1234. 118 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., эл.-тэхн., хім.-фармацэўтычная, харчовая. Маст. промыслы, рамесніцкая вытв-сць сувеніраў. Ун-т (1669), універсітэцкая б-ка (1746). Цірольскі музей Фердынандэум, Цірольскі музей нар. мастацтва. Палац Габсбургаў Гофбург (14—18 ст.). Ландгаўз (1725—28), палацы, цэрквы і інш. Цэнтр турызму і зімовых відаў спорту. Зімовыя алімпійскія гульні (1964, 1976).

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁРНЕР (Körner) Тэадор (24.4.1873, г. Комарна, Славакія — 4.1.1957),

аўстрыйскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал. Скончыў ваен.-тэхн. акадэмію ў Вене (1894). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1923—33 дэп. аўстр. парламента. Удзельнік стварэння «Шуцбунда». Пасля паражэння лютаўскага паўстання сацыял-дэмакратаў супраць аўтарытарнага ўрада Э.Дольфуса (1934) арыштаваны; у 1944 арыштаваны гестапа. Пасля аднаўлення Аўстр. рэспублікі бургамістр Вены, кіраваў яе аднаўленнем (1945—51). У 1951—57 федэральны прэзідэнт Аўстрыі, выступаў за выкананне краінай пастаяннага нейтралітэту і развіццё дружалюбных адносін з СССР.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІН Васіль Піліпавіч (31.12.1917, в. Кунтараўка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.7.1984),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі аэраклуб (1938), Чугуеўскую авіяшколу (1941). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. Зрабіў 340 баявых вылетаў, правёў 177 паветр. баёў, збіў 19 варожых самалётаў. З ліп. 1943 прыкрываў у паветр. баях самалёт тройчы Героя Сав. Саюза І.М.Кажадуба. Да 1957 у Сав. Арміі.

В.П.Мухін.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)